Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікае айчыннае паўстаньне Каліноўскага


Цырымонія пахаваньня Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863–64 гадоў у Вільні, 22 лістапада 2019 году
Цырымонія пахаваньня Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863–64 гадоў у Вільні, 22 лістапада 2019 году

У камэнтарах да гісторыі з помнікам Пушкіну ці не найчасьцей гучаў папрок, маўляў, ня той помнік выбраў пэрформэр. Трэба было фарбаваць рукі Леніну, Дзяржынскаму ці іншаму крывасмоку.

Але Пушкін не дыктатар. І пэрформанс быў не пра тое, не пра тыранію, а пра «наша і ня наша», як своеасаблівы адказ на «Пушкін наша ўсё». Наша — у сэнсе «русское». Ня наша, адказаў пэрформэр, чужое.

Тэма свайго-чужога не магла ня ўзьнікнуць у Беларусі на руінах СССР. Як пераацэнка ўсіх каштоўнасьцяў на выхадзе з таталітарызму і русіфікацыі. Але ўжо празь некалькі гадоў, з прыходам першага прэзыдэнта, былі вернутыя і таталітарызм, і русіфікацыя, і важная тэма амаль заглухла, толькі раз-пораз усплываючы з розных нагодаў.

Нацыянальны герой — Мураўёў-вешальнік

Напрыклад, зусім нядаўна паўстаньне Каліноўскага ў дзяржаўных выданьнях зноў пачалі называць «польскім», то бок адразу і безапэляцыйна ня нашым, не беларускім, чужым. Праўда, самі называльнікі разумеюць сваю крывадушнасьць. Для іх тут не пытаньне «польскасьці» ў гістарычным кантэксьце важнае, а менавіта сьвядомае адлучэньне беларусаў ад уласнай гісторыі. Гэта ідэалёгія нэакаляніялізму. Каліноўскі і паўстаньне адназначна чужыя для цяперашняй расейскай ідэалёгіі, а значыць, павінны быць чужымі і для беларусаў. Бо «наша ўсё» — расейскае. Нават відавочна свой Быкаў для афіцыёзу недзе на дзясятым месцы.

Дзяржаўныя ідэолягі разам з прадстаўнікамі РПЦ замест «польскага» Каліноўскага падсоўваюць нам «таленавітага адміністратара» Мураўёва, які Каліноўскага павесіў і якога ў беларускім народзе з пакаленьня ў пакаленьне называлі «вешальнікам». Гэты расейскі «усмиритель польского мятежа» павінен успрымацца беларусамі за свайго.

Як тут не прыгадаць іншы пэрформанс з помнікам — Мураўёву ў Вільні. Пасьля таго, як тамтэйшы помнік Кацярыне ІІ аблілі валяр’янкай і да імпэратрыцы зьбегліся ўсе віленскія каты, а самому Мураўёву адбілі каменем вуха, вакол гэтых «усмирителей» былі выстаўленыя гарадавыя. Трэба меркаваць, такія, як цяпер каля будынка МУС у Менску.

Каліноўскі — стваральнік сучаснай беларускай нацыі, дзейнічаў на сваёй беларускай зямлі і на сваёй беларускай мове ў інтарэсах свайго беларускага народу. А Мураўёў — чужы адміністратар, прысланы да нас на тое, каб ніякай беларускай нацыі ніколі не было. Немагчыма ўявіць сабе пэрформанс з помнікам Каліноўскага. Нікому зь беларусаў такое і ў галаву ня прыйдзе.

Што зрабілася ва Ўкраіне

У адрозьненьне ад «чужога» паўстаньня Каліноўскага, у якім нарадзіўся і вырас палітычны суб’ект Беларусі, мінулую вайну дзяржаўныя ідэолягі называюць Айчыннай, гэта значыць «сваёй». Пра гэта таксама вядуцца дыскусіі ў незалежным грамадзтве. Але што ў той вайне нашага, беларускага, апроч незьлічонай колькасьці ахвяр?

Што ў гісторыі мы лічым сваім і што чужым? Падзеі, у якіх нараджаецца або праяўляецца суб’ект народу, героі, якія ўвасабляюць гэтую суб’ектнасьць, — свае. Падзеі і героі, для якіх твой народ служыць аб’ектам — чужыя. Наш народ, наша дзяржава, наша незалежнасьць, кажам мы пра свой народ, сваю дзяржаву, сваю незалежнасьць — сваю свабоду дзейнічаць паводле ўласнага сумленьня.

Калі ва Ўкраіне пачалася вайна на Данбасе, яна стала для ўкраінцаў сваёй — абаронай незалежнасьці. На гэтым тле адбылося пераасэнсаваньне мінулай вайны, якая перастала для ўкраінцаў быць Вялікай Айчыннай, а стала савецка-нямецкай, гэта значыць чужой вайной на сваёй тэрыторыі. Бо не ўкраінцы яе разьвязалі, не ўкраінцы ставілі ў ёй нейкія мэты, ніякім чынам ня ўлічваліся ў ёй украінскія інтарэсы. Украінцы ў ёй пацярпелі.

«Свая» Вялікая Айчынная вайна мела шмат герояў, Вялікую Перамогу, гісторыю баявых дзеяньняў. Пры гэтым на задні плян адыходзіла тэма чалавечых ахвяраў, разбураных гарадоў, а жыцьцё на акупаваных тэрыторыях і ўвогуле лічылася злачынствам.

Цяпер жа, назваўшы савецка-нямецкую вайну чужой, украінцы разгледзелі ў ёй для сябе гісторыю акупацыяў, для іх стаў важны кожны пацярпелы ад яе чалавек і горад, а суб’ект народу праяўляўся менавіта ў жыцьці пад акупацыяй, у аднаўленьні ўкраінскай школы, украінскай царквы, наладжваньні цывільнага жыцьця і стварэньні ўкраінскіх вайсковых фармаваньняў — ва ўсім тым, чаго не заўважала або што асуджала «свая» Вялікая Айчынная вайна. У чужой вайне ўкраінцы не маглі перамагчы, таму не магло быць і Вялікай Перамогі для іх. Перамога несла вызваленьне ад адной чужой тыраніі і палон іншай чужой тыраніі. Гэтак Украіна вярнулася да гуманістычнай традыцыі, зь якой была вырваная Расейскай імпэрыяй.

Сказанае пра Ўкраіну лёгка перанесьці на Беларусь — сэнсы тыя самыя. Хіба што Беларусь не адмовілася пакуль ад «сваёй» Вялікай Айчыннай і «сваёй» Вялікай Перамогі. Трэба думаць, таму, што палітыка Расеі ў дачыненьні да Беларусі пакуль не зайшла далей за малочныя і нафтавыя войны.

Украінцы стрымліваюць патас сваёй вайны на Данбасе, разумеючы, што само гэтае прызнаньне вайны сваёй можа быць спакусаю залішне гераізаваць уласных вайскоўцаў, сярод якіх рознага люду хапае, і прыніжаць або нават кляйміць насельніцтва Данбасу, як гэта было і ёсьць у кантэксьце «сваёй» Вялікай Айчыннай. Якраз вяртаньне да гуманістычнай традыцыі і адсутнасьць сваёй украінскай тыраніі засьцерагаюць украінцаў ад гэтага патасу і гэтага праклёну.

Савецкая, не беларуская вайна

Ідэалягічны канцэпт Вялікай Айчыннай вайны і Вялікай Перамогі трымаўся на панятку «савецкі народ», то бок расейцы і ўсе вакол іх. (За мяжой, між іншым, так і не зразумелі гэтага выверту і называлі ўсіх савецкіх пагалоўна «рускімі», няхай ты эстонец ці кіргіз.)

У гэтым сэнсе можна было вайну называць сваёй, бо ў ёй можна было разгледзець суб’ект калі ня гэтага самага народу, дык ягонага кіраўніцтва. Але савецкага народу няма ўжо дзесяцігодзьдзі. Больш за тое, амаль усе народы вакол Расеі былі атакаваныя ёю з дапамогай калі не мілітарнай, дык дыпляматычнай ці гандлёвай зброі. І гэтыя атакі працягваюцца. Савецкі народ, калі б ён рэальна ўтварыўся, не ўяўляў бы зь сябе русіфікаваных іншародцаў з настальгіяй па ўласнай рабскай мінуўшчыне. Ён мусіў бы нейкім чынам выяўляць сваю суб’ектнасьць, нават калі б рабіць гэта было «не положено». Але ён гэтага ня робіць. Бо яго няма.

Часам па традыцыі кажуць, што ў Беларусі пад немцамі народны суб’ект праяўляўся ў выглядзе стыхійнай (не прысланай з Масквы) партызанкі і падпольля. І гэта, маўляў, падстава лічыць вайну і перамогу «сваімі».

Мне ў такіх выпадках згадваецца сумная гісторыя Ісая Казінца, які арганізаваў менскае падпольле, пры цёмных абставінах быў схоплены і павешаны немцамі і з гэтага моманту трапіў пад забыцьцё. Пасьля ліквідацыі казінцоўскага падпольля ўвесь падпольна-партызанскі рух ініцыяваўся і кіраваўся ўжо з Масквы. Толькі ў 60-я гады мінулага стагодзьдзя гісторыю Казінца выцягнуў на белы сьвет пісьменьнік Іван Новікаў. Кажуць, неверагодна цяжка гэта было зрабіць насуперак Васілю Казлову, які і ўзначаліў партызанскі рух за месяц да пакараньня сьмерцю Казінца.

Чытаючы гісторыі гэтых людзей, я, па-першае, не знаходжу ў іхных дзеяньнях памкненьня бараніць народ ці адстойваць нацыянальныя інтарэсы, з чаго б вынікала, што яны і сама вайна для нас «свае». А па-другое, гэтыя гісторыі настолькі патасныя і мутныя, што разгледзець іх у праўдзівым сьвятле немагчыма. Вялікая Айчынная замінае. І толькі праз фокус савецка-нямецкай пачынаюць прарысоўвацца рэальныя падзеі.

Яшчэ адна гісторыя — маёй роднай бабулі, непісьменнай, але выключна беларускамоўнай сялянкі з-пад Мазыра. У 1942 годзе, калі ў Менску павесілі Казінца і пачаў кіраваць Казлоў, на фронце пад Смаленскам загінуў мой дзед. Баба засталася адна з васьмю малымі дзецьмі на руках. І акурат у тым самым годзе немцы спалілі яе вёску — вялізнае паселішча на некалькі тысяч чалавек. За гадзіну людзей папярэдзілі і яны ўсе рынуліся ў лес. Вось там бабуля зь дзецьмі і прабыла да канца вайны, усіх дзяцей захавала. Гэтую гісторыю я ўспамінаю, калі чую аргумэнт пра масавы партызанскі рух. Бо такіх спаленых вёсак па Беларусі было вялікае мноства. І палілі іх немцы ня проста так, а ў адказ на партызанскія дывэрсіі. Калі б я спытаў у бабулі, ці была вайна для яе сваёй, яна б мяне проста не зразумела.

Што ты зрабіў для людзей і для Беларусі — з гэтага і вынікае, свой ты герой ці чужы.

Яшчэ кажуць, што ў плянах Гітлера беларусаў як нацыі ня мусіла быць. Але і ў плянах Хрушчова беларусаў як нацыі ня мусіла быць, калі ён казаў, што беларусы першымі будуць жыць пры камунізьме, бо першыя адкінулі сваю мову на карысьць расейскай. І ў плянах Брэжнева тое самае, бо пры ім і Машэраву ў беларускіх гарадах былі закрытыя ўсе да адной беларускія школы. Пры Гітлеру, наадварот, беларускія школы паўсюль адкрываліся. Праўда, гэта была ініцыятыва саміх людзей. І вось гэтыя настаўнікі-ініцыятары часта рабіліся ахвярамі прысланых з Масквы дывэрсантаў. Толькі мы ні пра што гэта ня мусілі ведаць. Фанфары Вялікай Айчыннай і Вялікай Перамогі заглушалі ўсю фактычную праўду пра тое, што рабілася тады на нашай зямлі.

Што «польскі» паўстанец зрабіў для Польшчы

Яны і сёньня заглушаюць, тыя фанфары. Калі чужое выдаецца нам за сваё, а сваё за чужое. Навошта? Бо беларусы ня мусяць мець сваёй суб’ектнай, асобнай ад расейцаў, гісторыі. Кажуць, хто валодае мінуўшчынай, той валодае і будучыняй. А беларусы ня мусяць нічым валодаць, у нас ёсьць каму «рашаць вапросы». Так беларусамі прасьцей кіраваць.

Прычым заявы пра «польскае» паўстаньне робяцца на тле даступнай спадчыны самога Каліноўскага, ягонага палітычнага запавету, дзе ён ясна сьцьвярджае суб’ект сучаснай беларускай нацыі і ставіць задачы дасягненьня дзяржаўнасьці. Каліноўскага — першага і найярчэйшага беларускага палітыка — прапагандысты раяць «не выкарыстоўваць у палітычных мэтах».

І яшчэ. Можа быць, «польскі» Каліноўскі што-небудзь зрабіў для Польшчы? Зрабіў. Ва ўяўленьні палякаў раз і назаўсёды аддзяліў беларускую нацыю ад польскай.

Гэта нармальная зьява, калі суседнія народы адну і тую гісторыю трактуюць па-рознаму, з гледзішча свайго нацыянальнага суб’екта. І сваё для нас можа быць чужым для расейцаў. Нягледзячы на блізкае суседзтва, цяжка назваць хоць адзін эпізод гісторыі, калі б у беларусаў з расейцамі супаў гістарычны лёс. Важная прычына гэтага ў тым, што Расея, Масковія, ня ведала эпохі Адраджэньня і таму ня мае гуманістычнай традыцыі. Мы ж гэтую эпоху прайшлі ў складзе ўсёй Эўропы, калі ў Масковіі была тыранія. Мы і ня ведалі сваёй тыраніі, толькі маскоўскую. Ад якой, на жаль, да канца ніяк ня можам пазбавіцца і цяпер.

У часы некрытычнага мысьленьня мы можам не заўважаць маральнага вымярэньня сваёй гісторыі, сваёй мовы, сваёй культуры. Таму варта нагадаць: кожны народ законна адказны за сваё, а за чужое — як за крадзенае.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG