Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто стаіць за парталам RuBaltic.ru, які назваў блогера NEXTA «беларускім Навальным»?


Расейскі партал RuBaltic.ru, які ў Латвіі, Літве і Польшчы лічаць прапагандысцкім, мае ўплывовых прыхільнікаў у Беларусі. Хто стаіць за гэтым парталам, высьвятляў карэспандэнт Свабоды.

Рубрыка «Беларусь»

RuBaltic.ru мае таксама рубрыку «Беларусь» і друкуе матэрыялы на расейскай і беларускай мовах. Кірунак гэтых публікацый можна вызначыць, калі пачытаць топавую навіну «Польшча стварыла для беларусаў свайго Навальнага». У ёй гаворыцца пра папулярнага беларускага блогера NEXTA, ягоную акцыю ў Менску і фільм «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы».

«Польшча фактычна стварыла для беларусаў свайго Навальнага, місія якога — зрынуць „рэжым Лукашэнкі“», — робіцца выснова ў артыкуле. Маўляў, у дзейнасьці блогера «зацікаўленыя ўплывовыя зьнешнія сілы, якія прадстаўляюць неабходны інфармацыйны, арганізацыйны і фінансавы рэсурс».

«Спрабуем камбінаваць розныя крыніцы»

Партал адкрыўся ў 2013 годзе з ініцыятывы вучоных Калінінграду і Масквы. Заснавальнік Сяргей Рэкеда сказаў карэспандэнту Свабоды, што гэта электроннае мэдыя і рэдакцыя знаходзіцца ў мэсэнджэрах.

«Мы раскіданыя па розных гарадах і нават краінах: я зь некаторымі калегамі жыву ў Маскве, шэраг калегаў жывуць у Калінінградзе, дзе ў нас і нарадзілася ідэя парталу, а ёсьць калегі, якія жывуць у Яраслаўлі, Екацерынбургу, Прыбалтыцы і інш.», — сказаў Рэкеда.

Сяргей Рэкеда — кіраўнік спэцпраектаў Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру па вывучэньні грамадзка-палітычных працэсаў на постсавецкай прасторы пры Маскоўскім дзяржунівэрсытэце.

Ён сказаў, што з выданьнем «Россия Сегодня» іх зьвязваюць «хіба чалавечыя і прафэсійныя адносіны». А задача парталу — даваць інфармацыю аб працэсах «на заходнім флянгу постсавецкай прасторы».

RuBaltic.ru супрацоўнічае з Балтыйскім фэдэральным унівэрсытэтам імя Канта, дзе праходзяць дыскусійныя клюбы, моладзевая школа Studia Baltica, некаторыя супрацоўнікі ўнівэрсытэту пішуць для яго матэрыялы.

Пра фінансаваньне парталу Сяргей Рэкеда кажа: «спрабуем камбінаваць розныя крыніцы», сярод якіх і рэкляма, але ня толькі.

«Нашы мерапрыемствы або выданьні робім з апорай на грантавую сыстэму, якая ёсьць у Расеі — Фонд прэзыдэнцкіх грантаў, Фонд Гарчакова і г.д. Усё гэта дазваляе не без праблем, але рухацца наперад», — сказаў Сяргей Рэкеда.

Паводле Сяргея Рэкеды, у Беларусі партал ня мае карэспандэнцкай сеткі.

«У выніку прыйшлі да таго, што калі, дапусьцім, нам цікавы нейкі рэпартаж з-за мяжы, то шукаем у краіне канкрэтна пад гэтую падзею адпаведнага чалавека. Або нам самі відавочцы, мясцовыя журналісты дасылаюць матэрыялы з прапановай апублікаваць іх», — сказаў Сяргей Рэкеда.

Сяргей Рэкеда сказаў, што RuBaltic.ru супрацоўнічае ў Беларусі з арганізацыяй «Белая Русь» «нароўні зь іншымі беларускімі грамадзкімі арганізацыямі — зьвяртаемся па экспэртныя камэнтары, бяром інтэрвію, запрашалі прадстаўнікоў на нашу школу Studia Baltica». У рамках школы Studia Baltica, кажа Сяргей Рэкеда, «прапампоўваем прафэсійныя кампэтэнцыі маладых журналістаў і экспэртаў-міжнароднікаў, а таксама наладжваем сувязі паміж гэтымі маладымі людзьмі з розных краін».

Паводле Сяргея Рэкеды, у Беларусі партал мае каля пяці тысяч унікальных наведнікаў у дзень.

«Ня вельмі вялікая лічба, але прыемна, што яна расьце», — сказаў Сяргей Рэкеда.

Што кажуць пра RuBaltic у Літве, Латвіі і Польшчы?

«Фармуе спрыяльнае для Расеі геапалітычнае бачаньне падзей»

У сваім расьсьледаваньні партал Tvnet.lv называе RuBaltic.ru міні-фабрыкай прапаганды. RuBaltic.ru разам са «Спутником» і Baltnews, зьвязанымі з «Россия Сегодня», — галоўныя вытворцы расейскамоўнага кантэнту пра падзеі ў краінах Балтыі, і працуюць яны, піша Tvnet.lv, з мэтай «засьмечваць інфармацыйную прастору ў інтэрнэце на расейскай мове».

Паводле Tvnet.lv, зьмест гэтых парталаў далей перапублікоўваюць маргінальныя навінавыя парталы і фальшывыя профілі ў сацсетках (тролі).

«У выніку гэта заблытвае чытача колькасьцю вэрсій, сярод якіх знайсьці якасную інфармацыю аб краінах Балтыі на расейскай мове робіцца ўсё цяжэй».

Паліцыя бясьпекі Латвіі ў справаздачы за 2013 год назвала rubaltic.ru адным з «расейскіх рэсурсаў інфармацыйнага ўплыву», які «ў стылі аналітычнага парталу фармуе спрыяльнае для Расеі геапалітычнае бачаньне падзей у рэгіёне Балтыйскага мора».

«Гэта больш цікавіць розныя ведамствы, якія займаюцца дэзынфармацыяй»

Віціс Юрконіс
Віціс Юрконіс

Літоўскі палітоляг Віціс Юрконіс лічыць, што можна паглядзець наведвальнасьць RuBaltic.ru — і большая частка пытаньняў пра яго адпадзе.

«Гэта больш цікавіць розныя ведамствы, якія займаюцца дэзынфармацыяй, якім важна адсочваць што, дзе і калі. Але сам партал вялікім аўтарытэтам не карыстаецца, мякка кажучы», — сказаў карэспандэнту Свабоды Віціс Юрконіс.

Мэта — «сплесьці павуціньне»

На польскім партале OKO.press зьявілася расьсьледаваньне пра RuBaltic.ru пад загалоўкам «Увага! Новы крамлёўскі рупар. Піша пра ўкраінскія гета ў Польшчы, рост злачыннасьці і праўленьне русафобаў».

«Новая пляцоўка крамлёўскай прапаганды ў Польшчы. Расейскі аналітычны цэнтар RuBaltic.ru нядаўна пачаў публікаваць на сваім сайце артыкулы на польскай мове, якія прадстаўляюць у адпаведнасьці з інтарэсамі Крамля яўна прапагандысцкае бачаньне сытуацыі ў нашай краіне», — гаворыцца ў артыкуле.

Тэксты парталу перапублікоўваюць іншыя сайты і акаўнты ў сацсетках, не абавязкова польскамоўныя (артыкулы маюць і расейскую вэрсію).

«Празь іх зманіпуляваны зьмест павольна, але сыстэматычна пранікае ў шырэйшую інфармацыйную прастору», — гаворыцца ў публікацыі.

Мэта такой дзейнасьці, на погляд аўтараў расьсьледаваньня, — «сплесьці павуціньне», каб карыстальнікі інтэрнэту не маглі адрозьніць ілжывую інфармацыю ад праўды.

«Аўтары артыкулаў на RuBaltic.ru ўмела ткуць гэтае павуціньне. Па-першае, яны склейваюць невялікія фрагмэнты з артыкулаў, апублікаваных на польскіх ці ўкраінскіх парталах, заўсёды выцягваючы іх з шырэйшага кантэксту. Гэтую канструкцыю яны стабілізуюць цытатамі з тэкстаў, апублікаваных на старонках, якія даўно прызнаныя распаўсюджвальнікамі пракрамлёўскага наратыву».

«Адзін з элемэнтаў інфармацыйнага ўплыву Расеі»

Арсень Сівіцкі
Арсень Сівіцкі

Паводле кіраўніка беларускага Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсеня Сівіцкага, RuBaltic.ru — гэта «адзін з элемэнтаў інфармацыйнага ўплыву Расеі ў балтыйскім рэгіёне, нешта падобнае да «Спутника».

Сёлета ў Беларусі RuBaltic.ru прэзэнтаваў свой даклад «Агенты нэўтралітэту. Тэхналёгіі разбурэньня сувэрэнітэту Беларусі» (PDF).

Паводле яго аўтараў, даклад прысьвечаны «аналізу дзейнасьці заходніх структур, якія працуюць на геапалітычную пераарыентацыю Беларусі праз прасоўваньне дактрыны нэўтралітэту».

Шмат увагі аддаецца і «заходнім куратарам беларускай апазыцыі», усе праекты зь якімі «зводзяцца да адрыву Беларусі ад Расеі».

«Галоўная ўмова кампрамісу — адмова Лукашэнкі ад саюзу з Расеяй, перш за ўсё — вайсковага. Беларусі навязваецца дактрына зьнешнепалітычнага нэўтралітэту, сапраўдны сэнс якога — пазбаўленьне рэспублікі расейскага „парасона бясьпекі“», — гаворыцца ў дакладзе.

Маўляў, разбурэньне саюзу Беларусі з Расеяй «стане пачаткам канца сувэрэннай незалежнай Беларусі».

«Падставай для штурханьня Беларусі да нэўтральнага статусу стала прынятая ў краіне пасьля падзей 2014 году зьнешнепалітычная канцэпцыя „донара бясьпекі“, — гаворыцца ў дакладзе. — Вайсковы саюз з Расеяй дзесяцігодзьдзямі быў асновай ахоўнага імунітэту Беларускай дзяржавы ад тэхналёгій „зьмены рэжыму“. Сёньня Беларусь хочуць гэтай асновы пазбавіць».

Экзэмпляр гэтага дакладу карэспандэнт Свабоды нядаўна знайшоў у менскай кнігарні «Акадэмкніга». Паводле аўтара дакладу Аляксандра Насовіча, ён пакінуў некалькі экзэмпляраў «сябрам з НАН, магчыма яны перадалі».

«Белая Русь» і RuBaltic.ru

Як высьветлілася, прэзэнтацыю дакладу арганізавала ў навучальных установах Менску праўладная арганізацыя «Белая Русь». Яе прадстаўнік Аляксандар Шадзько патлумачыў карэспандэнту Свабоды, што «Белая Русь» супрацоўнічае з тымі, хто працуе на партале RuBaltic.ru.

«Там на гэтым партале і Рэкеда піша, і многія іншыя, зь якімі мы вядзём нейкую сумесную дзейнасьць. Але адносна парталу мне складана нешта сказаць. Але з аўтарамі супрацоўнічаем, і вельмі пасьпяхова, і ў Беларусі, і ў Маскве. І неўзабаве будзем сустракацца на агульных мерапрыемствах саюзнай дзяржавы. У аналітыцы, якую робіць Рэкеда са сваёй камандай, удзельнічаюць зь беларускага боку і сябры „Белай Русі“, гэта і Пятроўскі, і Дзермант. І два гады мы праводзілі дэбаты. І мяркую, што дзейнасьць мы гэтую пашырым», — сказаў карэспандэнту Свабоды Шадзько.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG