Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзікі мёд» для расейскага міністра


1995-ты — гэта год, калі былі зьмененыя нацыянальныя герб і сьцяг і вернутыя савецкія сымбалі, у парлямэнце зьбітыя ўдзельнікі галадоўкі-дэпутаты апазыцыі. Год, калі адбыўся страйк на мэтрапалітэне, у новы парлямэнт ня быў прапушчаны ніводзін сябра БНФ, быў звольнены рэдактар «Народнай газэты» Іосіф Сярэдзіч, інтэрніраваны лідэр рабочага руху Сяргей Антончык, і першы прэзыдэнт канчаткова разьвярнуў краіну ў бок усходу. Год, пра які Васіль Быкаў сказаў, што «краінай кіруе прэзыдэнцкая хунта».

У залі Дома літаратараў былі запоўненыя толькі першыя шэрагі крэслаў: высокі маскоўскі госьць разьлічваў на куды большую да сябе цікавасьць з боку беларускай творчай інтэлігенцыі. Мы разам з дэпутатамі Апазыцыі БНФ уселіся ў заднім шэрагу, разам з маладымі пісьменьнікамі.

Я ня вельмі хацеў ісьці на гэтую сустрэчу зь міністрам замежных спраў Расеі Андрэем Козыравым, якая праходзіла 24 студзеня 95-га, але Зянон Пазьняк настойліва параіў: «Схадзі. Будзе магчымасьць — выкажы яму наконт беларуска-расейскай дамовы» (за два тыдні да гэтага прэм’ер Беларусі Чыгір і віцэ-прэм’ер Расеі Бальшакоў падпісалі надзвычай нявыгадную для нас дамову; прыезд жа самога Козырава быў падтрыхтоўкай да візыту Барыса Ельцына і падпісаньня цэлага пакету дакумэнтаў).

Козыраў узьняўся на сцэну разам зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Сянько (думаю, гэта была ягоная ідэя — зрабіць свайму расейскаму калегу сустрэчу з творцамі). Козыраў казаў пра інтэграцыю, пра расейска-беларускія сувязі, пра тое, як гэта важна — быць разам, адчуваць плячо сябра («Альбо дыханьне Вялікага Брата» — падказаў нехта з залі). Гэты ягоны патас істотна зьбіў Генадзь Бураўкін, які ветліва, як колішні дыплямат, але цьвёрда, як беларускі патрыёт, паведаміў, што тут, у Менску, далёка ня ўсе глядзяць на «інтэграцыю» так, як у Маскве. Закранулі і тэму вяртаньня беларускіх культурных каштоўнасьцяў.

Потым Іван Пятровіч Шамякін хвілінаў дзесяць (ня менш) скардзіўся, што вось непарадак у маскоўскіх часопісах, немагчыма ж нічога надрукаваць, а раней у яго, Героя сацыялістычнай працы, аповесьці з рукамі адрывалі. А ганарары? Гэта хіба ганарары? Раней можна было аўтамабіль купіць за раман, а цяпер — пару разоў на Камароўку схадзіць! Выглядала, расейскага міністра ён успрымаў гэтак, як гадоў дваццаць таму ўспрымаў бы члена Палітбюро Грамыку — начальнікам над мясцовымі, менскімі. Козыраў паспачуваў, але сказаў нешта кшталту таго, што літаратурным часопісам ён загадаць ня можа. Нехта яшчэ нешта прасіў у маскоўскага госьця.

І тут на сцэну ўзьняўся Анатоль Сыс.

— Наш малады, але ўжо вельмі вядомы паэт! — прадставіў Сянько.

Козыраў прыязна заківаў.

— Я верш прачытаю. Можна? Верш называецца «Дзікі мёд».

У вайну ў партызанскі год

пад крысом шыняля армейскага

бацька зь лесу прынёс дзікі мёд,

ледзь уцёк ад мядзьведзя расейскага.

З таго часу, як лесам іду,

дык пільнуюся вока зладзейскага,

скурай чую бяду, як ваду,

за сьпіною — мядзведзя расейскага.

Дасюль пахне яму дзікі мёд.

Годзь арэшнікі нашыя лушчыць!

Адкапаю пайду кулямёт,

каб хадзіць смела ў бацькавай пушчы.

Сыс карцінна пакланіўся ў бок міністраў і спусьціўся са сцэны. Козыраў глядзеў кудысьі ўбок, Сянько быў чырвоны і, напэўна, шкадаваў, што ня можа нікуды схавацца.

Ніякай патрэбы казаць пра пакет беларуска-расейскіх дамоваў на тым спатканьні ні ў мяне, ні ў маіх калегаў па дэпутацкай апазыцыі пасьля гэтага, натуральна, ужо не было — усё сказала слова паэта.

Але ў Вярхоўным Савеце, на мітынгах і сустрэчах з выбаршчыкамі ды на прэсавых канфэрэнцыях тэма расейскай палітычнай і эканамічнай экспансіі заставалася для нас, канешне, галоўнай.

Бо Расея, хаця яшчэ і знаходзілася ў глыбокім эканамічным крызісе, але ўжо наважылася «уздымацца з каленяў»; гэты працэс ва ўсходняй суседкі чамусьці нязьменна супадае з памкненьнем паставіць на калені іншых.

ДЗЕВЯНОСТА ПЕРШЫ

ДЗЕВЯНОСТА ЧАЦЬВЕРТЫ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG