Паводле крыніцы з Баранавіч, на COVID-19 нібыта захварэла выкладчыца Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, а таксама яе муж і сын, і з гэтай прычыны частку студэнтаў ВНУ перавялі на дыстанцыйнае навучаньне. Каб праверыць гэтую інфармацыю, карэспандэнт Свабоды пазваніў рэктару БарДУ Васілю Качурку.
«У нас выкладчык не захварэў, гэтага няма. Унівэрсытэт працуе ў стабільным рэжыме, але частку студэнтаў сапраўды перавялі на дыстанцыйную форму навучаньня. А там, дзе дробныя навучальныя групы, дзе па 20-25 чалавек, там практычныя лябараторныя заняткі праводзім у групах, як раней», — адказаў Васіль Качурка.
Рэктар БарДУ расказаў пра тое, што робіцца ў ВНУ ў сувязі з пагрозай распаўсюду каранавірусу. Паводле Васіля Качуркі, праведзена санітарная апрацоўка, у прыбіральнях на тэрыторыі ўнівэрсытэту паўсюль ёсьць вадкае мыла і антысэптыкі, у інтэрнаты забаранілі ўваход староньнім асобам, абмежавалі нават зносіны студэнтаў паміж інтэрнатамі.
Якая сытуацыя ў БарДУ з мэдыцынскімі маскамі? Ці ўжываюць іх студэнты і выкладчыкі?
«Мы заклікаем студэнтаў карыстацца мэдыцынскімі маскамі, але, паколькі карантын не абвешчаны, абавязаць ня можам. Адны студэнты носяць маскі, іншыя не, хто як», — адказаў рэктар БарДУ. На пытаньне, ці носіць ён сам маску, Васіль Качурка адказаў, што «бывае па-рознаму». Рэктар сказаў, што дагэтуль нарады з бліжэйшымі падначаленымі праводзіць звычайным парадкам, не праз інтэрнэт, але цяпер гэтыя сустрэчы праходзяць у вялікім пакоі, дзе прысутныя сядзяць на значнай адлегласьці.
У БарДУ вучацца 4 тысячы 200 студэнтаў, зь іх 360 замежных, у асноўным з Туркмэністану. Паводле рэктара, навучаньне замежных студэнтаў падпарадкавана агульным правілам, іх на асобны рэжым навучаньня ў сувязі з пандэміяй каранавірусу ў сьвеце не пераводзілі.
«Але іх кантакты максымальна абмежаваныя. Яны жывуць у інтэрнтаце на вуліцы Паркавай, туды ходзіць аўтобус № 31. Аўтобус іх забірае ад унівэрсытэту і завозіць пад інтэрнат, а потым назад. Зроблена ўсё, каб дна мінімуму зьменшыць іхныя кантакты зь іншымі жыхарамі гораду», — запэўніў рэктар БарДУ і яшчэ раз паўтарыў, што захварэлых на каранавірус у БарДУ няма, «абстаноўка нармальная».