Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музычная паўза. Дырэктар радыё «Сталіца» пра тое, як разгрузіў сваіх супрацоўнікаў на час пандэміі 


Дырэктар менскай радыёстанцыі «Сталіца» Алег Міхалевіч расказаў Свабодзе, што супрацоўнікоў рэдакцыі перавялі ў фармат найменшай загружанасьці.

Паводле яго, у будынку Дома радыё на вуліцы Чырвонай месьцяцца чатыры радыёстанцыі, таму было прынята рашэньне разьмеркаваць людзкія плыні, каб мінімізаваць непажаданыя кантакты.

Раней у родзічаў аднаго з супрацоўнікаў «Сталіцы» быў пацьверджаны станоўчы тэст на каранавірус, але сам ён не заразіўся. Гэта таксама стала падставай, каб адкарэктаваць графік.

Алег Міхалевіч
Алег Міхалевіч

«Правёў эфір — можаш ісьці дахаты, прысутнасьць для птушачкі не абавязковая», — падсумаваў Алег Міхалевіч.

Суразмоўца прызнаў, што з улікам пандэміі ня ўсе экспэрты пагаджаюцца прыйсьці ў студыю для запісу праграмы, таму эфірныя «прагалы» даводзіцца запаўняць музыкай ці архіўнымі матэрыяламі. Гэта тычыцца найперш цыклю «Сталічны госьць».

Вядоўцы пастаянных рубрык рыхтуюць кантэнт дома, прыходзяць толькі на запіс перадач. Сам жа Алег Міхалевіч мусіць быць на працоўным месцы ўвесь дзень.

Ён спадзяецца, што ў агляднай будучыні звыклы фармат удасца аднавіць, але выглядае, што музычныя паўзы ў любым разе будуць даўжэйшымі. Зрэшты, аналягічная сытуацыя і ў калег, кажа ён.

Радыё «Сталіца» — адзіная цалкам беларускамоўная станцыя FM-вяшчаньня ў краіне зь вядоўцамі, тэматычнымі праграмамі і вялікай колькасьцю беларускай музыкі ў эфіры.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG