Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

20:52 8.4.2020

У клірыка праваслаўнай царквы ў Менску знайшлі каранавірус

Клірык служыў у храме Пакрова Прасьвятой Багародзіцы на праспэкце Пераможцаў, 82. Цяпер ён разам з усёй сям’ёй на лячэньні, піша «Наша ніва».

Гэтую інфармацыю пацьвердзіў настаяцель храма Віктар Белякоў. «Учора пацвердзіўся каранавірус. Дактары праінфармавалі нас уначы, сёньня бралі мазкі ў сьвятароў. Цяпер мы знаходзімся на самаізаляцыі. Калі вынік на каранавірус будзе адмоўны, то праз чатырнаццаць дзён ад апошняга кантакта з носьбітам зможам выйсьці з самаізаляцыі», – кажа Віктар Белякоў.

Апошні раз заражанага клірыка сьвятары бачылі ў суботу, 4 красавіка. Айцец Віктар Белякоў спадзяецца, што калі тэст на каранавірус будзе адмоўным, то ў храме магчыма будзе яшчэ правесьці велікодную службу.

Сам клірык пакінуў у сваіх сацсетках наступны запіс: «Прашу малітваў за ўсю сям’ю: С., В., Я. і І. Мы ў бальніцах: жонцы з дзецьмі цяжка. У дзіцячай інфэкцыёнцы няма ўмоў для маленькіх дзетак пагодак».​

20:37 8.4.2020

Бацька рэжысэра Курэйчыка ў шпіталі. У санаторыі МУС ён кантактаваў з хворым на каранавірус

Кантакт меў месца ў сакавіку, калі Ўладзімер Курэйчык адпачываў у санаторыі МУС на Нарачы.

8 красавіка яго шпіталізавалі, сказаў Радыё Свабода рэжысэр Андрэй Курэйчык.

«Бацька — пэнсіянэр МУС. З кім канкрэтна ён кантактаваў, я ня ведаю. Але гэта быў сусед за сталом у сталовай. Як і ва ўсіх санаторыях, іх саджаюць разам за нейкія сталы. І вось гэта быў адзін з суседзяў па стале. Яго забралі з двухбаковай пнэўманіяй яшчэ ў сакавіку. Відаць, цяпер усё пацьвердзілася. І ўсіх, хто быў побач, забралі як кантакты першага ўзроўню», — кажа Андрэй Курэйчык.

20:19 8.4.2020

У настаўніцы менскай школы пацьвердзілі каранавірус

У сярэдняй школе № 61 на вуліцы Кірылы Тураўскага ў Менску, недалёка ад станцыі мэтро «Ўсход», каранавірус пацьвердзілі ў настаўніцы пачатковых клясаў. Кантакты першага ўзроўню выяўленыя, цяпер яны на самаізаляцыі.

Пра гэта стала вядома ад бацькоў вучняў. Ва ўпраўленьні адукацыі Свабодзе пацьвердзілі гэтую інфармацыю.​ Падрабязна тут >>

19:37 8.4.2020

Фэдэрацыя хакея Беларусі прыпыніла ўсе дзіцяча-юнацкія спаборніцтвы

З 8 красавіка адкрытае першынства краіны сярод юніёраў і юнакоў і рэспубліканскія спаборніцтвы сярод юнакоў прыпынілі на нявызначаны тэрмін, паведамляе сайт фэдэрацыі.

19:15 8.4.2020

Silver Screen закрывае дзьве траціны сваіх кінатэатраў

  • З 9 красавіка кінатэатры ў менскіх гандлёвых цэнтрах Galileo і ARENAcity часова зачыняць.
  • Кінатэатар VOKA cinema ў гандлёвым цэнтры Dana Mall працягвае працаваць у бясьпечным рэжыме Safe seats.
  • З 9 красавіка Silver Screen у Dana Mall таксама прапануе менчукам паслугу «Асабісты кінатэатар» — магчымасьць арандаваць адну з заляў прыватнага кінатэатру для індывідуальнага карыстаньня. Каштаваць такая паслуга будзе 99 рублёў за дзьве гадзіны.
  • Дзеяньне падарункавых картаў (на 50-100-150 рублёў) працягнуць да канца 2020 году.
19:04 8.4.2020

Менская крама адмаўлялася абслугоўваць людзей з кашлем і чханьнем. Фатафакт

Такая абвестка была на дзьвярах менскай крамы «Амі мэбля» на Маякоўскага, 18. Пазьней гэтую абвестку зьнялі з прычыны скаргаў пакупнікоў.

19:02 8.4.2020

На прадпрыемстве, дзе выпускаюць матэрыялы для мэдычных масак, знайшлі каранавірус

59-гадовы супрацоўнік прадпрыемства «Сьветлагорск-Хімвалакно», дзе выпускаюць матэрыялы для запатрабаваных цяпер мэдычных масак, заразіўся каранавірусам. Пра гэта ягоныя калегі даведаліся 8 красавіка. Мужчыну адправілі ў Гомель.

Мэдыкі забралі пад назіраньне кантакты першага ўзроўню — гэта брыгада хворага, якая складаецца з 9 чалавек. У адміністрацыі прадпрыемства цяпер вырашаюць, як мінімалізаваць рызыку распаўсюджваньня вірусу бяз шкоды для вытворчасьці. Магчыма, частку людзей адправяць у адпачынак, бо спыніць вытворчасьць ня могуць. Падрабязнасьці па спасылцы >>

18:58 8.4.2020

У Гомельскім унівэрсытэце Скарыны пачалі 3D-друк ахоўных шчыткоў для мэдыкаў

Друкаваць ахоўныя шчыткі на 3D-друкарках пачалі на факультэце фізыкі і інфармацыйных тэхналёгій Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта імя Ф. Скарыны. Да ініцыятывы далучыліся некалькі вытворчых прадпрыемстваў Гомля. Сабекошт адной такой маскі з улікам выдаткаў на электраэнэргію — каля 5 рублёў, але мэдыкам іх будуць раздаваць бясплатна, паведамляе Interfax.by cа спасылкай на мясцовы тэлеканал.

17:41 8.4.2020

«Згарэў» за 5 гадзін. Сям’я 36-гадовага менчука сьцьвярджае, што ён памёр з каранавірусам

Як расказалі родныя, 4 красавіка мужчына, як звычайна, пайшоў на працу. Пасьля абеду яму зрабілася блага, пачаў задыхацца. Пасьпеў пазваніць жонцы, тая выклікала хуткую. Мэдыкі завезьлі мужчыну ў шпіталь хуткай дапамогі. Увечары таго ж дня ён памёр.

«У яго здарылася кровазьліцьцё ў мозг. З гэтым ён трапіў у шпіталь. У шпіталі сказалі: „Паражэньне лёгкіх“, якога характару — не сказалі. У панядзелак [6 красавіка] сказалі, што ў яго станоўчы вынік на Covid (Covid-19. — РС), двухбаковае запаленьне лёгкіх было, што справакавала інсульт», — кажа адна са сваячак.

Паводле родных, N. усё жыцьцё меў выдатнае здароўе, ня меў хранічных захворваньняў, ніколі не ляжаў у шпіталі, ня скардзіўся на дробныя недамаганьні. Апошнім часам таксама адчуваў сябе добра. Яшчэ зранку ў дзень перад сьмерцю ў яго не было ні тэмпэратуры, ні сухога кашлю, ні ціску ў грудзях, толькі невялікі насмарк апошнія тры дні. Чытаць цалкам тут>>

17:25 8.4.2020

Карантын у Літве працягнулі на два тыдні, нашэньне масак стала абавязковым

  • Карантын у Літве падоўжылі да 27 красавіка ўключна.
  • З 10 красавіка нашэньне масак у грамадзкіх месцах абавязковае.
  • Каб абмежаваць сходу людзей у сьвяты, рух перакрыюць з 20 гадзін 10 красавіка да 20 гадзін 13 красавіка.
  • Людзі ня змогуць уяжджаць у гарады і населеныя пункты, дзе ў іх няма нерухомасьці. (выключэньне толькі для паездак на пахаваньне, да цяжка хворых або да пацярпелых у выпадку здарэньня і на працу ў іншы горад).

Падрабязнасьці чытайце тут >>

17:22 8.4.2020

Беларусы супраць каранавірусу. Галерэя «Ў» стала складам гуманітарнай дапамогі мэдыкам

Беларусы працягваюць змагацца з каранавірусам сваімі сіламі і дапамагаць у гэтым мэдыкам. Мы ўжо пісалі пра добрыя ініцыятывы, але кожны дзень зьяўляюцца новыя. Новы агляд карысных ініцыятыў, а таксама, як ім можна дапамагчы\далучыцца.

Сьцісла:

  • Збор сродкаў на маскі, антысэптыкі для рук і памяткі пра каранавірус. Усё гэта валянтэры плянуюць раздаваць на вуліцах у Менску і іншых гарадоў.
  • Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» закрылася на карантын, а сваё памяшканьне аддала валянтэрам, каб разьмяркоўваць там сабраную дапамогу. Падтрымаць саму галерэю можна тут.
  • Кампанія дапамогі мэдыкам #ByCovid19: ім можна перадаць прадукты ля лекараў у шпіталі (сьпіс тут) і сродкі індывідуальнай дапамогі і мэдыцынскія апараты (сьпіс тут).
  • Ужо некалькі кавярняў гатуюць абеды для мэдыкаў. Цяпер да іх падключыўся рэстаран WOOGLY (спасылка на кампанію) і магілёўская кавярня «Мяса&Лаваш» (тут збор сродкаў).

Падрабязнасьці кампаній тут.

17:14 8.4.2020

Ад 600 да 5000 рублёў паабяцалі беларускім мэдыкам, якія захварэюць на COVID-19

Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі стварыла фонд дапамогі мэдыкам і паабяцала пералічваць грошы працаўнікам мэдычнай галіны, якія заразіліся новым каранавірусам. Матэрыяльную дапамогу мэдработнікам абяцаюць даваць па прадстаўленьні ліста непрацаздольнасьці (бальнічнага). Выплочваць абяцаюць ад 600 да 5000 рублёў «у залежнасьці ад цяжкасьці захворваньня». Падрабязнасьці тут>>

16:36 8.4.2020

Беларускі музычны тэатар на месяц спыніў паказ спэктакляў

Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатар спыніў паказ спэктакляў з 11 красавіка па 10 траўня. Каб вярнуць грошы, квіткі на адмененыя спэктаклі можна здаць у касу тэатра не пазьней за дату спэктакля. Альбо можна захаваць квіток і наведаць іншыя пастаноўкі пазьней, папярэдне зьвязаўшыся з тэатрам па тэлефоне ці электроннай почте.

16:02 8.4.2020

У Менску прыпынілі працу яшчэ два кінатэатры. Распараджэньня ўладаў так і не было, некаторыя працягваюць працу

Прыватная кінасетка Silver Screen ад 9 красавіка закрывае залі ў менскіх гандлёвых цэнтрах Arena City і Galileo, а ў Dana Mall запускае паслугу «асабістага кінатэатру» для індывідуальнага карыстаньня залямі, піша Tut.by. Прадстаўніца сеткі расказала, што ніякіх рэкамэндацыяў ад гарадзкіх уладаў так і не атрымала, акрамя парадаў кшталту трымаць дыстанцыю між гледачамі.

Раней працу прыпынілі некаторыя прыватныя і дзяржаўныя кінатэатры. Але працягваюць працаваць такія кінатэатры, як «Беларусь», «Аўрора», «Мір», Falcon Club і іншыя.

У рэкамэндацыях, што раней рассылалі беларускія ведамствы, было закрыцьцё дыскатэкаў, начных клюбаў, кальянных, боўлінгаў і більярдаў, кампутарных клюбаў — але не кінатэатраў.

15:41 8.4.2020

Яшчэ ў адным дзіцячым садку ў Менску пацьвердзілі каранавірус. Правераць усіх дзяцей

У настаўніцы зь дзіцячага садка № 434 у Менску пацьвердзілі каранавірус. Усіх дзяцей адправілі дахаты, ім зробяць мазкі. Пра гэта Свабодзе паведамілі бацькі, чыё дзіця ходзіць у гэты садок.

COVID-19 пацьвердзілі не ў выхавацелькі групы, а ў настаўніцы, якая штодня займалася зь дзецьмі ўсіх груп. «Нам сказалі, што хутчэй за ўсё заўтра дахаты прыедуць лекары і возьмуць мазкі на каранавірус. Бо нашыя дзеці цяпер — кантакты першага ўзроўню», — сказаў бацька аднаго зь дзяцей. Падрабязнасьці тут >>

15:16 8.4.2020

«Дырэктарам школ падключыцца да ZООМ праблема!» Ці рэальна ў школах Беларусі ўвесьці дыстанцыйнае навучаньне?

Вакацыі ў Беларусі працягнулі да 13 красавіка. Карантын у краіне афіцыйна ня ўведзены. Але і настаўнікі, і чыноўнікі разумеюць, што вялікую колькасьць дзяцей бацькі проста ня пусьцяць у школу. Мінадукацыі дагэтуль ня вызначылася, як дзеці будуць вучыцца далей. Свабода выслухала розныя, шмат у чым процілеглыя меркаваньні аб тым, што рабіць у гэтай сытуацыі: чыноўніцы, стваральніка праекту «Інфаўрок», дырэктара цэнтру «Фабрыка ведаў». Чытайце па спасылцы >>

15:14 8.4.2020

Музычная паўза. Дырэктар радыё «Сталіца» пра тое, як разгрузіў сваіх супрацоўнікаў на час пандэміі

Раней у родзічаў аднаго з супрацоўнікаў «Сталіцы» быў пацьверджаны станоўчы тэст на каранавірус, але сам ён не заразіўся. Гэта таксама стала падставай, каб адкарэктаваць графік. Дырэктар менскай радыёстанцыі «Сталіца» Алег Міхалевіч расказаў Свабодзе, што супрацоўнікоў рэдакцыі перавялі ў фармат найменшай загружанасьці. Як гэта зрабілі, чытайце тут>>

15:12 8.4.2020

«Стамілася баяцца». Хто робіць добрыя справы падчас пандэміі

Многія беларусы становяцца валянтэрамі падчас пандэміі і любымі магчымымі спосабамі спрабуюць дапамагчы дактарам і ўразьлівым групам. Хтосьці шые маскі і ахоўныя касьцюмы, хтосьці дапамагае грашыма, іншыя зьвязваюць тых, хто хоча дапамагчы, з тымі, каму гэта неабходна. Пра новыя добрыя ініцыятывы беларусаў чытайце тут>>

15:11 8.4.2020

Рэктар баранавіцкага ВНУ адмаўляе выяўленьне каранавірусу ва ўнівэрсытэце

Паводле крыніцы з Баранавіч, на COVID-19 нібыта захварэла выкладчыца Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, а таксама яе муж і сын, і з гэтай прычыны частку студэнтаў ВНУ перавялі на дыстанцыйнае навучаньне.

«У нас выкладчык не захварэў, гэтага няма. Унівэрсытэт працуе ў стабільным рэжыме, але частку студэнтаў сапраўды перавялі на дыстанцыйную форму навучаньня», — адказаў карэспандэнту Свабоды пазваніў рэктар БарДУ Васіль Качурка. Цалкам чытайце тут>>

14:53 8.4.2020

Беларускім дальнабойнікам дазволілі праехаць аўгана-ўзбэцкую мяжу

Амбасада Беларусі ва Ўзбэкістане паведаміла БелТА, што беларускім кіроўцам-дальнабойнікам дазволілі праехаць пад канвоем па тэрыторыі краіны, каб вярнуцца на радзіму. Машыны, якія захрасьлі на мяжы з боку Аўганістану, ужо ўехалі ва Ўзбэкістан. Агулам едзе шэсьць беларускіх кіроўцаў, машыны якіх зарэгістраваныя ў Беларусі, Літве і Расеі (раней Tut.by пісаў, што дальнабойнікаў зь Беларусі там было дзевяць).

Праблема тычылася ня нейкай канкрэтнай кампаніі або грузу: дальнабойнікі расказвалі, што ва Ўзбэкістан не пускаюць і машыны зь іншых краінаў, і калі адны стаяць месяц, іншыя чакаюць аж з Новага году.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG