Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

13:52 9.4.2020

Каранавірус: на Беларускім мэталюргічным заводзе вымушаныя водпускі, але не ва ўсіх

На Беларускім мэталюргічным заводзе ў Жлобіне Свабодзе паведамілі пра зьніжэньне вытворчай актыўнасьці на фоне пандэміі каранавірусу. Пэўным катэгорыям супрацоўнікаў па жаданьні даецца магчымасьць цягам красавіка ўзяць 5 дзён водпуску з захаваньнем заробку ў памеры 2/3 ад тарыфнага акладу.

Адпачынкі і ў Магілёве

Калектыў Магілёўскага мэталюргічнага заводу адправілі ў водпуск з аплатай заробку паводле 2/3 тарыфнай стаўкі. Пасьля публікацыяў у незалежнай прэсе рабочых былі адклікалі з адпачынкаў, але празь дзень іх азнаёмілі з загадам, паводле якога прадпрыемства будзе прастойваць да 12 красавіка «ў сувязі з праблемамі са збытам прадукцыі, выкліканымі карантынам у суседніх краінах».

13:48 9.4.2020

Міністар здароўя Беларусі: На пік захворваньня COVID-19 выйдзем у канцы красавіка – пачатку траўня

Паводле разьлікаў Міністэрства аховы здароўя, на пік захворваньня каранавірусам Беларусь выйдзе ў канцы красавіка ці ў пачатку траўня. На пытаньне, ці мае міністэрства мэтодыку прагназаваньня сытуацыі і разьліку піку захворваньня, міністар здароўя Ўладзімер Каранік адказаў, што існуе і адпаведная мэтодыка, і плян дзеяньняў пры розных варыянтах.

13:40 9.4.2020

Што адбываецца ў Бешанковічах? Цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі «на дыстанцыйнай працы», кіраўніцтва райвыканкаму «на бальнічным»

Бешанковіцкі раённы цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі (Віцебская вобласьць) працуе дыстанцыйна, паведаміў намесьнік старшыні мясцовага райвыканкаму Сяргей Аўчыньнікаў. Аднак патлумачыць прычыны ён адмовіўся.

У райвыканкаме сказалі, што цяпер «на бальнічным» старшыня райвыканкаму і два намесьнікі старшыні. Ці зьвязана гэта з каранавірусам, не патлумачылі. У кіраўніцы аддзелу ідэалягічнай працы, якая таксама на бальнічным, «прастуда». Паводле інфармацыі мясцовага выданьня Beshankovichy.by, у Бешанковіцкім раёне рэзка вырасла колькасьць хворых на пнэўманію. Цалкам чытайце тут >>

У Віцебскім абласным цэнтры эпідэміялёгіі і гігіены сказалі, што Бешанковіцкі раённы цэнтар гігіены «на ізаляцыі на два тыдні», аднак таксама не патлумачылі прычыны.

13:36 9.4.2020

«Яны ня могуць папрасіць дапамогі адкрыта». Рэпартаж з Шуміліна, дзе ўсе носяць маскі, а настаўніцы шыюць камбінэзоны лекарам

Афіцыйна вядома толькі пра аднаго хворага на каранавірус жыхара райцэнтру Шуміліна ў Віцебскай вобласьці.

Неафіцыйна паведамляюць, што каранавірусам тут заразіліся нават мэдыкі раённай лякарні.

Рэпартаж і фота Свабоды з Шуміліна — па спасылцы>>

13:33 9.4.2020

«На гармоніку граў 2 тыдні». Падазрэньне на каранавірус у санаторыі МУС на Нарачы

Санаторый «Белая Русь» на Нарачы, які належыць Міністэрству ўнутараных спраў, прыпыніў прыём адпачывальнікаў, бо ў аднаго з пацыентаў падазраюць каранавірус.

«Так, пакуль нікога не прымаем і, хутчэй за ўсё, часова закрыемся», — сказала супрацоўніца санаторыя. Паводле яе, інфікаваны — пэнсіянэр зь Віцебску. Падрабязнасьці тут>>

13:32 9.4.2020

«Будуць выконваць, што гаворыць прэзыдэнт, — будуць здаровыя». Што думаюць у Менску пра карантын. ВІДЭА

Мы спыталі ў мінакоў на вуліцах Менску, чаму, на іх думку, улады Беларусі не абвяшчаюць у краіне карантын, як гэта зроблена ў большасьці іншых краін у сувязі з пандэміяй каранавірусу.

13:31 9.4.2020

ByCovid19 перадалі беларускім мэдыкам тысячы халатаў і рэсьпіратараў. Шукаюць грошы на «процічумныя касьцюмы»

Адзін зь лідэраў грамадзкай ініцыятывы ByCovid19 Андрэй Стрыжак расказаў пра вынік дзейнасьці кампаніі — «лічбы, у якія ня можаш паверыць». Паводле Стрыжака, актывісты перадалі беларускім мэдыкам:

  • 10 канцэнтратараў кіслароду (кожны каштаваў 2340 рублёў);
  • 2600 аднаразовых хірургічных халатаў;
  • 1000 рэсьпіратараў ffp1 і 1270 рэсьпіратараў ffp2, а таксама самаробныя ахоўныя маскі (вытворчасьці актывістаў «Хакерспэйсу») у шумілінскую лякарню;
  • тры пральныя машыны для лякарняў (дзякуючы крамам «Электрасіла»), пральныя парашкі і мыйныя сродкі (дзякуючы крамам «Міла» і сэрвісу «Е-дастаўка»);
  • 40 літраў канцэнтрату, зь якога можна зрабіць дзьве тоны дызынфэкцыйнага раствору.

Цяпер кампанія прымае заяўкі на дапамогу ад лекараў, зьбірае спонсарскую дапамогу, сродкі на Molamola і праз іншыя шляхі.

З тэрміновых патрэбаў — «процічумныя касьцюмы». Для брыгадаў «хуткай дапамогі» патрэбна 500 ахоўных касьцюмаў, каштуе такая партыя 10 500 рублёў.

13:29 9.4.2020

Грэка-католікі Менску замест агульнай службы на Вялікдзень ладзяць пяць меншых

Кіраўнік БГКЦ, Апостальскі візытатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек расказаў Радыё Свабода, зь якімі засьцярогамі царква рыхтуецца адзначыць Вялікдзень 12 красавіка.

13:28 9.4.2020

Новыя дабрачынныя ініцыятывы ў Менску прапануюць жыльлё мэдыкам на час пандэміі

Кампанія «Хоммитс Глобал» прапануе мэдыкам пры патрэбе ствараць на сайце заяўкі на жыльлё падчас эпідэміі, а ўласьнікам кватэр далучацца да ініцыятывы і прапаноўваць сваю нерухомасьць на спэцыяльных умовах для людзей з групаў рызыкі. Падрабязнасьці тут>>

12:31 9.4.2020

Пакет дапамогі ЭЗ для краінаў сьвету на барацьбу з COVID-19 дасягне 20 мільярдаў эўраў

Эўразьвяз выдзеліць агулам больш за 20 мільярдаў эўраў на дапамогу краінам-партнэрам у барацьбе з пандэміяй каранавірусу SARS-CoV-2.

Пра гэта вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жазэп Барэль заявіў пасьля відэаканфэрэнцыі з эўрапейскімі міністрамі разьвіцьця 8 красавіка. «Вірус яшчэ не пераможаны, пакуль яго не перамогуць усюды», — падкрэсьліў Барэль.

11:21 9.4.2020

Ужо 16 памерлі. У Беларусі прызналі 1486 выпадкаў каранавірусу, плюс 420 за дзень

Паводле БелТА, на 6 раніцы 9 красавіка (магчыма, статыстыка актуальная на вечар 8-га — Мінздароўя атрымлівае зьвесткі ў 8 раніцы і 18 вечара):

  • 1331 пацыентаў з каранавірусам шпіталізаваныя;
  • 139 выпісаныя здаровымі;
  • памерлі 16 інфікаваных каранавірусам — прызнаныя тры новыя сьмерці;
  • разам гэта дае 1486 прызнаных выпадкаў — плюс 420 выпадкаў за дзень;
  • у краіне праведзена з пачатку эпідэміі звыш 49 тысяч тэстаў на новы каранавірус.

Статыстыка па абласьцях на 9 красавіка выглядала наступным чынам (паводле дзяржаўнага агенцтва БелТА, міністэрства такой не публікуе):

  • Менск — 699 чалавек шпіталізавана, 102 выпісаныя, 6 памерлі.
  • Менская вобласьць — 153 шпіталізаваныя, 1 выпісаны, 3 памерлі.
  • Віцебская вобласьць — 364 шпіталізаваныя, 35 выпісаныя, 7 памерлі.
  • Гомельская вобласьць — 35 шпіталізаваных, 1 выпісаны, 0 памерлых.
  • Магілёўская вобласьць — 35 шпіталізаваных, выпісаных і памерлых няма.
  • Горадзенская вобласьць — 28 шпіталізаваных, выпісаных і памерлых няма.
  • Берасьцейская вобласьць — 17 шпіталізаваных, выпісаных і памерлых няма.

09:37 9.4.2020

Беларусы ў пандэміі: «немцы» ці «швэйкі»?

Ці дэманструюць беларусы сваю цягу да парадку падчас пандэміі, сваё азначэньне як «усходнеславянскіх немцаў»? Ці ўводзіцца ў Беларусі «паўзучы» карантын? Калі ў Беларусі будзе ўведзены карантын, ці будуць беларусы выконваць яго ўмовы ці паводзіць сябе, як Швэйк​?

Па гэтых пытаньнях у «Праскім акцэнце» спрачаюцца аглядальнік Свабоды Дзьмітры Гурневіч і намесьнік рэдактара газэты «Наша ніва» Зьміцер Панкавец.

Гурневіч

  • Пандэмія паказала, што мы паводзім сябе не як немцы, а як партызаны.
  • Беларусы ў масе сваёй не паверылі ў пагрозу пандэміі. І не таму, што так сказаў Лукашэнка і тэлевізар.
  • Я днямі адважыўся праехаць у мэтро ў Празе і быў адзіным чалавекам у вагоне.
  • Ня ўсім у Чэхіі падабаецца карантын, людзі страчваюць працу. Але выбару іншага няма.
  • Я быў бы за варыянт, каб людзі самі сябе абмяжоўвалі.

Панкавец

  • Мы фанатыкі орднунгу зь вялікай умоўнасьцю.
  • Літаральна за тыдзень колькасьць людзей у масках вырасла ў разы.
  • Мяне, па шчырасьці, зьдзіўляе, калі 30-гадовыя бугаі сыходзяць у самаізаляцыю.
  • Незразумела, якім чынам усе краіны, якія ўвялі дастаткова жорсткія меры, будуць зь іх выходзіць.
  • Няўжо людзі не разумеюць, што беларускі карантын — гэта будзе не траваедны карантын, як у Вялікай Брытаніі ці Чэхіі.

Чытаць цалкам >>

09:34 9.4.2020

У Барысаве памёр 50-гадовы фэльчар хуткай дапамогі: пнэўманія і станоўчы тэст на каранавірус

У рэанімацыі 2-й клінічнай лякарні Барысава памёр фэльчар хуткай дапамогі Васіль Ліпілін. Яму было 50 гадоў.

Паводле калегі мэдыка, у мужчыны была двухбаковая пнэўманія і станоўчы вынік тэсту на каранавірус.

Ліпілін з жонкай жыў у аграгарадку Неманіца, за 10 кілямэтраў ад Барысава. Разам яны трымалі фэрмэрскую гаспадарку. Па словах калегі, Васіль адчуў сябе кепска 28 сакавіка. У яго паднялася высокая тэмпэратура, ён папрасіўся памяняцца зьменамі.

Да панядзелка 30 сакавіка паляпшэньня ня здарылася, ён зьвярнуўся ў паліклініку са скаргамі на тэмпэратуру і моцныя цягліцавыя болі.

4 красавіка Ліпіліна ў цяжкім стане даставілі ў рэанімацыю 2-й клінічнай лякарні Барысава, увечары таго ж дня падключылі да апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Першы тэст на каранавірус даў адмоўны вынік, другі — станоўчы.

У калегаў з хуткай дапамогі як кантактаў першага ўзроўню таксама ўзялі мазкі, аднак яны працягваюць працаваць. Трое зь іх цяпер знаходзяцца на бальнічным зь невялікай тэмпэратурай і сымптомамі вострай рэсьпіраторнай віруснай інфэкцыі.

09:33 9.4.2020

Дырэктар клінікі з Бостану зьвярнуўся да Лукашэнкі: не паўтарайце памылак ЗША!

Былы мянчук, уладальнік і дырэктар клінікі-сэрвісу сацыяльнага дагляду Right at Home ў Бостане (ЗША) Ўладзімер Зархін праз Радыё Свабода зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам неадкладна ўвесьці ў Беларусі карантын.

«Масачусэтс, як і іншыя штаты, спазьніўся, — расказвае ён. — У выніку наша сыстэма аховы здароўя знаходзіцца цяпер у вельмі цяжкай сытуацыі — не хапае масак, не хапае пальчатак, не хапае іншых сродкаў індывідуальнай абароны. Больш за тое, тыя ўстановы, дзе жывуць пажылыя людзі — дамы састарэлых і спэцыялізаваныя шпіталі — сталі рассаднікамі новай інфэкцыі. Гэта адбылося таму, што своечасова не была праведзеная іх карантынізацыя. Адтуль хваля інфэкцыі пайшла на звычайныя бальніцы Бостана і цалкам захліснула іх. На гэтым тыдні мы чакаем пік сьмяротнасьці».

Чытаць інтэрвію >>

09:31 9.4.2020

У Беларусі прынялі новыя правілы самаізаляцыі. Штрафаў няма, але будуць

Пастановай Савету міністраў Беларусі, апублікаванай 9 красавіка, у краіне ўводзіцца азначэньне абмежавальнага захаду — самаізаляцыі. Гэтая самаізаляцыя не дабраахвотная, як будуць караць за яе парушэньні, яшчэ ня вырашылі.

Пакараньне за парушэньне самаізаляцыі будзе «адпаведна заканадаўчым актам», але гэтыя акты толькі плянуюць прыняць. Пакуль дакладна вядома, што парушальнікам будуць налічваць толькі 50% выплаты па непрацаздольнасьці, але могуць прадугледзець і адміністрацыйную адказнасьць.

Каго гэта тычыцца

Пад самаізаляцыяй разумеюць ізаляцыю дома «або ў іншых умовах» людзей, якія:

  • прыбылі зь «эпідэмічна неспрыяльных краінаў»;
  • якія кантактавалі з асобамі з інфэкцыйнымі захворваньнямі, або з асобамі-носьбітамі ўзбуджальнікаў, або з асобамі, якія былі на стадыі выздараўленьня пасьля інфэкцыйных захворваньняў;
  • хварэюць на COVID-19;
  • адносяцца да «кантактаў першага ўзроўню» з хворымі на COVID-19 (ізаляцыя на 14 дзён з апошняга кантакту);
  • адносяцца да «кантактаў другога ўзроўню» і маюць сымптомы рэсьпіраторных інфэкцыяў.

Крытэры аднясеньня да «кантактаў» яшчэ мае вызначыць Мінздароўя.

Выпраўленым на самаізаляцыю будуць выдаваць «патрабаваньне выкананьня правілаў паводзінаў у самаізаляцыі». Але ў якім парадку выдаваць гэтае патрабаваньне, яшчэ мусіць вызначыць Мінздароўя.

Якія правілы ўжо вызначылі >>

09:29 9.4.2020

Эўразьвяз заплянаваў даць Беларусі 60 млн эўра на барацьбу з каранавірусам

Дапамога Беларусі будзе аказаная ў межах глябальнай праграмы падтрымкі ўдзельнікаў Усходняга партнэрства, сярод якіх Армэнія, Азэрбайджан, Грузія, Малдова і Ўкраіна.

Агулам на дапамогу краінам Усходняга партнэрства Эўразьвяз выдзеліць 963 млн эўра. У рамках гэтай праграмы Эўракамісія плянуе накіраваць 80 млн эўра на неадкладныя патрэбы і да 883 млн — на сярэдне- і доўгатэрміновыя патрэбы для падтрымкі сацыяльнага і эканамічнага аднаўленьня рэгіёну пасьля пандэміі.

Кожная з краінаў Усходняга партнэрства атрымае пэўны аб'ём дапамогі. Беларусі плянуецца даць больш за 60 млн эўра на неадкладныя і сярэднетэрміновыя патрэбы: напрыклад на куплю аўтамабіляў хуткай дапамогі і рэсьпіратараў, а таксама на трансьмежныя праекты.

У межах гэтай праграмы дапамогі Армэніі выдзяляецца 92 млн эўра, Азэрбайджану — 14 млн, Грузіі — 183 млн, Малдове — 87 млн, Украіне — 190 млн эўра.

09:28 9.4.2020

Ахвярай каранавірусу стаў ураджай гародніны і садавіны ў Флорыдзе

Тысячы тонаў садавіны і гародніны згнілі гэтай вясной на фэрмэрскіх палях Флорыды, стаўшы нечаканай ахвярай пандэміі каранавірусу.

Кабачкі, жоўтыя гарбузы, памідоры не былі своечасова сабраныя і прапалі, бо фэрмэры ня могуць прадаць ураджай сваім сталым кліентам — закрытым праз пандэмію рэстаранам, паркам забаў і школам па ўсёй краіне.

Папраўдзе, з такімі ж праблемамі сутыкнуліся і іншыя штаты: ад наступстваў пандэміі пацярпелі, у прыватнасьці, каліфарнійскія фэрмэры, якія вырошчваюць зяленіва, і вытворцы малака ў Вэрмонце і Вісконсіне.

09:27 9.4.2020

ЗША абагналі Гішпанію ў колькасьці сьмерцяў ад каранавірусу

У ЗША распаўсюд вірусу працягваецца, але колькасьць новых зафіксаваных выпадкаў на дзень перастала расьці паскоранымі тэмпамі (максымум выпадкаў на дзень было 4 красавіка). Ды колькасьць сьмерцяў на дзень працягвае павялічвацца — 7 і 8 красавіка ў Штатах памерлі па больш як 1900 хворых на каранавірус. Хуткасьць таго, як стан пацыентаў пагаршаецца і як вірус даводзіць да сьмерці, шакуе дактароў у Нью-Ёрку, піша Reuters.

ЗША ўжо абагналі Гішпанію паводле агульнай колькасьці сьмерцяў і, калі цяперашнія тэмпы захаваюцца, празь некалькі дзён абгоняць Італію і выйдуць на першае месца ў колькасьці ахвяраў COVID-19.

У Італіі ж працягвае расьці колькасьць «актыўных выпадкаў» хваробы, але паступова спадае колькасьць новых выпадкаў на дзень і новых сьмерцяў на дзень. За 8 красавіка там зафіксавалі 3836 новыя выпадкі, 542 новыя сьмерці, 2099 новых выпісаных пацыентаў.

Колькасьць штодзённых новых выпадкаў і новых сьмерцяў стабілізавалася або спадае таксама ў Гішпаніі і Іране, новых выпадкаў (але не штодзённых сьмерцяў) — у Нямеччыне. Пастаянны паскораны рост колькасьці хворых цяпер назіраецца ў Турэччыне, якая выйшла на 9-е месца ў сьвеце паводле агульнай колькасьці выпадкаў COVID-19.

08:13 9.4.2020

Лічбы на раніцу 9 красавіка

  • У сьвеце зафіксавалі каля 1,52 мільёна выпадкаў COVID-19: 435 тысяч у ЗША, 148 тысяч у Гішпаніі, больш за 139 тысяч у Італіі, па 113 тысяч у Францыі і Нямеччыне, звыш 82 тысяч у Кітаі, больш за 64 тысячы ў Іране, звыш 60 тысяч у Вялікай Брытаніі, больш за 38 тысяч у Турэччыне, больш як па 23 тысячы ў Швайцарыі і Бэльгіі.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 88 505 чалавек. Зь іх 17 669 у Італіі, 14 795 у ЗША, 14 792 у Гішпаніі, 10 869 у Францыі, 7 097 у Вялікай Брытаніі, 3 993 у Іране, 3 339 у Кітаі.
  • Выпісалі 330 тысяч пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца больш за 1,099 млн, зь іх звыш 48 тысяч знаходзяцца ў цяжкім стане.
  • У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 8 красавіка, пацьверджана 1066 выпадкаў COVID-19, памерлі 13 чалавек, выпісаныя здаровымі 77 пацыентаў. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ.
21:43 8.4.2020

Каб не прынесьлі каранавірус дахаты. Адзін зь менскіх гатэляў пачалі засяляць мэдыкамі

Менгарвыканкам выдзеліў для сталічных мэдыкаў гатэль «Іст Тайм», разьлічаны на 250 чалавек. Цяпер у гатэль засяляюць лекараў 10-й клінічнай бальніцы.

Паводле крыніцы Tut.by лекараў засяляюць у аднамесныя нумары. Першапачаткова ў сьпісах 24 чалавека.

Адзін з новых пастаяльцаў патлумачыў, што такая ізаляцыя важная, каб лекары, якія кантактуюць з хворымі на каранавірус, не заразілі сваякоў.

Першапачаткова лекары 10 клінічнага шпіталю разглядалі варыянт ізаляцыі ў гатэлі «Юбілейны». Але не дамовіліся наконт цаны: спачатку мэдыкам прапанавалі плаціць па 5-7 рублёў за суткі, а падчас афармленьня папераў зьявілася сума 20 рублёў за суткі. Такім чынам выходзіла па 600 рублёў за месяц.

Паводле першага намесьніка старшыні камітэту па ахове здароўя Менгарвыканкаму Дзьмітрыя Чараднічэнкі, у гатэлі захацелі жыць каля 100 чалавек. Пакуль мэдыкаў селяць па адным у нумар. Для іх арганізуюць бясплатнае трохразовае харчаваньне. На працу іх будуць вазіць аўтобусамі.

Гатэль «Іст тайм» месьціцца насупраць Усходняга аўтавакзалу. Ад яго да 10-й бальніцы 8 кілямэтраў.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG