«Бяз слова «карантын». Мінкультуры не падтрымала патрабаваньне актораў закрыць тэатры падчас пандэміі
Міністэрства культуры не падтрымала патрабаваньне аб «неадкладным закрыцьці на карантын тэатраў Беларусі». Пэтыцыя зьявілася неўзабаве пасьля таго, як стала вядома пра сьмерць актора віцебскага Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа Віктара Дашкевіча. Яе падпісалі больш за 860 чалавек.
- У адказе на зварот актораў Мінкультуры ніводнага разу не ўжыла слова «карантын». Урадоўцы адпісалі, што «работа тэатральна-відовішчных арганізацыяў у пэрыяд пандэміі каранавірусу арганізаваная згодна з рэкамэндацыямі Міністэрства аховы здароўя».
- Адзін з аўтараў пэтыцыі актор і рэжысэр Магілёўскага драматычнага тэатру Уладзімер Пятровіч адказ зь Міністэрства культуры называе адпіскай.
Будзь здаровы як тур! Карысныя выразы пра здароўе
Здароўе — абсалютная каштоўнасьць для беларускае мовы. Этымолягі ўглядаюць у ім корань дрэва/дзерава — гатовы магічны эпітэт-параўнаньне у адным слове.
- Здаровага чалавека параўноўваюць ня толькі з быком і дубам, але і зь мітычным турам.
- Стрыжань беларускага традыцыйнага этыкету — зычэньні здароўя. Яны і ў вітаньнях (здароў быў!), і ў разьвітаньнях, і ў падзяках.
- Здароўе — лідэр першай тройкі народных каштоўнасьцяў у сьвяточных зычэньнях і тостах.
- Маем запамінальныя дзеясловы для апісаньня паправунку — адужаць, паправіцца, акрыяць, ачуняць.
Каранавірус у Берасьці: захварэла студэнтка з Віцебску
У студэнткі, якая ляжала ў Цэнтральнай гарадзкой бальніцы Берасьця, знайшлі каранавірус. Уначы яе перавезьлі ў інфэкцыйнае аддзяленьне Берасьцейскай абласной клінічнай бальніцы, паведамляе tut.by.
Дагэтуль дзяўчына праляжала тры дні з падазрэньнем на пнэўманію ў Цэнтральнай гарадзкой бальніцы ў палаце, дзе разам зь ёй было пяць чалавек.
«Разам са мной усю палату шпіталізавалі, усіх сваякоў», — сказала яна. Паводле галоўнага лекара ЦГБ Алега Вялічкі «усе кантакты першага ўзроўню перавялі ў інфэкцыйную бальніцу».
Дзяўчына вучыцца ў Віцебскім дзяржаўным мэдыцынскім унівэрсытэце.
Пасьля пераходу ВНУ на дыстанцыйнае навучаньне яна прыехала ў Берасьце.
Праз каранавірус з турмаў Францыі вызвалілі тысячы зьняволеных
У Францыі праз эпідэмію каранавірусу з турмаў вызвалілі больш як 6 тысяч чалавек. Міністэрства юстыцыі ініцыявала датэрміновае вызваленьне хворых і тых, у каго неўзабаве скончыцца тэрмін пакараньня.
Улады Расеі спынілі вываз сваіх грамадзянаў з-за мяжы
Гэтак робяць, каб абараніць здароўе грамадзян і абмежаваць увоз хваробы з-за мяжы, заявіў апэратыўны штаб ураду Расеі ў барацьбе з каранавірусам. Усяго за мяжой застаюцца ад 25 да 35 тысяч расейцаў
У мэдунівэрсытэце пра перавод на дыстанцыйнае навучаньне: «пытаньне прапрацоўваецца»
У рэктараце менскага мэдыцынскага ўнівэрсытэту сказалі, што пытаньне пра перавод студэнтаў на дыстанцыйнае навучаньне «прапрацоўваецца».
«Пакуль на гэты конт нічога вам не магу сказаць, пакуль пытаньне прапрацоўваецца. Пакуль мы вырашаем іншыя пытаньні», — сказала карэспандэнту Свабоды першы прарэктар Ірына Мароз.
У Тэлеграм-каналах паведамляецца, што з панядзелка БДМУ на два тыдні пераводзяць на дыстанцыйнае навучаньне, а 10-ы інтэрнат, адкуль забралі хворага, зьбіраюцца закрыць на карантын.
Спартовыя мерапрыемствы з удзелам дзяцей і падлеткаў спыняюць да 20 красавіка
Міністэрства спорту рэкамэндавала спыніць спартовыя мерапрыемствы з удзелам дзяцей і падлеткаў.
Таксама да 20 красавіка рэкамэндуюць не праводзіць спартова-масавыя мерапрыемствы.
Разам з тым, працягнуцца футбольны, хакейны і гандбольны чэмпіянаты. Рэкамэндуецца выконваць эпідэміялягічныя і санітарныя захады падчас іх правядзеньня.
У другім па колькасьці хворых на каранавірус рэгіёне за суткі ня выявілі ніводнага новага выпадку
У Віцебскай вобласьці, другім па колькасьці хворых на каранавірус рэгіёне Беларусі, за суткі ня выявілі ніводнага новага выпадку COVID-19. Новых сьмерцяў ад каранавірусу таксама не зафіксавалі.
У Гомлі начныя клюбы будуць працаваць да 22-й гадзіны
Гомельскі гарвыканкам 2 красавіка прыняў рашэньне абмежаваць працу дыскатэк, начных клюбаў, боўлінгу, більярдных, кампутарных клюбаў, забаўляльных устаноў і «іншых аналягічных аб'ектаў на тэрыторыі Гомля» пасьля 22.00 да «стабілізацыі эпідэміялягічнай абстаноўкі». Таксама гарвыканкам адмяняе правядзеньне выстаў і кірмашоў. Адпаведнае рашэньне падпісаў старшыня гарвыканкаму Пятро Кірычэнка.
У Кітаі скануюць твар наведнікам перад уваходам
Падляскі беларус у Пекіне, польскі журналіст, піша, што ў Кітаі ставяць сканінг у грамадзкіх месцах. У крамах і рэстаранах у вас аўтамамат праверыць тэмпэратуру і, пэўна, дазнаецца, хто вы.
Каранавірус на Ўзьдзеншчыне. У бальніцу забралі сямʼю з аграгардка Возера
Як паведамілі Свабодзе мясцовыя жыхары, у жанчыны, якая працуе ў Менскай бальніцы хуткай дапамогі, станоўчы аналіз на каранавірус.
Яе муж распавёў карэспандэнту Свабоды, што жонка цяпер знаходзіцца ў бальніцы ў Салігорску. Яго зь дзецьмі і ўнукамі паклалі ў Узьдзенскую бальніцу.
«У жонкі на вірус станоўчы аналіз. Яна працуе на хуткай, а там захварэў доктар. А нас ізалявалі, узялі тэсты, але вынік пакуль невядомы. Дачка, сын, унукі, усе ў адной палаце. У доме правялі дэзынфэкцыю».
Зьменшылася колькасьць аўтобусных рэйсаў у менскі аэрапорт
Пасьля адмены авіяпералётаў менш людзей стала езьдзіць у аэрапорт «Менск». Адпаведна «Менсктранс» зьменшыў колькасьць аўтобусных рэйсаў. Новы расклад можна паглядзець тут.