Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадар Свабода. Газэта зь пятлёй на шыі


Ігар Гермянчук, Прага, канец 1990-х

Свабода публікуе разьдзелы новай кнігі Сяргея Астраўцова «Спадар Свабода. Жыцьцё і сьмерць Ігара Герменчука».

«Спадар Свабода» — драматычны аповед пра Ігара Герменчука, журналіста і палітыка, аднаго з бацькоў незалежнасьці Беларусі, рэдактара газэты СВАБОДА. Газэта пісала праўду пра чынавенства, таму выходзіла пад пастаянным ціскам з боку кіраўніка ўраду Кебіча, а ў часы прэзыдэнта Лукашэнкі была забароненая. Рэдактара-прафэсіянала звольнілі з пасады «за непрафэсіяналізм», што, магчыма, прычынілася да ягонай раньняй сьмерці.

Газэта зь пятлёй на шыі

Ёсьць вядомы здымак: на вуліцы ў Празе стаіць Ігар, за сьпінай аўтафургон з надпісам Svoboda. Не сакрэт, Свобада — прозьвішча, зусім ня рэдкае ў чэхаў. Ігар папрасіў зрабіць гэты здымак. Убачыўшы зьнянацку, быў уражаны, як маленькім адкрыцьцём. Спадар Свабода.

Мікалай Аксаміт, калега Ігара ў парлямэнце, успамінае яго як чалавека, «ад якога ішло сьвятло, яго паважалі ўсе, нават артадоксы-камуністы», кажа Аксаміт:

Мікалай Аксаміт
Мікалай Аксаміт

«Калі ён прыносіў сьвежааддрукаваны нумар сваёй газэты, яны першымі кідаліся да яго, каб атрымаць.

„Свабоду“ чыталі ўсе, ад прэмʼер-міністра Кебіча, старшынь абл- і гар-, райвыканкамаў. Яе чыталі ў мэтро і электрычках, у працоўных калектывах. І тое, што ўдалося зрабіць апазыцыі ў Вярхоўным Савеце, гэта і велізарная заслуга Ігара, менавіта яму і яго газэце мы абавязаныя тым, што на плошчу прыходзілі сотні, тысячы, якія падтрымлівалі нас. І дзякуючы такой моцнай падтрымцы мы здолелі пабудаваць незалежную краіну. Ролю Ігара ў гэтым нельга недаацаніць. Ён да апошняга змагаўся як мог. Бог яму даў талент журналіста, але, на жаль, вельмі кароткае жыцьцё. У маёй памяці ён застанецца ў такі момант: стоячы на сваім дэпутацкім месцы, раздае газэты, і шмат рук цягнуцца па іх. А ён раздае іх і, прымружыўшыся, усьміхаецца. Такім я яго запомніў».

Эмацыйна стрыманы, паважны, інтэлігентны, — такім запомніўся рэдактар Алесю Дашчынскаму. На стале «стугоры» папераў, газэт, кніг. Вялізны бел-чырвона-белы сьцяг — на ўсё вакно. Па ім з вуліцы можна было вызначыць — дзе працуе рэдактар. Яны, беларускія сымбалі, складалі яго духоўную сутнасьць, кажа Дашчынскі. І сам Гермянчук аднойчы заўважыў: «Гэта павінна быць унутры».

Алесь Дашчынскі
Алесь Дашчынскі

Была аднойчы размова пра факсымільнае выданьне «Бібліі» Францішка Скарыны. Мець гэтыя тамы ў хатняй бібліятэцы — гонар для любога беларуса, скажа Ігар.

Гермянчук імкнуўся да заходняга стандарту журналістыкі, — кажа Алесь Дашчынскі. Што трэба? Трэба «шукаць і гаварыць праўду», казаў ён, гэтым кіруецца ўся свабодная прэса. Марыў зрабіць «Свабоду» самай масавай, каб быў штодзённы выпуск. Аднак яе ўсё мацней бралі ў судовыя яжовыя рукавіцы. І тады ён напіша: «Газэта працягвае выходзіць легальна, хаця і зь пятлёю на шыі».

Зашмат увагі «ўсенародна абранаму», выказваліся чытачы. Рэдактар тлумачыў: «Нам таксама гэты герой ужо надакучыў. Але ж ён настолькі працавіты чалавек, што амаль кожны дзень выдае сюрпрызы, вартыя ўвагі чытачоў. Ён такі ўсюдыісны, што безь ягонага бласлаўленьня ў гэтай краіне можа хіба што толькі сонца ўзыходзіць».

«Навіны» не дацягваюць да ўзроўню «Свабоды»

У наступным 1998-м годзе, з 16 студзеня, газэта пачне выходзіць пад назвай «Навіны». Праз год пасьля забароны «Свабоды» Ігар у інтэрвію Паліне Качатковай скажа: «Прэзыдэнт Лукашэнка не хавае сваёй незадаволенасьці нашай газэтай, і гэтая незадаволенасьць у свой час скончылася тым, што ён забараніў газэту „Свабода“». Інтэрвію надрукуе бюлетэнь «Права на Волю», выдаваны праваабарончым цэнтрам «Вясна». Нагодай стане здарэньне: у ноч на 1 лістапада 1998 году нехта праз фортку забраўся ў рэдакцыю «Навінаў», каб скрасьці рэдакцыйныя архівы. Зьніклі сыстэмныя блёкі, факс.

Рэдактар ацаніў страты на тры тысячы даляраў. Ня стала больш як дзьвюх тысяч фатаздымкаў, якія існавалі толькі ў электронным выглядзе. Пасьля гэтага на вокнах кватэры, дзе была рэдакцыя, прымацуюць краты: першы паверх, не высока — над тратуарам.

Гермянчук сказаў: «Мы заявілі сьледзтву, што не выключаем магчымасьці, што гэтая справа магла быць учыненая адной са спэцслужбаў Рэспублікі Беларусь. Мы настаялі, каб нашая вэрсія была адлюстраваная ў пратаколах сьледзтва. Сьледчыя згадзіліся ўпісаць гэтую вэрсію, але сказалі: „Вы ж разумееце, што мы ня маем паўнамоцтваў для расьсьледаваньня гэтай вэрсіі“. Таму мы настаялі, каб у пратакол была ўнесеная яшчэ адна нашая пазыцыя: „Мы лічым, што сьледзтва па гэтай справе павінна весьці Генэральная пракуратура“. Таму што практыка паказвае, што ўсе злачынствы, якія ўчыняліся альбо супраць рэдакцыі нашай газэты, альбо супраць мяне як галоўнага рэдактара, чамусьці расьсьледаваліся менавіта на нізавым узроўні, і чамусьці ўсе яны засталіся нераскрытымі. Сытуацыя такая: у краіне раскрываецца 90–80 працэнтаў злачынстваў, а злачынствы супраць нашай газэты трапляюць у тыя 10–20 працэнтаў, якія не раскрываюць».

У самога Герменчука сыстэмны блёк ужо аднойчы кралі, два гады таму, «з майго прыватнага дому», прызнаўся ён. Цікавіліся: ці не пісаў часам твораў пра Мудзішчава ён сам?

«У нас заўсёды былі няпростыя адносіны з уладай. Пры камуністах гэта было паўпадпольнае выданьне. А з прыходам да ўлады Лукашэнкі газэту стала рабіць нават цяжэй, чым пры камуністах», — расказаў рэдактар пра ўвагу начальства да «Свабоды»:

«Лукашэнка пачаў з таго, што паспрабаваў нас задушыць эканамічна. Былі спэцыяльна сфармаваныя брыгады падатковых інспэктараў, якія прыйшлі ў рэдакцыі незалежных газэт, у тым ліку і ў нашую, з мэтай выявіць падатковыя парушэньні. Ніякіх падатковых парушэньняў яны выявіць не змаглі. Тады яны знайшлі такое, на іх думку, парушэньне, што мы частку газэт распаўсюджваем бясплатна ў рэклямных мэтах. Яны абвінавацілі нас у тым, што мы гэтыя газэты прадалі, а выручку не апрыходавалі. За гэта на нас наклалі велізарны штраф».

Аднойчы на акцыі былі затрыманыя тры журналісты «Свабоды», потым нас сталі высяляць з памяшканьня, нагадаў Гермянчук: «А затым прэзыдэнт Лукашэнка ўрэшце вырашыў пакласьці канец „Свабодзе“. У выніку пятнаццаціхвіліннага судовага разьбіральніцтва, якое было фармальным, суд забараніў газэту. Фармальна гэта зрабіў суд, хаця дакладна вядома, што гэта распараджэньне Лукашэнкі. Яна выходзіла 8 гадоў, а за 15 хвілін яе забаранілі. Нам давялося ўсё пачынаць з нуля: ад новай назвы і нуля чытачоў. У „Свабоды“ быў наклад 50 тысячаў, а зараз „Навіны“ выходзяць тры разы на тыдзень, але не дацягнулі да ўзроўню „Свабоды“ — маюць наклад 22 тысячы асобнікаў. Ня выключана, што і газэта „Навіны“ будзе забароненая. Але пакуль будзе легальная магчымасьць выпускаць газэту, мы будзем выпускаць яе легальна. Ня будзе такой магчымасьці, мы будзем рабіць нелегальна», — падкрэсьліў ён.

Скончыцца 1998 год, і Жук, заснавальнік газэты, зьнянацку звольніць Герменчука... Газэта тады называлася «Навіны».

Звольнены «за непрафэсіяналізм»

Успамінае Алег Грузьдзіловіч:

Алег Грузьдзіловіч
Алег Грузьдзіловіч

«Прыкрая сытуацыя са зьменай рэдактара, гэта яго яўна падкасіла. Ён адчуваў сябе ня проста рэдактарам, гэта была галоўная справа ягонага жыцьця. Інструмэнт змаганьня, ён так да канца і заставаўся змагаром. А тут інструмэнт выбілі з рук».

І далей: «Каця Высоцкая (яе Жук прыцягнуў да рэдагаваньня) як прафэсіянал была добрая. Але сэнс газэты быў ня проста быць ёю, гэта яшчэ быў такі палітычны твор. У Каці сваіх палітычных меркаваньняў, пазыцыі, здаецца, не было, гэта хутка адбілася на газэце.

Гермянчук быў пэрфэкцыяністам, перапісваў, асабліва загалоўкі, шукаў па некалькі варыянтаў. Ніколі не бывала, што з аднаго разу патрапіш. У „Народнай“ (газэце — дзе да „Свабоды“ працаваў Грузьдзіловіч. — С.А.) у рэдактара была свая манера: ён сваё дапісваў у матэрыял, хаця тваё не ламаў. Ігар так не рабіў. Калі перарабляў, асноўныя моманты ўзгадняў. Яму было ўласьціва паклікаць аўтара: а давай зробім вось так. Таго, хто недапрацаваў, называў халяўшчыкам».

Іна Жызьнеўская
Іна Жызьнеўская

Успамінае Іна Жызьнеўская, яна вярстала газэту: «Прыйшоў Ігар Іванавіч. Сабраў рэдакцыю. Ён, атрымліваецца, быў на кантракце, на дамове. А Жук — заснавальнік, мог наняць, а мог звольніць. Сказаў, што яны з заснавальнікам ня могуць паразумецца па агульнай палітыцы, што датычыць зьместу, і таксама па штатным раскладзе, і таму заснавальнік прыняў рашэньне звольніць рэдактара, і ў вас будзе іншы рэдактар... Усе адразу сабраліся сыходзіць. Ён сказаў, што „тады мы ўсё адразу пахаваем, таму, калі ласка, прашу вас працягнуць працу“».

Усе ўсьведамлялі, што Герменчука і газэту нельга аддзяліць адно ад аднаго. Гэта не ўкладалася ў галаве.

Вадзім Казначэеў
Вадзім Казначэеў

Вадзім Казначэеў: «Рак — хвароба стрэсу. Гэта вядома. Я ўпэўнены: тое, што звальненьне было для яго наймацнейшым стрэсам — гэта безумоўна. Жук ня меў права гэтага рабіць. Ніякага. Акрамя фармальнага. Як было напачатку? Ігар Гермянчук — журналіст, Павал Жук — бізнэсмэн, ня больш за тое. Ён ніякага дачыненьня насамрэч да гэтага прадукту ня меў. Меў да яго дачыненьне выключна Ігар Гермянчук, які зрабіў сваю газэту. Жук ня меў наймізэрнага маральнага права гэта рабіць. Я магу гэта сказаць ад свайго імя. Тое, што было зроблена — стала безумоўна жорсткім стрэсам, які скончыўся для Ігара фатальна».

Мы сустрэліся аднойчы зь Сяргеем Дубаўцом, каб наведаць магілу Ігара. Дубавец перакананы:

«Для Герменчука, супэрамбітнага ў прафэсіі і абсалютна ўсімі прызнанага за супэррэдактара, гэта быў шок. Той шок, які яго й забіў. Я бачу простую сувязь. Ну адкуль гэты рак? Ад магутнага стрэсу. А большага стрэсу для Ігара быць не магло. Ён баец, яго б нішто не падкасіла. Толькі гэта. Я шмат думаў пра тое, што зь ім здарылася, і прыйшоў да высновы: гэта было прадуманае палітычнае забойства. Самае першае пры гэтай уладзе. Забойства апанэнта. Сам Жук, я добра яго ведаю, да такога дадумацца ня мог. Калі б ён хацеў больш памяркоўнага рэдактара ці калі б яму параілі прыбраць Ігара з пасады, ён бы шукаў нейкага іншага разводу. Усё ж столькі гадоў разам, столькі разам перажылі, разам паезьдзілі па сьвеце. А публічна звольніць супэрпрафэсіянала за непрафэсіяналізм — гэта падысьці і стрэліць у самае сэрца. Таму гэта была замова».

Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Усходнія могілкі — найбольш прэстыжныя ў сталіцы, у пэўным сэнсе — беларускі пантэон. Мы блукалі сярод помнікаў славутым людзям, і Дубавец згадваў, што Ігар не хацеў гаварыць пра сваё звальненьне нават зь сябрамі — як пра нейкую найвялікшую прыкрасьць: «Мы зь ім гэта абмяркоўвалі, але ў агульных рысах. Мы ж маглі абмяркоўваць і моўчкі. Я да таго, што паразуменьне ў нас было такое, што можна было паглядзець адзін на аднаго, і ўсё было ясна. Ну, і тое, што гэта я ў свой час прапанаваў Ігару рэдактарства, рабіла гэтую тэму яшчэ больш прыкрай».

Быў цяжкі восеньскі дзень. Сядала сонца. Вецер гнаў па небе рваныя аблокі. Час-часам пырскаў дождж. Навокал пад зямлёю ляжалі тыя, хто мог прагнуць волі, і тыя, хто мог трымаць у яжовых рукавіцах. Тут былі пахаваныя тыя, пра каго пісала «Свабода», той жа гарадзкі галава Паўлаў. І тыя, хто чытаў «Свабоду», і хто друкаваўся ў ёй, як народны пісьменьнік Быкаў. Сам рэдактар спачыў таксама на гэтых могілках, толькі ў іншым сэктары.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG