Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадар Свабода. Як Лукашэнка Кебічу паціснуў два пальцы, а Пазьняк не падаў рукі


Здымак з газэты «Свабода»
Здымак з газэты «Свабода»

Свабода публікуе разьдзелы новай кнігі Сяргея Астраўцова «Спадар Свабода. Жыцьцё і сьмерць Ігара Герменчука».

«Спадар Свабода» — драматычны аповед пра Ігара Герменчука, журналіста і палітыка, аднаго з бацькоў незалежнасьці Беларусі, рэдактара газэты СВАБОДА. Газэта пісала праўду пра чынавенства, таму выхо­дзіла пад пастаянным ціскам з боку кіраўніка ўраду Кебіча, а ў часы прэзыдэнта Лукашэнкі была забароненая. Рэдактара-прафэсіянала звольнілі з пасады «за непрафэсіяналізм», што, магчыма, прычынілася да ягонай раньняй сьмерці.

«Ніякай падтрымкі хунце!»

12 чэрвеня 1991 году Барыса Ельцына выбралі першым прэзыдэнтам РСФСР. Па­дзея была знакавай, рэвалюцыйнай. Бо ўмацоўвала абвешчаны роўна год назад ­дзяржаўны сувэрэнітэт Расеі, што было выклікам уладам СССР і асабіста Гарбачову.

Дэпутат Гермянчук, аднак, выступае ў Авальнай залі супраць ідэі заснаваць пасаду прэзыдэнта ў БССР. І тлумачыць сьцісла: прэзыдэнт у Беларусі — гэта просты шлях да дыктатуры...

У 2005 го­дзе, калі Ігара ўжо ня бу­дзе, прэзыдэнт ЗША Джордж Буш назаве Беларусь «апошняй дыктатурай Эўропы». Сфармулюе, зрэшты, перш ­дзяржсакратар Кандаліза Райс. Думка пра небясьпеку дыктатуры была выказаная дэпутатам Герменчуком задоўга да зьяўленьня першага прэзыдэнта — як перасьцярога, як папярэджаньне: не рабеце гэтага, нельга.

Прый­дзе час — завараць браму ў рэзыдэнцыю амбасадара ЗША ў Драздах. Якая сымболіка! Гэта здарыцца ў 1998-м. А неўзабаве найлепшым «другам» афіцыйнага Менску стане Слабадан Мілошавіч, пазьней Уга Чавэс. І слоўная падтрымка бу­дзе выказвацца — насуперак дэмакратычнаму сьвету — такім, як Садам Хусэйн альбо Муамар Кадафі.

І калі ў сту­дзені 1994 году сталіцу Беларусі наведае прэзыдэнт ЗША, то ў сту­дзені 2019-га — прэзыдэнт Зымбабвэ. Такая эвалюцыя бу­дзе чакаць Беларусь. Аляксандар Лукашэнка паабяцае, што сваю краіну за цывілізаваным сьветам не павя­дзе. І ён выканае сваё абяцаньне.

З жонкай Марыяй у Вільні, 13 красавіка 1991 г. Фота: Маргус Вялья. Роўна тры месяцы пасьля крывавых падзеяў каля Віленскай тэлевежы
З жонкай Марыяй у Вільні, 13 красавіка 1991 г. Фота: Маргус Вялья. Роўна тры месяцы пасьля крывавых падзеяў каля Віленскай тэлевежы

Скончыцца гэты этап у 2019-м, калі прэсавая сакратарка «бацькі» выкажацца пра «пазытыўнае адценьне» слова «дыктатура», дадаўшы, што попыт на дыктатуру можа паўстаць у сьвеце — ня сёньня, дык заўтра. Што да Беларусі, дык «мы ўжо так часта вымаўляем гэтае слова, што дыктатура — гэта ўжо наш брэнд», — шчыра прызнаецца прэс-сакратарка.

Напэўна, ня мог ён, малады дэпутат-адраджэнец, так сягаць зрокам за далягляд, але прамоўлена было з трыбуны ўзважана, прадумана, цьвяроза: прэзыдэнт у Беларусі — гэта шлях наўпрост да дыктатуры.

Жнівень 1991-га. Газэта «Свабода» выйшла ў дні ГКЧП з за­дзірыстым заклікам на першай старонцы: «Ніякай падтрымкі хунце!» Выхо­дзіла яна тады нерэгулярна. Чарговы раз магла зьявіцца празь месяц або нават праз два. Але так супала, што новы нумар у тыя дні 1991-га быў падрыхтаваны перад путчам у Маскве. Газэту вазілі друкаваць у Магілёў.

Нумар «Свабоды» ў часе жнівеньскага путчу ў Маскве, 1991. Ігар Гермянчук
Нумар «Свабоды» ў часе жнівеньскага путчу ў Маскве, 1991. Ігар Гермянчук

Баршчэўскі: «Было відаць, што Ігар чалавек кемны, абазнаны ў рэчах, у якіх мы, лю­дзі з правінцыі (я тады жыў у Наваполацку), ня надта разьбіраліся. Валоданьне інфармацыяй заўсёды стварае аўтарытэт чалавеку ў цяперашнім сьвеце. Але імкненьня быць лідэрам вуліцы, як мне здаецца, ён не выяўляў. У першы ­дзень маскоўскага путчу ён папрасіў мяне з самай раніцы скласьці „рыбу“ для заявы апазыцыі БНФ з асуджэньнем путчу, бо, як ён патлумачыў, „гэта трэба вельмі тэрмінова: я павінен як найхутчэй здаць заўтрашні нумар у друк, пакуль друкарні не перакрылі кісларод“».

Культуроляг Сяргей Харэўскі быў мастацкім рэдактарам «Свабоды». Ён успамінае той ­дзень як самы яркі момант супольнай працы з Герменчуком:

«Мы працавалі дапозна, вярсталі, зрабілі макет, і я з гэтым макетам паехаў у друкарню ў Магілёў. Здаў макет, прыходжу да дырэктара, было 19-га, а ён пытаецца: а хіба ты ня ведаеш? Вось у Маскве такія справы. Я кажу: ну дык напэўна ж давя­дзецца мяняць першую старонку...»

Харэўскі патэлефанаваў з кабінэта дырэктара Герменчуку: «Ён па­дзякаваў, што я патэлефанаваў, сказаў: давай тады тэрмінова загаловак на першую. Я кажу: „Ніякай падтрымкі хунце!“ Ён: кляс! А што тады бу­дзеш маляваць? Бог яго ведае, ну давай, з ходу, за лічаныя хвіліны, намалюю: генэрал спрабуе выпіць мора, нешта такое. Тут жа Гермянчук сеў надыктаваў перадавіцу, пачалі перавёрстваць, а Віктар Корзун прывёз потым у Магілёў зьмененую паласу. Вядома, гэта было баявое хрышчэньне», — кажа Харэўскі.

Храналёгія па­дзей ва ўспамінах Паўла Жука: «Былі некаторыя сувязі з намэнклятурнымі хлопцамі, „камсамольцамі-дабравольцамі“. Нас ні­дзе не друкавалі, газэту „Свабода“. Але быў знаёмы дырэктар магілёўскай друкарні». Вось як гэта было.

На рыбалку ў Карэлію

Жук працягвае: «Раніца, путч пачынаецца. Мы зьбіраемся на рыбалку ў Карэлію. Быў „рафік“, каб ехаць. Нумар зрабілі 18-га і адправілі ў друк. „Рафік“ я адправіў у гараж хуткай дапамогі падрамантаваць перад паездкай. Раніцай 19-га павінен быў забіраць.

Прачынаюся, жонка гаворыць: штосьці музыка ўсё гучыць, „Лебя­дзінае возера“. Званю Герменчуку, ён нічога... Потым аказваецца: путч у Маскве, танкі, жах. Я Герменчуку: мы ж газэту адправілі, трэба нешта рабіць. Вырашылі мяняць першую паласу. Я званю ў Магілёў, там не падымаюць. Я думаю: усё ясна, друкаваць ня будуць ні пры якіх умовах. Ужо і­дзе інфармацыя, што рыхтуюць лягер у Крылаве».

На плошчы Незалежнасьці ў Менску падчас жнівеньскага путчу ў Маскве. Здымак з газэты «Свабода»
На плошчы Незалежнасьці ў Менску падчас жнівеньскага путчу ў Маскве. Здымак з газэты «Свабода»

Крылава — пансіянат і дачы для начальства, 30 км ад Менску.

Жук успамінае: «Я заскокваю ў хуткую дапамогу, браць машыну ехаць у Магілёў, але яна стаіць разваленая за варотамі. А там жа была суполка БНФ, і хлопцы рамантавалі машыны. Я да інжынэра, а ён — свая кашуля бліжэй да цела, няма ў мяне тваёй машыны, яна вунь — паказвае за вароты».

Але ехаць у Магілёў усё роўна трэба... Жук па прыезь­дзе на месца: «Шукаю дырэктара друкарні, няма. Знайшоў на дачы ў лесе. Газэта ж прыйшла яшчэ да путчу, кажу. Дай паперку, што я магу са сваёй газэтай вырашыць. З друкарамі сам дамоўлюся. 20-га я друкую яе. А тут — і плошча, і ўсё. А ў нас газэта: путч ня прой­дзе! Прывожу тыраж на плошчу. Ён увесь на плошчы і разьляцеўся, нават ня трапіў у саюздрук. Гэта было 21-га. Тысячы лю­дзей былі на плошчы».

«Мы трапілі проста ў струмень. Гермянчук з нашай газэтай... Мы змаглі апэратыўна зьмяніць, паказаць — што гэта за газэта, выступіць супраць ГКЧП, за свабодную Беларусь. З таго і пачалося: Дземянцея прэч, партыю забараніць. Гермянчук Малафеева хапаў, праганяў з трыбуны», — падсумоўвае Павал Жук.

Дэпутаты зганяюць з трыбуны першага сакратара ЦК КПБ А. Малафеева, 25 жніўня 1991 г. Справа Ігар Гермянчук
Дэпутаты зганяюць з трыбуны першага сакратара ЦК КПБ А. Малафеева, 25 жніўня 1991 г. Справа Ігар Гермянчук

Пісьменьнік з Мастоў Лявон Вашко тады працаваў у Менску ў рэдакцыі «Нашага слова», выданьня ТБМ, часам самому даво­дзілася распаўсюджваць, балазе тады лю­дзі зьбіраліся на плошчы Леніна перад Домам ураду, ­дзе быў Вярхоўны Савет, і праблем з гэтым не існавала. Ён успамінае:

«Поўная плошча лю­дзей. Сутыкнуліся з Герменчуком, ён стаў жартаваць, быў у гуморы. Кажа: вось мой выдавец, прадае сам газэту... Лёгкі быў чалавек, не было дэпутацкай пыхі».

На плошчы Незалежнасьці ў Менску падчас жнівеньскага путчу ў Маскве. Здымак з газэты «Свабода»
На плошчы Незалежнасьці ў Менску падчас жнівеньскага путчу ў Маскве. Здымак з газэты «Свабода»

Апошняй справай тых ­дзён для Жука было адрамантаваць «рафік», каб не змарнаваць заплянаваную рыбалку: «Потым ужо прыяжджаю да начальніка гаража хуткай дапамогі, 22-га, той зрабіў поўнасьцю новую машыну. Хаця пакуль стаяла разабраная, павыцягвалі зь яе палову, таму што путч путчам, а народ народам... І маіх рыбакоў я завёз на Нешчарду вугра лавіць. Такія засталіся ўспаміны, зьвязаныя з путчам і з газэтай».

Для Герменчука і яго «Свабоды» 21 жніўня 1991 году быў ­дзень трыюмфу.

«П’яныя дэпутаты хацелі зьняць Шушкевіча»

У 1992 го­дзе ў Міры ­дзякуючы старшыні ўраду зьбяруцца творчыя працаўнікі. І сам Вячаслаў Кебіч выступіць. І станоўча бу­дзе гаварыць пра ўсё беларускае. Амаль як адраджэнец. Нават Кебіч адчуў, што Мір — цэнтар беларускага сусьвету. Герменчука гэта магло нейкім чынам цешыць, але ён не давяраў Кебічу, свайму калегу ў дэпутацтве, які быў адначасова прэм’ер-міністрам. Кебіч меў больш рэальных рычагоў, але, мабыць, раўнаваў да Станіслава Шушкевіча. Яму хацелася быць першым. І ня проста так. Першым прэзыдэнтам, каб усе ведалі. І меў чалавек падставы: старшыня Дзяржпляну, прэм’ер-міністар. Кандыдат эканамічных навук таксама, між іншым. А што ў Шушкевіча было, калі не лічыць парлямэнту? Прарэктар унівэрсытэту, член-карэспандэнт Акадэміі навук.

Кебіч тады падаваўся найгоршым злом. Таму якраз, што ўсе ўсьведамлялі: мае козыры, багаты досьвед гаспадарніка. Аднак: намэнклятуршчык, на збліжэньне з Масквой разьлічвае (хаця ад яе Менск і не аддаляўся нікуды, таптаўся на месцы). Не, толькі ня ён, лічылі ў дэмакратычным лягеры, толькі ня Кебіч. Ніхто ня мог ведаць, што здарыцца пасьля яго.

Ігар Гермянчук прымае прысягу ў Дзень беларускай вайсковай славы 8 верасьня 1992 г., здымак атрыманы ад Паліны Качатковай
Ігар Гермянчук прымае прысягу ў Дзень беларускай вайсковай славы 8 верасьня 1992 г., здымак атрыманы ад Паліны Качатковай

Вярхоўны Савет быў для Ігара месцам збору інфармацыі. Ён ха­дзіў у парлямэнт як на ­дзьве працы. Ня столькі мець язык было важна, як — вочы і вушы. На сэсіі, у курылцы, кулюарах, сталоўцы. Назіраць, заўважаць, выяўляць. Выконваць карпатлівую працу газэтчыка.

«Свабода» была тым паліграфам, на якім выпрабоўваюць лю­дзей на ­дзяржаўных пасадах. А сам рэдактар і дэпутат з адлегласьці часу пачынае выглядаць як чалавек-аркестар. Які быў адразу ўсім. Замоўца і выканаўца. Рэпартэр у парлямэнцкай залі, журналісцкі «сьледчы», а ў рэдакцыі — і пяро, і праўшчык стылю, і той, хто прымае ўсе рашэньні.

«П’яныя дэпутаты хацелі зьняць Шушкевіча». Вось так менавіта. Беспардонна, хвостка, быццам мокрай анучай. З па­дзагалоўкам: «Апазыцыя перамагла, але гэта мала хто заўважыў».

Сёмы нумар, першая палова ліпеня 1993-га. Хто п’яныя? Мы, народныя абраньнікі, паважныя лю­дзі зь ­дзяржаўнымі паўнамоцтвамі? Ды хто ён такі? Ён? Такі ж самы абраньнік, з паўнамоцтвамі, паважны. Але ён яшчэ зацяты назіральнік. І больш за гэта — газэтны наглядчык за іхнімі паво­дзінамі, намерамі, таемнымі змовамі.

Пятро Панкратовіч пачынае безь піетэту: «Пра п’яных дэпутатаў скажу ніжэй. Спачатку ж пра тое, што адбылося».

«Першыя паведамленьні афіцыйнай прэсы пра камуністычны шабаш у Вярхоўным Савеце былі настолькі блытаныя, што многія лю­дзі так і не зразумелі вынікаў галасаваньня».

Галасавалі супраць Шушкевіча, каб скінуць яго з пасады кіраўніка парлямэнту. Ён перашкаджаў намэнклятуры, што была гарой за Кебіча, урадавага старшыню. Аўтар разьбірае па костках лічбы. Калі верыць газэтам, за Шушкевіча было «ўсяго 27 галасоў», супраць — 166. І больш ні слова. А гэта ня ўся праўда.

Гермянчук тлумачыць: апазыцыя вырашыла ня браць у­дзелу ў галасаваньні. Як мог зразумець уніклівы чытач — каб не аддаваць галасы ні за, ні супраць. Гэта — каля сотні чалавек. А разам не галасавалі 142 дэпутаты. Таму немагчыма сказаць, колькі ў Авальнай залі падтрымліваюць Шушкевіча ў рэчаіснасьці. Магчыма, нават большасьць. Чаму? Таму што недавер яму выказала меншая частка парлямэнту.

«Намэнклятура чарговы раз ганебна прайграла Апазыцыі», — Гермянчук піша гэтае слова зь вялікай літары. Намэнклятуры не хапіла ўсяго васьмі галасоў, каб перамагчы Шушкевіча. Што праўда, для чытача было незразумела: чаму апазыцыя магла выйграць, выбраўшы тактыку — ні нашым, ні вашым? І чаму, выдатна разумеючы, чым пахне «камуністычны шабаш», пайшла на прынцып, калі ўсё магло скончыцца дрэнна: праціўніку не хапіла ўсяго васьмі галасоў...

Аўтар тлумачыў усю далейшую мэханіку: Шушкевічу паставілі б ультыматум — каб падаваў у адстаўку. Калі б адмовіўся, было б новае галасаваньне — але з завостранай фармулёўкай «аб адстаўцы». Аўтар піша, што апазыцыя насамрэч рашуча выступіла на баку Шушкевіча, хаця рэдка ўхваляла яго ­дзеяньні. Апазыцыі было патрэбна стварыць «адсутнасьць кворуму». Паколькі баранілі не самога Шушкевіча, а дэмакратыю і незалежнасьць. Такія тады былі стаўкі ў гульні.

І пад заслону — пра «п’яных дэпутатаў».

«На гэты момант некаторыя дэпутаты ўжо былі добра п’яныя, — кажа дэпутат Мікалай Аксаміт з Ваўкавыску. — А­дзін зь іх (нам. старшыні аблвыканкаму) так набраўся, што ле­дзь трымаўся на нагах. Другі (старшыня райвыканкаму) прыкладна ў такім жа стане нават імкнуўся да мікрафону...»

«Такім чынам, у перапынку, пакуль друкаваліся бюлетэні, намэнклятура ўжо падымала чарку „за перамогу“».

Рэдакцыя ў рыштаваньнях

У рэдакцыі былі яшчэ два вялікія пакоі. А­дзін для тэхнічнай службы, другі — проста вэстыбюль, ­дзе пілі каву. Усё было аднолькава незавершанае. Стан рэдакцыі мне нагадваў словы любімага выкладчыка эканомікі Юшкевіча. У яго лекцыях былі два героі: рабацяга Вася Пухавіцкі і малады журналіст, захоплены прафэсіяй, Міхась Цыбулька. «Уся краіна ў рыштаваньнях» — іранічна перадугадваў выкладчык, што напіша неспрактыкаваны супрацоўнік газэты, убачыўшы заводы і фабрыкі, стрэлы пад’ёмных кранаў на будоўлі.

Дэпутаты апазыцыі БНФ. 1993. Фота Ул. Кармілкіна
Дэпутаты апазыцыі БНФ. 1993. Фота Ул. Кармілкіна

Хто бываў у той рэдакцыі «ў рыштаваньнях», ніколі не забу­дзе працоўнай ліхаманкі. Хутчэй-хутчэй! І жвава перамяшчаецца час-часам высокі чалавек, рэдактар. У яго нібы рухавічок унутры. Не дае яму спыняцца. Скончыць нумар — ясна, палёгка, але рукам зноў карціць узяць асадку, далоні нібы сьвярбяць, каб пачаць наступны. Рэдакцыйная праца — гэта вечны бег на месцы, гонка — не выхо­дзячы з памяшканьня. І ён быў у гэтым як рыба ў ва­дзе.

Валянціна Лецка працавала ў «Свабо­дзе» на Іванаўскай. Згадвае, што як толькі атрымалі там памяшканьне, адразу запрасілі ахову, хлопцаў з БЗВ, рэдакцыя некалькі гадоў плаціла ім заробак. Яны цэлымі днямі ся­дзелі на канапе ў першым пакоі, ­дзе ўсе пілі каву і ­дзе стаяў акварыюм. У яго запусьцілі і рыбак, і крэвэтак. Крэвэткі аднойчы скінулі панцыры, рыбкі іх абгрызьлі. Потым яны рыбкам адпомсьцілі, «цэлы фільм жахаў».

Аднойчы вярстаюць газэту, чуюць шум. Ахова не пускае ­дзя­дзьку з сабакам. Яму трэба бачыць Герменчука. Добра, Гермянчук выйшаў да яго. «Памры за Пазьняка!» — ­дзя­дзька загадвае сабаку, сабака — плясь, як мёртвы зваліўся. Выдрэсіраваны так. Ну, пасьмяяліся, і рэдактар пайшоў да сябе. Заўсёды з павагай ставілася да Герменчука, але як «шэфа» не ўспрымала, прызнаецца Валянціна. Рэдакцыя была як адна кампанія, сябры. Усе маглі есьці а­дзін батон, адразаць, намазваць. Адным відэльцам карыстацца, адною лыжкаю.

На прэсавай канфэрэнцыі ў часе III Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі. Фота Ул. Кармілкіна
На прэсавай канфэрэнцыі ў часе III Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі. Фота Ул. Кармілкіна

«А былі яшчэ ­дзьве ­дзеўкі, якія прыйшлі на працу, ­дзьве маладыя журналісткі, — згадвае Валянціна. — І Гермянчук іх ніколі ня мог злавіць. Яны нешта яму абяцалі напісаць, але нічога не прыносілі вечна. Урэшце Гермянчук пасварыўся, вырашыў іх звольніць. І вось я сяджу побач і чую: адна другой тэлефануе і кажа — прывяжы сябе да крэсла, нам яшчэ і ганарар далі! Злаваў, пазбыўся, але нешта яшчэ заплаціў, на што яны не разьлічвалі».

Бачыліся па-за працай. Сьвяткавалі Каляды і дні нараджэньня а­дзначалі. Гермянчук у госьці запрашаў, у яго ў Кало­дзішчах некалькі разоў сустракаліся.

Ігар шмат курыў. Кава і цыгарэты былі бясконцыя. Разам з тым у ім заставалася такое: вясковы хлопец... і трымаць дыстанцыю, гэта ў яго ня вельмі атрымлівалася. Спрабаваў, бывала, «выстраіць», але вельмі хутка адыхо­дзіў. І панібрацкая атмасфэра ўвесь час была. Калі працавалі дапозна, адвозіў дахаты. Вельмі часта гэта рабіў. Поўная машына нас, супрацоўнікаў, сядала. Нават калі яму й не па дарозе было, згадвае Лецка.

Згадваючы Ігара, часта паўтараюць гэтую фразу: «Хвастаў чыноўнікаў».

Але разам з тым для Герменчука важныя былі справы чалавека. Меркаваў паводле ўчынкаў, даробку і нават намераў. Нямала сумленных чыноўнікаў у «Свабо­дзе» мелі адпаведны выгляд. Яна зусім не была крывым люстэркам, яна была люстэркам, якое рабіла рысы больш выразнымі, вастрэйшымі. «Свабода» не хлусіла.

1993 год. На сустрэчы ў Акадэміі навук. Фота Ул. Кармілкіна
1993 год. На сустрэчы ў Акадэміі навук. Фота Ул. Кармілкіна

Жыцьцё для яго не было чорна-белай кінахронікай. Нават у шэрагах палітычных праціўнікаў мог зьмеціць чалавечную асобу. Аднойчы Ігар распавёў, што мае пацьверджаныя зьвесткі пра нейкага камуніста зь Вярхоўнага Савету. Калі надрукаваць, той ня ўзрадуецца. Дык давай — стаў у нумар. І нечаканы адказ Герменчука: ну, бу­дзем бачыць, ня бу­дзем пароць гарачку. Так і не надрукаваў. Чаму? Магчыма, чалавек быў яму сымпатычны, не лічыў яго кончаным.

На каленях у Расею

Дэпутат Лукашэнка гатовы на каленях паўзьці ў Расею. Без Расеі нікуды!.. Яшчэ пра выбары прэзыдэнта не было гаворкі, яшчэ Канстытуцыі не існавала з такой пасадай.

Лукашэнка перайграў пазьней Кебіча на Кебічавай дошцы. На прэзыдэнцкіх выбарах. Мастак. Кебіч не дадумаўся сказаць, што гатовы паўзьці ў Расею на каленях. Лукашэнка сказаў. Зага­дзя. З разьлікам на бліжэйшую будучыню.

У сярэ­дзіне траўня ў «Свабо­дзе» выйшла дробная нататка: у Скарынаўскім унівэрсытэце ў Гомлі студэнтам паабяцалі па пяць­дзясят даляраў за тысячу подпісаў за вылучэньне Лукашэнкі. Карэспандэнт выканаў нескладанае арытмэтычнае ­дзеяньне: атрымалася па пяць цэнтаў за подпіс.

Пра Кебіча ў тым жа нумары непараўнальна больш. На БТ пачынаюць зноў круціць кіно пра Штырліца. І каб вы ведалі: ­дзякуючы Кебічу! Які падпісаў дамову з Чарнамыр­дзіным. І той з панскага пляча падараваў «Сямнаццаць імгненьняў вясны» беларускаму народу!

А неўзабаве зьявіцца публікацыя «Дзікае паляваньне Кебіча». Газэта яго «любіла». Але Штырліц Штырліцам, а Лукашэнка ўжо на трыбуне ў Дзярждуме! «Свабода» неадкладна паведамляе пра нататку з «Московского комсомольца», што выйшла 20 траўня 1994 году:

«В Государственной Думе, судя по всему, открылся месячник дипломатической самодеятельности. Часть прошлого пленарного заседания коммуно-аграрии подарили какому-то человеку, который, взобравшись на трибуну, практически попросил Думу сделать его президентом Белоруссии, а уж он за это посадит 70 белорусских демократов-рыночников за решётку».

Кебіч, даведаўшыся пра такі выступ, сабраўся ў белакаменную сам. Канкурэнцыя!

«Лукашэнка любіць ВЧК, КГБ і КПБ» — у дробнай нататцы цытуе «Свабода» англамоўную Minsk Economic News. Чалавек заявіў газэце: Ф.Дзяржынскі, Ю.Андропаў і П.Машэраў — найбольшыя для яго аўтарытэты. На першым месцы — Жалезны Фэлікс.

Чалавек зь Дзяржынскім у галаве — гэта сымптаматычна. І нібы сама «Свабода» падказку зрабіла. Толькі-толькі нумар быў са здымкам: рамантуюць грозны бюст насупраць дому з бэльвэдэрам. Каб да выбараў Эдмундавіч выглядаў — «навяк, муха не ся­дзела».

Прэзыдэнцкая кампанія робіцца ўсё гарачэйшай. У пікетах зьбіраюць подпісы, хо­дзяць па кватэрах. «Падбіваюць бабкі»: ­дзе, як і колькі за каго. А газэта Герменчука робіць сваю справу: не спускае вока з ахвотных трапіць у прэзыдэнты. І з асаблівай учэпістасьцю сочыць за найбольш заўзятымі.

«СВАБОДУ забараніць немагчыма. Нават калі вельмі хочацца», — зухава абвяшчаецца ў новым нумары. Паступіў вусны загад: не друкаваць, не распаўсюджваць, ведайце, шаноўныя чытачы. Але мы выхо­дзім!

Збор подпісаў скончаны. Рэгістрацыя кандыдатаў прэзыдэнцкай кампаніі. Сьціплая памерам, зьедлівая нататка на чацьвёртай старонцы. «Пазьняк не падаў рукі Кебічу. А Лукашэнка задаволіўся двума пальцамі Вячаслава Францавіча». На здымку: Лукашэнка нахіліўся да Кебіча, які ся­дзіць (побач зь ім Новікаў), на твары ўсьмешка, гэта ня той грозны Лукашэнка, якога будуць потым бясконца бачыць беларусы ў тэлевізары. Вячаслаў Францавіч як гаспадар адказвае па-панску. Нібы робячы ласку, левай рукой вымаючы ці засоўваючы ў нагрудную кішэню пінжака насоўку — горача!

Здымак з газэты «Свабода»
Здымак з газэты «Свабода»

31 траўня, Цэнтравыбаркам. Усе прэтэндэнты ў зборы, лічба не ўдакладняецца. А­дзін кароткі абзац: «Старшыня Савету міністраў Вячаслаў Кебіч спрабаваў па-сяброўску павітацца з кіраўніком Беларускага Народнага Фронту Зянонам Пазьняком, двойчы працягнуў яму руку. Аднак сп. Пазьняк дэманстратыўна праігнараваў т. Кебіча. На пакрыўджанае пытаньне Вячаслава Францавіча Зянон Станіслававіч адказаў: „Мы з вашымі рукамі яшчэ разьбярэмся“».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG