Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праўнучка Хрушчова пра Пуціна, Сталіна, Трампа і цукеркі


Ніна Хрушчова

Чарговы «Інтэлектуальны клюб Сьвятланы Алексіевіч» прымаў у госьці праўнучку першага сакратара ЦК КПСС Мікіты Хрушчова Ніну Хрушчову. Хрушчова ўжо 17 год жыве ў ЗША і выкладае паліталёгію — а дакладней, займаецца фэномэнам дыктатуры і прапаганды — на факультэце міжнародных стасункаў ва Ўніверсытэце новай школы ў Нью-Ёрку.

Свабода сабрала найцікавейшыя цытаты з сустрэчы.

  • У Амэрыцы жыць цяпер — гэта не вялікая прыемнасьць, таму што ты скажаш: «Прывітаньне, я расеец», і гэта ўжо злачынства.
  • «Оттепель» — гэта назва вельмі літаратурная. Літаратура, прынамсі расейская літаратура да сучаснага пэрыяду, ня ведае добрых канцоў. Што дае нам магчымасьць падумаць, што і ва ўлады няма добрых канцоў.
  • Калі твайго дзядулю (у фільме «Сьмерць Сталіна». — РС) паказваюць бязграматным і поўным ідыётам — гэта вельмі сумна, таму што бабуля Ніна ніколі не чытала яму ў ложку запіскі, ён сам умеў цудоўна чытаць.
  • У Расеі пры існаваньні вэртыкалі ўлады яшчэ вельмі істотна, каб улада выглядала як улада. Ані Хрушчоў, ані Гарбачоў як улада не выглядалі. Пуцін выглядае як улада, Сталін выглядаў як улада.
Ніна Хрушчова (у цэнтры), Сьвятлана Алексіевіч (справа) і вядоўца імпрэзы, расейская журналістка Надзея Ажгіхіна
Ніна Хрушчова (у цэнтры), Сьвятлана Алексіевіч (справа) і вядоўца імпрэзы, расейская журналістка Надзея Ажгіхіна
  • Любая ўлада стварае сабе міталёгію, яна ўся пабудаваная на казцы — у Амэрыцы, у Расеі і г. д. Калі паглядзець на міталёгіі ўсіх астатніх савецкіх кіраўнікоў, яны альбо пашыралі прастору, альбо хаця б глядзелі ў нейкую будучыню. Калі памятаеце, Хрушчоў абяцаў нам камунізм у 1980-я гады. Міталёгія Пуціна глядзіць толькі назад і толькі ў сябе.
  • (Людзі думаюць, што ў часы Сталіна. — РС) быў парадак і жыцьцё было арганізаванае, і на нас глядзелі з павагай. Рэальнасьць тэрору сышла, а міталёгія парадку засталася.
  • Калі ў Менску я была мінулым разам, я зайшла ў кнігарню «Сьветач», пайшла ў літаратуру пра Менск, мне вельмі цікавая архітэктура Менску, і першая кніга, якую я пабачыла, была «Менск — горад Сталіна».
  • Што мне цікава ў маладым пакаленьні, гэта тое, як у іх адначасова жыве і пакланеньне Сталіну, і памкненьне да айфона, жаданьне атрымаць дэпутата ў Маскоўскую Думу, які не фармальны. І якая рэальнасьць з гэтай фрагмэнтаванай сьвядомасьці выйдзе наперад — мы яшчэ ня ведаем. Вельмі шмат залежыць ад таго, што будзе пасьля Пуціна і што будзе ў Амэрыцы пасьля Трампа.
  • Трамп у пэўнай ступені мэтадыктатар, у тым сэнсе, што ён вам кажа, як усё будзе. Але, у адрозьненьне ад Сталіна і дыктатурных формаў, якія маюць рэальнасьць пад сабой, ён кажа гэта ў дыгітальнай форме. Яна абсалютна ніякага дачыненьня да рэальнасьці ня мае.
Ніна Хрушчова падпісвае кнігу наведніку імпрэзы
Ніна Хрушчова падпісвае кнігу наведніку імпрэзы
  • Калі ў 94-м годзе я пайшла ў краму, я пабачыла налепку «Хрушчову тут ня рады». Аказалася, што налепку зрабілі ў 50-м годзе. Я спытала, ці могуць яны мне яе прадаць. Яны сказалі: «Гэта толькі для жарту, хіба што Хрушчоў да нас прыйдзе!»
  • У Амэрыцы таксама ёсьць цукеркі з Трампам. Але розьніца ў тым, што калі я пайду ў нармальную краму, у якой я, напрыклад, набыла вось гэтыя цукеркі з Пуціным і з «Бацькам народаў Сталіным», я іх наўрад ці знайду. Я знайду іх у краме для вечарынак. Такі кітч ёсьць паўсюль. Але паколькі ў Расеі ўсё вызначаецца палітыкай, то нават непалітычныя рэчы робяцца палітыкай. У Амэрыцы гэта ня так.
  • Праз тое, што мы жывём у лічбавым сьвеце, існуе вельмі шмат паралельных рэчаіснасьцяў: з аднаго боку, ёсьць Гілары Клінтан, якая чытае вам лекцыю, а з другога боку — Дональд Трамп, які вам абяцае, што калі вы надзенеце гэтую чырвоную шапку, у вас зноўку будзе вялікая Амэрыка. Шматгранная рэчаіснасьць, у якой мы цяпер жывём, прадугледжвае, што нацыяналізм, магчыма, згіне. Але трайбалізм нікуды ня сыдзе. Дэспатызм нікуды ня сыдзе.
  • Адзінае, што мы зараз можам зрабіць, гэта зразумець, чаму і як, а не аплакваць канец чалавецтва — яно ўсё роўна ніколі ня скончыцца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG