Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Эўропа ратуе свае эканомікі ад абвалу падчас пандэміі


Кіраўнікі эўрапейскіх краінаў на працягу апошняга тыдня прапанавалі шэраг радыкальных захадаў і фінансавых інтэрвэнцый, каб выратаваць свае эканомікі ад наступстваў пандэміі каранавірусу.

Маюцца на ўвазе фінансавыя ўліваньні беспрэцэдэнтных памераў у гісторыі Эўразьвязу.

Прапануем кароткі агляд гэтых захадаў, зроблены на падставе матэрыялу «Gazety Wyborczej».

Нямеччына

Галоўная мэта ўраду Нямеччыны — забясьпечыць фінансавую ліквіднасьць кампаній.

Дзяржаўны банк Kreditanstalt für Wiederaufbau (Крэдытны банк дзеля рэканструкцыі) абавязаны надаваць кампаніям крэдыты зь вельмі нізкай працэнтнай стаўкай, дзякуючы якім кампанія можа ўтрымаць ліквіднасьць і забясьпечыць выплаты заробкаў працаўнікам. На гэтую мэту ўрад выдзеліў 20 мільярдаў эўраў.

Урад запэўнівае, што ў выпадку патрэбы дзяржаўны бюджэт падтрымае банк дадатковымі грашмі. Падчас крызысу 2008 году ўрад Ангелы Мэркель зрабіў уліваньні ў эканоміку памерам 50 мільярдаў эўраў.

Аўстрыя

Аўстрыя мае намер выдзеліць эканоміцы 38 мільярдаў эўраў: 9 мільярдаў на гарантыі крэдытаў, 15 мільярдаў на непасрэдную дапамогу найбольш пацярпелым галінам, 10 мільярдаў на выплату запазычанасьці кампаній дзяржаве.

Гішпанія

Урад выдзяляе 200 мільярдаў эўраў, каб выратаваць прадпрыемствы ад падзеньня, а працаўнікоў ад страты працы, даходаў і жытла.

Францыя

Прэзыдэнт Эмануэль Макрон запэўніў французаў, што праз пандэмію каранавірусу не абанкруціцца ніводная кампанія і ніводзін грамадзянін не застанецца бяз сродкаў да існаваньня. Абвешчаны плян падтрымкі дзяржаўных прадпрыемстваў прадбачвае ўліваньні на агульную суму 45 мільярдаў эўраў.

Чэхія

Чэскі ўрад запусьціў транш беспрацэнтных крэдытаў на суму 1 мільярда кронаў (45 мільёнаў даляраў) для прадпрымальнікаў, якія панесьлі страты праз пандэмію. Каб ратаваць эканоміку, дзяржава цягам наступных трох месяцаў павінна падрыхтаваць пакет дапамогі варты каля 40 мільярдаў кронаў (каля 2 мільярдаў даляраў).

Вялікая Брытанія

Падрыхтаваны ўрадавы плян ратаваньня эканомікі ад абвалу прадбачвае ўліваньні на агульную суму 350 мільярдаў фунтаў стэрлінгаў (415 мільярдаў даляраў), зь якіх 330 мільярдаў фунтаў складаюць гарантаваныя пазыкі для кампаній.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG