Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Facebook выявіў новыя мэтады расейскай прапаганды ў Афрыцы


Яўгеній Прыгожын

Сацыяльная сетка Facebook выдаліла тры расейскія сеткі ўплыву, нацэленыя на афрыканскія краіны, у тым ліку на Мазамбік, Камэрун, Судан і Лібію. Пра гэта піша газета The New York Times.

Facebook выдаліла каля 200 акаўнтаў з агульнай аўдыторыяй больш за мільён чалавек у васьмі краінах Афрыкі. Як сьцьвярджаюць у кампаніі, старонкі былі зьвязаны з расейскім «Агенцтвам інтэрнэт-дасьледаваньняў», вядомым як «фабрыка троляў». Паводле шэрагу расьсьледаваньняў у СМІ, яе фінансуе прадпрымальнік Яўгеній Прыгожын, якога называюць блізкім сябрам прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. ЗША раней ўвялі санкцыі супраць Прыгожына за ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары.

У Стэнфардзкай інтэрнэт-абсэрваторыі, якая супрацоўнічала з Facebook, каб раскрыць расейскую кампанію ўплыву ў Афрыцы, заявілі, што яна адрозьнівалася ад той, што была праведзена ў Злучаных Штатах ў 2016 годзе. Паведамленьні на арабскай мове былі нацэлены адразу на некалькі краін, а многія фэйкавыя акаўнты былі створаны нанятымі за грошы мясцовымі жыхарамі, што перашкаджала іх выявіць.

Акрамя гэтага, калі падчас кампаніі па ўмяшаньні ў амэрыканскія выбары расейскія інтэрнэт-тролі публікавалі ў Facebook каля дзьвюх з паловай тысяч пастоў у месяц, то цяпер толькі за кастрычнік у Паўночнай і Цэнтральнай Афрыцы было апублікавана амаль дзевяць тысяч пастоў. Частка зь іх прапагандавала расейскую палітыку ў рэгіёне, іншыя — крытыкавалі дзеяньні Францыі і ЗША.

Алекс Стэймас, дырэктар Стэнфардзкай інтэрнэт-абсэрваторыі і былы галоўны супрацоўнік кампаніі Facebook у пытаньнях інфармацыйнай бясьпекі, зьвязаў дзеяньні «фабрыкі троляў» са спробай Расіі пашырыць свой уплыў у Афрыцы. Ён адзначыў, што мэтады, якія тролі выкарыстоўваюць у гэтым рэгіёне, могуць быць ужытыя ў наступным годзе падчас прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША.

Расея актывізавала свае дзеяньні ў Афрыцы некалькі гадоў таму. Паводле шэрагу публікацый, там дзейнічае «прыватная ваенная кампанія Вагнера», якую таксама зьвязваюць зь Яўгеніем Прыгожыным. Летам мінулага году ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы былі забітыя трое расейскіх журналістаў, якія расьсьледавалі дзейнасьць «вагнераўцаў». Паводле высноваў расьсьледаваньня, арганізаванага расейскім бізнэсоўцам і былым зьняволеным Міхаілам Хадаркоўскім, за забойствам стаяць структуры, зьвязаныя з Прыгожыным.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG