Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Пазьняк выйграў суд у Лукашэнкі


Радыё Свабода публікуе фрагмэнты новай кнігі «Дзевяноста пяты» Сяргея Навумчыка. У гэтым разьдзеле — пра тое, як Зянон Пазьняк выйграў у Аляксандра Лукашэнкі ў Вярхоўным Судзе.

У канцы 1994-га расейскія генэралы пераканалі расейскага прэзыдэнта пачаць наступ на Грозны. Калісьці Ельцын прапаноўваў аўтаноміям «ўзяць сувэрэнітэту столькі, калькі яны здолеюць унесьці» — выглядала, што мяцежная рэспубліка ўзяла занадта шмат. Асабліва з улікам наяўнасьці нафтавых радовішчаў. Ельцын пачаў бамбаваньне вайсковай тэхнікі, а потым мішэньню зрабіліся жылыя кварталы Грознага. За некалькі тыдняў горад быў ператвораны ў руіны.

Мы ў Народным Фронце ўспрынялі вайсковыя дзеяньні ў Чачні як праяву імпэрскай палітыкі Крамля, якую адчувалі ў Беларусі з першых дзён незалежнасьці — але ў адносінах да чачэнскага народа гэта быў ужо ня нафтавы ці фінансавы шантаж, а бамбаваньне мірнага насельніцтва.
У першыя дні 95-га мы ў дэпутацкай Апазыцыі прынялі заяву ў падтрымку Чачні. Потым было шмат спэкуляцый вакол яе, таму прывяду тэкст заявы цалкам, ён невялікі.

Мы ў Народным Фронце ўспрынялі вайсковыя дзеяньні ў Чачні як праяву імпэрскай палітыкі Крамля, якую адчувалі ў Беларусі з першых дзён незалежнасьці

«Працягваецца мужная барацьба свабодалюбівага чачэнскага народу з расейскім рэгулярным войскам, якое па загаду імпэрскіх палітыкаў Расеі ўварвалася ў Чачэнскую рэспубліку, сее сьмерць, разбурэньні, зьнішчае грамадзянскае насельніцтва.

Расейскія імпэрскія палітыкі, што даўно адмовіліся ад дэмакратыі, распачалі брудную, жорсткую вайну супраць невялікай каўкаскай каіны. Яны растапталі дэмакратычныя прынцыпы, законы, правы чалавека, мараль, права нацый на самавызначэньне, давер народаў. У інтарэсах новых расейскіх карпарацыяў, манаполіяў і капіталу вядзецца жорсткая бясчалавечая вайна з прымяненьнем самай сучаснай зброі і фактычна за вароты на Каўказ, за нафтавыя камунікацыі і нафту. Імпэрскія сілы, сілы вайны, якія кіруюць Расеяй, паказалі ўсяму сьвету сваё жудаснае аблічча, пацьвердзілі, што яны гатовыя на ўсё і ня спыняцца ні перад якой жорсткасьцю, ні перад якой крывёй.

Але Чачэнская рэспубліка ня ўдзельнічала ў галасаваньні за расейскую канстытуцыю. Чачэнскі народ увесь час змагаўся за сваю свабоду і незалежнасьць, быў уключаны ў расейскую імпэрыю сілай зброі.

Вайсковая апэрацыя супраць цэлага народа, які ўжо падвергся расейскаму генацыду і дэпартацыі, недапушчальная, вайна супраць яго — ганебная для тых, хто яе распачаў. Гэта злачынства супраць народа і яго права на самавызначэньне. Ніякія інтарэсы палітыкаў ня вартыя страты жыцьцяў людзей. Такія палітыкі павінны несьці крымінальную адказнасьць за злачынствы супраць чалавецтва, за сьмерць людзей, за забойствы па іхніх загадах.

Але Чачэнская рэспубліка ня ўдзельнічала ў галасаваньні за расейскую канстытуцыю. Чачэнскі народ увесь час змагаўся за сваю свабоду і незалежнасьць, быў уключаны ў расейскую імпэрыю сілай зброі.

Мы з трывогай назіраем, што сілы імпэрыялізму, агрэсіі і вайны, што ўзмацнелі ў Расеі, ствараюць пагрозу міру ў дачыненьні з народамі ў самой Расеі і з суседнімі краінамі і незалежнымі дзяржавамі.

Мы патрабуем спыніць вайну ў Чачні і неадкладна вывесьці адтуль усе акупацыйныя войскі. Мы зьвяртаемся да міжнароднай супольнасьці — узвысіць свой голас у абарону маленькай краіны і свабодалюбівага народа. Толькі народ праз сваю волю можа вызначыцца ў сваёй незалежнасьці і ў сваім лёсе бяз танкаў і войска, бяз крыві і зброі.

Яшчэ ў першыя дні пасьля ўварваньня расейскіх танкаў у Чачню, 18 сьнежня 1994 году, мы правялі мітынг салідарнасьці з чачэнскім народам.

Дэпутаты Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Зянон Пазьняк, Валянцін Голубеў, Лявон Баршчэўскі, Ігар Гермянчук, Лявонцій Зданевіч, Уладзімер Заблоцкі, Алег Трусаў, Галіна Сямдзянава, Ігар Пырх, Сяргей Антончык, Сяргей Навумчык, Мікалай Крыжаноўскі, Лявон Дзейка, Мікола Маркевіч, Віктар Алампіеў, Алесь Шут, Павал Холад, Сяргей Папкоў, Віталь Малашка, Віктар Какоўка, Барыс Гюнтэр, Юрась Беленькі.

Яшчэ ў першыя дні пасьля ўварваньня расейскіх танкаў у Чачню, 18 сьнежня 1994 году, мы правялі мітынг салідарнасьці з чачэнскім народам.

20 сьнежня на сэсіі Вярхоўнага Савета Лукашэнка заявіў, што на гэтым мітынгу Пазьняк нібыта заклікаў грамадзян Беларусі ехаць ваяваць у Чачню. На наступны дзень Пазьняк з трыбуны Вярхоўнага Савета абверг словы Лукашэнкі і запатрабаваў ад яго прабачэньняў, але не атрымаў ні аднаго, ні другога.

Урэшце, лідэр БНФ падаў у суд позву аб абароне гонару і годнасьці — адвакатам у яго была Надзея Дударава. Інтарэсы Лукашэнкі ў судзе прадстаўляў намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Міхаіл Сазонаў. Вось што пісаў пра працэс у газэце «Имя» Аляксандар Старыкевіч:

«Пасьля чатырохмесячнай валтузьні позва патрапіла з раённага суду ў Вярхоўны, які рашыўся яе разглядзець. Па цяперашніх часах учынак, варта павагі, асабліва калі ўлічыць, што якраз у той час Старшыня Канстытуцыйнага Суду Валер Ціхіня пасьля сяброўскай гутаркі з прэзыдэнтам знаходзіўся пад кропельніцай. Іван Мінец, які старшыняваў на паседжаньні, вёў яго на беларускай мове. Ён прапанаваў бакам разгледзіць магчымасьць мірнага пагаднекньня. Але Міхаіл Сазонаў заявіў, што адказьнікам такі варыянт не разглядаўся новогул, і таму ён зьяўляецца магчымым толькі ў тым выпадку, калі пазоўнік здыме ўсе прэтэнзіі.

Выступ Пазьняка ў Вярхоўным Судзе з выкладаньнем патрабаваньняў пазову быў, напэўна, самым кароткім за ўсю ягоную палітычную кар’еру. Прамова лідэра апазыцыі працягвалася роўна 52 сэкунды. Пазоўнік заявіў, што заўсёды выступаў за нэўтралітэт Беларусі і няўдзел яе грамадзянаў ва ўзброеных канфліктах за межамі рэспублікі. Таму заява Аляксандра Лукашэнкі ганьбіць яго як чалавека і як палітыка.... У якасьці пазоўных патрабаваньняў старшыня БНФ выставіў абвяржэньне зьвестак, якія яго ганьбяць, тым жа спосабам, што яны былі распаўсюджаныя. Прэтэнзіяў пра кампэнсацыю маральных стратаў Зянон Пазьняк да Аляксандра Лукашэнкі не вылучаў.

З выступу Міхаіла Сазонава зрабілася зразумелым, што адказьнік ніякімі доказамі пад сваю заяву не валодае. Абарончая тактыка будавалася на тым, што распаўсюджаныя прэзыдэнтам зьвесткі нават калі і не зьяўляюцца не зусім дакладнымі, дык гонар і годнасьць лідэра апазыцыі не ганьбяць: Сазонаў заявіў, што кіраўнік дзяржавы меў права даць такую ацэнку мітынгу, які адбыўся 18 сьнежня».

...Суд прызнаў распаўсюджваньне адказьнікам зьвесткі неадпаведнымі сапраўднасьці і ганьбячымі гонар і годнасьць аўтара пазову (вельмі важная сукупнасьць гэтых двух фактартаў, паколькі ў адпаведнасьці з артыкулам 7 Грамадзянскага Кодэксу Беларусі, калі зьвесткі непраўдзівыя, але не зьяўляюцца ганебнымі, пазоў не задавальняецца).

Абвяржэньне павінна прагучаць у адной з інфармацыйных праграмаў Беларускага радыё. Заля сустрэла рашэньне суду аплядысмэнтамі («Имя», 17 траўня 1995 — друкуецца па Зянон Пазьняк, «Развагі..», том 1, 2007, стар. 274-275).

Вярхоўны Суд Беларусі абавязаў Лукашэнку абвергнуць хлусьлівыя зьвесткі ў дачыненьні да Пазьняка і папрасіць у Пазьняка прабачэньня, — праз дваццаць гадоў гэта будзе здавацца нечым нерэальным.

Вярхоўны Суд Беларусі абавязаў Лукашэнку абвергнуць хлусьлівыя зьвесткі ў дачыненьні да Пазьняка і папрасіць у Пазьняка прабачэньня,

Але тады, у траўні 95-га, такое рашэньне мяне ня вельмі зьдзівіла.. Вядома, пасьля зьбіцьця дэпутатаў у Авальнай залі 12 красавіка казаць пра вяршэнства права ў Беларусі не выпадала. Але, з другога боку, у траўні 1995 году яшчэ захоўвалася закладзеная ў першыя гады сувэрэнітэту традыцыя незалежнасьці судовай сыстэмы, калі судзьдзі ўпершыню адчулі магчымасьць прымаць рашэньні без азіраньня на нейкія ўладныя кабінэты.

Недзе ў 1993 годзе мяне выклікалі ў раённы суд у якасьці сьведкі па адной справе абароны гонару і годнасьці; ішла сэсія парлямэнту, але я палічыў абавязковым прыйсьці ў суд і адказаць на пытаньні судзьдзі і адваката. Звычайная, руцінная справа для эўрапейскай дэмакратычнай краіны. Але ў залі зьяўленьне дэпутата ў якасьці звычайнага сьведкі, з выкананьнем усіх патрэбных працэдураў (напрыклад, папярэджаньня аб адказнасьці за дачу хлусьлівых паказаньняў) — тады выклікала зьдзіўленьне. Літаральна празь некалькі месяцаў пасьля рашэньня судзьдзі ў справе Пазьняка практыка адноснай незалежнасьці судовай ўлады будзе спыненая, і суды вернуцца да савецкай сыстэмы падпарадкаваньня — толькі ўжо не камуністычным камітэтам, а выканаўчай уладзе.

Гэтае рашэньне Вярхоўнага Суду адбылося за тры дні да першага туру выбараў у Вярхоўны Савет 13-га скліканьня і і ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму. Увечары таго ж самага дня, калі Вярхоўны Суд прыняў сваё рашэньне, у тэлевізійным выступе Лукашэнка сказаў, што суд абавязаў яго прынесьці прабачэньні, дык калі ўжо суд так вырашыў, дык... — і далей сказаў нешта зусім няўцямнае, што нельга было ўспрыняць ні як прабачэньне, ні як абвяржэньне хлусьлівай заявы.

Зразумела, што ніякага жаданьня абвяргаць свае словы і прыносіць прабачэньне Пазьняку ў Лукашэнкі не было: гэта магло б выклікаць сумневы ў праўдзівасьці і «чэснасьці» прэзыдэнта. Але і цягам наступных месяцаў Лукашэнка не выконваў рашэньне вышэйшай судовай інстанцыі.

У першым позове да Лукашэнкі, задаволеным Вярхоўным Судом, Пазьняк не выстаўляў да яго ніякіх матэрыяльных прэтэнзіяў, патрабуючы абвергнуць паклёп і публічна прынесьці прабачэньні. Аднак Лукашэнка гэтага не зрабіў, і Пазьняк запатрабаваў матэрыяльнай кампэнсацыі ў памеры 500 мільёнаў рублёў.

Тады старшыня Вярхоўнага Суду Уладзімер Каравай вынес пратэст, і 11 верасьня Прэзыдыюм Вярхоўнага суду адмяніў рашэньне, прынятае 11 траўня.

Пры гэтым Пазьняку не далі магчымасьці прысутнічаць на пасяджэньні і доўгі час не давалі азнаёміцца з тэкстам пастановы Прэзыдыюму Вярхоўнага Суду. «Складваецца ўражаньне, што суду, як незалежнай сыстэмы ўлады, ужо не існуе — сказаў Пазьняк у інтэрвію карэспандэнту «Звязды» Валеру Каліноўскаму. — Так выглядае, што ён пераўтварыўся ў аддзел прэзыдэнцкай структуры выканаўчай улады, дзе таксама перасталі выконваць закон. Так быць не павінна».

Не павінна — але ў 95-ым менавіта так усталявалася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG