Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Згарэў» за 5 гадзін. Сям’я 36-гадовага менчука сьцьвярджае, што ён памёр з каранавірусам


Ілюстрацыйнае фота

Жыхару Менску зьнянацку стала блага на працы 4 красавіка. Ён пачаў задыхацца. Уратаваць не ўдалося. Увечары таго ж дня ён памёр.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Сказалі, што ў яго станоўчы вынік на Covid»

36-гадовы N. (сваякі просяць не называць імёнаў — ні нябожчыка, ні сваіх) родам быў зь Іўя Горадзенскай вобласьці, жыў у Менску.

Як расказалі родныя, у суботу, 4 красавіка, ён, як звычайна, пайшоў на працу. Пасьля абеду яму зрабілася блага, пачаў задыхацца. Пасьпеў пазваніць жонцы, тая выклікала хуткую. На дапамогу прысьпелі калегі. Мэдыкі завезьлі мужчыну ў шпіталь хуткай дапамогі.

«У яго здарылася кровазьліцьцё ў мозг. З гэтым ён трапіў у шпіталь. У шпіталі сказалі: „Паражэньне лёгкіх“, якога характару — не сказалі. У панядзелак [6 красавіка] сказалі, што ў яго станоўчы вынік на Covid (Covid-19. — РС), двухбаковае запаленьне лёгкіх было, што справакавала інсульт», — кажа адна са сваячак.

Увечары 4 красавіка мужчына памёр. Паміж тым, як яму стала блага, і сьмерцю прайшло 4–5 гадзін.

Па словах родных, у заключэньні аб сьмерці пазначана, што ў памерлага была сардэчна-лёгачная недастатковасьць, двухбаковая пнэўманія і інсульт. Калі цела выдавалі з моргу, сваякам вусна паведамілі, што ў мужчыны быў станоўчы тэст на каранавірус. Сказалі хаваць у закрытай труне. Так сваякі і зрабілі.

Жонка нябожчыка, якая кантактавала да гэтага з мужам, здала тэст на каранавірус, чакае вынікаў. Яна ў самаізаляцыі. Праз гэта не змагла прысутнічаць на пахаваньні.

«Ні тэмпэратуры, ні сухога кашлю, ні ціску ў грудзях»

Як такое магло стацца, родныя не разумеюць. Паводле іх, N. усё жыцьцё меў выдатнае здароўе, ня меў хранічных захворваньняў, ніколі не ляжаў у шпіталі, ня скардзіўся на дробныя недамаганьні. Апошнім часам таксама адчуваў сябе добра. Яшчэ зранку ў дзень перад сьмерцю нічога не прадказвала пагаршэньня стану.

«N. ня скардзіўся ні на што. Ні тэмпэратуры, ні сухога кашлю, ні ціску ў грудзях. Адзінае, быў невялікі насмарк дні тры», — кажа сваячка N.

Калі і дзе мужчына мог заразіцца і захварэць, у сям’і ня ведаюць. Ён не карыстаўся грамадзкім транспартам, ня езьдзіў апошнім часам за мяжу. Працаваў у невялікім калектыве. Ягоныя калегі працягваюць хадзіць у офіс, іх не накіравалі на аддаленую працу.

«Гэта вельмі страшна. А яшчэ страшна, што ты нейкі пракажоны становісься... Нас прымушаюць хадзіць на працу. У нас жа нічога [карантыну. — РС] няма, мы павінны працаваць», — скардзіцца сваячка.

Начальніца гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага бюро Кацярына Кавалевіч сказала БелаПАН, што інфармацыю пра дыягназ пацыентаў могуць паведаміць толькі ў шпіталі.

У гарадзкім клінічным шпіталі хуткай мэдычнай дапамогі адмовіліся даваць дадзеныя пра канкрэтнага памерлага, ці быў у яго каранавірус, і перанакіравалі ў Міністэрства аховы здароўя.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG