Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Квіток з Тыраны ў Менск каштаваў 300 эўра. Як беларусы вяртаюцца і не вяртаюцца дахаты падчас эпідэміі


Ілюстрацыйнае фота. У менскім аэрапорце, студзень 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. У менскім аэрапорце, студзень 2020 году

Пасьля закрыцьця межаў, адмены авіярэйсаў і ўвядзеньня карантыну ў эўрапейскіх краінах праз каранавірус беларусы зь цяжкасьцямі вяртаюцца дадому.

«Дабрацца было вельмі праблематычна, усё было перапоўнена, мы страцілі шмат грошай і наогул думалі, што там давядзецца застацца», — кажа беларуска Юлія Рабініна, якая вярталася ў Менск з Альбаніі.

Юлія Рабініна
Юлія Рабініна

Яна брала ўдзел у праграме студэнцкіх абменаў «Эразмус» і на тыдзень прыляцела 9 сакавіка ў Альбанію. На той момант паведамлялася, што ў гэтай краіне зарэгістраваны толькі адзін выпадак заражэньня каранавірусам.

«Мы падумалі, што ўсё нармальна. Ляцелі праз Вену, а адтуль у Тырану. На другі дзень нам сказалі, што горад будуць закрываць на карантын. Выявілі некалькі заражаных чалавек, і ўжо такія захады. Там пазачыняліся ўсе крамы, кавярні, адмянілі нават паездкі на прыватным транспарце».

У праекце, апроч беларусаў, бралі ўдзел прадстаўнікі Італіі, Гішпаніі, Партугаліі, Даніі, Армэніі. Вылятаць дадому беларусы павінны былі 16 сакавіка.

«Але, калі мы прыехалі ў Альбанію, нам на пошту прыйшло паведамленьне, што квіткі адмененыя. Нам сказалі, што іх можна перанесьці на 18 сакавіка, мы пагадзіліся. Мы правялі яшчэ адзін дзень на праекце, і 12 сакавіка нам паведамілі, што праект згортваецца, бо Тырана закрываецца на карантын, — расказала Юлія. — Нам сказалі тэрмінова шукаць квіткі дадому і што не даюць ніякіх гарантый, што мы зможам вярнуцца назад, бо ўсе гарады закрываюцца.

У аэрапорце
У аэрапорце

Адзіныя квіткі, якія мы знайшлі, праз Турэччыну, каштавалі вельмі дорага, і нам давялося прасіць грошай у бацькоў, каб яны іх выслалі тэрмінова, бо квіткі раскуплялі проста на вачах. Яны каштавалі каля 300 эўра ў адзін бок. Мы баяліся, што іх проста не застанецца. Яшчэ мелі праблемы з карткай, бо сэрвіс быў перагружаны».

Паводле Юліі, арганізатары не змаглі вярнуць усе грошы за білеты, а толькі палову.

«Арганізатар з Альбаніі павінен быў нас праводзіць і пасадзіць на нейкі транспарт, каб даехаць да аэрапорта, які знаходзіцца прыкладна так далёка ад горада, як і ў Менску. Нас павялі па горадзе да плошчы, дзе мусіў быў быць аўтобус, але тут высьветлілася, што ён прызначаны толькі для экіпажу. Наш арганізатар неяк дамовіўся з кіроўцам, мы зразумелі, што за нейкую даплату. Нас высадзілі яшчэ перад аэрапортам. Нас было трое беларусаў і дзьве дзяўчыны з Армэніі, якія таксама мелі праблемы з квіткамі, — сказала Юлія.

У аэрапорце дзяўчаты правялі яшчэ амаль дзень, і калі пачалася рэгістрацыя, то ўзьнікла нейкая праблема з рэйсам, яго затрымалі на 4 гадзіны.

«Там ляцелі ў асноўным туркі і яшчэ адзін украінец, які нам дапамог. Ён сказаў, што дабіраўся ў аэрапорт пешшу, потым ён купіў нам ежу. Мы ў выніку яшчэ каля 8 гадзінаў чакалі самалёт».

Юлія расказала, што ў аэрапорце ў Альбаніі ва ўсіх мералі тэмпэратуру, а ў Турэччыне не. У Беларусі тэмпэратуру замяралі цеплавізарам.

У самалёце
У самалёце

«Але, ня ведаю чаму, яны не заўважылі, што ў мяне была павышаная тэмпэратура, якую я памерала ўжо дома. Паколькі ў нас быў кантакт з італьянцамі, мы настаялі, каб у нас узялі аналіз у аэрапорце, — кажа Юлія. — Я лічу, што тэсты павінны рабіць ва ўсіх пасажыраў, якія прылятаюць. Цяпер у многіх адмяняюцца рэйсы, авіялініі перагружаныя, людзі тэрмінова набываюць білеты. Цяпер ня важна, адкуль ляціш, зь якога аэрапорта, праверку трэба рабіць усім».

Юля кажа, што цяпер у Менску можа працаваць дыстанцыйна, нікуды не выходзіць з дому, хаця тэст у яе адмоўны.

«Няма гарантый, што рэйс не анулююць»

На Telegram-канал Свабоды прыходзяць паведамленьні ад беларусаў, якія трапілі ў складаныя сытуацыі па дарозе на радзіму.

Двое паведамілі, што яны «практычна заблякаваныя» ў Малайзіі, хоць раней купілі квіткі Куала-Лумпур — Дэлі — Алматы — Масква.

«Вылецець ня можам як мінімум празь першы сэгмэнт пералёту, бо Індыя анулявала візы да 15 красавіка, ну і незразумелая сытуацыя з Казахстанам і Расеяй. Сёньня сама Малайзія закрывае межы, пакуль незразумела толькі, на прылет або на вылет таксама. Вельмі балючае пытаньне ў тым што, „ЭйрАстана“ ўсяляк спрабуе не вяртаць грошы за квіткі. Другі момант — зь невялікай колькасьці магчымых рэйсаў ніякі ня можам выбраць, бо няма гарантый, што пасьля набыцьця квіткоў гэты рэйс не анулююць на наступны ж дзень. Зьвярталіся ў пасольства Беларусі ў Індыі і Малазіі-Інданэзіі — пакуль нічога дакладага растлумачыць ня могуць», — піша беларус пад нікам Z...l.

Паводле яго, яшчэ ёсьць беларусы, якія затрымаліся на Філіпінах.

«Там наогул сытуацыя крытычная, ім трэба нібыта за дзень пакінуць краіну — іх высяляюць з гостэлаў, але яны ня могуць з астравоў у сталіцу трапіць, ды і вылецець нікуды ня могуць».

«На працы папрасілі не выходзіць два тыдні»

Ілюстрацыйнае фота. Маскі ў нямецкай краме
Ілюстрацыйнае фота. Маскі ў нямецкай краме

Яшчэ адна беларуска напісала Свабодзе, што ляцела 13 сакавіка празь Вільню самалётам WizzAir у Дортмунд (Нямеччына) да свайго хлопца. Білет назад быў на 16 сакавіка да Вільні. Аднак паведамілі, што рэйс адмяняецца.

«Патэлефанавалі ў амбасаду Беларусі ў Нямеччыне на экстраны нумар. Мужчына сказаў, што трэба падумаць і што варта пашукаць шлях назад. Даведаліся, што Літва закрывае мяжу. Думалі, што варта паехаць цягніком да Бэрліна і адтуль цягніком на Менск. Але і Польшча ўжо закрыла мяжу.

У нядзелю перазванілі з амбасады і сказалі ехаць у Нідэрлянды і ляцець праз Амстэрдам рэйсам „Белавія“, бо рэйсы зь Нямеччыны таксама закрываюцца. На шчасьце, была магчымасьць паехаць на машыне і перачакаць там пару дзён. І ў выніку 17 сакавіка прыляцела дадому. Самае крыўднае, што на працы папрасілі не выходзіць два тыдні і аформіць водуск за свой кошт. Звычайны адпачынак узяць не магу, хутчэй за ўсё, бо не прапрацавала 6 месяцаў. Але добра, што была магчымасьць і фінансы паляцець дадому».

Дзяўчына кажа, што ў менскім аэрапорце па ўласным жаданьні здала тэст на каранавірус.

Наста засталася на карантыне ў Польшчы

Ілюстрацыйнае фота. Мэдыкі ў ахоўных касьцюмах у польскім Любліне
Ілюстрацыйнае фота. Мэдыкі ў ахоўных касьцюмах у польскім Любліне

Наста, якая вучыцца ў прыватным унівэрсытэце ў Варшаве, не пасьпела выехаць у Менск, бо калі вырашыла вярнуцца дадому, то цягнікі ўжо не хадзілі і «Белавія» адмяніла ўсе рэйсы.

«Наш унівэрсытэт на карантыне да 25 сакавіка, заняткі адбываюцца онлайн. Амаль усе рэстараны, кавярні, гандлёвыя цэнтры зачыненыя, працуюць аптэкі і звычайныя крамы, такія як Biedronka, Auchan. На вуліцы вельмі мала людзей. Я жыву ў інтэрнаце, сюды нельга пускаць староньніх, ад 23 гадзін да 6 раніцы ў інтэрнат нельга наогул зайсьці. Каля вахтарак вісіць абвестка, каб мы трымалі пэўную дыстанцыю, калі бяром ключ. Яшчэ да ўвядзеньня карантыну ва ўнівэрсытэце віселі санітайзэры, хаця людзей у масках у Варшаве я ня бачыла. Мы можам выходзіць з інтэрнату, але няма рэзону, бо нічога не працуе. Мы па тры-чатыры дні сядзім у інтэрнаце і нікуды не вылазім», — расказала Наста карэспандэнту Свабоды.

Наста кажа, што ў яе ўнівэрсытэце спачатку не хацелі ўводзіць карантын, хаця ўсе ў Польшчы былі ўжо закрытыя. Ва ўнівэрсытэце вучацца студэнты з розных краін.

«Увечары аўторка прыйшло паведамленьне, што ў кожнага, хто прыйдзе ва ўнівэрсытэт, будуць мераць тэмпэратуру; прасілі апрацоўваць рукі праз санітайзэры. Студэнты былі ўжо „на вушах“ і ўвесь „Інстаграм“ кіпеў мэмамі пра тое, што наша ВНУ ня хоча закрывацца. Ва ўнівэрсытэт мы так і не дайшлі: празь некалькі гадзін прыйшло паведамленьне, што на заўтра ўсе лекцыі адмянілі і ўводзіцца карантын».

Наста лічыць, што рашэньне пра ўвядзеньне карантыну было слушным.

«Мы амаль што ні з кім не кантактуем. Адкуль вірусу ўзяцца? Таму так і павінна быць».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG