Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЭЗ просяць Netflix і стрымінгавыя сэрвісы не паказваць відэа ў высокай якасьці праз каранавірус


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Улады ЭЗ заклікалі Netflix і іншыя стрымінгавыя плятформы не паказваць відэа ў высокай якасьці ў сувязі з каранавірусам і «беспрэцэдэнтнай» нагрузкай, якая праз усеагульны карантын у многіх краінах лягла на мясцовыя інтэрнэт-сеткі.

Такую просьбу выказаў эўракамісар Цьеры Брэтан у выніку тэлефоннай размовы з генэральным дырэктарам Netflix Рыдам Гастынгсам 18 сакавіка.

Брэтан заклікаў людзей і кампаніі выкарыстоўваць стандартную якасьць для прагляду відэа ва ўсіх выпадках, калі гэта магчыма. Такім чынам, паводле яго, магчыма будзе забясьпечыць доступ да інтэрнэту для ўсіх карыстальнікаў і не перагружаць інтэрнэт-інфраструктуру.

«Стрымінгавыя плятформы, тэлекам-апэратары і карыстальнікі — мы ўсе нясем агульную адказнасьць за тое, каб інфраструктура інтэрнэту функцыянавала падчас нашай бітвы з каранавірусам», — заявіў эўракамісар.

Netflix, паводле зьвестак CNN, ужо падтрымаў прапанову ўладаў ЭЗ і пачаў рэгуляваць якасьць відэа ў адпаведнасьці з прапускной здольнасьцю сеткі. Таксама стрымінгавы сэрвіс працуе над тым, каб перадаваць відэа зь бліжэйшага да карыстальніка сэрвэру, каб менш загружаць канал.

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

У Facebook таксама прызналі, што рэзка вырасла наведвальнасьць сеткі у сувязі з тым, што мільёны людзей у многіх краінах сьвету былі вымушаныя заставацца дома і замяняць рэальныя зносіны на анлайнавыя. Кіраўнік Facebook Марк Цукербэрг адзначыў рэзкі — больш чым удвая — рост колькасьці карыстальнікаў галасавых паведамленьняў і відэазванкоў у WhatsApp і Facebook Messenger. Такі трафік, паводле яго, назіраецца звычайна толькі ў навагоднюю ноч, калі людзі пачынаюць масава адзін аднаго віншаваць.

У пераважнай большасьці краінаў, дзе зафіксаванае інфікаваньне каранавірусам, працадаўцы пераводзяць супрацоўнікаў на аддаленую працу. На дыстанцыйнае навучаньне таксама пераходзяць школы і ВНУ, расьце трафік мэсэнджэраў, інтэрнэт-крамаў і відэасэрвісаў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG