Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадар Свабода. «Ноч доўгіх нажэй»


Галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савета супраць рэфэрэндуму, 1995

Свабода публікуе разьдзелы новай кнігі Сяргея Астраўцова «Спадар Свабода. Жыцьцё і сьмерць Ігара Герменчука».

«Спадар Свабода» — драматычны аповед пра Ігара Герменчука, журналіста і палітыка, аднаго з бацькоў незалежнасьці Беларусі, рэдактара газэты СВАБОДА. Газэта пісала праўду пра чынавенства, таму выхо­дзіла пад пастаянным ціскам з боку кіраўніка ўраду Кебіча, а ў часы прэзыдэнта Лукашэнкі была забароненая. Рэдактара-прафэсіянала звольнілі з пасады «за непрафэсіяналізм», што, магчыма, прычынілася да ягонай раньняй сьмерці.

«Лука Му­дзішчаў — прэзыдэнт»

27 сьнежня выйшаў апошні нумар 1994 году. У ім славуты «даклад Антончыка». Нелегальны выпуск. У выходных зьвестках: «Друкарня імя Аляксандра Лукашэнкі». Шапка: «Каманда Лукашэнкі замятае сьляды. Так сьцьвярджае дэпутат С. Антончык».

«Лукашэнка можа загнаць нас глыбока ў падпольле, аднак ён і адтуль атрымае адпаведную газэту — падпольную», — напіша рэдактар. І зробіць выснову, што наступ на свабоду слова можа стаць першым крокам, што зь «белых плямаў» у ­дзяржаўных газэтах, ­дзе стаяў спачатку даклад Сяргея Антончыка, усё можа толькі пачацца.

Ясна, што «Свабода» атрымала эксклюзіў, калі крамольны даклад быў забаронены ў астатняй прэсе.

28 сьнежня ў абед ­дзяжурнаму па Гара­дзенскай мытні, чый пост — на чыгуначным вакзале, затэлефанаваў ­дзяжурны ўправы КДБ па Гара­дзенскай вобласьці. Мытнікам паступіла вуснае распараджэньне: пры праверцы грама­дзянаў, якія прыяжджаюць у Рэспубліку Беларусь, выяўляць увоз у краіну газэты «Свабода», груз затрымліваць і адразу паведамляць у КДБ.

У першым нумары новага, 1995 году загаловак: «СВАБОДУ зноў забараняюць». Дом друку адмовіўся друкаваць газэту з дакладам Сяргея Антончыка. Мы выпусьцілі яго нелегальна накладам 100 тысяч асобнікаў, паведамлялася чытачам. Увесь наклад быў распаўсюджаны «з рук».

Дзе знахо­дзіцца «друкарня імя Лукашэнкі», мы не паведамлялі, прызнавалася рэдакцыя. І далей: «Сам факт выхаду СВАБОДЫ надта раззлаваў прэзыдэнта Лукашэнку і ягонае атачэньне. Па-першае, яны абурыліся, што даклад Антончыка ўсё ж убачыў сьвет. Па-другое, у гэтым самым нумары быў надрукаваны пачатак паэмы знакамітага Ве­дзьмака Лысагорскага „Лука Му­дзішчаў — прэзыдэнт“».

Наш прэзыдэнт Лука Му­дзішчаў
(Даруй нам, Пушкін, вольны тон)
Меў дужа грозныя вусішчы
І надта сіплы барытон.

Ён быў дырэктарам саўгаса —
Надойваў рэкі малака,
Даваў ­дзяржаве бульбу, мяса...
«Чырвоным панам» быў Лука.

Умела кіраваў? Няўмела?
Хай скажуць курыца і гусь.
Ды думка ў галаве засела:
«Я осчастливлю Беларусь»...

«Да рэдакцыі дайшлі зьвесткі, што Лукашэнка, прачытаўшы паэму, вельмі ўзлаваўся. Ён загадаў праваахоўным органам „разабрацца“ са СВАБОДАЙ». Чытаем далей: «Аднак ніякіх законных падставаў забараніць нашую газэту ў іх няма. Таму відавочна, што яны будуць ­дзейнічаць незаконнымі мэтадамі».

Якімі? «Напрыклад, могуць падкінуць у памяшканьне рэдакцыі ўлёткі з заклікамі да гвалтоўнага зьвяржэньня існага ладу, каб потым прыйсьці з вобыскам і апячатаць наш офіс». Але — абышлося. Улётак не падкінулі.

Першы нумар году, а па ліку — соты, аднак, так і не пабачыў сьвет. Чытачам у рукі ня трапіў. «У апошні момант у Дом друку паступіла забарона з адміністрацыі прэзыдэнта», — патлумачыць потым чытачам рэдактар.

«Прэзыдэнт пазнаў сябе і надта абурыўся», — ставіць загаловак Іван Сідар у наступным нумары, які чытачы атрымалі. І тлумачыць: «Па ўказаньні прэзыдэнта Лукашэнкі Пракуратура Рэспублікі Беларусь распачала крымінальную справу супраць газэты СВАБОДА».

Ручная работа

«Пацалунак Кебіча з Чарнамыр­дзіным» стаў фантастычна ўдалым здымкам Сяргея Грыца. Наступным, які ён сам вельмі высока ацэньвае, быў здымак галадоўкі дэпутатаў у 1995 го­дзе. Пачалася яна 11 красавіка.

Грыц тады быў фатографам парлямэнцкай «Народнай газеты». Яму падабалася здымаць у Вярхоўным Савеце. Быў рэальны парлямэнт, з фракцыямі, зь меркаваньнямі, з барацьбой. І вось аднойчы прыхо­дзіць: там галадоўка, дэпутаты ся­дзяць пад трыбунай. Гэта было нечакана. Ён нічога ня ведаў, ніхто не папярэ­дзіў. Пачаў здымаць.

«Потым туды прыехаў прэзыдэнт. Забег на сваё месца, на „трон“ ягоны. Ён вельмі моцна лаяўся, выступаў. Нават на мяне сказаў: вось яны галадуюць, нават фатографа свайго прывялі. На мяне стаў пальцам тыкаць. Потым ён зьехаў». Затым пакрысе і іншыя фатографы зьявіліся.

Але менавіта Грыц зрабіў гістарычны здымак — дэпутаты ся­дзяць пад трыбунай, на месцы старшыні, вядома, Мечыслаў Грыб, а зьлева на сваім узвышэньні прэзыдэнт.

У залі былі й іншыя дэпутаты, ся­дзелі як гледачы. А яны, Ігар з калегамі, паселі каля трыбуны на прыступках, чыталі газэты.

Грыц потым яшчэ раз пад’ехаў увечары. У Авальнай залі гэтым разам ужо было нямала журналістаў. А паплечнікам Герменчука ўжо даставілі спальнікі, яны ўладкоўваліся, рыхтаваліся да ночы.

«Вось тады зьявіўся Міхал Міхалыч Цесавец, — расказвае Сяргей Грыц. — Пачаў бяз грубасьці: „ребята, пора, всё, уходим...“ Нам, журналістам. І нас, уласна кажучы, усіх вывелі».

А самі дэпутаты яму паўтаралі: і­дзі, Міхал Міхалыч, што ты, ня бачыш — мы застаёмся. І зь імі яму ўжо не было сэнсу размаўляць, — расказвае Сяргей.

А на раніцу Грыц зноў прыехаў: «Аказалася, іх пабілі. Стоўпатварэньне журналістаў. Самі дэпутаты. І Грыба моцна клявалі, што не выказвае падтрымкі. Дэпутат Шут за­дзёр кашулю (у мяне быў здымак), а там сінякі, халера, чырвоныя і сінія на сьпіне. Пракурорам быў Шаладонаў. Ён захо­дзіў цераз натоўп зьлева, цераз саўмінаўскі ўваход».

Тое, як галадоўку прымусам спынілі «сілы правапарадку», стала адной з эўрапейскіх навінаў дня. І здымак Грыца, які прайшоў па лініі «Асашыэйтэд прэс», вельмі шырока публікаваўся.

Гэта быў такі час, калі парлямэнт быў наводнены вялікай колькасьцю журналістаў, якія ўсіх спынялі, торгалі, распытвалі, прасілі і патрабавалі камэнтароў. Дэпутаты якраз вярнуліся з бальніцы, ­дзе здымалі пабоі.

Лявон Баршчэўскі сёньня згадвае Ігара: рашучы й сьмелы ён быў безумоўна! Казаў: «Не баюся, калі мяне заб’юць за мае журналісцкія выкрыцьці». І наконт ночы з 11 на 12 красавіка ў Вярхоўным Савеце: «Падчас галадоўкі, калі на нас наляцелі бандыты ў масках, менавіта яму ўдалося сарваць маскі з трох ці чатырох нападнікаў. І тыя кідаліся на падлогу, каб ня бачылі іхніх твараў! Калі нас (у адной машыне) гвалтам вывезьлі ў горад і мы здолелі прымусіць кіроўцу-міліцыянта (ці гэбіста?) завезьці нас у Генпракуратуру, Ігар першы запрапанаваў тэлефанаваць проста дадому генэральнаму пракурору Шаладонаву і першы папрасіўся прайсьці мэдагляд, каб «ехаць рыхтаваць нумар газэты з апісаньнем разбойнага нападу на дэпутатаў». Назаўтра на сэсіі Вярхоўнага Савету Гермянчук літаральна гвалтам вырваў слова ў сьпікера Мечыслава Грыба і ў дэталях расказаў прысутным дэпутатам, што адбылося ўначы, хоць яго спрабавалі спыніць спасылкай «на рэглямэнт». І прамаўляў ён, некалькі разоў паварочваючыся да прысутнага Лукашэнкі. Так гэта адбілася ў памяці Лявона Баршчэўскага.

Краіна прыгнула галовы. Уцягнула ў плечы. Гусінай скурай пакрылася сінявокая рэспубліка. Сьцяліся ў душы тыя, хто мог яшчэ сэрцам чуваць. Хто дакладна прыгнуў галовы, дык гэта народныя абраньнікі. На наступны ­дзень на ўсё зга­дзіліся.

Гаворка была пра лукашэнкаўскі першы па ліку рэфэрэндум. Чаму апазыцыя аказала супраціў у парлямэнце, чаму думка многіх дэпутатаў была напачатку не на баку Лукашэнкі? Таму што гэтыя лю­дзі ўсьведамлялі, чым можа скончыцца той «плебісцыт». Агульнавядома: рэфэрэндумаў не право­дзяць, калі могуць прайграць. Другое: аўтарытарныя кіраўнікі робяць іх сваімі рукамі, для сябе асабіста, ніхто доступу ня мае. Гэта быў асабісты падарунак Лукашэнкі самому сабе на першую гадавіну свайго прэзыдэнцтва. Падарунак handmade, ручной работы.


«Ноч доўгіх нажэй»

Ужо ў цяперашнія часы палітоляг Іван Праабражэнскі скажа ў камэнтары для Deutsche Welle, што Лукашэнка выконвае «ролю тормазу гістарычных працэсаў».

Тады, вясной 1995 году, усе, скажам так, здаровыя сілы ў Вярхоўным Савеце не жадалі, каб нехта затармазіў гістарычныя працэсы ў «асобна ўзятай рэспубліцы», каб вярнуў Беларусь у балота савецкага кшталту...

Менавіта тады, пасьля спыненай жалезнай рукой галадоўкі ў парлямэнце, выйшла газэта «Пагоня» з загалоўкам «Ноч доўгіх нажэй». Разанула гэтае «нажэй». Сваёй няправільнасьцю. Ноч і была няправільнай, была зломам.

Скончыўся раптоўна час мясцовай «вэймарскай» рэспублікі. Дэмакратычнага больш-менш жыцьця. Пачалася эпоха жалезнай рукі. Краіны ў абцугах. Адбыўся гвалт над дэпутатамі, якія абаранялі дасягненьні дэмакратыі. Вы — больш ніхто, далі ім зразумець.

Не было расьсьледаваньня, нікога не пакаралі. Зрабілі выгляд, што нічога не было.

12 красавіка Сяргей Навумчык, зьвяртаючыся ў парлямэнце да міністра абароны Кастэнкі, сказаў: «Спадар генэрал-палкоўнік, учора ў 10 га­дзінаў вечара (праз паўтары га­дзіны, як тут зьявіўся гэты чалавек, які сказаў пра міну) я і дэпутат Гермянчук стаялі вунь там, у тым калідоры, і курылі, і бачылі, як па лесьвіцы сыхо­дзілі стэнаграфісткі. Іх ніхто не эвакуаваў... У 1 га­дзіну 20 хвілін вось там, ля прэзыдэнцкага пад’езду, з гэтага двара (я спэцыяльна падышоў і пагля­дзеў), стаялі „мэрсэдэс“ са сьцяжком (праўда, сьцяжок быў у чахле), другі „мэрсэдэс“ прыкрыцьця і ­дзьве машыны ДАІ. Такім чынам Лукашэнка знахо­дзіўся, правільна, у рэзыдэнцыі, але ў гэтай рэзыдэнцыі, тут, і менавіта, відавочна, ён кіраваў апэрацыяй».

І што было ў адказ? Філіпіка самога Лукашэнкі. «...И я ни на каких „мерседесах“ сюда не ехал. Наумчик (я слышал) говорит, что там флажок был в чехле. Машина стоит во дворе. Идите посмотрите, как можно зачехлить флажок, и зачем? Флажок мой (на моём автомобиле) снимается. Он снимается, а не зачехляется. И как Наумчик, если он здесь сидел, он не мог в час ночи выйти... Насколько я знаю, выйти он не мог, потому что я распорядился: смотрите депутатов, чтобы чего-либо не случилось. Пусть находятся в пределах этого зала. Они просто физически не могли куда-то пройти, выйти и так далее... По моей информации (которую я получил), они вцепились здесь друг за друга и сидели, а потом уснули. Поэтому это враньё, что они видели тут, как на „мерседесе“ приехал Лукашенко, а второй „мерседес“ сопровождал. Меня второй „мерседес“ не сопровождает».

І далей: «Когда мне Тесовец со слезами на глазах позвонил около 12 часов ночи и сказал: Александр Григорьевич, не получается по-хорошему, повынимали ножи, достали лезвия. Первое, говорят, вскрываем вены, отрезаем себе головы и вас повырезаем, кровью зальём здесь всё. Ну, извините, такие угрозы в резиденции президента — это уже слишком».

Сяргей Навумчык захаваў падрабязнасьці жорсткіх па­дзеяў 11–12 красавіка ў сваёй кнізе «Дзевяноста пяты». Ён спасылаецца і на «Свабоду».

Зрываць маскі

«Банда Лукашэнкі выканала загад свайго гаспадара» — з такім загалоўкам выйшаў наступны нумар «Свабоды». Ён зьявіўся 15 красавіка. Сам Гермянчук выступіць у парлямэнце і апіша ў газэце храналёгію па­дзеяў:

«2.35. Дэпутат Голубеў пачуў, як па лесьвіцах за заляю і ў фае шоргаюць боты, потым данеслася лязганьне зброі. Ён прыадчыніў ­дзьверы і пабачыў поўнае фае ўзброеных лю­дзей і „чорныя маскі“. „Салдаты са зброяй!“ — крыкнуў Голубеў, і ў гэты момант у залі запалілася сьвятло. Мы хуценька апрануліся і селі разам у левы сэктар прэзыдыюму.

2.48. У залю ўвайшлі Цесавец, Каралёў і зь імі невядомы чалавек у паўвайсковым а­дзеньні: „Вам даецца пяць хвілін, каб пакінуць памяшканьне. Не губляйце час“, — заявіў Цесавец. Ад нас яны пачулі ранейшы адказ. Каралёў нахабна кінуў: „У вас засталіся тры хвіліны“. Пасьля гэтага яны разьвярнуліся і пайшлі на выхад.

2.51. Цесавец даў каманду, і ў момант расчыніліся ўсе ­дзьверы, у залю ўварваліся прыкладна 200 чалавек: першымі да нас беглі грамілы ў чорных масках і цёмных камбінэзонах, за імі — спэцназаўцы ў шлемах, рэсьпіратарах з дубінкамі і аўтаматамі (за сьпінаю), а па пэрымэтры залі сталі аўтаматчыкі. Накінуліся з усіх бакоў. Выцягвалі спачатку тых, хто ся­дзеў з краю. На Пазьняка адразу ўскочылі трое, пачалі душыць, круціць галаву, упіўшыся пальцамі ў вочы. Пакуль дацягнуліся да мяне, удалося сарваць некалькі масак. Але потым — удар у сьпіну, схапілі і пацягнулі (за рукі, за ногі). У нейкі момант удалося вырваць адну нагу. Тады схапілі ўжо чалавек шэсьць. Нейкі падонак пачаў біць кулаком у твар. Адчуў, што палілася кроў...

Усіх дэпутатаў выцягвалі ў двор, але праз розныя выхады. На ўсіх лесьвіцах стаялі міліцыянты. І ў фае заставалася яшчэ безьліч спэцназаўцаў».

Валянцін Голубеў скажа: «А парлямэнт, калі ўвайшлі войскі, калі парлямэнт захапілі — гэта ўжо не парлямэнт...» Зрэшты, пра гэта гаварыў і Зянон Пазьняк.

Парлямэнт перастаў быць парлямэнтам. Гэта стала пунктам невяртаньня. Беларусь страціла свой сапраўдны, згодна Канстытуцыі, заканадаўчы орган. Гэтая галіна ўлады была адсечаная жорстка і рашуча.

«Банда Лукашэнкі...» Загаловак выклікаў дрыжыкі ў каленках, працінаў электрычным токам.

Ігар апавядаў тады ў рэдакцыі: «Пакуль дацягнуліся да мяне, удалося сарваць некалькі масак. Але потым — удар у сьпіну, схапілі і пацягнулі (за рукі, за ногі). У нейкі момант удалося вырваць адну нагу, тады схапілі ўжо чалавек шэсьць. Нейкі падонак пачаў біць кулаком у твар. Адчуў, што палілася кроў... Мяне кінулі ў жоўты міліцэйскі „ўазік“ уперад нагамі. Бразнулі ­дзьверы, і машына выехала ў горад».

У рэдакцыі панавала ўзрушэньне, ніхто ня мог быць абыякавым. «Гермянчук не выдаваў сябе за героя», — Алесю Дашчынскаму добра запомніліся словы, сказаныя ім: «Зь іх патрэбна найперш зрываць маскі, тады яны губляюць сілу».

Генэральная пракуратура займалася тады фактам гвалту, ужытага супраць дэпутатаў, і Герменчуку давялося зрабіць судова-мэдычную экспэртызу: налічылі каля ­дзесяці сьлядоў ад пабояў.

«Думаю, шмат хто памятае знакаміты сымбалічны артыкул пра тое, як быў выкананы загад „гаспадара“, напісаны ў адметным герменчукоўскім стылі: ясным і вострым. Абурэньне публікацыяй выказаў у тэлевізійным выступе і сам „гаспадар“, а потым прыйшло папярэджаньне з Генэральнай пракуратуры, якая прыгразіла вырашыць пытаньне „аб прад’яўленьні ў суд пазову аб спыненьні ­дзейнасьці газэты“», — падсумаваў Алесь Дашчынскі.

«Банда Лукашэнкі...». На жменю безабаронных лю­дзей, якія мелі да гэтай хвіліны статус недатыкальнасьці, напалі невядомыя ў чорных масках, процьма чорных масак. Для яго гэта быў напад хеўры. Ён не хацеў далікатнічаць, зьмякчаць словы.

Алег Трусаў таксама ў­дзельнічаў у галадоўцы, і пасьля зьбіцьця іх з Герменчуком кінулі ў адну машыну... «Дык вось Герменчука зьбілі больш за ўсіх. Увесь твар заліваўся крывёй, як цяпер памятаю. Ну й мяне пабілі, але крыві ў мяне не было. А яму нос разьбілі, ён быў увесь у крыві».

І калі яны прыйшлі да ­дзяжурнага пракурора і калі ён убачыў, як кроў з твару выцірае Гермянчук, то адразу пазваніў Шаладонаву. І тут жа ўзбу­дзілі крымінальную справу. Напэўна, скрываўлены твар Герменчука быў апошняй кропляй, разважае Алег Трусаў.

Працяг будзе

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG