Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадар Свабода. Пацалунак Кебіча і Чарнамыр­дзіна


Прэм’ер-міністры Беларусі і Расеі Вячаслаў Кебіч і Віктар Чарнамырдзін

Свабода публікуе разьдзелы новай кнігі Сяргея Астраўцова «Спадар Свабода. Жыцьцё і сьмерць Ігара Герменчука».

«Спадар Свабода» — драматычны аповед пра Ігара Герменчука, журналіста і палітыка, аднаго з бацькоў незалежнасьці Беларусі, рэдактара газэты СВАБОДА. Газэта пісала праўду пра чынавенства, таму выхо­дзіла пад пастаянным ціскам з боку кіраўніка ўраду Кебіча, а ў часы прэзыдэнта Лукашэнкі была забароненая. Рэдактара-прафэсіянала звольнілі з пасады «за непрафэсіяналізм», што, магчыма, прычынілася да ягонай раньняй сьмерці.

Генэральскае вясельле

Адносіны з новым старшынём Вярхоўнага Савету, адстаўным міліцэйскім генэралам Грыбам у «Свабоды» ня склаліся адразу. Пачынаючы са здымка новага кіраўніка парлямэнту побач з трыбунай, над якім вялікія літары загалоўка «Гля­дзіце: хто прыйшоў!» у іранічным герменчукоўскім стылі (у першым нумары лютага 1994 году). Як вядома, Грыбам замянілі Шушкевіча. Газэта працягвае трымаць яго пад увагай. І вось нагода напісаць зноў.

Здымак з газэты «Свабода»
Здымак з газэты «Свабода»

Анонс пра вясельле Алены Грыб і Андрэя Казлоўскага, студэнтаў, — на першай старонцы, падрабязнасьці — на апошняй. Але спачатку, не без іроніі — «Цяпер мы можам быць упэўненыя ў тым, што генэрал Казлоўскі ня выве­дзе войска супраць сьпікера Грыба, што Грыб не дапусьціць адстаўкі міністра Казлоўскага».

І яшчэ рэмарка — «у якасьці гістарычнай даведкі»: «падобныя шлюбы практыкаваліся на Беларусі ў XV—XVІІ стст. Для ўмацаваньня сувязяў паміж уладарнымі сем’ямі».

Фотарэпартаж — прыклад працы над тэкстам Івана Сідара, што быў яшчэ адным псэўданімам Герменчука. Загаловак: «Генэральскае вясельле». У па­дзагалоўку — віншаваньне маладым ад неназванага кандыдата ў прэзыдэнты. Па­дзагалоўкі ў тэксьце:

«Вясельны картэж на чале з „членавозам“», «Салдатам загадалі не высоўвацца» (вясельле правялі за брамай вайсковага гарадка ў Кало­дзішчах), «Найдаражэйшы госьць Вячаслаў Францавіч», «Генэральскі падарунак маладым».

Старонка газэты «Свабода»
Старонка газэты «Свабода»

Фотакарэспандэнт Сяргей Грыц расказвае, як Гермянчук падбіў яго (што значыць моц перакананьня!) зьняць цішком вясельле ­дзяцей міністра абароны Казлоўскага і Грыба, тады старшыні Вярхоўнага Савету. Спачатку здымалі гэтую пару тайком з машыны Герменчука на Камуністычнай, ­дзе Дом шлюбаў. А вясельле было ў Кало­дзішчах, ­дзе Гермянчук жыў. Грыц кажа: гэта толькі маладосьць плюс асоба Ігара паўплывалі, што Грыц паддаўся. Пад уплывам Герменчука «абуў туфлі, на­дзеў пінжак, брукі з кішэнямі, гальштук, такі ўвесь зь сябе як жаніх быў».

І вось яны ў Кало­дзішчах, Грыц выхо­дзіць «на заданьне». Яго пусьцілі, і ён трапіў на пачатак вясельля. Але тады й ахова была ня тая, што цяпер. Прайшоў міма КПП, салдат стаіць: ну, госьць з фотаапаратам, зразумела. Прахо­дзь! Яшчэ госьці толькі сядаюць за сталы, яшчэ хаос, атмасфэра сьвята. Самы час зрабіць першыя кадры. Сабраўся ўжо здымаць. Нечакана падыхо­дзіць ахоўнік. Вельмі ветліва: добры ­дзень.

«Ён дагэтуль служыць, той чалавек. Ён са мной быў абсалютна ветлівы, спытаў перш запрашэньне. І ён мяне ня біў, руку не заломваў. Рэч у тым, што пляменьніца Грыба была журналістка, Наташа, яна працавала ў адной мала­дзёжнай газэце ў Доме друку. І яна мяне пазнала. І ў выніку празь некалькі хвілін мяне ахова вывела са сталоўкі. Я там не зрабіў ніводнага кадра. Што мы зрабілі тады? Мы аб’ехалі зь іншага боку. Я — пад плот, увесь зь сябе пераймаючы Рэмба, падпаўзаў і здымаў вельмі здалёк гасьцей, якія гулялі ў перапынку паміж „пасяджэньнямі“ за сталом».

На наступны ­дзень Сяргей Грыц у лябараторыі ў Доме друку на першым паверсе ў сваёй «Народнай газеце» мяняе лямпу ­дзённага сьвятла. Паставіў стол і зьверху крэсла: столь там высокая, дом даваеннай пабудовы. Расчыняюцца ­дзьверы, і ўрываецца тая Наташа. Яна, аказваецца, была сяброўкай маладой на вясельлі. Яна Грыца там убачыла і зразумела, што ён тут у ролі «паганага папарацы».

«Каб я не стаяў там высока і не мантаваў лямпу, яна б мне вочы выдрапала ад злосьці. Хаця дагэтуль мы былі знаёмыя гады два і ўсё было цудоўна».

Мяжа прыстойнасьці

Карыстаючыся псэўданімам Іван Сідар, Гермянчук піша: «Пасьля публікацыі ў „Свабо­дзе“ лістоў салдата да сваёй маці, у якіх ён апісвае паляўнічыя „прыгоды“ Вячаслава Кебіча, некаторыя чытачы пытаюцца ў нас: па-першае — ці праўда ўсё гэта, па-другое — ці прыстойна публікаваць такія рэчы?»

Здымак з газэты «Свабода»
Здымак з газэты «Свабода»

Пачнем з апошняга, вяртаўся Іван Сідар да тэксту скандальнай публікацыі: «Кебіч быў зусім п’яны. Ён ле­дзь трымаўся на нагах, нават ня мог сам пераапрануцца з паляўнічага касьцюма ў цывільны. Два прапаршчыкі трымалі яго пад рукі, а трэці нацягваў штаны. Зашпільваючы Кебічаву шырынку. Ён загадаў нам, салдатам, адвярнуцца... Мама. Ты б пагля­дзела — хто намі кіруе!» — так пісаў у лісьце да маці салдат з в/ч 44444, што недалёка ад Менску, у Пухавічах.

«Карцінка сапраўды брыдкаватая, непрыстойная. Але газэта тут ні пры чым. Ня мы „абліваем брудам“ прэм’ера, які марыць стаць прэзыдэнтам, — ён сам сябе аблівае. Незалежная газэта СВАБОДА адрозьніваецца ад афіцыйных выданьняў тым, што мы паказваем нашае „правіцяльства“ не такім, якім яно хоча сябе бачыць, а такім, якім яно ёсьць папраў­дзе, — каб народ ведаў, „хто намі кіруе“».

А ці праўда гэта? Днямі той былы салдат захо­дзіў у рэдакцыю і ўсё пацьвер­дзіў. Існуюць таксама іншыя сьведкі, працягваў Сідар. А калі Кебіч хоча даказаць, што газэта надрукавала няпраўду, няхай зьвяртаецца ў суд. Але ён гэтага ня робіць. Су­дзь­дзі паслухмяныя, гэта ясна. Але калі прый­дзе ў суд былая рота сьведак, ды айцоў-каман­дзіраў калі выклікаць? Таму робіцца прасьцей: пасьля публікацыі прэс-сакратар прэм’ера палкоўнік Замяталін «выбухнуў грознай заяваю», па просьбах працоўных паабяцаў разабрацца са «Свабодай», — расказваў чытачам Іван Сідар.

Здымак з газэты «Свабода»
Здымак з газэты «Свабода»

У душы Гермянчук, безумоўна, мог сутыкацца з маральным выбарам, з прафэсійнай дылемай. Калі твая мэта — знайсьці тое, што хаваюць, расказаць пра тое, пра што маўчаць іншыя, то бу­дзеш апынацца перад пытаньнем: маеш права ці не? Трэба гэта напісаць ці не?

Ну, і мэта твая — каб газэту хапалі, каб была на вуснах. Газэта — тавар, любіў ён паўтараць перанятае ў заходніх рэдактараў. Важна пры гэтым, што «Свабода» была яго любімым творам, прадметам гонару.

Ён тлумачыў сваю пазыцыю: «У дэмакратычным сьвеце палітыкі знахо­дзяцца пад павелічальным шклом прэсы, а значыць і грама­дзтва. Кожны непрыстойны ўчынак, пра які даведваецца прэса, імгненна становіцца вядомы ўсёй краіне, а то і ўсяму сьвету. А ў нас п’юць, гуляюць (прычым за ­дзяржаўны кошт) і лічаць гэта амаль што службовым абавязкам...»

Так што Вячаслаў Францавіч сам трапіў пад павелічальнае шкло, ніхто не прымушаў. Такі «лікбез» ад Івана Сідара ўсім кабінэтчыкам, што прызвычаіліся, каб прэса іх абслугоўвала, зазірала ў рот, кармілася з рукі.

Здымак з газэты «Свабода»
Здымак з газэты «Свабода»

Ішла прэзыдэнцкая кампанія, і Кебіч выглядаў самым непатапляльным з кандыдатаў: у яго ­дзяржаўныя рычагі, у яго адміністрацыйны рэсурс. Вось чаму Гермянчук пастаянна трымаў Вячаслава Францавіча пад прыцэлам. Ну вось Кебіч паабяцаў, што калі стане прэзыдэнтам, адным зь першых указаў кампэнсуе грошы, якія ўкладчыкі трымалі ў ашчадных касах і якія нашчэнт абясцэніліся. Ніхто ня верыў, але хацелі верыць. Кебіч паабяцаў. «Свабода» выказала сумнеў. На першага сту­дзеня 1991-га на ашчадных кніжках было амаль сямнаццаць мільярдаў рублёў. З таго часу яны абясцэніліся ў 2286 разоў! Адкуль узяць такія велізарныя грошы? Дык навошта абяцаць?

Вось Пазьняк — іншая справа, у яго ёсьць плян. Прыватызаваць ­дзяржаўную ўласнасьць і нерухомасьць. І даць народу, вярнуць страчанае, піша Мікола Грынявіцкі. Тады такое выйсьце здавалася магчымым і лягічным. А галоўнае — справядлівым у дачыненьні да народу, які ўсё жыцьцё гнуў карак на партыйную ўладу. Мікола Грынявіцкі... Адкуль гэты псэўданім у Герменчука? Ад Ігната Грынявіцкага?

Пацалунак Кебіча і Чарнамыр­дзіна

Сяргей Грыц на працу ў Менск прыехаў з Наваградку. З фотаапаратам. Стаў знакамітым у сваёй галіне ­дзякуючы здымкам, надрукаваным у «Свабо­дзе», хоць нярэдка бяз подпісу.

«Свабоду» з самым славутым здымкам Грыца «Кебіч цалуе Чарнамыр­дзіна» выхоплівалі з рук.

Гермянчук быў у захапленьні, выкарыстоўваў здымак некалькі разоў.

Здымак быў зроблены 3 ліпеня 1994 году. У гадавіну вызваленьня сталіцы БССР ад нямецкай акупацыі ў 1944-м. Паміж першым і другім турамі прэзыдэнцкіх выбараў.

Дзень вызваленьня Менску ад нямецкіх войскаў. Прыяжджае Чарнамыр­дзін. Грыц напаткаў іх з Кебічам на пляцоўцы каля Палаца спорту, ­дзе адбываліся гуляньні. Там яны гля­дзелі парашутыстаў, паветранае шоў. Абодва былі ў добрым гуморы. Не было «жорсткай вульгарнай аховы». Лета, сонца, выдатнае надвор’е, музыка. Шмат народу вясёлага. І Сяргей іх здымаў.

Потым, калі два вялікія начальнікі сабраліся зьяжджаць, былі пада­дзеныя аўтамабілі. Машын было ­дзьве. Але яны селі ў адну разам. А паколькі народ іх вітаў, то не выпадала ехаць, схаваўшыся за танаванымі шыбамі. Шыба ці то была апушчаная, ці то яны самі апусьцілі, як толькі селі. Машына пачала павольны рух, абодва махалі лю­дзям. Грыц, адпаведна, бег непадалёк ад машыны. Здымаў. І ў нейкі момант ад празьмернасьці пачуцьцяў, ад таго, што ўсё так добра, радасна, побач добры сябра расейскі калега Віктар Чарнамыр­дзін, Кебіч яго проста цмокнуў у вусны, кажа Сяргей, на сэкунду задумаўшыся, каб падшукаць слова. Натуральна, гэта працягвалася долі сэкунды, гэты пацалунак. Машына памалу набірала хуткасьць.

На той момант у Сяргея не было сувязі з інфармацыйнымі агенцтвамі, замежнымі выданьнямі. Ён прызнаецца, што тады актыўна супрацоўнічаў з Герменчуком, са «Свабодай» і, уласна кажучы, апроч як у «Свабоду», аддаваць гэты здымак нікуды не зьбіраўся.

Неяк Ігар сказаў, што газэта з гэтым здымкам нават трапіла на стол да Барыса Ельцына.

Дзьверы, прачыненыя на мароз

Прэзыдэнцкая кампанія. Другі тур выбараў. Лукашэнка адчуваў сябе абраным. Лічбы сьведчылі на ягоную карысьць, адрыў ад Кебіча быў вялікі.

Буфэт гасьцініцы «Кастрычніцкая». Месца жыхарства дэпутатаў, хто зь іх іншагародні. Гермянчук з калегам зайшлі пад’есьці. Толькі ўзяліся за лыжкі, у апусьцелым дагэтуль памяшканьні робіцца зьнянацку быццам цесна. Спачатку яны нібы адчулі подых ветру. Намаляваліся пяць ці шэсьць мужчын. Будуць абедаць. А­дзін у сьветлым клятчастым пінжаку, гэта Лукашэнка. Іншыя ў чорных скуранках. Целаахоўнікі. Вельмі сур’ёзныя. З пачуцьцём сваёй важнасьці на тварах. «Невозмутимые».

Гермянчук бачыць калегу па дэпутацтве і заво­дзіць размову. Лукашэнка яўна ня лічыць патрэбным падтрымліваць яе. У Герменчука выклікае весялосьць гэты паважны звонку выгляд, адчуваньне ўласнай значнасьці. Спачатку Лукашэнка яшчэ зробіць ласку, раз-другі нешта адкажа, сьцісла, пару слоў. Каб толькі размоўца адчапіўся.

Герменчука гэта толькі падахвоціла. Ён у сваёй манеры, сьмеючыся, задае Лукашэнку пытаньні, зьвяртаецца знарочыста фамільярна, — Саша. «Саша, вось ты мне скажы...»

Лукашэнка больш не адказвае. Нават не паварочвае галавы ў бок Герменчука. А той ня хоча суняцца. Адчуваецца хісткасьць сытуацыі. Ле­дзь заўважны рух на твары Лукашэнкі. Штось мімічнае. Амаль няўлоўнае. Літаральна знак вачыма. Ахоўнікі дружна ўзьнімаюцца і робяць недвухсэнсоўны рух у бок журналістаў.

Здымак з газэты «Свабода»
Здымак з газэты «Свабода»

Быццам па­дзьмула зь ­дзьвярэй, прачыненых на мароз. Як можна бу­дзе потым зразумець, павеяла «новымі часамі», эпохай «першага». Мімалётнае адчуваньне пагрозы. Даволі злавеснае. Стала няўтульна. Відавочным было: лю­дзі ў скуранках, ­дзябёлыя, ні перад чым бы не стрымаліся. Гермянчук дэпутат? Ім усё роўна. Тады, у буфэце, яны дажавалі моўчкі і пайшлі. Асадак застаўся надоўга, увесь наступны час зробіцца непрыемным асадкам. Герменчуку цяжка было пага­дзіцца з думкай, што хтосьці такі можа стаць прэзыдэнтам. Што ўсе папярэднія намаганьні — і ўсе высілкі ягоныя, герменчукоўскія — былі ­дзеля гэтага нечаканага пэрсанажа, што ён іх ускосна скарыстаў у сваіх інтарэсах.

25-ы нумар «Свабоды». Падсумаваньне вынікаў першага туру выбараў. Беларусы першы раз у сваёй гісторыі выбіралі сабе прэзыдэнта.

«Прагаласаваўшы за „беларускага Жырыноўскага“, Беларусь зь­дзівіла ўвесь сьвет»: «Безумоўна, трохі сорамна за сваю краіну, ­дзе амаль палова выбаршчыкаў „пры ўсім багацьці выбару“ галасуе менавіта за Лукашэнку. Але нічога кепскага пакуль ня здарылася. Для нас з вамі. Гэта няхай Вячаслаў Кебіч з кампаніяй кусаюць локці ды абдумваюць сваю змрочную пэрспэктыву».

Пазнавальны почырк рэдактара, тэкст падпісаны Пятром Панкратовічам... На першай старонцы зьяўляецца і здымачак Лукашэнкі, маленькі. І бяз рэтушы.

«Свабода» ў плюсе

Колькасьць падпісчыкаў «Свабоды» з 8 400 у другім квартале павялічылася да 15 715 у трэцім. Рост — на 87%. А­дзіная газэта, якая за час прэзыдэнцкай кампаніі атрымала новых падпісчыкаў, астатнія, ­дзяржаўныя, «у мінусе». Так Гермянчук піша пра рост цікавасьці да свайго выданьня. Лічбы натхнялі.

Гермянчук іранізуе: Кебіч пасьля першага туру выбараў заявіў, што не забараняў «Свабоду». Проста ў Доме друку «ад яе адвярнуліся». Выхо­дзіць, «разьлюбілі»? Друкаваць давялося за 250 кілямэтраў... На тыя часы, не пазбаўленыя хоць якой свабоды і дэмакратыі, — абуральны выпадак! Інфармацыя пра гэта разышлася шырока па сьвеце. Рэдакцыю наведалі каля трыццаці замежных журналістаў, міжнародныя назіральнікі. Рэдактар сам робіцца папулярнай мэдыя-асобай.

Нават у кангрэсе ЗША ведаюць цяпер пра ганеньні на беларускую «Свабоду». З-за мяжы ідуць пратэсты на адрас Кебіча. «Аднак сьмяротна паранены рэжым усё яшчэ ня хоча прызнаваць сваю паразу. І ўсё ж, мы іх перамаглі. Кебічавы 17% нішто супраць нашых з вамі 87%». Подпіс: Рэдакцыя «Свабоды». І чорным шрыфтам: мы ўжо зьбіраліся ехаць друкаваць газэту ў Вільню, але нас зноў запрасілі ў Дом друку... Яшчэ адна перамога, дарагія чытачы.

Міжволі параўнаеш два факты: гэтае змаганьне «Свабоды» і Герменчука адбывалася ў той час, калі ўпершыню а­дзначылі Ўсясьветны ­дзень свабоды прэсы. 3 траўня 1994-га. Генэральная асамблея ААН абвясьціла. Нібы з думкай пра беларускую газэту і яе рэдактара.

Іван Сідар піша, што ў Рыжкавічах, ­дзе жыве сям’я Лукашэнкі, цяпер ­дзяжураць узброеныя міліцыянты. «Іх выставілі на загад міністра ўнутраных справаў, якому Лукашэнка нібыта заявіў, што ягоных ­дзяцей нехта зьбіраецца выкрасьці». Можна ўявіць, што бу­дзе, калі Лукашэнка стане прэзыдэнтам — на ягоную ахову можа не хапіць міліцыі і КДБ-шнікаў, пацьвельвае аўтар.

Кебіч робіць ліхаманкавыя рухі. У Заслаўі трэцяга ліпеня сустрэча з Чарнамыр­дзіным — расейскім прэм’ерам, і з галоўным банкірам Герашчанкам. Падпісалі пратакол. На тэму будучага аб’яднаньня грашовых сыстэмаў. «Пустая паперка», — піша Пятро Панкратовіч, спасылаючыся на неназваных экспэртаў сваёй газэты. І завяршае: «Падымаючы келіх з шампанскім пасьля падпісаньня пратаколу, Кебіч павярнуўся да фотакарэспандэнтаў і голасна сказаў: „А цяпер — здымак для газэты СВАБОДА“.

Дзякуй, Вячаслаў Францавіч. Мы абяцаем апублікаваць гэты здымак іншым разам, а сёньня публікуем тое, што вы бачыце». Подпіс: Пятро Панкратовіч.

Гэта была першая публікацыя легендарнага здымка «Кебіч цалуе Чарнамыр­дзіна». Тэкстоўку набралі вялікімі чорнымі літарамі: «Віктар Чарнамыр­дзін любіць Беларусь, а Вячаслаў Кебіч — Чарнамыр­дзіна».

Як Шушкевічу не паспрыяў візыт Клінтана, хутчэй наадварот, бо Шушкевіча адразу пасьля гэтага скінулі, так не дапамог Кебічу візыт Чарнамыр­дзіна. Хаця прыбыў Віктар Сьцяпанавіч зь «пернікамі», з прэфэрэнцыямі. І не асабіста Вячаславу Францавічу, а ўсім беларусам, выбаршчыкам, электарату. І што зусім нечакана: змацаваная мужчынскім пацалункам дружба Расеі зь Беларусьсю не прынясе перамогі Кебічу. Гэта стане апошнім для яго момантам трыюмфаваньня. Далей пачнуцца пацалункі Лукашэнкі зь Ельцыным.

Краіна прачнулася ў новай якасьці, з новым начальствам. Ліпень 1994-га. Яна «не пазнавала сябе ў грыме», як звыкла кажуць у падобных выпадках у наро­дзе.

Спадар Свабода

Што ж адбылося ў Рэспубліцы Беларусь у сярэ­дзіне ліпеня 1994 году? Ад чаго вельмі многія адчувалі горыч, расчараваньне, прыгаломшанасьць? З чым не маглі пага­дзіцца тыя, хто хацеў бачыць Беларусь эўрапейскай, дэмакратычнай? Нарэшце, ва ўсёй паўнаце гэтага паняцьця, — беларускай? З тым, што адбылася вялікая беларуская трагедыя. Што ўсе гэтыя лю­дзі, а іх былі сотні тысяч, зразумелі, што ня быць Беларусі эўрапейскай. Ня быць дэмакратычнай. Ня быць беларускай. Нехта ўсьвядоміў на інтуітыўным узроўні, а нехта зразумеў выразна і канкрэтна, бо дэпутат Лукашэнка, затым кандыдат, а неўзабаве і прэзыдэнт — сваіх поглядаў ні ад каго не хаваў.

Адвакатам усіх гэтых соцень тысяч была «Свабода» і пэрсанальна Ігар Гермянчук. Так, былі яны — сама газэта і ён, спадар Свабода, — прадстаўнікамі лю­дзей, чые погляды адлюстроўвалі. Для каго стваралася карціна беларускага, у тым ліку закуліснага сьвету. Чый гарт мацаваўся імі. І ўсё гэта адначасова. Яны ўсе разам перажывалі тое, што здарылася, што вельмі хутка пачало ператварацца ў трагіфарс.

Калі Лукашэнка толькі стаў прэзыдэнтам, то працягваў ха­дзіць па Доме ўраду, як раней дэпутатам — яшчэ ня звыкся з роляй. І зайшоў у сталоўку.

Гермянчук абедаў і зь месца запытаўся:

— Што, Саша, закрыеш газэту?

— Плоха аба мне думаеш, — адказаў Лукашэнка.

Гермянчук прыехаў і расказаў у рэдакцыі. Чаго яму было чакаць ад ухілістага, неканкрэтнага адказу? Нічога добрага. Пра што яшчэ мог сьведчыць пачуты адказ? Напэўна, пра тое, як бу­дзе ўлада змагацца з газэтай. Але ня больш. На той момант проста яшчэ не магло быць нічога вырашана. Ну што такое нейкая газэта, калі адрэналін пасьля трыюмфу не пайшоў на спад? Ніхто тады яшчэ газэты не закрываў. Але зерне было кінутае. Не­дзяржаўная, незалежная, прыватная і рэзка апазыцыйная «Свабода» начальствам стала ўспрымацца як «анты­дзяржаўная».

«Свабода» выйшла на штотыднёвую пэрыядычнасьць літаральна за паўгода да прэзыдэнцкай кампаніі, якая стане канцом дэмакратычных павеваў. Але газэта мела рэальны ўплыў на розумы. Словам, «Свабода» канчаткова ўстала на ногі, калі ў грамадзтве ўжо нічога рэальна зрабіць было нельга.

Працяг будзе

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG