Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ шукае беларускіх наймітаў групы Вагнэра


Будынак КДБ у Менску

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі праводзіць праверку распаўсюджанай Службай бясьпекі Ўкраіны інфармацыі пра ўдзел беларускіх грамадзянаў у баявых дзеяньнях на тэрыторыі іншаземных дзяржаў. Пра гэта паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік КДБ Андрэй Яраш.

Паводле яго, праверка праводзіцца ў адпаведнасьці з законам «Пра апэратыўна-вышуковую дзейнасьць». Зьвесткі пра хаду праверкі ня могуць быць абнародаваныя ў адпаведнасьці з заканадаўствам пра дзяржаўныя сакрэты.

«Мы праводзім неабходныя апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы. Пакуль гэта ўся інфармацыя», — сказаў Яраш.

Раней СБУ абнародавала зьвесткі пра беларусаў, якія ваююць у складзе так званай ваеннай кампаніі Вагнэра, якую зьвязваюць з набліжаным да расейскага прэзыдэнта бізнэсоўцам і рэстаратарам Яўгенам Прыгожыным (яго называюць «кухар Пуціна»). Прыватная ваенная кампанія атрымала сваю назву ад пазыўнога, які выбраў яе кіраўнік, падпалкоўнік запасу Дзьмітры Уткін. Паводле ўкраінскіх спэцслужбаў, найміты бралі ўдзел у баявых дзеяньнях у Сырыі, Судане і іншых краінах.

Летась у ліпені Кіеў паведаміў, што ў складзе ПВК Вагнэра ў Сырыі ваююць 11 беларусаў. Шасьцёра зь іх удзельнічалі ў наступе ў правінцыі Дэйр-Эз-Зор, падчас якога шмат наступоўцаў былі забітыя, у тым ліку Руслан Бабінін, Канстанцін Гірс, Эдвард Давыдаў, Сяргей Сазанаў, Аляксандар Ступніцкі і Вадзім Юшкевіч.

Пазьней СБУ на запыт тэлеканалу «Белсат» назвала астатніх наймітаў: Вадзім Аляксандравіч Васілеўскі, Вадзім Кліментавіч Васілеўскі, Андрэй Бакуновіч, Сяргей Кузьняцоў і Вадзім Курыненка.

Сёлета ў студзені ўкраінскія спэцслужбы абнародавалі зьвесткі пра двух беларусаў, якія ваявалі ў складзе ПВК Вагнэра ў Судане і іншых афрыканскіх краінах. Сярод іх — зноў Аляксандар Ступніцкі, а таксама Аляксей Бярговін.

«Сьледчымі органаў бясьпекі згаданым грамадзянам Беларусі паведамленьне пра падазрэньне не ўручалася. Служба бясьпекі Ўкраіны на сталай аснове ў рамках адпаведных міжведамасных і міжурадавых пагадненьняў інфармуе спэцслужбы іншых краін што да ўдзелу іхніх грамадзянаў у незаконных узброеных фармаваньнях», — паведамілі БелаПАН у СБУ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG