Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус у Беларусі як масавае згвалтаваньне «слабых»


Словы Лукашэнкі пра адказнасьць «слабых людзей» за сваю хваробу альбо сьмерць – гэта самае звычайнае абвінавачваньне ахвяры. А абвінавачваюць ахвяр тады, калі ня хочуць называць сапраўды вінаватых.

Лукашэнка кажа, што каранавірус – гэта псыхоз, і што найлепшыя лекі – гэта трактар, поле, гарэлка і хакей, але лякарні пры гэтым масава перапрафілююцца пад кантакты першага і другога ўзроўню, а ў паліклініках зьяўляюцца асобныя ўваходы для людзей з падвышанай тэмпэратурай. Міністэрства аховы здароўя заяўляе, што мэдыкам усяго хапае, але пры гэтым стварае дабрачынны рахунак для ахвярваньняў на барацьбу з каранавірусам.

Але гэта ўсё, як аказалася, была драбяза. Пасьля адмовы ўводзіць карантын і абвінавачваньняў людзей у масавым псыхозе Аляксандр Лукашэнка так пракамэнтаваў сьмерць віцебскага актора Віктара Дашкевіча: «Ну мы ж прасілі – яму заўтра 80 гадоў будзе… – чаго ты ходзіш па гэтай вуліцы, а тым больш працуеш?». І ў той жа дзень на сустрэчы з Натальляй Качанавай ён заявіў, што няма чаго зачыняць людзей у кватэрах.

А вось і яшчэ адна цытата з Лукашэнкі: «Шуміху паднялі з нагоды чацьвярых памерлых! Аднаго правяраем, у траіх пацьверджаны каранавірус. Я спытаў учора ў [старшыні Віцебскага аблвыканкаму] Шарстнёва з нагоды апошняга выпадку сьмерці. Ён сказаў: «А як можна жыць? 135 кг вагі! » Сэрца амаль не працуе, гэта баліць, тое баліць, цэлы букет хвароб. Вірус атакуе слабых».

Такія супярэчлівыя пасланьні, і такі цынізм шмат каго абурылі. Паскуднае гэтае адчуваньне, калі спачатку цябе вінавацяць у адным, а потым у супрацьлеглым, і ўвогуле патрабуюць незразумела чаго. Але гэта ж зусім не новы падыход, так заўжды было.

Гэта клясычнае абвінавачваньне ахвяраў, пра якое ў іншым кантэксьце пішуць і гавораць ужо гадамі. Грамадзкая пазыцыя адносна жаночай бясьпекі ўся складаецца з такіх супрацьлеглых пасланьняў.

  • Як гэта ты баісься ўваходзіць у ліфт з незнаёмцам? Зусім ужо параноіш?
  • А чым ты думала, калі вярталася дамой адна па цёмнай вуліцы?
  • Табе трэба больш давяраць людзям!
  • Як ты дадумалася застацца начаваць у адной кватэры зь сябрам дзяцінства?

Мы ўсё гэта бачым і чуем штодня, таму цяперашняе гістэрычнае жаданьне Лукашэнкі ўсядзець на двух крэслах адначасова не выклікае зьдзіўленьня. Але ўсё адно бясконца абурае і абражае, бо мэдыкі не вінаватыя, што заражаюцца, калі ў іх не хапае сродкаў індывідуальнай абароны, а Віктар Дашкевіч не вінаваты ў тым, што працягваў хадзіць на працу, калі дзяржава не абвясьціла карантын.

Любыя размовы пра адказнасьць «слабых людзей» за сваю хваробу альбо сьмерць – гэта самае звычайнае абвінавачваньне ахвяры.

А абвінавачваюць ахвяр тады, калі ня хочуць называць сапраўды вінаватых. І праўда, не заявіць жа Лукашэнка, што Віктар Дашкевіч захварэў і памёр, бо быў вымушаны хадзіць на працу праз тое, што ён, Аляксандар Лукашэнка, выступае супраць карантыну.

Не, прызнаньне памылак і іх выпраўленьне – гэта не пра нашыя ўлады. Яны і далей будуць расказваць, што гэта мы самі ўсё робім няправільна – няправільна самаізалюемся альбо адмаўляемся ад самаізаляцыі, няправільна носім ці адмаўляемся насіць маскі, няправільна ходзім у крамы самі ці замаўляем дастаўку прадуктаў на дом. Наша калектыўная сукенка заўжды будзе занадта кароткай.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG