Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МНС патлумачыла, чаму Беларусь адправіла ў Сырыю гімнастычныя абручы


Сярод іншага ў Сырыю адправілі 500 абручоў

У лютым у Сырыю маюць даставіць чарговую партыю гуманітарнай дапамогі зь Беларусі. У яе склад трапілі гімнастычныя абручы Барысаўскага заводу плястмасавых вырабаў, што выклікала зьдзіўленьне ў некаторых СМІ і сацсетках.

Як даведалася Свабода, гуманітарны груз адправілі перад самым Новым годам па моры — зь літоўскага порту Клайпеда ў сырыйскую Латакію.

У Сырыю зь Беларусі паслалі школьную мэблю, дзіцячыя ложкі, вопратку, абутак, заплечнікі для школьнікаў, сшыткі. У гэтай партыі дапамогі — два самазвалы, аўтобус МАЗ, шмат мэдыкамэнтаў, усяго на суму каля 1 мільёна беларускіх рублёў, сказаў Свабодзе прэс-сакратар Міністэрства надзвычайных сытуацый Беларусі Віталь Навіцкі.

Абручы замовілі з Сырыі

Ён паведаміў, што сапраўды разам з гэтай партыяй у Сырыю былі накіраваныя абручы, трэнажоры і іншы спартовы рыштунак. Навіцкі патлумачыў Свабодзе, што гэта было канкрэтнай замовай Сырыі.

«А чаму вакол гэтай гуманітарнай дапамогі такі шум? Усе грузы фармуюцца зыходзячы з запытаў сырыйскага боку. Гэта не ініцыятыва МНС ці Барысаўскага заводу плястмасавых вырабаў. Сырыйцы папрасілі абсталяваньне для спартовых заляў, таму там і спартовыя трэнажоры, і гімнастычныя абручы, і яшчэ шмат чаго для заняткаў спортам. Дарэчы, пералік грузаў быў вызначаны пастановай Савету Міністраў Беларусі № 893 ад 12 сьнежня 2018 году, ён у адкрытым доступе», — сказаў Віталь Навіцкі.

Навіцкі таксама распавёў, што МНС не вызначае, каму і чым дапамагаць, гэта вырашае ўрад Беларусі. Ён сам удзельнічаў у дзьвюх гуманітарных апэрацыях і бачыў, што дапамогу перадаюць дзіцячым установам, шпіталям і г.д., раздаюць грамадзянам — наўпрост, без прамежкавых складоў.

«Безумоўна, калі мы дастаўляем дапамогу пасьля прыродных надзвычайных сытуацый — пасьля, да прыкладу, тайфунаў, землятрусаў, там звычайна вельмі вузкі набор базавых тавараў: намёты, коўдры, мука, крупы, цукар, мэдыкамэнты. А паколькі ў Сырыі даволі доўга працягваецца складаная сытуацыя, патрэбы ў людзей іншыя».

«Ідзе вайна, але дзеці застаюцца дзецьмі»

Ганарацца сваёй дапамогай Сырыі і працаўнікі Барысаўскага заводу плястмасавых вырабаў.

«Гімнастычныя абручы — гэта спартовы рыштунак для школ, дзіцячых устаноў. Мы разумеем, што там ідзе вайна, але дзеці застаюцца дзецьмі, яны вучацца, гуляюць у цацкі, займаюцца спортам», — сказаў Свабодзе супрацоўнік адміністрацыі БЗПВ.

Гэта ўжо чацьвёртая партыя гуманітарнай дапамогі Сырыі, а наагул Беларусь дапамагае гэтай краіне з 2015 году. Першы раз быў Дамаск, куды накіравалі 40 тон прадуктаў. Другую партыю ў 2016 годзе накіравалі таксама ў правінцыю Дамаск, у Латакію — гуманітарную дапамогу тады дастаўлялі самалётамі. У верасьні 2017 і сьнежні 2018 году абралі марскі шлях — як таньнейшы.

Наагул Міністэрства надзвычайных сытуацый дастаўляе гуманітарныя грузы іншым краінам з 1999 году (году стварэньня МНС). Гуманітарная дапамога аказвалася 60 разоў 30 краінам сьвету, у тым ліку Эквадору, Нэпалу, Сырыі, Іраку, Расеі, Грузіі, розным раёнам Расеі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG