Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няма перад ім такога страху, як раней». Пасьля сьмерці маці з каранавірусам беларус патрабуе прыцягнуць Лукашэнку да крымінальнай адказнасьці. ВІДЭА


Аляксандар Мацьвееў

68-гадовая жыхарка Полацку Лідзія Мацьвеева памерла 2 красавіка ў Віцебскім абласным клінічным шпіталі. Пасьля сьмерці сям’я даведалася, што ў яе быў каранавірус. Сын упэўнены, што заразілася яна ў шпіталі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Мая мама памерла, а яе не ўключылі ў афіцыйную статыстыку, — кажа сын Людмілы. — Уявіце, яна ляжала ў шпіталі, дзе аніхто аніякіх захадаў засьцярогі не рабіў. Мой сын да яе езьдзіў, наведваў, іншыя бабулі езьдзілі да яе, наведвалі. Гэта катастрафічна!»

Лідзія Мацьвеева ўжо была на пэнсіі, раней доўга працавала прадавачкай, — расказвае Радыё Свабода яе сын Аляксандар Мацьвееў. Сам ён зь сям’ёй даўно жыве ў Францыі.

Пасьведчаньне аб сьмерці Лідзіі Мацьвеевай, у якім указаны каранавірус
Пасьведчаньне аб сьмерці Лідзіі Мацьвеевай, у якім указаны каранавірус

У шпіталі жанчына ляжала некалькі тыдняў, скардзілася на болі ў сьпіне.

«Доўга не маглі знайсьці прычыну. Ёй зрабілі МРТ, знайшлі дабраякасную пухліну, выдалілі яе. Яна ўжо пачала хадзіць там, — расказвае Аляксандар. — Пасьля я ёй званю, а яна кашляе. Я пытаюся — што з табой? Яна кажа — бранхіт. Я думаю, ну што за бранхіт? Яна да апошняга, пакуль у яе не паднялася тэмпэратура, не пачаліся праблемы з дыханьнем, ляжала ў шпіталі ў звычайнай пасьляапэрацыйнай палаце. Уявіце, там усе людзі пад ударам. У Эўропе такіх хворых ізалююць у боксах, а ў Беларусі кажуць, што на трактары трэба езьдзіць».

Аляксандар упэўнены, што каранавірусам маці заразілася ў шпіталі. Ён сьцьвярджае, што ў аддзяленьні нэўралёгіі, дзе знаходзілася маці, аніякіх мераў бясьпекі не прымалася. Калі ён размаўляў з маці празь відэасувязь, яна заўсёды была бяз маскі.

«Я калі апошні раз зь ёю размаўляў 30 сакавіка, яна яшчэ не была ў цяжкім стане. Але пасьля ўжо я зразумеў, што яна ўжо ведала, што хворая, і нібыта яна разьвітвалася са мной, — згадвае Аляксандар. — У яе была тэмпэратура тады, але праблем з дыханьнем такіх не было».

Лідзія Мацьвеева памерла 2 красавіка. Пахаваньнем займаўся сябар Аляксандра. Пра тое, што ў маці быў каранавірус, стала вядома з даведкі. На разьвітаньні труна была закрытая, аднак крэмацыі не было.

На пахаваньні Лідзіі Мацьвеевай
На пахаваньні Лідзіі Мацьвеевай

Аляксандра ўся гэтая сытуацыя абурыла.

«Я пазваніў у дзяжурную службу Полацкага РУУС, бо ў адпаведнасьці з законам аб зваротах грамадзян можна заяву і праз тэлефон падаць, — кажа ён. — У заяве я ўказаў абставіны сьмерці маёй мамы і папрасіў прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці Лукашэнку Аляксандра Рыгоравіча, які, знаходзячыся на пасадзе прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, не зрабіў неабходных захадаў па абароне насельніцтва ад асабліва небясьпечнага каранавірусу».

Далей, кажа Аляксандар, сытуацыя разьвівалася цікавым для яго чынам. Праз тэлефон яму нібыта доўга не хацелі паведамляць нумар, пад якім зарэгістраваная ягоная заява. Урэшце нумар назвалі: 547 039.

«І ў гэты ж дзень, вельмі апэратыўна, да майго сябра прыехалі супрацоўнікі КДБ, міліцыянты, з крымінальнага вышуку. І таксама прыехалі да бабуляў, якія былі на пахаваньні, — кажа Аляксандар. — Я ўжо ня ведаю, чаго яны ад бабуляў хацелі, але сябар сказаў, што паказаў ім даведку аб сьмерці, расказаў усё як ёсьць. І кажа, што яны прыехалі з дасье на мяне і на маіх сваякоў. Мне ўвогуле не зразумела, на якой падставе яны распаўсюджваюць зьвесткі пра мяне? Бо такія зьвесткі выдаюцца толькі па запыце суду і кампэтэнтных органаў. А вось так вось хадзіць з тэчкай і трэсьці ёю — гэта незаконна, я так лічу».

Аляксандар кажа, што апэратыўны работнік пытаўся ў яго, на які адрас даслаць яму адказ.

«Такое адчуваньне, што ў яго адказ ужо гатовы. Я яму сказаў адрас і папрасіў, каб апублікавалі адказ на афіцыйным сайце. Няхай людзі пачытаюць ваш адказ! Які будзе адказ, пра гэта ўсе даведаюцца. Я яго апублікую ў любым выпадку», — кажа ён.

Захады бясьпекі ў Францыі падчас пандэміі Аляксандр называе «беспрэцэдэнтнымі».

«На вуліцу проста так ня выйдзеш. Цяпер ужо ўсе мусяць хадзіць у масках і пальчатках. Мы выходзім па адмысловай даведцы, паўсюль паліцэйскія кардоны. Я лічу, што гэта правільна, — тлумачыць Аляксандар. — І першае, што трэба рабіць, гэта інфармаваць насельніцтва. А ён жа [Лукашэнка. — РС] кажа, што няма нічога. І хаваюць сапраўдныя лічбы. Старыя жывуць і ня ведаюць, што яны пад пагрозай. Можа, хоць цяпер улада заварушыцца».

Аляксандар кажа, што непакоіцца за бясьпеку сваіх сяброў і сям’і ў Беларусі. «Але мне ўсе напісалі, што я правільна зрабіў, — кажа ён. — Мне здаецца, ужо няма такога страху перад ім, як раней».

Юрыст Валянцін Стэфановіч паведаміў Радыё Свабода, што такі спосаб падачы заявы павінен разглядацца як законны. Аднак ён сумняецца, што сама яна будзе мець прававыя наступствы.

Радыё Свабода спрабавала атрымаць камэнтар у адміністрацыі Віцебскага абласнога клінічнага шпіталя, аднак пазначаныя на сайце тэлефоны не адказваюць.

У галоўным упраўленьні па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкаму спаслаліся на тое, што ўсе адказныя асобы на нарадзе, і папрасілі зьвярнуцца пазьней.

«Такі зварот быў, цяпер праводзіцца праверка», — паведаміла Радыё Свабода афіцыйная прадстаўніца УУС Віцебскага аблвыканкаму Вольга Шкуратава.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG