Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bloomberg: «Вагнэраўцы» аказваюць ваенную падтрымку Лібійскай нацыянальнай арміі


Зьнішчаны танк Лібійскай нацыянальнай арміі Халіфы Хафтара ў паўдневай частцы краіны.
Зьнішчаны танк Лібійскай нацыянальнай арміі Халіфы Хафтара ў паўдневай частцы краіны.

Больш за сотню байцоў «ПВК Вагнэра» у пачатку верасьня прыбылі ў Лібію і аказваюць ваенную падтрымку Лібійскай нацыянальнай арміі (ЛНА) генэрала Халіфы Хафтара, што кантралюе ўсход і частку паўднёвых рэгіёнаў краіны. Аб гэтым паведамляе агенцтва Bloomberg са спасылкай на свае крыніцы як у Лібіі, так і сярод заходніх назіральнікаў.

Па дадзеных суразмоўцаў агенцтва, расейскія найміты, таксама вядомыя як «вагнэраўцы», у тым ліку аказвалі падтрымку ЛНА ў нядаўніх баявых дзеяньнях у раёне Трыпалі, дзе армія Хафтара выкарыстоўвала авіяцыю: гэта пацьвердзіў агенцтву камандзір атрада наймітаў. Паводле яго, некалькі «вагнэраўцаў» былі забітыя.

Міністар унутраных спраў Лібіі Фаці Башага заявіў у панядзелак лібійскаму тэлеканалу Al-Ahrar, што сілы Хафтара спачатку спадзяваліся на наймітаў з Судану, але расчараваліся ў іх і зьвярнуліся за паслугамі да «вагнэраўцаў».

У той жа час прадпрымальнік Яўген Прыгожын, якога розныя СМІ зьвязваюць з «ПВК Вагнэра», не адказаў на накіраваныя яму па электроннай пошце пытаньні аб «вагнэраўцах» у Лібіі.

Прадстаўнік ЛНА паведаміў, што ні расейскіх, ні якіх-небудзь іншых замежных байцоў у шэрагах гэтай арміі няма.

У лістападзе мінулага года Яўген Прыгожын прысутнічаў на афіцыйных перамовах у Крамлі паміж міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу і камандуючым ЛНА Халіфай Хафтарам. Праз 9 месяцаў пасьля гэтага, у ліпені 2019 года, у Лібіі былі арыштаваныя расейскі паліттэхноляг Максім Шугалей, які вядомы сваёй працай на структуры Прыгожына, разам з ягоным перакладчыкам Самерам Суэйфанам.

Шугалея і яшчэ аднаго расейца ўлады Лібіі абвінавацілі ў спробе паўплываць на будучыя выбары ў гэтай краіне. Нібыта расейцы ўпотай спрабавалі арганізаваць сустрэчу з Сэйфам Кадафі (Саіф аль-Ісламам), беглым сынам былога кіраўніка Лібіі Муамара Кадафі, якога ў Крамлі разглядалі як патэнцыйнага кандыдата на пасаду новага прэзыдэнта Лібіі.

  • Заходнія СМІ, у тым ліку Bloomberg, раней паведамлялі, што Расея накіравала ў Лібію байцоў прыватных вайсковых кампаній для дапамогі Хафтару. The Daily Telegraph у пачатку сакавіка 2019 года сьцьвярджалі, што ў лібійскім горадзе Бенгазі знаходзяцца каля 300 расейцаў зь неназванай ПВК. Але афіцыйна гэтыя зьвесткі ніколі і нікім не былі пацьверджаныя.
  • У Лібіі, пасьля зьвяржэньня ў 2011 годзе Муамара Кадафі няма цэнтральнай улады і дзейнічаюць два ўрады: урад нацыянальнай згоды (ПНЗ) прэм’ер-міністра Фаіза Сараджа ў Трыпалі (яго прызнаюць большасьць краін Захаду і ААН) і «ўрад у Тобруку», які падтрымлівае Лібійская нацыянальная армія на чале з генэралам Халіфай Хафтарам. Усе спробы стварыць урад нацыянальнага адзінства дагэтуль не ўвянчаліся посьпехам, а на агульных выбарах неаднаразова пераносіліся.
  • Расея ў грамадзянскай вайне ў Лібіі падтрымлівае Хафтара: ён быў бліжэйшым паплечнікам Кадафі. Сілы Хафтара кантралююць усход і частку паўднёвых рэгіёнаў краіны. Пасьля арышту расейскага паліттэхноляга стала вядома, што Крэмль кантактаваў таксама з сынам Кадафі Саіф аль-Ісламам.
  • Войскі Хафтара з красавіка 2019 года вядуць наступ на Трыпалі. Хоць перад гэтым Сарадж і Хафтар правялі перамовы і пагадзіліся пачаць абʼяднаньне палітычных структураў захаду і ўсходу і да канца 2019 года правесьці прэзыдэнцкія выбары.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG