Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На прадпрыемстве, дзе выпускаюць матэрыялы для мэдычных масак, знайшлі каранавірус


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. На прадпрыемстве «Сьветлагорск-Хімвалакно», фота з сайту Сьветлагорскага райвыканкаму

59-гадовы супрацоўнік прадпрыемства «Сьветлагорск-Хімвалакно», дзе выпускаюць матэрыялы для запатрабаваных цяпер мэдычных масак, заразіўся каранавірусам. Пра гэта ягоныя калегі даведаліся 8 красавіка.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Некалькі дзён таму ён адчуў недамаганьне і зьвярнуўся да лекара, затым яго паклалі ў шпіталь і зрабілі тэст на каранавірус — вынік аказаўся станоўчы. Мужчыну адправілі ў Гомель», — пацьвердзілі на прадпрыемстве.

Мэдыкі забралі пад назіраньне кантакты першага ўзроўню — гэта брыгада хворага, якая складаецца з 9 чалавек. Месца іх працы апрацавалі антысэптыкамі.

Займаюцца мэдыкі і кантактамі другога ўзроўню. У адміністрацыі прадпрыемства цяпер вырашаюць, як мінімалізаваць рызыку распаўсюджваньня вірусу бяз шкоды для вытворчасьці. Магчыма, частку людзей адправяць у адпачынак.

«Мы ня можам спыніць вытворчасьць, тым больш цяпер наша прадукцыя вельмі запатрабаваная, попыт рэзка ўзрос, аб’ёмы павялічылі ў 4–5 разоў», — сказалі на прадпрыемстве. Там сьцьвярджаюць, што хворы за мяжой ня быў, але нядаўна з адпачынку вярнуўся ягоны сын.

8 красавіка «Сьветлагорскія навіны» паведамлялі, што ў райцэнтры выяўлены хворы на каранавірус.

Ад пачатку сакавіка прадпрыемства «Сьветлагорск-Хімвалакно» заключыла 20 новых кантрактаў, пашырыла геаграфію паставак аж да Кітаю і цалкам загрузіла новую лінію. Усё праз ажыятажны попыт на прадукцыю заводу — спанбел і акваспан. Зь яе робяць аднаразовыя маскі, бахілы і халаты.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG