Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз заплянаваў даць Беларусі 60 млн эўра на барацьбу з каранавірусам


Эўразьвяз плянуе выдзеліць Беларусі 60 млн эўра на барацьбу з каранавірусам у рамках дапамогі для краінаў Усходняга партнэрства, піша БелаПАН са спасылкай на матэрыялы Эўракамісіі.

Дапамога Беларусі будзе аказаная ў межах глябальнай праграмы падтрымкі ўдзельнікаў Усходняга партнэрства, сярод якіх Армэнія, Азэрбайджан, Грузія, Малдова і Ўкраіна.

Агулам на дапамогу краінам Усходняга партнэрства Эўразьвяз выдзеліць 963 млн эўра. У рамках гэтай праграмы Эўракамісія плянуе накіраваць 80 млн эўра на неадкладныя патрэбы і да 883 млн — на сярэдне- і доўгатэрміновыя патрэбы для падтрымкі сацыяльнага і эканамічнага аднаўленьня рэгіёну пасьля пандэміі.

Кожная з краінаў Усходняга партнэрства атрымае пэўны аб'ём дапамогі. Беларусі плянуецца даць больш за 60 млн эўра на неадкладныя і сярэднетэрміновыя патрэбы: напрыклад на куплю аўтамабіляў хуткай дапамогі і рэсьпіратараў, а таксама на трансьмежныя праекты.

У межах гэтай праграмы дапамогі Армэніі выдзяляецца 92 млн эўра, Азэрбайджану — 14 млн, Грузіі — 183 млн, Малдове — 87 млн, Украіне — 190 млн эўра.

Беларусь таксама зьвярнулася да Эўразьвязу з просьбай аб выдзяленьні макрафінансавай дапамогі для зьмякчэньня наступстваў пандэміі COVID-19. 3-га красавіка адбыліся перамовы міністра фінансаў Максіма Ермаловіча з эўракамісарам у пытаньнях эўрапейскай палітыкі суседзтва і пашырэньня перамоваў Олівэрам Вархелі.

Як паведамляў беларускі Мінфін, акрамя падыходаў Эўразьвязу да дапамогі краінам Усходняга партнэрства ў мэтах зьмякчэньня ўзьдзеяньня наступстваў пандэміі COVID-19 абмеркавана таксама магчымасьць макрафінансавай дапамогі Эўразьвязам Беларусі ў дадатак да крэдытных рэсурсаў Міжнароднага валютнага фонду, якія могуць быць выдзеленыя ў межах «інструмэнтаў хуткага фінансаваньня».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG