Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадар Свабода. Думкі аб прэзыдэнцтве


Ігар Гермянчук
Ігар Гермянчук

Свабода публікуе разьдзелы новай кнігі Сяргея Астраўцова «Спадар Свабода. Жыцьцё і сьмерць Ігара Герменчука».

«Спадар Свабода» — драматычны аповед пра Ігара Герменчука, журналіста і палітыка, аднаго з бацькоў незалежнасьці Беларусі, рэдактара газэты СВАБОДА. Газэта пісала праўду пра чынавенства, таму выходзіла пад пастаянным ціскам з боку кіраўніка ўраду Кебіча, а ў часы прэзыдэнта Лукашэнкі была забароненая. Рэдактара-прафэсіянала звольнілі з пасады «за непрафэсіяналізм», што, магчыма, прычынілася да ягонай раньняй сьмерці.

Думкі аб прэзыдэнцтве

Думка аб прэзыдэнцтве пачала афармляцца ў Ігара ў траўні 1995-га, калі балятаваўся ў Вярхоўны Савет паўторна. У галаве ўжо былі наступныя прэзыдэнцкія выбары — празь пяць гадоў. Як вызначана ў Канстытуцыі. Значыць, у 1999-м. Яму будзе 37, амаль як Лукашэнку было, крыху меней. Хаця гэта яшчэ не яго чарга.

Як член фракцыі БНФ пальму першынства ён пакідаў за партыйным лідэрам. Сябрам тады казаў: за Лукашэнкам прэзыдэнтам будзе Пазьняк, а наступным — рэдактар «Свабоды».

Акрэсьлена размовы пра прэзыдэнцтва пачаліся пасьля таго, як Пазьняк раптоўна апынуўся за мяжой. З Пазьняком ён канкураваць ня думаў. Газэта падтрымлівала Пазьняка і БНФ. Як Пазьняк і БНФ — «Свабоду». Іншая рэч, што Ігар не залежаў ні ад Пазьняка, ні ад БНФ. Ён залежаў толькі ад «Свабоды». БНФ БНФ-ам, «Свабода» «Свабодай». Партыйнай газэта ніколі ня будзе.

Ігар Гермянчук сярод лідэраў БНФ на сустрэчы ў Акадэміі навук, 1993. Фота Ўладзімера Кармілкіна
Ігар Гермянчук сярод лідэраў БНФ на сустрэчы ў Акадэміі навук, 1993. Фота Ўладзімера Кармілкіна

Уцёкі Пазьняка не ўхваляў, але адкрыта не асуджаў. Толькі выразна выказваў сваю пазыцыю: эміграцыя — гэта палітычная сьмерць. Змагацца за свабоду з-за мяжы — наіўная ілюзія. Зьмяніць сытуацыю можна толькі знаходзячыся ўнутры яе.

Сам узьлёт Лукашэнкі ўспрымаўся Герменчуком як нечаканы збой, як парушэньне нормы. Як выбрык гістарычнага лёсу. Як часовая няўдача Фронту. А калі так, парушэньне не павінна быць працяглым. Нельга, каб задоўжылася.

Міжволі запыняю сябе на думцы, што паводле сілы выказваньня «Банду Лукашэнкі» Герменчука можна параўнаць з «Імпэрыяй зла» Рэйгана. У абодвух выпадках — гэта вынік думкі, што сягнула ўглыб сэнсу зьявы. Толькі ў Рэйгана гучыць больш статычна, грувастка, у Герменчука — хвостка. Існуе і фундамэнтальнае адрозьненьне. Рэйган меў рычагі ўзьдзеяньня на абʼект, які атрымаў ад яго назву-мянушку. Напрыклад, праз палітычныя дзеяньні апусьціць усясьветныя цэны на нафту, на якой трымаўся позьні СССР. А ў Герменчука адзіны інструмэнт — газэта, якая ў пэўным сэнсе была ім самім. «Банду» гэтым ня спыніш.

«Банда» Герменчука была ня толькі эмацыйным воклічам, але і дакладным тэрмінам з Крымінальнага кодэксу: банда — узброеная арганізаваная злачынная група. Пад вызначэньне «банда» цалкам падпадалі тыя людзі з аўтаматамі, што ўчынілі пагром у беларускім парлямэнце ў ноч на 12 красавіка 1995 году.

Словы Рэйгана ня трацілі сілы пасьля 8 сьнежня 1991-га, калі СССР дэ-юрэ перастаў існаваць. Раскалоўшыся на часткі, імпэрыя зла ня зьнікла назаўтра і не зьмяніла сваёй натуры. Сутнасьць яе не зыначылася: падаўляць чалавека, пляжыць яго годнасьць, таптаць паліцэйскімі ботамі. Яна ня зносіла свабодных людзей. Такіх, як Гермянчук.

Калегі-дэпутаты аб «прэзыдэнцтве» Ігара ня чулі. А Дубавец сфармулюе, чым у ягоных вачах была прэзыдэнцкая амбіцыя Герменчука:

«Ня раз мы зь Ігарам абмяркоўвалі гэтую тэму яшчэ ў часы ягонага дэпутацтва. І абодва пагаджаліся, што лепшай кандыдатуры наступнага прэзыдэнта Беларусі не знайсьці. Ён добра ведаў і цяперашняга прэзыдэнта й мог дастаткова абʼектыўна параўноўваць ягоны досьвед, стыль, ідэалёгію са сваімі ўласнымі, і бачыў поўную перавагу свайго яснага бачаньня шляху краіны над тым пакручастым і нікому не зразумелым намацваньнем дарогі, якім мы ўсе займаемся гэтыя трынаццаць гадоў (напісана было ў 2008-м. — С.А.). Пры гэтым мы ніколі ня ведаем, што з намі будзе праз год і ў які бок ужо заўтра павядзе нас усіх наш кіраўнік.

Ігар Гермянчук і Сяргей Астраўцоў у рэдакцыі „Свабоды“ на Іванаўскай, 1997
Ігар Гермянчук і Сяргей Астраўцоў у рэдакцыі „Свабоды“ на Іванаўскай, 1997

Мабыць, у гэтым была галоўная перавага Ігара. Чалавек, які любіць і ведае сваю краіну і свой народ, які мае волю і зразумелае бачаньне таго, што ў краіне павінна адбывацца, ніколі ня стане цямніць і агарошваць людзей сваімі рашэньнямі. Навошта, калі ты ўпэўнены ў сабе і ведаеш, што трэба рабіць? Ігар разумеў, што здолее перацягнуць сымпатыі народу на свой бок, прычым не злоўжываючы папулісцкай рыторыкай, не падманваючы людзей і ня робячы з прэзыдэнцтва фэтышу асабістае ўлады. Такіх амбіцыяў у Герменчука не было.

Ігар ня быў зацятым у палітыцы — вось што галоўнае. Як творца ён прагнуў гармоніі, а не парадку. Згарманізаваць інтарэсы розных грамадзкіх сіл — нашмат больш складаная задача, чым усіх паставіць на лінейку гатоўнасьці. Вось жа, Гермянчук ведаў, што ягонаму патэнцыялу адпавядае больш складаная задача».

У пісьменьніцы Паліны Качатковай была аднойчы размова з Герменчуком пра сэнс жыцьця. Ён уразіў яе. Сказаў, што сэнс жыцьця ў працы.

Ёй было ўжо 27 гадоў, і яна пачала літаральна рагатаць: першы раз такога чалавека бачыць! Як сэнс жыцьця можа быць у працы? А ён паглядзеў так сурʼёзна, яго зьдзівіла такая рэакцыя.

Ідэал — калі праца супадае з хобі, — падказваю я.

Але яна нечакана нязгодная. Паліна ня думае, што праца ў яго супадала з хобі. Чаму? Яна думае, што хобі ў яго не было.

Ігар быў працавіты і, мабыць, жорсткі ў працы, робіць выснову Паліна Качаткова. Яна б не сказала, што гэта было хобі. Праца была сэнсам, а ня тым, што ён любіў, таму што яна адымала час, а што любіш — гэта нешта іншае.

Паліна падсумоўвае: «Думаю, што Гермянчук змог бы стаць прэзыдэнтам. Пры такой працаздольнасьці. Прынцыповасьці, адданасьці. Пры ўсіх тых якасьцях, якія ў яго былі. І стаўленьні да людзей. Таму што ён быў вельмі справядлівы. І ўсе, хто працаваў зь ім, гэта пацьвердзяць».

Газэта была папулярная, Ігар любіў расказваць, як яна раскупляецца ў адміністрацыі прэзыдэнта, успамінае Алег Грузьдзіловіч. А дванаццатай гадзіне ўжо няма. Рукі прэзыдэнцкіх працаўнікоў цягнуліся да «Свабоды»! Для Ігара гэта было вельмі ўсьцешна. Аднак чым больш яна выкрывала чыноўнікаў, тым больш узьнікала цяжкасьцяў, праблемаў для яе самой.

Першы юбілей. Пяць гадоў газэце. У рэдакцыі накрылі стол. Запрасілі гасьцей. У тым ліку чыноўнікаў, дэпутатаў. Ігар спадзяваўся, можа нехта прыйдзе з адміністрацыі. Ніхто не прыйшоў. Толькі калегі-журналісты. Крыўдна для яго, па твары было відаць. Хаця, напэўна ж, іншага ён і не чакаў у душы.

Спатрэбілася ўсяго 15 хвілін

25 лістапада 1997 году, № 130, аўторак. Газэта выйшла з паведамленьнем аб сваёй вымушанай «сьмерці». «Суд выканаў волю прэзыдэнта. СВАБОДУ забаранілі».

Гермянчук пісаў: «Учора Вышэйшы гаспадарчы суд прыняў рашэньне спыніць дзейнасьць газэты СВАБОДА. Прысуд быў абвешчаны ў 14.00 — ужо пасьля падпісаньня нумару ў друк, таму мы ня маем магчымасьці падрабязна распавесьці пра судовы працэс. Але, па сутнасьці, судовага працэсу не было. Судзьдзі М. Клімянковай, якая разглядала справу, спатрэбілася ўсяго 15 хвілін, каб вынесьці рашэньне аб закрыцьці СВАБОДЫ. Судзьдзя абвесьціла, што рашэньне ўступае ў законную сілу з моманту яго прыняцьця. Гэта значыць, што ад сёньняшняга дня СВАБОДА ня мае права выходзіць у сьвет — ліцэнзія ануляваная.

Шаноўныя чытачы, мы не разьвітваемся з вамі! Рэдакцыя СВАБОДЫ мае намер распачаць выпуск новага выданьня».

Гістарычны факт: «Свабода» яшчэ трапіць аднойчы да чытачоў пасьля таго, як яе «зарэжуць» у судовым памяшканьні.

Апошні нумар газэты «Свабода»
Апошні нумар газэты «Свабода»

Пасьля суду Гермянчук скажа: «Мы не зьбіраемся мяняць сваю прафэсію, не зьбіраемся зьяжджаць з краіны».

Стаўленьне да палітычнай эміграцыі было адназначнае: яна не прымалася. Чаму? Для палітыка такі крок — памылковы, наогул тупіковы, лічыў ён. Страчваючы Айчыну, губляеш аснову, — пераказвае ягоную пазыцыю «свабодавец» Алесь Дашчынскі.

Сапраўды, адметная акалічнасьць, што апошні нумар выйшаў на наступны дзень пасьля забароны газэты. Атрымалася вельмі па-герменчукоўску. «Свабоды» ўжо няма, але — вось яна!

Побач з паведамленьнем пра судовы вырак — матэрыял пад загалоўкам: «Мінуў год пасьля прэзыдэнцкага рэфэрэндуму». Сымбалічна: першы лукашэнкаўскі рэфэрэндум — забароненыя кляйноты незалежнай Беларусі: рыцарскі герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг. Першая гадавіна другога рэфэрэндуму — забароненая газэта «Свабода».

Выходзіла яна з 25 сакавіка 1990 году да 25 лістапада 1997-га.

Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Лені Фішэр адрэагуе: «Закрыцьцё газэты „Свабода“ — гэта адкрыты выклік міжнароднай супольнасьці...»

«Улада, якая зьнішчае свабоду слова, пацьвярджае сваю таталітарную сутнасьць», — адзначылі ў адмысловай заяве пяцёра рэдактараў вядомых выданьняў Польшчы, Чэхіі, Вугоршчыны, Славаччыны і Расеі. Дэпутаты Бундэстагу, а сярод іх вядомая цяпер Ута Цапф, у сваім лісьце да ўладаў РБ патрабавалі: «Вярніце свабоду „Свабодзе“! Без свабоды прэсы дэмакратыя жыць ня можа».

Аднак кіраўніцтва РБ не надавала значэньня пратэстам. Навошта яму тая дэмакратыя?

Менш як праз два месяцы пачнецца выданьне газэты «Навіны», у шапцы якой яшчэ доўгі час зьяўляўся стары свабодаўскі лягатып, менавіта сама назва — СВАБОДА. Першы нумар «Навінаў» выйшаў 16 студзеня 1998 году.

Спадзевы на вуліцу

Бюлетэнь «Чацьвёртая ўлада» Беларускай асацыяцыі журналістаў: «Суд над „Свабодай“». Міхаіл Пастухоў, доктар юрыдычных навук, прафэсар:

«Па меры ўмацаваньня ў Беларусі аўтарытарнага рэжыму стаўленьне да незалежнай прэсы і, у прыватнасьці, да газэты „Свабода“ рабілася больш жорсткім». 1996 год — шэсьць праверак падатковых інспэкцый, 1997 — тры праверкі. Агульная сума штрафаў газэце — больш за 700 мільёнаў рублёў.

Міхаіл Пастухоў пералічвае крымінальныя справы: за публікацыю копіі дакумэнта так званай «Беларускай вызвольнай арміі» ў траўні 1997-га, у чэрвені — за артыкул А.Старыкевіча «Канчатковы дыягназ», у чэрвені — З.Пазьняка «Вызвольны рух», што друкаваўся ў трох нумарах.

Папярэджаньняў было больш.

1996: чатыры папярэджаньні: за артыкул «Як судзілі — ведаем. А хто судзіў?» А. Дашчынскага, за чытацкія лісты ў трох нумарах, за артыкул А. Старыкевіча «Эвангельле ад лукавага». А ў кастрычніку — за экстраны выпуск газэты.

1997: за артыкул В. Раговіча «Вышыбіць конюха з Дому калгасьніка», за сэрыю артыкулаў А. Грузьдзіловіча ў справе экс-старшыні Нацбанку Т. Віньнікавай, за публікацыю копіі дакумэнта так званай «Беларускай вызвольнай арміі». Нарэшце, 19 лістапада — два папярэджаньні за адзін дзень: за публікацыі А. Невяроўскага «Дзяды ў Менску» і за артыкул В. Казначэева «Імпічмэнт — другая спроба».

Гермянчук бачыў перамены да горшага, але ў яго ўнутры было ўпартае спа-дзяваньне — не перамагчы сытуацыю, а вытрываць, па магчымасьці перайграць.

Яшчэ былі нейкія гульцы на палітычным полі. І сапраўды не было тады адчуваньня, што — бац і ўсё, што адваротнага шляху няма, разважае Алег Грузьдзіловіч. Не, барацьба працягвалася, пэўны час было спадзяваньне на вулічную актыўнасьць. Газэта сама спрыяла гэтаму, трымала руку на пульсе. Пасьля кожнай акцыі рабілі матэрыялы, друкавалі адразу.

Ігар, між іншым, вельмі жорстка ставіўся да ацэнкі: колькі ўдзельнікаў было ў акцыі пратэсту? Ён трымаўся таго, што лепш не перабольшваць. Не падаваць, што было дваццаць тысяч ці нават пяцьдзясят, як некаторыя рабілі. Пісаць як найдакладней. І самае галоўнае, што акрамя сваёй ацэнкі колькасьці, даваць яшчэ міліцэйскую, падысьці — спытаць.

Іншая рэч, што міліцыянты заўсёды прымяншалі. Але гэта было варта даваць, каб параўнаць, што гавораць два бакі.

Зрэшты, так не адразу сталі рабіць. Некалькі разоў надрукавалі лічбу «пажаданую» — а Ігар крытыкаваў, казаў, што так ня трэба.

Акцыі ішлі адна за адной. І паступова выпрацавалі стандарт больш абʼектыўнай, больш стрыманай ацэнкі. На першым месцы было — адгукацца на падзеі, зважаць на канкрэтыку, на падрабязнасьці. Патрабаваньні пікетоўцаў. Дзеяньні міліцыі. Усё з дэталямі, з камэнтарамі людзей.

Мітынг супраць забароны газэты на плошчы Якуба Коласа ў Менску
Мітынг супраць забароны газэты на плошчы Якуба Коласа ў Менску

Калі закрылі «Свабоду», рэдакцыя сама зладзіла акцыю на плошчы Якуба Коласа, успамінае Грузьдзіловіч. Невялікі мітынг у падтрымку газэты. Ігар выступаў. Людзей прыйшло няшмат. Думалі, што будзе больш. Хацелася, каб больш. Каб адчуць падтрымку ўвачавідкі. Але была ўжо восень 1997 году. І ўсё роўна — быццам халодны душ: усяго некалькі соцень чалавек.

Так што акцыя адбылася тады малалюдная, яшчэ раз паўтарае Алег Грузь-дзіловіч і робіць выснову: «Але гэта было заканамерна. Мы мусілі нарэшце зь нябёс спусьціцца на зямлю і пабачыць, што сытуацыя мяняецца, мяняюцца настроі людзей, што расчараваньне наступае. Але Ігар працягваў змагацца, і пачалі неўзабаве выходзіць „Навіны“».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG