Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

19:38 19.3.2020

У Расеі за суткі выяўлена яшчэ 52 заражаных

Расейскі Апэратыўны штаб па барацьбе з распаўсюджваньнем каранавірусу ня стаў уключаць загінулую ў чацьвер масквічку з інфэкцыяй у статыстыку гібелі ад хваробы.

Сьмяротных выпадкаў у Расіі не зарэгістравана, паведаміў штаб ў чацьвер інфармацыйным агенцтвам. Прычынай гібелі інфікаванай пацыенткі лекары назвалі тромб, які адарваўся. Пры гэтым, сайты, якія зьбіраюць міжнародную статыстыку па пандэміі, уключылі гэты выпадак у свае дадзеныя аб новых памерлых ад інфэкцыі.

Па стане на 19 сакавіка колькасьць хворых, якія заразіліся каранавіруснай інфэкцыяй у Расеі, вырасла да 199.

19:38 19.3.2020

СМІ: у Кітаі маглі маніпуляваць дадзенымі аб каранавірусе

Старшыня КНР Сі Цьзіньпін
Старшыня КНР Сі Цьзіньпін

Дадзеныя аб новых заражэньнях каранавірусам у кітайскім горадзе Ухань падпалі пад маніпуляцыі падчас прыезду туды на мінулым тыдні старшыні КНР Сі Цзіньпіна.

Пра гэта расказаў адзін з мясцовых лекараў у інтэрвію японскаму агенцтву Kyodo. Паводле лекара, перад прыездам Сі некалькі пацыентаў з сымптомамі каранавірусу былі адпушчаныя з карантыну раней за тэрмін, а частка тэстаў — прыпыненая.

Суразмоўца Kyodo, які працуе ў адной з карантынных установаў, заклікае не давяраць афіцыйнай статыстыцы: «Колькасьць пацыентаў, якія застаюцца на лячэньні, знарок прымяншаць, каб прадэманстраваць посьпехі цэнтральнага ўраду ў барацьбе з эпідэміяй».

Нейкага афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі, як і камэнтароў з боку кітайскіх уладаў, на гэты момант няма.

19:27 19.3.2020

Захварэў першы кіраўнік дзяржавы — прынц Манака

У прынца Манака Альбэрта ІІ выўялены каранавірус, але ягонае здароўе не выклікае непакою. Пра гэта паведаміў манацкі двор.

62-гадовы Альбэрт ІІ — першы кіраўнік дзяржавы, які публічна паведаміў пра заражэньне новым каранавірусам

Яго даглядаюць дактары з шпіталя, які носіць імя прынцэсы Грэйс, прынцавай маці, колішняй амэрыканскай акторкі. Альбэрт ІІ працягвае працу з хатняга офісу ў палацы і застаецца ў сталым кантакце з урадоўцамі. У сваёй заяве прынц заклікаў жыхароў сваёй дзяржавы датрымлівацца ўмоваў карантыну.

18:49 19.3.2020

У Турэччыне памерлі 26 туркмэнскіх будаўнікоў

У Стамбуле, як паведамляе выданьне «Фергана» са спасылкай на розныя турэцкія крыніцы, памерлі 26 ураджэнцаў Туркмэністану, якія працавалі на будоўлях, і яшчэ каля 60 трапілі ў рэанімацыю — яны атруціліся самаробным алькаголем, спрабуючы засьцерагчы сябе ад заражэньня каранавірусам новага тыпу. Целы загінулых адправіць на радзіму пакуль немагчыма — праз пандэмію авіязносіны паміж Турэччынайі Туркмэністанам прыпынена.

Падобны выпадак адбыўся ў Іране, дзе нядаўна 27 чалавек памерлі з той жа прычыны — яны пілі мэтылявы сьпірт як «лекі ад каранавірусу». У Турэччыне, па дадзеных на сярэдзіну дня 19 сакавіка — крыху менш за 200 хворых. А ўлады Туркмэністану сьцьвярджаюць, што ў іх краіне ніводнага выпадку захворваньня COVID-19 няма.

18:39 19.3.2020

У ЭЗ просяць Netflix і стрымінгавыя сэрвісы не паказваць відэа ў высокай якасьці праз каранавірус

Улады ЭЗ заклікалі Netflix і іншыя стрымінгавыя плятформы ня паказваць відэа ў высокай якасьці ў сувязі каранавірусам і «беспрэцэдэнтнай» нагрузкай, якая праз усеагульны карантын у многіх краінах легла на мясцовыя інтэрнэт-сеткі. Такую просьбу выказаў эўракамісар Цьеры Брэтан генэральнаму дырэктару Netflix Рыду Хастынгсу.

Netflix, па дадзеных CNN, ужо падтрымаў прапанову ўладаў ЭЗ і пачаў рэгуляваць якасьць відэа ў адпаведнасьці з прапускной здольнасьцю сеткі.

18:21 19.3.2020

«З кожнай пэнсіі купляю па 50 даляраў, адкладаю на сьмерць». У абменьніках чэргі і праблемы з валютай

Абышлі абменныя пункты і даведаліся ад банкаў, чаму ўзьнік дэфіцыт даляраў.

18:21 19.3.2020

Нацбанк: валюты мала, бо абмежаваныя авіязносіны з ЗША

Нацбанк прызнае, што попыт на замежную валюту на ўнутраным валютным рынку Рэспублікі Беларусь павысіўся. Гэта адбілася на дынаміцы курсу беларускага рубля ў адносінах да замежных валют.

18:20 19.3.2020

Беларуская чыгунка пакідае па адным цягніку да Масквы і Пецярбургу

Застаюцца толькі два цягнікі Беларускай чыгункі ў Расею:

  • № 2 / 1 Менск — Масква,
  • № 52 / 51 Берасьце — Санкт-Пецярбург.
18:19 19.3.2020

Калі застрахаваная паездка сарвалася праз карантын, грошы ня вернуць — Белдзяржстрах

У беларускай дзяржаўнай кампаніі «Белдзяржстрах» патлумачылі, як дзейнічае страхоўка ў сувязі з пандэміяй каранавірусу.

18:18 19.3.2020

Чыноўнікі патлумачылі, што будзе зь беларусамі, якія ня могуць вярнуцца з-за мяжы. ВІДЭА

аводле Міністра спорту і турызму Сяргея Кавальчука, большасьць людзе набывалі туры з пералётам праз Маскву. У аэрапорце «Внукава» свой рэйс чакаюць каля 100 чалавек, 19 сакавіка за імі вылеціць борт «Белавіі». Беларусы ня будуць плаціць за гэты чартэр.

18:17 19.3.2020

Каранавірус: малы бізнэс просіць падтрымкі ад ураду Беларусі

Аб’яднаньне «Пэрспэктыва» просіць урад аб падтрымцы індывідуальных прадпрымальнікаў на фоне нэгатыўнага ўплыву на эканоміку пандэміі каранавірусу, зьніжэньня пакупніцкай актыўнасьці і закрыцьця межаў суседніх дзяржаў, што перашкаджае пастаўкам і продажу тавараў.

Зварот 19 сакавіка накіраваў у Савет міністраў старшыня аб’яднаньня Анатоль Шумчанка.

18:17 19.3.2020

«Грамадзян Беларусі не саджаць». Беларускія турысты ня могуць вярнуцца дадому праз Маскву

Турфірмы кажуць, што Расея жорстка паставілася да беларускіх грамадзян у сытуацыі зь перакрыцьцём межаў.

Прадстаўніца турыстычнай кампаніі InnTourLab Ганна расказала карэспандэнту Свабоды, што беларускія турысты праз такую пазыцыю Расеі ня могуць вылецець зь Індыі, Віетнаму, Тайлянду і Шры-Лянкі. Пра Эгіпет вядома, што адтуль усіх вернуць, бо наладжаны добрыя авіязносіны. А турыстаў з краін Азіі забраць складана, бо яны лятуць праз Маскву, а расейскі бок ануляваў іхныя білеты і не пускае на свае самалёты.

18:16 19.3.2020

«Дапамогі ні ад кога не чакаем», — беларусы, якія пацярпелі ад закрыцьця мяжы з Расеяй

Беларускія транспартныя кампаніі зьвялі да мінімуму пасажырскія перавозкі ці зусім спынілі такія паслугі. Страхавыя арганізацыі цярпяць страты ад спыненьня пасажырапатоку ў Расею. Гастарбайтэры ня могуць выехаць на працу. Такая карціна першых дзён з закрытай расейскай мяжой.

17:51 19.3.2020

Усясьветны патрыярх загадаў падначаленым праваслаўным цэрквам спыніць службы да канца сакавіка

Кіраўнік праваслаўнай царквы Усясьветны патрыярх Варфаламей загадаў усім падначаленым Канстантынопаля праваслаўным цэрквам спыніць праз каранавірусам усе службы і абрады як мінімум да канца сакавіка.


Заяву Усясьветнага патрыярхата была распаўсюджана раніцай 19 сакавіка, калі ў сьвеце было зарэгістравана больш за 218 тысяч выпадкаў заражэньня COVID-19 і больш за 8800 сьмерцяў.

Патрыярх заклікаў усіх праваслаўных вернікаў абмежаваць вандроўкі і заставацца ў дамах — для ўласнай бясьпекі і абароны насельніцтва. Манастыры, як вынікае з распараджэньня, будуць працягваць праводзіць рэгулярныя рэлігійныя службы для сваіх манаскіх супольнасьцяў, але ня будуць дапускаць на іх іншых паломнікаў і наведвальнікаў.

17:40 19.3.2020

Як Эўропа ратуе свае эканомікі ад абвалу падчас пандэміі

Кіраўнікі эўрапейскіх краінаў на працягу апошняга тыдня прапанавалі шэраг радыкальных захадаў і фінансавых інтэрвэнцый, каб выратаваць свае эканомікі ад наступстваў пандэміі каранавірусу.

Маюцца на ўвазе фінансавыя ўліваньні беспрэцэдэнтных памераў у гісторыі Эўразьвязу.

Прапануем кароткі агляд гэтых захадаў, зроблены на падставе матэрыялу «Gazety Wyborczej».

Падрабязнасьці ТУТ.

16:09 19.3.2020

Дзьве аптэчныя сеткі Беларусі запусьцілі онлайн-замову лекаў у найбліжэйшую аптэку. Мінздароўя абяцае наладзіць дастаўку лекаў з аптэк

Аптэчныя сеткі ADEL і «Добрыя лекi» запусьцілі магчымасьць онлайн-замоваў лекаў, мэдыцынскіх тавараў і тэхнікі з дастаўкай у бліжэйшую да чалавека аптэку. Онлайн-браніраваньне запрацавала амаль ва ўсіх гарадах краіны. Замовы будуць выдаваць у больш чым 316 аптэках сетак. Для старых людзей прадугледзелі браніраваньне лекаў па тэлефоне.

На сёньня аптэкам Беларусі нельга дастаўляць лекі на дом. Але Міністэрства аховы здароўя прапрацоўвае пытаньне дастаўкі лекаў з аптэк, паведаміў БелТА кіраўнік ведамства Уладзімер Каранік. «Калі ёсьць электронны рэцэпт, ня трэба папяровага носьбіта. Гэта значыць пэнсіянэр можа патэлефанаваць у паліклініку, і доктар выпіша электронны рэцэпт. Безрэцэптурныя прэпаратаў можна будзе замовіць па тэлефоне альбо па інтэрнэце з дастаўкай на дом», — сказаў міністар.

Пакуль гаворка ідзе пра аптэкі, якія маюць стацыянарную сетку, у прыватнасьці, дыстрыб'ютары «Фармацыя». Магчыма, да сыстэмы змогуць далучыцца і іншыя буйныя сеткі.

16:00 19.3.2020

Лукашэнку «праінфармавалі спэцыялісты», што ад COVID-19 ратуе лазьня. Чаму гэта ня так, тлумачыць мэдык

«Калі вы сядзіце ў саўне, а чалавек кудысьці перад вамі кашлянуў на паліцу, тады так, калі там сухое паветра 100 градусаў, вірус загіне досыць хутка, — кажа доктар-рэаніматоляг Зьміцер Салошкін, які нядаўна падрабязна расказваў пра тое, як засьцерагчыся ад каранавірусу. — Але тэмпэратура цела чалавека ўсярэдзіне гэта адна з самых жорсткіх канстантаў. І нават калі самая моцная хвароба, гэта 40 градусаў.

Нават калі вы сядзіце ў саўне, тэмпэратура цела застаецца стабільнай. Так што чалавек-носьбіт гэтага вірусу, калі пасядзеў у саўне, выйдзе і зноў будзе кашляць і распаўсюджваць вірус.

Саўна за кошт тэмпэратуры можа хіба што „аўтаматычна“ праводзіць дэзынфэкцыю, але ў целе чалавека нельга дасягнуць такой тэмпэратуры».

Лекар дадае: і іншыя «народныя сродкі», як часнык і цыбуля, ня лічацца дзейнымі, а сапраўдныя рэкамэндацыі супраць COVID-19 даступныя і даволі простыя.

На самой справе, у Сусьветнай арганізацыі здароўя няма дасьледаваньняў, якія б паказвалі, што вірус SARS-CoV-2 гіне пры тэмпэратуры ў 60 градусаў. Вядома толькі, што падобны (але не цяперашні) вірус SARS хутчэй (але не адразу і ня цалкам) гіне пры тэмпэратурах звыш 56°С (але ня ў целе чалавека, вакол якога такая тэмпэратура павета, а пры непасрэдным нагрэве саміх вірусных часьцінак).

Таксама Лукашэнка 19 сакавіка параіў мыць рукі гарэлкай і «ўнутр 100 грам». Але гарэлка недастаткова эфэктыўная для ачысткі рук і зусім неэфэктыўная супраць вірусаў у арганізьме. Рукі рэкамэндуюць мыць сродкамі дэзынфэкцыі, якія ўтрымліваюць ня менш за 60% сьпірту, або проста мылам.

15:05 19.3.2020

МТС дазволіў бясплатна званіць у беларускія консульствы

МТС дазволіў абанэнтам, якія знаходзяцца ў роўмінгу, бясплатна званіць на гарачыя лініі беларускіх дыпляматычных прадстаўніцтваў за мяжой.

Ад 18 сакавіка званкі на гарачыя лініі будуць бясплатныя на любым тарыфе для ўсіх абанэнтаў — як фізычных, так і карпаратыўных. Гэта тычыцца таксама званкоў на надзвычайны нумар Міністэрства замежных спраў Беларусі: +375 17 327−29−22. Сайт МТС таксама не тарыфікуецца.

Поўны пералік нумароў для бясплатных званкоў тут.

Ад 17 сакавіка ўсе абанэнты life:) могуць бясплатна званіць на тэлефоны гарачых ліній Беларусі па пытаньням каранавірусу і на нумары надзвычайных ліній беларускіх дыпляматычных ведамстваў за мяжой.

14:46 19.3.2020

Як шпіталізуюць хворага на каранавірус у Менску. ФОТА

Чытачы Свабоды даслалі фота шпіталізацыі менчука з дому на вуліцы Магілёўскай.

14:43 19.3.2020

«Адменены водпуск не канец сьвету». Псыхоляг раіць, як захаваць спакой падчас пандэміі

Як перажыць пандэмію каранавірусу, не паддацца панічным настроям, абараніць сябе, пазьбегнуць масавага псыхозу? Чаму Беларусь не абвясьціла карантыну і не закрыла межы, як зрабілі іншыя краіны? Што добрага можна знайсьці ў карантыне?

Пра гэта ў інтэрвію Свабодзе разважае гештальт-тэрапэўт, псыхоляг Дар’я Альпэрн-Каткоўская, якая жыве ў ізраільскім Эйлаце.

Чытаць далей >>

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG