Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Грамадзян Беларусі не саджаць». Беларускія турысты ня могуць вярнуцца дадому праз Маскву


Ілюстрацыйнае фота. Пасажыру робяць тэст на каранавірус у міжнародным аэрапорце Шарамецьева пад Масквой, 17 сакавіка 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. Пасажыру робяць тэст на каранавірус у міжнародным аэрапорце Шарамецьева пад Масквой, 17 сакавіка 2020 году

Турфірмы кажуць, што Расея жорстка паставілася да беларускіх грамадзян у сытуацыі зь перакрыцьцём межаў.

Прадстаўніца турыстычнай кампаніі InnTourLab Ганна расказала карэспандэнту Свабоды, што беларускія турысты праз такую пазыцыю Расеі ня могуць вылецець зь Індыі, Віетнаму, Тайлянду і Шры-Лянкі. Пра Эгіпет вядома, што адтуль усіх вернуць, бо наладжаны добрыя авіязносіны. А турыстаў з краін Азіі забраць складана, бо яны лятуць праз Маскву, а расейскі бок ануляваў іхныя білеты і не пускае на свае самалёты.

Аэрапорт Унукава перапоўнены беларускімі турыстамі

Яшчэ 18 сакавіка першым рэйсам некаторыя турысты з Гоа пасьпелі вылецець у аэрапорт Унукава, але далей «усё спынілася». Сёньня адтуль не змаглі вылецець 11 чалавек.

«Рэйс зьняла авіякампанія „Россия“. Яна скасавала ўсе білеты нават пры ўмове таго, што мы для ўсіх сваіх турыстаў (нехта і сам) пасьпелі набыць білеты з Масквы да Менску. То бок транзытны рэйс у нас быў. Але авіякампанія ўсё роўна на гэта не зьвярнула ўвагі, яны проста анулявалі ўсе білеты. Гэта высьветлілася ўчора ўначы. Таму тут больш пытаньняў да авіякампаніі. Калі я пытала, на якой падставе, то адказалі, што ў Расеі ўвялі жорсткія правілы і расейскі прэм’ер Мішусьцін даў такое ўказаньне: грамадзян Беларусі не саджаць».

Паводле прадстаўніцы InnTourLab, адпаведна закону вывазам турыстаў павінны займацца Міністэрства замежных справаў і амбасады Беларусі.

«З усімі трымаем сувязь, але пакуль нам міністэрства адказвае, што яны нешта робяць, але што канкрэтна — пакуль незразумела. Сытуацыя пакуль падвешаная, самалёт для беларусаў пакуль не знайшлі».

Паводле Ганны, некаторыя турысты прылятаюць у аэрапорты Шарамецьцева і Дамадзедава, то адтуль можна вылецець транзытам у Беларусь, там сытуацыя «крыху прасьцейшая».

«Але на гэты момант Унукава перапоўнена нашымі турыстамі. У мяне там тры чалавекі з Віетнаму. Яны прыляцелі, але ня маюць білетаў да Менску і пакуль у падвешаным стане. Мы спрабуем зьвязацца зь беларускім консульствам у Маскве, але да іх дазваніцца складана. Яны кажуць, што спрабуюць вырашыць пытаньне, зьвязваюцца з расейскім урадам, і пакуль складана сказаць, хто і калі людзей забярэ. Я зразумела з паведамленьняў МЗС, што цяпер ідуць перамовы, каб дазволіць беларускім турыстам пакідаць Унукава, проста выходзіць на вуліцу і рабіць ім трансфэр. Але пакуль толькі размовы. Сам аэрапорт сытуацыю таксама не камэнтуе».

Сама яна лічыць закрыцьцё межаў праз эпідэмію правільным рашэньнем.

«Але шкада, што Расея так жорстка паставілася да беларусаў, што ім нельга нават выходзіць з аэрапорту», — кажа яна.

Турыстам, якія прылятаюць у маскоўскае Дамадзедава, даводзіцца купляць білеты да Менску, і, паводле Ганны, «амбасада пакуль не адказвае, хто ім павінен яшчэ аказаць дапамогу».

Хто павінен кампэнсаваць выдаткі — гэта «вельмі складанае пытаньне», кажа яна.

«Наагул паводле закону Беларусі ў такой сытуацыі гэтым мусяць займацца амбасада і МЗС. Але пакуль няма афіцыйнага адказу, хто за што павінен плаціць», — заключае Ганна.

Прадстаўніца турыстычнай кампаніі кажа, што заплянавана многа тураў на летнія месяцы. Усе яны актуальныя, казаць пра ануляваньне цяпер бессэнсоўна.

«Расея закрыла мяжу да 1 траўня. Магчыма, і ў нас закрыюць мяжу, гэта было б добра. Мы спадзяемся, што за гэты час усе перажывуць каранавірус, усё наладзіцца і турысты змогуць паехаць па сваіх накіраваньнях».

«Новай інфармацыі пра вылет не паступала»

Беларускія турысты, якія не змаглі ўчора вылецець з Гоа, паведамілі карэспандэнту Свабоды, што пераначавалі ў гатэлі.

«Цяпер нам прапанавалі пераехаць мясцовыя людзі — амаль бясплатна, хто колькі можа, зьбіраем рэчы і накіроўваемся туды. Новай інфармацыі пра вылет і прапановаў ні ад кога не паступала». — сказаў адзін з турыстаў Галей.

«Думала, што кашмар увесь скончыўся ў Нячангу»

Адна зь беларускіх турыстак, якая змагла даляцець зь Нячангу (Віетнам) у аэрапорт Унукава, расказала на сваёй старонцы ў інстаграме, што пасьля таго як пасажыраў пасадзілі на борт, камандзір самалёта абвясьціў, што грамадзяне Беларусі і Казахстану мусяць пакінуць борт. Але Віетнам у адказ абвясьціў, што ня прыме беларускіх турыстаў, і закрыў мяжу.

«Думала, што кашмар увесь скончыўся ў Нячангу, калі нас пасадзілі на борт», — піша турыстка.

Але, прыбыўшы ў Маскву, яна не змагла вылецець у Менск.

«Я і яшчэ 50 беларусаў сядзім у транзытнай зоне і нечага чакаем. Мой багаж невядома дзе, там і куртка. Дубак і змрок тут. Больш за ўсё шкада маленькіх дзяцей, яны таксама тут», — напісала яна.

Карэспандэнту Свабоды пакуль не ўдалося атрымаць камэнтар ад МЗС Беларусі пра тое, ці вырашана пытаньне з транзытам беларускіх турыстаў праз Расею.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG