Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бяз слова «карантын». Мінкультуры не падтрымала патрабаваньне актораў закрыць тэатры падчас пандэміі


Нацыянальны драматычны тэатар імя Якуба Коласа ў Віцебску

Міністэрства культуры не падтрымала патрабаваньне аб «неадкладным закрыцьці на карантын тэатраў Беларусі».

Пэтыцыя зьявілася на сайце Petitions.by 31 сакавіка неўзабаве пасьля таго, як стала вядома пра сьмерць актора віцебскага Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа Віктара Дашкевіча. Яе падпісалі больш за 860 чалавек.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Чаго патрабавалі акторы

  • Увесьці ва ўсіх тэатрах Беларусі рэжым карантыну з адменай спэктакляў, гастроляў, рэпэтыцый і іншых культурна-масавых мерапрыемстваў на два тыдні,
  • Абвясьціць непрацоўнымі для работнікаў усіх калектываў тэатраў як мінімум два бліжэйшыя тыдні (да 15 красавіка 2020 году).
  • Захаваць заработную плату для работнікаў і зьнізіць пляны па даходах, наведвальнасьці і іншых паказьніках, прымяніць усе магчымыя падатковыя льготы, па магчымасьці арганізаваць фінансавую падтрымку з боку дзяржавы, калі сытуацыя стане крытычнай.

Што адказала міністэрства культуры акторам?

У адказе на зварот актораў Мінкультуры ніводнага разу не ўжыла слова «карантын». Урадоўцы адпісалі, што «работа тэатральна-відовішчных арганізацыяў у пэрыяд пандэміі каранавірусу арганізаваная згодна з рэкамэндацыямі Міністэрства аховы здароўя». Яны даводзяць:

  • — Ад 12 сакавіка на дадзены момант адмененыя, альбо перанесеныя на больш позьнія тэрміны культурна-відовішчныя мерапрыемствы з удзелам замежных творчых калектываў;
  • — У сувязі са зьніжэньнем глядацкага попыту дзяржаўныя тэатральна-відовішчныя арганізацыі ў Менску і рэгіёнаў адмяняюцца, альбо пераносяцца на канец красавіка;
  • — У тых тэатральна-відовішчных арганізацыях, якія працягваюць працу, практыкуецца свабодная рассадка гледачоў у залі;
  • — Ува ўсіх тэатральна-відовішчных арганізацыях праводзяцца неабходныя проціэпідэміялягічныя захады;
  • — Для дзяржаўных тэатральна-відовішчных арганізацыях захоўваецца фінансаваньне, у тым ліку па сацыяльна значным артыкулам.

Актор і рэжысэр Уладзімер Пятровіч: Дзяржава нічому ня хоча вучыцца

Адзін з аўтараў пэтыцыі актор і рэжысэр Магілёўскага драматычнага тэатру Уладзімер Пятровіч адказ зь Міністэрства культуры называе адпіскай. Ён кажа, што «пад закрыцьцём тэатраў разумелася адмова ад пастановак і рэпэтыцыяў».

«Ёсьць ужо прэтэндэнт у Менску, у Рэспубліканскім тэатры Беларускай драматургіі, — адзначае ён. — Актор захварэў і цяпер ягонае кола рэпэтыцыйных кантактаў абсьледуецца на карнавірус».

Па зьяўленьні пэтыцыі магілёўскі тэатар перавялі ў рэжым рэпэтыцыйнай дзейнасьці.

Уладзімер Пятровіч заўважае, што ў адказе ня гучыць жорсткага слова ад дзяржавы «карантын». Паводле яго «Чарнобыльская аварыя нічому яе не навучыла і цяпер яна ня хоча вучыцца»

«Але яе трэба шавяліць, — лічыць ён, — бо ў Міністэрстве чакаюць указаньняў зьверху, а самі яны палец аб палец не ўдараць».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG