Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадар Свабода. Як у Менску ў канцы 1970-х ладзілі падпольную друкарню


Сяргей Дубавец і Ігар Гермянчук у Міры, 1978

Свабода публікуе разьдзелы новай кнігі Сяргея Астраўцова «Спадар Свабода. Жыцьцё і сьмерць Ігара Герменчука».

«Спадар Свабода» — драматычны аповед пра Ігара Герменчука, журналіста і палітыка, аднаго з бацькоў незалежнасьці Беларусі, рэдактара газэты «Свабода». Газэта пісала праўду пра чынавенства, таму выходзіла пад пастаянным ціскам з боку кіраўніка ўраду Кебіча, а ў часы прэзыдэнта Лукашэнкі была забароненая. Рэдактара-прафэсіянала звольнілі з пасады «за непрафэсіяналізм», што, магчыма, прычынілася да ягонай раньняй сьмерці.

Мірскі замак. Пачаткі героя

Раз на тыдзень на факультэце журналістыкі БДУ зьяўляўся някідкі чалавек, Адам Шыдлоўскі. Ён вёў мастацкі пераклад. Тлумачыў, што прозьвішча ў яго ад слова «шыдэлак». Гэта быў чалавек з моцным беларускім гартам. Вучыў перакладаць не мэханічна, а творча. Нібы шыдэлкам зьвязваць словы ў прыгожы тэкст.

У савецкай школе галоўнай кнігай пра герояў лічылася «Як гартавалася сталь» Мікалая Астроўскага. Ангельскі пераклад яе фатальна не пайшоў, распавядаў нам Шыдлоўскі. Бо для ангельцаў гэта была назва падручніка вытворчасьці сталі. Назву зьмянілі — «Як становяцца героямі». І чытач «клюнуў». Каму ж не цікавая рэцэптура кухні герояў?

Пазьней Ігар будзе згадваць тыя адметныя лекцыі. І лекцыі яшчэ аднаго «моўніка», Пятра Садоўскага, які адкрываў вочы на тое, што мова мела сапраўдныя фарбы, якія ў зрусыфікаваных слоўніках не заўсёды знойдзеш. Што па-беларуску «золушку» лепей назваць папялушкай, што «дзюймовачка» будзе — цалёўка, а «лятучая мыш» — кажан. Мы сядзелі тады ўтрох — Гермянчук, Дубавец і я — на галёрцы. У аўдыторыі на Маскоўскай, 15, вокнамі на юрфак БДУ, пазьней — акадэмію пры прэзыдэнту.

Ігар быў вельмі ўсьцешаны, што мы слухаем цікавую лекцыю таго самага Садоўскага, зь якім яны, здавалася б, зусім выпадкова пазнаёміліся далёка ад ра-дзімы, на расейскай Поўначы. За тысячы кілямэтраў, дзе наш сукурсьнік, будучы ў казарме, умацоўваўся ў сваёй нязгодзе з тым, каб Беларусь рабілася ўсё менш беларускай.

Герменчуку выпала нарадзіцца ў савецкай рэспубліцы, якая нястомна сеяла, жала, стаяла за канвэерам і старанна рапартавала Маскве, дзень і ноч на працоўнай вахце. Самая саветызаваная рэспубліка нібы саромелася сваёй назвы, усё беларускае ў душы карцела канвэртаваць у расейскае, выціснуць па кроплі зь сябе нацыянальнае. Такі быў час і трэнд.

Насамрэч такі быў страх.

Вынішчэньне пад корань усёй нацыянальнай эліты адбылося яшчэ перад вайной. Пра гэта можна было забыць ці ня ведаць. Але страх застаўся — як нейкі новы орган у целе. Ігар прагнуў праўды. Днямі праседжваў у «Ленінцы» (так тады называлася Нацыянальная бібліятэка), вывучаючы тую гісторыю краіны, пра якую не казалі ні ў школе, ні ва ўнівэрсытэце.

Прынята лічыць, што ягонае пакаленьне было першым нябітым пакаленьнем. Нябітым — значыць, бясстрашным.

Наймагутнейшым узрушэньнем для Ігара на ўсё жыцьцё стаў Мірскі замак. Здавалася, што ў аднастайны шэры краявід калгасных вёсак ён перанесены зь нейкай іншай краіны, з таго Залатога веку колішняй рыцарскай Беларусі, пра якую ня ведаў ніхто і пра якую нішто не нагадвала ў сучаснасьці. І тут раптам такая раскоша. Знаёмства адбылося ўвесну 1978 году і перавярнула сьвядомасьць.

Мірскі замак, 1978
Мірскі замак, 1978

Вырваная з гісторыі велічная пабудова, зьмешчаная ў бляклы сучасны кантэкст. Эпічны замак сустрэў сурова і змрочна. Пакінуты і занядбаны, ён, тым ня менш, хваляваў душу, абяцаў мноства неверагодных адкрыцьцяў, клікаў да творчасьці, перапаўняў гонарам за Беларусь. Пра Мір і замак карцела дазнацца ўсё, што толькі магчыма.

Паэт Алег Мінкін убачыць замак вышчарбленым, з пустымі вачніцамі, ашчэраным ротам і чэрапам — прытулкам кажаноў. І замак чуе, як па растрэсканым муры ступае Копша, паганскі бог, прызначэньне якога — ахоўваць старавечныя скарбы.

Той вясною ў Мір са сталіцы Гермянчук паехаў са сваім новым сябрам Сяргеем Дубаўцом. Яны пазнаёміліся ва ўнівэрсытэце, апынуўшыся разам на вячэрнім ад-дзяленьні факультэту журналістыкі. На дзённае не прайшлі.

«У Міры, проста на местачковай вуліцы па дарозе ў невялічкі гатэль мы пастанавілі з гэтага моманту заўсёды і паўсюль размаўляць толькі па-беларуску», — згадае пра тую паездку Дубавец.

Мір, 1978
Мір, 1978

На кадры, зробленым тады з замкавай сьцяны, — шыфэрныя дахі мястэчка, маркотныя здранцьвелыя дрэвы. Дарога. Абапал запоўненыя талай вадою нізіны. І нечаканы, спынены фотаабʼектывам рух. Сцэна з таго далёкага правінцыйнага жыцьця. Грузавік з апушчанымі бартамі. У кузаве ўгадваецца труна. За грузавіком нястройным цугам ідуць людзі.

На іншым здымку — Гермянчук з даўгімі белымі валасамі. Стаіць на замкавай сьцяне. Трымае раўнавагу. Здаецца: меч яму ў руку, латы — і будзе рыцар. Такім ён сябе ў душы і адчуў. І пасьля пранёс гэтае адчуваньне праз усё жыцьцё.

Ігар Гермянчук у Міры, 1978
Ігар Гермянчук у Міры, 1978

Мовазнаўца Вінцук Вячорка Ігара Герменчука ведаў ад пачаткаў моладзевага адраджэнскага руху. Пазнаёміў іх Дубавец. Хутка Гермянчук увайшоў у вузкае кола пасьвячоных, успамінае Вячорка. Назваліся групай «Незалежнасьць».

Увечары вучоба, удзень праца. Гермянчук на паліграфкамбінаце развозіў электракарам грузы. Тут і скарыстаўся доступам да наборных касаў. На працягу некалькіх месяцаў вынес поўны камплект шрыфтоў. Абмінаючы ахову і кантроль, не без павагі зазначае Вячорка.

Жонка Вячоркі Арына пашыла фартух наборшчыка з мноствам кішэняў. Кожная адпавядала пэўнай літары. Паэт і бард Сяржук Сокалаў-Воюш вырабіў гумовы валец. Дапамог швагер, які працаваў на заводзе ў Наваполацку. Дубавец замовіў пад выглядам формы для эксьлібрыса медзярыт са словам «Вястун». Можна было выдаваць сваю падпольную газэту. Чаму не дайшлі рукі? Пачалі браць у войска. Спачатку Дубаўца, а праз паўгода і Герменчука.

Ён якраз трапляў на веснавы прызыў 1979-га.

Капэрта на конкурс

Якім ён тады быў, 17–18-гадовы Ігар Гермянчук?

«Што да адметнасьцяў характару, — разважае Вінцук, — то гэта аптымізм, іронія, таксама самаіронія. Я прыгадаў, як Гермянчук да мяне зьвяртаўся, ён мне казаў: „Вячорка, ня вумнічай...“ Калі я пачынаў разважаць глыбакадумна, то ён мяне такім чынам вяртаў на рэальную жыцьцёвую глебу. Не прамінаў падкрэсьліць, што ён, у адрозьненьне ад нас, менчукоў, лепей ведае жыцьцё, таму што прыехаў са Сьветлагорску. У большай ступені, відаць, лічыў сябе self-made, чым мы тут у Менску. Гэта заўважна было. Так што ён сваю вартасьць ведаў і годнасьць вытрымліваў. Ён быў самадастатковы».

Дубавец успамінае, што заплянаванае нелегальнае выданьне яны ў ліставаньні называлі кодавым словам «капэрта». Калі ён, Дубавец, увосень 1978-га трапіў у войска, Гермянчук займаўся даўкамплектаваньнем падпольнай друкарні.

«Запуск выданьня, якое мусіла зьмяшчаць маніфэст, мы называлі ў лістах „адпраўкай капэрты на конкурс“, — кажа Дубавец. — Гэты запуск адкладаўся, спрэчкі вяліся пра спосаб распаўсюду. Напрыклад, быў такі варыянт — пакідаць на століках у цягніках, або — раскідаць у паштовыя скрыні».

Безагляднасьць Ігара ў ягоных учынках спалучалася з засьцярогамі ад неабачлівасьці. Дзейнічаць трэба было максымальна прадумана.

5 сакавіка 1979 году Гермянчук напіша Дубаўцу ў войска:

«Ты зноў трымаесься сваёй пазыцыі па распаўсюджваньні капэрт. Вельмі ты ўжо наіўна глядзіш на адпаведныя ўстановы, на іх магчымасьці. Адмаўляеш іх выхад на нас. Штосьці і ты, і мой Вінцук мне не падабаецеся гэтымі сваімі прапановамі. Але зразумейце, што праз гэтыя вашыя шляхі распаўсюду мы вельмі хутка будзем там, дзе камусьці гэта патрэбна. Патрэбны трэці шлях. Трэці! Прамежны! Я ўжо рабіў некалькі сынтэзаў, але вынікі незадавальняючыя. Зразумей, што для сучаснай крыміналістыкі нават папера пахне целам яе ўладальніка. Тут яшчэ думаць, думаць і думаць...»

Хлопцу толькі васямнаццаць, а ён з такімі думкамі — «папера пахне целам яе ўладальніка».

Дубавец адказвае яму ўзаемнасьцю:

13.02.79. «Каб быў я богам, першае, што зрабіў — гэта надзейна забясьпечыў вашую асьцярожнасьць. Ты б ведаў, як мяне гэта непакоіць».

Гэта рэакцыя на папярэдні ліст ад Герменчука: у яго ідэя — перакласьці з польскай кнігу «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» Уладзіслава Сыракомлі (гэта павінен быў зрабіць Дубавец), напісаць да кнігі артыкул, што зробіць ён сам, і самім выдаць. Ды «ўсё зрабіць па-хуткаму». Самім выдаць! Гэта тады гучала саманадзейна, але найперш даволі неразважна, бо самім у СССР было нельга. Кнігі выпускала дзяржава. Толькі яна.

Сёньня кніга Сыракомлі даўно перакладзеная, выдадзеная і стала краязнаўчай клясыкай. А тады яна, зусім забытая ў Беларусі, успрымалася як крамола, і «нябітыя», натрапіўшы на яе ў бібліятэчных сховах, глядзелі на выданьне, як на авантурную прыгоду. Ну, і наіўнасьць нэафітаў адыгрывала тут сваю ролю.

І просьбы ад Дубаўца-салдата. Перш прыслаць абяцаны твор Купалы, перафатаграфаваны. А для трафарэтаў — здымкі Мірскага замка. «З Гарэцкага пераздымі, калі ласка. Апавяданьне „Рускі“ (гэта ўсяго тры старонкі). Як бачыш, шмат працы фатаграфічнай».

26.02.79. «Брату ў хату добры дзень. Маю некалькі новых прапаноў. Па-першае, сыстэматызацыя нашага ўласнага архіву па Міры. Гэта рэч няпростая, але патрэбная, і таму вось табе мае меркаваньні. Спачатку ўсе копіі дакумэнтаў і выпісы варта пранумараваць (кожны), а таксама здымкі. Усё гэта патрэбна, бо архіўчык наш можа ператварыцца ў архіў».

Тут «дакумэнты» — гэта сотні старонак, перапісаных ад рукі з даўнейшых крыніц.

Уся перапіска стракаціць інфармацыяй пра кнігі і паліграфію: радкаадліўныя машыны, шрыфты, марзаны, шпацыі... Хлопцы сурʼёзна рыхтаваліся да друкарскай і дасьледніцкай дзейнасьці, прысьвечанай пазнаньню і выратаваньню Беларусі.

«Няхай цябе спасьцігне лёс Кейстута»

Аднойчы перад самым адыходам у войска Ігар атрымае тэлеграму:

ВІНШУЮ СА СВЯТАМ НЯХАЙ ЦЯБЕ СПАСЦІГНЕ ЛЕС КЕЙСТУТА АБ,ЯЗДЖАЮЧЫ ПАКІНЕШ РЭЧЫ=Вітаўт=


Даслана з 50-га аддзяленьня сувязі. Гэта Галоўпаштамт. Адрас адбіты па-беларуску: «Мінск, 103, Цікоцкага, 34, корпус 2, кв. 165. Герменчуку Ігару». Гэта адрас кватэры, дзе Ігар наймаў пакой «на пару зь іншым хлопцам» (так ён напіша Дубаўцу ў войска).

Дата — 9 траўня 1979 году.

Даслаць у БССР тэлеграму на беларускай мове ня ў кожнага хапіла б упартасьці і нэрваў. Тэлеграфных апаратаў зь беларускімі літарамі не было. Усё залежала ад добрай волі працаўніцы пошты.

Тэкст гучыць як выклік, можа, першы такі на ягоным шляху грамадзкага дзеяча. У невялікім асабістым архіве, які Ігар трымаў у рэдактарскім партфэлі, гэтая тэлеграма захоўвалася да канца жыцьця.

Хто мог быць адпраўнікам — загадка. Хоць і выбар, нібыта, невялікі: чалавек папрасіў (ці дамогся нават) набраць па-беларуску, дасьведчаны ў лёсе Кейстута, кажа пра «рэчы» — відавочна, пра той падпольны выдавецкі рыштунак. Колькі такіх людзей было ў іхнай невялічкай групе? Вінцук ды Арына. Але яны ня сталі б віншаваць яго з савецкім сьвятам, ня сталі б пісаць савецкім правапісам, дый чыста з кансьпірацыі ня сталі б слаць тэлеграму, прычым з аднаго канца Менску ў другі. Хоць «рэчы» ў выніку засталіся ў Вінцука.

Сяргей Дубавец, які на той момант паўгода служыў у Вільні, кажа, што паміж Ігарам і Вінцуком часам узьнікала напружанасьць, што натуральна ў суіснаваньні двух юнацкіх максымалізмаў. Але гэта былі кароткія канфлікты, якія хутка зьмяняліся канструктыўнай супрацай. Справа, прынцыпы і тая ж кансьпірацыя былі вышэй за гэта.

Верагодна быў нехта яшчэ, зь Ігаравага асяродку, каго мог ня ведаць Вінцук, але каго Ігар, як яны тады казалі, «апрацоўваў» і каму мог даверыць свае тайны, і хто з усёй безагляднасьцю мог пажадаць яму такога лёсу. Магчыма таксама, што нэафіт у мове пераблытаў словы «спасьцігнуць» і «пазьбегнуць» — магчыма, меў на ўвазе гераічнае жыцьцё князя, а не ягоную жахлівую сьмерць. Такія здагадкі выказвае Дубавец.

Мяне як аўтара яны не пераконваюць, я ня веру, што ў справах, якія рыхтуюць скрупулёзна, можна пераблытаць зусім розныя словы. Для мяне важна тое, што магія, адна з таямніц жыцьця майго героя, трапляе пад вокладку кнігі непрыдуманай, робячыся магіяй літаратуры.

Уражвае параўнаньне ў той таямнічай тэлеграме. 18-гадовы хлопец — і гістарычная асоба, якой адмерана было 85 гадоў. І якой ня стала амаль сямсот гадоў таму.

Сын Гедыміна і сам кароткі час вялікі князь літоўскі, Кейстут хадзіў з паходамі на Мазовію, ваяваў зь лівонцамі, трапляў у палон да тэўтонскіх рыцараў. Сядзеў у замкавых лёхах у Марыенбургу. Уцёк! Дапамог Ягайлу, пляменьніку, стаць вялікім князем.

Пазьней сытуацыя рэзка зьмянілася, Ягайла дзейнічаў як яму заманецца. Кейстут захапіў яго ў палон і змусіў прызнаць сябе, роднага дзядзьку, вялікім князем. Ягайла падпісаў паперу і быў адпушчаны. Але вырашыў адпомсьціць.

Неўзабаве людзі Ягайлы захапілі Вільню. У сталіцу прыбыў ён сам. А на дапамогу яму — крыжакі. Кейстуту зь Вітаўтам, ягоным сынам, не ўдалося сабраць моцнае войска. Якое было выйсьце? Перамовы. Ягайла завабіў сваякоў і зьняволіў іх. Турмою стаў Крэўскі замак. Сыну, аднак, удалося ўцячы, а бацьку задушылі. Проста пальцамі пераціснулі горла. Гэта адбылося 15 жніўня 1382 году. Польскія і нямецкія храністы пакінулі пра Кейстута запісы як пра бездакорнага рыцара.

Загадкавая тэлеграма тоіць у сабе мноства сэнсаў і сакрэтаў, а параўнаньне лёсаў Кейстута і Герменчука з вышыні часу наводзіць на роздум. Бо і Ігар быў бездакорным рыцарам і як дэпутат парлямэнту, і як журналіст-прафэсіянал.

Аднойчы ў Цэнтральнай кнігарні яго чакала навінка. Ён тады ўжо вярнуўся з арміі і жыў ва ўнівэрсытэцкім інтэрнаце на Кастрычніцкай. На паліцы ў ягоным пакоі зьявілася кніжачка з выявай Вітаўта на вокладцы. Вядомы почырк: мастак Мікола Купава. Дзьве драматычныя паэмы пад адной вокладкай. «Курганьне» і «Крэва». Напісаў іх паэт Мікола Арочка. Кейстут і Вітаўт зьняволеныя — пра гэта другая паэма. Сьмяротны лёс Кейстута гэтак жа засмучаў, як захапляла гісторыя ўцёкаў Вітаўта. Ігару ня йшла з розуму тая тэлеграма. З Кейстутам. Ад Вітаўта.

Зычэньне ў тэлеграме — быццам атручаная страла, запушчаная ў будучыню. Перад тым, як хлопца забяруць на службу, перад значным жыцьцёвым выпрабаваньнем. Калі на дарогу звычайна кажуць зусім іншыя словы.

Галіна Жарко вучылася на вечаровым журфаку разам зь Ігарам, запомніла яго ў плашчыку, а ўжо маразы пачаліся...

«Сабраліся былі праводзіць яго ў войска, гуляем... а ён раптам позву ўзяў ды спаліў. Нейкая адтэрміноўка там была невялікая.

Яшчэ ўспамінаецца: ішлі разам па мосьце над Сьвіслаччу, ён ужо ў форме салдацкай, насустрач афіцэр — Ігар казырае, а мне так сьмешна стала, бо дзеўка-пустасьмех...

Стаіць проста ў вачах ён. Пра Ігара Герменчука той сантымэнт застаўся не перайначаны. Бо шмат іншых сантымэнтаў неяк пабляклі, ня вытрымалі цяперашняга ўспрыняцьця чалавека. Маладосьць і шчырасьць, гэтым запомніліся мне Ігар і яшчэ Сяргей Вітушка (з 1987-га кіраўнік менскай „Талакі“, затым — а-дзін з тых, хто адраджаў беларускае жыцьцё ў Вільні, дзе пазьней асьлеп у выніку цяжкай хваробы і памёр у 2012 годзе. З Герменчуком у іх быў агульны любімы паэт — Максім Багдановіч). Успамінаю абодвух, і бачыцца нейкая аднолькавая вакол іх... ну, хай гэта будзе аўра».

Спаліць позву ў кожным разе ў далёкім 1979-м было выклікам. Можа крыху й позай, бо перад дзяўчынай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG