Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 100 праціўнікаў акумулятарнага заводу сабраліся ў цэнтры Берасьця


Акумулятарны завод пад Берасьцем
Акумулятарны завод пад Берасьцем

Міліцыя папярэдзіла ўдзельнікаў акцыі пра адказнасьць, але затрыманьняў не было.

Каля 100 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу сабраліся ў цэнтры Берасьця 16 лютага, паведамляе агенцтва БелаПАН. Такія сустрэчы праходзяць на плошчы Леніна ў абласным цэнтры кожную нядзелю з 25 лютага 2018 году. Паводле падлікаў праваабаронца Рамана Кісьляка, у 12.40 на плошчы было каля 100 чалавек. Міліцыя праз мэгафон папярэджвала іх аб адказнасьці за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі.

Людзі, якія сабраліся на плошчы, абмяркоўвалі пачатак разгляду 14 лютага ў судзе справы ў дачыненьні да Юліі Якаўчык.

Паводле матэрыялаў справы, абвінавачаная займала кіруючую пасаду ў Берасьцейскай абласной лябараторыі аналітычнага кантролю «Рэспубліканскага цэнтра аналітычнага кантролю ў галіне навакольнага асяроддзям». Яна двойчы ўнесла загадзя ілжывыя зьвесткі ў пратакол правядзеньня вымярэньняў, якія пацьвярджаюць факт захаваньня акумулятарным заводам ТАА «АйПауэр» заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя.

Актывісты прыйшлі 14 лютага на першае судовае пасяджэньне, у іх ліку быў і праваабаронца Раман Кісляк.

«Гэта адна з крымінальных справаў, якія расьсьледавала Генэральная пракуратура ў 2019 годзе. Усе гэтыя справы павінны дайсьці да суда і прадэманстраваць, як асобныя чыноўнікі хаваюць небясьпеку гэтага прадпрыемства для здароўя людзей, — сказаў Кісьляк у камэнтары БелаПАН. — На заводзе прайшлі толькі пусканаладкавыя работы, а ўжо ідзе падтасоўка вынікаў выкідаў шкодных рэчываў. Мы не застрахаваныя ад паўтарэньня ў выпадку запуску прадпрыемства. Калі гэты сьвінцовы завод не прыбраць, ён будзе нас цкаваць, а нам будуць распавядаць, што выкідаў амаль няма. Такі завод берасьцейцам не патрэбны».

У сваю чаргу актывістка Алена Макарэвіч лічыць, што «прасочваецца сыстэма жульніцтва бізнэсу: укараніць ва ўсе структуры, якія ім патрэбныя, сваіх людзей і карыстацца гэтым у сваіх інтарэсах».

Сход на плошчы Леніна ў Берасьці скончыўся без затрыманьняў. Актывісты прайшліся цэнтрам гораду да кінатэатра «Беларусь».

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG