Беларуская антыядзерная кампанія заклікала адмяніць пуск БелАЭС у сувязі з каранавірусам
БАЯК заклікала ўлады Беларусі «цьвяроза ацаніць сытуацыю і адкласьці пуск БелАЭС» і заявіла пра намер «зьвярнуцца ў міжнародныя арганізацыі, у прыватнасьці ў МАГАТЭ, з просьбай паспрыяць у гэтым пытаньні».
Адзначылі сярод іншага, што ва ўмовах пандэміі становіцца «немагчымым прыняцьце адэкватных мераў надзвычайнага рэагаваньня па абароне насельніцтва (такіх як эвакуацыя) у выпадку радыяцыйнай аварыі, уключаючы трансьмежную», а «ў пэрыяд пуску АЭС рызыка радыяцыйнай аварыі павышаная».
Таксама ў БАЯК нагадалі, што «праект БелАЭС рэалізуецца з шэрагам праблем: гэта парушэньні заканадаўства, уключаючы міжнароднае; фактычны пачатак будаўніцтва рэактарнага будынка першага энергаблёку пры адсутнасьці зацьверджанай праектнай дакумэнтацыі; шэраг здарэньняў, уключаючы падзеньне з вышыні і ўдар аб чыгуначны слуп карпусоў рэактара, і інш».
У Міністэрстве энэргетыкі адказалі, што карэктаваць ход будаваньня Беларускай АЭС у сувязі з эпідэміяй каранавірусу не плянуюць. У адміністрацыі БелАЭС пацьвердзілі, што эпідэмія каранавірусу не паўплывала на ход будаўніцтва АЭС, усе будаўнічыя работы вядуцца паводле графіку.
Чэмпіянат Беларусі ў міні-футболе прыпынілі да 25 красавіка. Вялікі футбол працягваецца
Выканкам Беларускай асацыяцыя міні-футболу (БАМФ) прыняў рашэньне перанесьці пачатак фінальнай стадыі чэмпіянату краіны на два тыдні — з 11 на 25 красавіка.
Як паведамляецца на сайце асацыяцыі, тры заключныя туры вырашана гуляць без гледачоў, што знайшло разуменьне ва ўсіх удзельнікаў першынства.
Двухкругавы турнір практычна завершаны. Два матчы — у Шчучыне і Сьветлагорску — перанесьлі і правядуць да пачатку плэй-оф.
Беларуская антыядзерная кампанія заклікала адмяніць пуск БелАЭС у сувязі з каранавірусам
Беларуская антыядзерная кампанія (БАЯК) 6 красавіка выступіла з заявай, у якой заклікала ўлады адмяніць заплянаваны на 2020 год пуск БелАЭС у сувязі з пандэміяй COVID-19 і пералічыла шэраг падстаў для гэтага.
У Мінэнэрга адказалі, што карэктаваць ход будаваньня Беларускай АЭС у сувязі з эпідэміяй каранавірусу не плянуюць.
Ва Ўкраіне за тыдзень стварылі онлайн-школу для вучняў на карантыне
Ва Ўкраіне ад 6 красавіка стартавала дыстанцыйная школа для вучняў 5-11 клясаў, арганізаваная супольнымі намаганьнямі грамадзкага сэктару і розных галін улады — Офісу прэзыдэнта, Міністэрства адукацыі, парлямэнту. Як працуе ўкраінская онлайн-школа, чытайце і глядзіце тут >>
Пасьля Вялікадня запрацуюць невялікія крамы. Канцлер Аўстрыі анансаваў зьмякчэньне абмежаваньняў
Фэдэральны канцлер Аўстрыі Сэбастыян Курц на прэс-канфэрэнцыі ў Вене ў панядзелак, 6 красавіка, заявіў, што адразу пасьля каталіцкага і пратэстанцкага Вялікадня — гэта значыць, пачынаючы з 14 красавіка, — улады пачнуць зьмякчаць жорсткія абмежавальныя захады ў краіне, уведзеныя раней у сувязі з пандэміяй каранавірусу.
Паводле яго, пры захаваньні неабходных мераў засьцярогі з гэтага дня да працы змогуць прыступіць невялікія крамы з плошчай да 400 квадратных мэтраў, а таксама спэцыялізаваныя гандлёвыя прадпрыемствы, дзе прадаюцца будаўнічыя і садовыя прыналежнасьці.
З 1 траўня, паводле пляну, павінны адкрыцца ўсе астатнія крамы, гандлёвыя цэнтры і цырульні. Канчатковае рашэньне на гэты конт будзе прынятае ў канцы красавіка. Разам з тым Курц да траўня падоўжыў абмежаваньні на перамяшчэньне насельніцтва. У Аўстрыі колькасьць памерлых ад наступстваў COVID-19 дасягнула 220, інфікаваныя звыш 12 тысяч, ачунялі — 3463 чалавекі.
Трэнінгі і чэленджы, казкі і канцэрты. Беларускае жыцьцё онлайн на гэтым тыдні
«Бясьпечны LIVE» і #БудуДома ад «Арт Сядзібы», «Mова-чэлендж» у «Інстаграме», Love Over Virus ад Беларускага Свабоднага тэатру, юбілейны канцэрт «Разьбітага сэрца пацана»...
Чатыры сцэнары разьвіцьця пандэміі каранавірусу ў Беларусі
Няўрадавы Цэнтар дасьледаваньняў эўрапейскіх краінаў у пераходны пэрыяд (EAST Center) прааналізаваў мэтодыку Імпэрскага каледжу Лёндана і пралічыў магчымыя сцэнары для Беларусі.
Ад COVID-19 у Беларусі можа памерці:
- 1860 чалавек, калі ўкараніць жорсткую стратэгію барацьбы зь вірусам на раньнім этапе, калі сьмяротнасьць на тыдзень не перавышае 0,2 на 100 000 жыхароў (для Беларусі гэта 18 чалавек на тыдзень);
- 14 200 чалавек, калі жорсткую стратэгію ўкараняць пры 1,6 сьмерці на тыдзень на 100 000 чалавек (каля 150 сьмерцяў у выпадку Беларусі);
- 15–32 тысячы чалавек пры «мяккіх» захадах супраць вірусу;
- 68 045 чалавек у адсутнасьць усялякіх істотных захадаў супраць распаўсюду вірусу. Пры тым сцэнары агулам будзе шпіталізавана каля 341 478 пацыентаў з COVID-19, на піку — адначасова шпіталізавана 126 904 пацыенты.
Пад жорсткай стратэгіяй (suppression strategy) маецца на ўвазе камбінацыя:
- закрыцьця ўсіх навучальных установаў;
- самаізаляцыі людзей з тыповымі сымптомамі каранавіруснай інфэкцыі;
- дабраахвотнага двухтыднёвага карантыну ўсіх чальцоў хатняй гаспадаркі, у якой ёсьць чалавек з тыповымі сымптомамі;
- сацыяльнага дыстанцыянаваньня ўсяго насельніцтва, пры якім кантакты між людзьмі зьменшацца на 75%;
- асаблівага сацыяльнага дыстанцыянаваньня старэйшых за 70 гадоў, у тым ліку скарачэньне кантактаў дома.
Нават пры выкананьні ўсіх гэтых умоваў месцаў у аддзяленьнях інтэнсіўнай тэрапіі будзе бракаваць для інфікаваных цягам трох месяцаў.
«Мы не камэнтуем». Працягвае працу санаторый «Пралеска», пасьля лячэньня ў якім памёр чалавек з каранавірусам
6 красавіка стала вядома пра сьмерць мужчыны, які з 5 па 21 сакавіка адпачываў у санаторыі «Пралеска» пад Менскам, расказала дачка памерлага.
Паводле яе, бацьку стала дрэнна ў канцы знаходжаньня ў санаторыі. У яго павысілася тэмпэратура, родныя забралі захварэлага дадому. 26 сакавіка мужчыну шпіталізавалі ў 3-ю лякарню Менску. Па словах дачкі памерлага, там яму зрабілі аналіз на каранавірус, які даў станоўчы вынік. Паводле інфармацыі tut.by, некалькі супрацоўнікаў санаторыя «Пралеска» знаходзяцца на карантыне.
«Мы нічога не камэнтуем, — паведамілі ў санаторыі Свабодзе. — Уся інфармацыя знаходзіцца на сайце Міністэрства аховы здароўя, мы не даём ніякіх камэнтароў».
У Горадзенскім мэдычным унівэрсытэце павялічылі час самастойнай працы студэнтаў
Рэктар Горадзенскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Віктар Сьняжыцкі расказаў, які захады робяць у вучэльні, каб абараніць студэнтаў і выкладчыкаў ад каранавірусу.
Па ягоных словах, на дыстанцыйнае навучаньне ўнівэрсытэт ня можа перайсьці без узгадненьня зь Міністэрствам адукацыі. Пакуль такога рашэньня няма.
Адначасна ўнівэрсытэт зрабіў тыя захады, якія можа рабіць самастойна:
- разьмежаваў патокі студэнтаў, каб яны менш сустракаліся адны з аднымі;
- зьмяніў лягістыку перасоўваньня студэнтаў (яны менш езьдзяць);
- павялічыў колькасьць кантраляванай самастойнай працы: студэнты праз электронны адукацыйны партал атрымліваюць мэтадычныя комплексы і заданьні, якія потым правяраюць выкладчыкі.
Сьняжыцкі паведаміў, што адну іх студэнтку, якая прыехала зь Віцебску ў Горадню, шпіталізавалі з падазрэньнем на каранавірус. У кантакце зь іншымі студэнтамі яна не была. Вядома, што пазытыўнага выніку ейнага тэста на каранавірус няма.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
Украіна зрабіла больш жорсткімі абмежаваньні ў рамках барацьбы з СOVID-19
6 красавіка ва Ўкраіне пачалі дзейнічаць новыя абмежаваньні ў рамках барацьбы з каранавірусам COVID-19. Цяпер у грамадзкіх месцах нельга зьяўляцца без маскі або рэсьпіратара.
Таксама забаронена хадзіць групамі больш за дзьве асобы, за выключэньнем суправаджэньня дзяцей. Дзецям да 14 гадоў забаронена зьяўляцца ў грамадзкіх месцах, уключаючы дзіцячыя пляцоўкі. Акрамя таго, цяпер нельга наведваць паркі, сквэры і іншыя зоны адпачынку.
Людзі старэйшыя за 60 гадоў павінны самаізалявацца. Гэтая забарона не распаўсюджваецца на мэдыкаў і работнікаў прадпрыемстваў крытычнай інфраструктуры. Акрамя таго, пажылыя людзі могуць выйсьці ў краму за прадуктамі або выгуляць хатнюю жывёлу на адлегласьці ня больш за два кілямэтры ад месца самаізаляцыі. Забарона на працу мэтро застаецца ў сіле.
Міністэрства аховы здароўя Польшчы за свой кошт застрахуе лекараў ад каранавірусу. І гэта ня ўсё
Урад Польшчы рыхтуе новыя правілы для лекараў і іншых службаў, якія павінны дапамагчы ў барацьбе з каранавірусам, паведамляе Польскае радыё.
У Міністэрстве аховы здароўя паведамілі, што ўсіх лекараў пачнуць масава страхаваць на выпадак, калі яны ці чальцы іх сем’яў заразяцца каранавірусам. Выдаткі на дадатковае страхаваньне мэдыкаў пакрые Міністэрства аховы здароўя.
У ведамстве таксама нагадалі, што, згодна з палажэньнямі пакета ўрадавай дапамогі «Антыкрызісны шчыт», лекары, якія захварэюць падчас эпідэміі, атрымаюць дапамогу ў памеры 100% іх зарплаты. Раней у Нацыянальным фондзе аховы здароўя паведамілі аб гарантаваным бясплатным доступе мэдпэрсаналу да тэставаньня на каранавірус.
На сёньняшні дзень у Польшчы выяўлена 4021 выпадкі заражэньня каранавіруснай інфэкцыяй, 98
Тэмпы выяўленьня выпадкаў COVID-19 у Беларусі істотна адрозьніваюцца ад эўрапейскіх краінаў з насельніцтвам каля 10 мільёнаў чалавек
У Беларусі пацьвердзілі 700 выпадкаў каранавірусу
Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала ў сваім Telegram-канале статыстыку выпадкаў COVID-19 у Беларусі на 6 красавіка. Як раней тлумачыла міністэрства, гэтыя лічбы актуальныя на 8 гадзін раніцы.
Паводле міністэрства, цяпер:
- 634 чалавекі з каранавіруснай інфэкцыяй «на стацыянарным лячэньні»;
- асноўная частка зь іх — «кантакты першага ўзроўню», якія на момант выяўленьня вірусу ўжо былі ў стацыянарах;
- у большасьці хвароба працякае ў лёгкай або сярэдняй форме;
- 53 чалавекі выпісаныя здаровымі;
- 13 чалавек памерлі, яны мелі «шматлікія хранічныя захворваньні, абцяжараныя каранвіруснай інфэкцыяй»;
- міністэрства не публікуе агульнай колькасьці зафіксаваных выпадкаў COVID-19, але калі скласьці 634 на лячэньні + 53 выпісаныя + 13 памерлых, выходзіць роўна 700 выпадкаў — 138 новых за дзень;
- «звыш 40 тысяч» тэстаў на каранавірусную інфэкцыю правялі ад пачатку эпідэміі;
- агулам за апошнія два дні выпісалі 355 пацыентаў, якія былі на розных формах кантролю і лячэньня ў сувязі ў каранавірусам.
Днём раней Мінздароўя паведамляла пра 562 выпадкі: 502 чалавекі пад назіраньнем мэдыкаў, 52 выпісаныя пасьля лячэньня, 8 памерлі. Два дні таму было 440 выпадкаў і 5 сьмерцяў, тры дні таму — 351 выпадак і 4 сьмерці.
Карыкатура паводле рэальных «рэкамэндацыяў» Лукашэнкі
Лукашэнка параіў есьці тлустае «супраць каранавірусу». Мэдыкі раяць адваротнае
Індыя ператварае цягнікі ў шпіталі. Упершыню за 167 гадоў чыгунка закрытая
Упершыню за 167 гадоў у Індыі прыпыненая чыгунка. Да 14 красавіка 20 тысяч старых складаў ператвораныя ў аддзелы для людзей, інфікаваных каранавірусам.
У першыя два тыдні будзе падрыхтавана 5000 філіялаў. Кожны вагон зможа разьмясьціць 16 пацыентаў, мэдсясьцёр і абсталяваньне.
Індыйская чыгуначная сетка зьяўляецца чацьвёртай па велічыні ў сьвеце. Гэта найбуйнейшы працадаўца ў краіне. Нягледзячы на тое, што ў Індыі было зарэгістравана толькі 4288 выпадкаў каранавіруса і 117 выпадкаў сьмерці, мабільныя палаты могуць падтрымаць сыстэму аховы здароўя ў выпадку рэзкага павелічэньня захворваньняў.
Мастак надзеў маскі на дрэвы ў цэнтры Менску
«Жахлівая ўспышка гвалту ў сем’ях» адбылася на фоне карантынаў, — генэральны сакратар ААН
Генэральны сакратар Арганізацыі аб’яднаных нацыяў Антонію Гутэрыш выступіў 5 красавіка з заклікам абараніць жанчын, якія трапілі ў пастку ва ўласных хатах — сам-насам з гвалтаўніком.
Разам з колькасьцю выпадкаў хваробы COVID-19 расьце і колькасьць выпадкаў хатняга гвалту, адзначыў Гутэрыш, і яна расьце настолькі хутка, што ён быў вымушаны выступіць з асобным зваротам пра гэта.
Яшчэ нядаўна Гутэрыш выступаў з заклікам да краінаў, якія ваююць, каб тыя склалі зброю і змагаліся з агульным ворагам — каранавірусам.
«Але гвалт не абмяжоўваецца полем бою, — адзначыў Генэральны сакратар ААН. — Многіх жанчын і дзяўчат небясьпека чакае там, дзе яны павінны адчуваць сябе ў поўнай бясьпецы: ва ўласным доме».
У Нямеччыне чацьвёрты дзень запар падае колькасьць новых інфэкцыяў
За апошнія 24 гадзіны колькасьць інфікаваных каранавірусам SARS-CoV-2 у Нямеччыне павялічылася на 3677 чалавек. Агульная колькасьць заражаных у краіне павялічылася да 95 391 паводле дадзеных Інстытута Робэрта Коха.
Нядзеля стала чацьвёртым днём запар, калі колькасьць новых выяўленых інфэкцый у Нямеччыне падае, адзначае Reuters.
Напярэдадні там было выяўлена 5936 каранавірусных інфэкцый.
Колькасьць ахвяр Covid-19 у Нямеччыне павялічылася на працягу дня на 92, да 1434. Па колькасьці выяўленых каранавірусных інфэкцый Нямеччына займае трэцяе месца ў Эўропе — пасьля Гішпаніі і Італіі. У сваю чаргу, па колькасьці ахвяр Covid-19 краіна зьяўляецца шостай у Эўропе.