Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Польскі бандыт і мяцежнік». Як у Расеі адрэагавалі на перапахаваньне Каліноўскага і яго паплечнікаў


Урачыстую цырымонію перапахаваньня парэшткаў паўстанцаў 1863–1864 гадоў, якая 22 лістапада адбылася ў Вільні, шырока асьвятлялі беларускія незалежныя і замежныя мэдыя. Свабода паглядзела, што пісалі пра гэтую падзею ў Расеі, дзе паўстанцаў на чале з Кастусём Каліноўскім многія дагэтуль лічаць «ворагамі імпэрыі».

Аказалася, што буйныя інфармацыйныя агенцтвы — ТАСС, РИА «Новости», Интерфакс — «байкатавалі» ўрачыстасьць, нават пра яе не згадаўшы. Затое на многіх менш афіцыйных пляцоўках адзначаўся выразна «антырасейскі кантэкст» публічнай дзеі.

Regnum: «Мяцежнік масава зьнішчаў продкаў беларусаў»

Сэрыя прынагодных матэрыялаў зьявілася ў стужцы агенцтва Regnum. Вось некаторыя загалоўкі:

  • «Польскі бандыт Каліноўскі аказаўся «грамадзянінам Беларусі»,
  • «Афіцыйны Менск адсьвяткуе паўстаньне супраць царскай Расеі ў Літве»,
  • «МЗС Беларусі ўшаноўвае парэшткі польскіх бандытаў»,
  • «У Літве заявілі пра аб’яднаньне народаў у памяць змаганьня супраць Расеі».

«Празаходняя русафобская апазыцыя ў Беларусі разышлася ў поглядах на лёс парэшткаў: адны патрабавалі на незразумелых прававых падставах вывезьці іх у Беларусь, іншыя назвалі патрабаваньні правакацыяй і заявілі пра неабходнасьць урачыста пахаваць іх у Вільні, — уводзіць чытачоў у курс нехта Георгій Шклоўскі. — Піку гэтая блюзьнерская, адкрыта рэвізіянісцкая эпапея дасягнула 17 лістапада: выступаючы перад прэсай, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Каліноўскі «дзейнічаў на нашай тэрыторыі, быў нашым чалавекам, калі хочаце, грамадзянінам».

Аўтар робіць закіды і ў бок беларускіх нацыяналістаў, якія лічаць «польскага мяцежніка, вінаватага ў масавым зьнішчэньні продкаў цяперашніх беларусаў», нацыянальным героем і змагаром за незалежнасьць Беларусі.

Віленскі Катэдральны пляц падчас цырымоніі пахаваньня паўстанцаў, 22 лістапада
Віленскі Катэдральны пляц падчас цырымоніі пахаваньня паўстанцаў, 22 лістапада

Евразия Daily: «Пад бандэраўскім лёзунгам «Героі не паміраюць!»

У падобнай танальнасьці апісвае падзеі 22 лістапада іншая прапагандысцкая пляцоўка рунэту — Евразия Daily. Выніковы артыкул называецца «У Вільні ўрачыста перазахавалі правадыроў антырасейскага паўстаньня».

«Першымі зьявіліся труны з парэшткамі Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага, кіраўнікоў паўстаньня, — адзначаецца ў артыкуле. — Беларускія нацыяналісты расказвалі, што хаваюць „герояў барацьбы за незалежнасьць“, а апазыцыйны палітык Павал Севярынец выкрыкнуў бандэраўскі лёзунг „Героі не паміраюць!“. Сярод прысутных заўважаныя важакі беларускай апазыцыі: Станіслаў Шушкевіч, Рыгор Кастусёў, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Някляеў. На працягу дзьвюх з паловай гадзінаў яны мелі магчымасьць разьвітацца з парэшткамі, выстаўленымі ў саборы».

У іншым матэрыяле крытыкуецца віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка, які «высока ацаніў» значэньне паўстаньня для беларускай гісторыі, зьвязаўшы яго зь «перарастаньнем беларускага нацыянальна-культурнага руху ў барацьбу за дзяржаўнасьць у форме народаўладзьдзя» («Віцэ-прэм’ер Беларусі: Каліноўскі — сын беларускай зямлі»).


Фонд стратэгічнай культуры: «Нічога (бела)рускага ў яго не было»

Электроннае выданьне «Фонд стратэгічнай культуры» не хавае абурэньня, што ў Літве на дзяржаўным узроўні адбылося ўрачыстае перапахаваньне парэшткаў удзельнікаў «мяцяжу» 1863 году, у тым ліку аднаго з ідэолягаў «взбунтовавшейся шляхты» Канстанціна Каліноўскага, які толькі «прыкідваўся» беларускім селянінам.

«Галоўнай мэтай мяцяжу было вяртаньне польска-каталіцкай шляхце, якая прыгнятала праваслаўнае насельніцтва, „залатых вольнасьцяў“ часоў Рэчы Паспалітай, — адукоўвае рэсурс. — Каліноўскі і Серакоўскі пакараныя сьмерцю за злачынствы: удзел у забойствах расейскіх салдатаў, сялянаў, праваслаўных сьвятароў. На гэтым фоне дзіўна выглядала прысутнасьць на працэдуры ўшанаваньня забойцаў віцэ-прэм’ера Петрышэнкі. Яшчэ раз: Каліноўскі быў палякам, заклікаў польскую шляхту да паўстаньня супраць Расейскай імпэрыі. І мроіў аб Рэчы Паспалітай, якая паглыне Беларусь. Нічога (бела)рускага ў тым чалавеку не было».

Канструяваньне міту пра сумеснае паўстаньне палякаў, літоўцаў, беларусаў і ўкраінцаў супраць царскай Расеі працягваецца, падсумоўвае безыменны «ўласны карэспандэнт».

Вільня, 22 лістапада
Вільня, 22 лістапада

RuBaltic: «Антыправаслаўная прапаганда Каліноўскага»

Інфармацыйны рэсурс RuBaltic.ru (Калінінград) засяродзіўся на прамове кіраўніка Каталіцкай царквы ў Беларусі Тадэвуша Кандрусевіча. У прыватнасьці, незадаволенасьць выклікалі заявы сьвятара пра тое, што Кастусь Каліноўскі «першым успрыняў беларусаў як асобную нацыю».

У артыкуле «Каталіцкая царква загульвае зь беларускім нацыяналізмам» нехта Ўсевалад Шымаў называе заканамернай прысутнасць мітрапаліта на дзяржаўнай цырымоніі ў Вільні.

«Касьцёл у Беларусі працуе як з польскай ідэнтычнасьцю, так і зь беларускім нацыяналізмам, згодна зь якім Каліноўскі ня польскі, а нацыянальны герой, — гаворыцца ў публікацыі. — Беларуская праваслаўная царква з нагоды ўрачыстай цырымоніі ў Вільні пакуль захоўвае маўчаньне. Хоць, па ідэі, менавіта ў праваслаўнай грамадзкасьці павінны паўстаць пытаньні наконт падобнай палітыкі гістарычнай памяці. Бо тэрор супраць праваслаўнага насельніцтва і сьвятароў на тэрыторыі Беларусі быў неад’емнай часткай паўстаньня 1863 году, а ў выдаваных Каліноўскім лістках антыправаслаўная прапаганда адыгрывала адну зь вядучых роляў».

У тэксьце канстатуецца, што прадстаўнікі афіцыйнай дэлегацыі разам зь сьвятарствам другой паводле колькасьці рэлігійнай канфэсіі Беларусі ўшаноўваюць дзеячоў, якія вялі барацьбу з рэлігійнай групай, якая і тады, і сёньня дамінуе ў краіне.

Выступ арцыбіскупа Кандрусевіча падчас разьвітальнай цырымоніі з паўстанцамі
Выступ арцыбіскупа Кандрусевіча падчас разьвітальнай цырымоніі з паўстанцамі

MR7.ru: «Арганізатар паўстаньня супраць Расейскай імпэрыі»

Інфармацыйны партал MR7.ru зь першых радкоў тлумачыць чытачам, што Кастусь Каліноўскі «быў адным з арганізатараў паўстаньня супраць Расейскай імпэрыі».

Адрозна ад іншых публікацыяў, тут прынамсі згадваюць пра апоўзень на гары Гедзіміна. Маўляў, былі заплянаваныя работы для ўмацаваньня глебы, але ў сувязі з гістарычнай значнасьцю месца туды запусьцілі археолагаў, якія «выпадкова знайшлі меркаваныя парэшткі пакараных паўстанцаў».

«У цырымоніі перапахаваньня ўзялі ўдзел прэзыдэнты Літвы і Польшчы Гітанас Наўседа і Анджэй Дуда, а таксама віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка, — акцэнтуецца ў публікацыі ўзровень падзеі. — Адметна, што для беларускай дэлегацыі і ўсіх ахвотных літоўская амбасада ў Менску выдала аднаразовыя візы. Літоўскія камэнтатары ў наўпроставай трансьляцыі ня раз заяўлялі аб тым, што падзея „аб’ядноўвае прыгнечаныя народы ў барацьбе супраць Расеі“. Героі таго паўстаньня, паводле іх, паказваюць, хто сапраўдны вораг краіны. Лідэраў антырасейскіх выступаў называюць „агульнымі“ для Літвы, Польшчы, Беларусі і Украіны».

Газэта «Правда»: «Зьверствам паўстанцаў не было мяжы»

Карэспандэнты газэты «Правда», калісьці галоўнага друкаванага органа ЦК КПСС, не вялі рэпартажаў зь перапахаваньня, але кандыдат гістарычных навук Яўгеній Падлесны ў вялікім артыкуле тлумачыць, чаму Кастуся Каліноўскага нельга лічыць «змагаром за інтарэсы беларускага народу».

«Гэта было польскае паўстаньне супраць Расеі, і Каліноўскі быў польскім нацыяналістам, які змагаўся за аднаўленьне Рэчы Паспалітай „од можа до можа“, — расказвае аўтар. — Называць паўстаньне беларускім — мяжа гістарычнай непісьменнасьці, палітычнага махлярства. Беларускі народ не падтрымаў польскага паўстаньня. Наадварот, выступіў супраць, аказваючы актыўны супраціў. Для расправы зь непаслухмянымі паўстанцы стварылі адмысловыя групы жандараў-вешальнікаў і кінжальнікаў. Зьверствам іх не было мяжы. Віна большасьці была ў тым, што яны не хацелі змагацца за аднаўленьне „вялікай Польшчы“».

Ня дзіва, што царскія ўлады не адчувалі недахопу ў добраахвотных памагатых, падсумоўвае палітоляг. Паводле яго зьвестак, шмат дзе ў аддзелы мясцовай самаабароны запісвалася ледзь ня ўсё мужчынскае насельніцтва. Таму польскія паўстанцы баяліся беларускіх сялянаў больш, чым царскіх войскаў.

Дзеля справядлівасьці, недалёка ад праўладных расейскіх мэдыя адышлі і беларускія дзяржаўныя СМІ. Агенцтва БелТА надрукавала нататку ў рубрыцы «Дальнее зарубежье» з цытатамі віцэ-прэм’ера Петрышэнкі, на якую спасылаліся іншыя афіцыйныя выданьні. У фотарэпартажы БелТА, як і ў тэлерэпартажах дзяржаўных каналаў, урачыстасьць паказаная безь ніводнага бел-чырвона-белага сьцяга, якіх у той дзень у Вільні лунала не адна сотня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG