Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BBC: «Кухар Пуціна» запусьціў у Цэнтральнай Афрыцы палітычную радыёстанцыю


Уладзімір Пуцін і Яўген Прыгожын.
Уладзімір Пуцін і Яўген Прыгожын.

Расейскі прадпрымальнік Яўген Прыгожын уклаў свае грошы ў адкрыцьцё радыёстанцыі ў Цэнтральнаафрыканскай рэспубліцы, паведамляе расейская служба BBC.

Радыё запусьцілі ў рамках падрыхтоўкі перадвыбарчай кампаніі дзейнага прэзыдэнта Туадэра Фостэн-Арканжа — у 2020 годзе яму трэба будзе ўдзельнічаць у выбарах на другі прэзыдэнцкі тэрмін. У рамках падрыхтоўкі структуры, зьвязаныя з Прыгожыным, паведамляе BBC, праводзяць у ЦАР футбольныя турніры, конкурсы прыгажосьці, будуюць дзіцячыя пляцоўкі, дапамагаюць у плянаваньні перадвыбарнай кампаніі і арганізоўваюць паказы фільмаў — напрыклад, баёпік хакеіста Валерыя Харламава «Легенда № 17».

Радыёстанцыю «Ленго Сонго» ( «Будуем салідарнасьць») запусьцілі ў 2018 годзе, піша BBC. Суму інвэстыцый крыніца BBC ацаніла ў $ 10 тысяч. Кіраваць мэдыя запрасілі вядомага ў ЦАР журналіста Фрэда Крока. Ён абяцаў абмяркоўваць у эфіры палітычныя тэмы, праводзіць дэбаты і мець кантакты са слухачамі. Некаторы час пасьля эфіру радыёстанцыя грала расейскую і савецкую музыку, напрыклад, песьню «Вставай, страна огромная».

У прэзыдэнцкай кампаніі ў 2015 Фостэн-Арканж абяцаў выбарнікам бясьпеку пасьля сутыкненьняў хрысьціянаў і мусульманаў і замежныя інвэстыцыі ў эканоміку. Прымірэньні рэлігійных абшчын, якія пражываюць у краіне — адна з задач прыватных расейскіх ваенных інструктараў, якія працуюць у краіне, піша BBC. У сталіцы Бангі працавалі паліттэхнолягі, перакладчыкі і гемоляг (спэцыяліст па каштоўных камянях) з Расеі. Кандыдатуру кожнага супрацоўніка зацьвярджаў асабіста Прыгожын, паведамляе крыніца выданьня.

Па дадзеных Bloomberg, «вагнэраўцы» на тэрыторыі Афрыкі дзейнічаюць у Цэнтральнаафрыканскай рэспубліцы (ЦАР) і Судане: у абедзьвюх краінах кампанію зьвязваюць з золатаздабывальнымі і алмазнымі капальнямі. У ЦАР, па дадзеных Sudan Tribune, «вагнэраўцы» былі задзейнічаныя для аховы прэзыдэнта Фостэн-Арканжа Туадэры і для аховы некалькіх капалень.

30 ліпеня ў ЦАР забілі расейскіх журналістаў Архана Джемаля, Кірыла Радчанку і Аляксандра Растаргуева. Яны паехалі ў ЦАР дзеля здымак фільму аб «прыватнай ваеннай кампаніі Вагнэра». Абставіны гібелі журналістаў пакуль дакладна не ўстаноўленыя. Расея і ўлады ЦАР заявілі аб адкрыцьці крымінальных справаў для расьсьледаваньні абставінаў сьмерці расейцаў. Больш за тое, міратворчая місія ААН у ЦАР запэўніла, што акажа ўсю магчымую падтрымку ўладам рэспублікі ў расьсьледаваньні.

У сьнежні пытаньне пра дзейнасьць «ЧВК Вагнэра» за межамі Расеі было зададзена прэзыдэнту Расеі Пуціну на штогадовай прэс-канфэрэнцыі. У адказ Пуцін заявіў, што «прыватная ваенная кампанія Вагнэра» можа працаваць у любых краінах, калі яе найміты не парушаюць расейскія законы: «Калі яны не парушаюць расейскага закону, яны могуць прасоўваць свае бізнэс-інтарэсы ў любым пункце плянэты».

Хто такі Яўген Прыгожын

Каляж
Каляж

Яўген Прыгожын і яго кампаніі вядомыя як буйныя дзяржаўныя падрадчыкі на закупках харчаваньня, таму ў СМІ яго называюць «кухарам Пуціна». Яго зьвязваюць з арганізацыяй групы праўладных блогераў у Санкт-Пецярбургу — так званай «фабрыкай троляў» і стварэньнем «прыватнай ваеннай кампаніі Вагнэра». Прадпрымальнік заявіў BBC, што ня мае дачыненьня да запушчанай у ЦАР радыёстанцыі, распрацоўцы карысных выкапняў у краіне і ня мае дачыненьня да ніводнай кампаніі, якія працуюць у рэспубліцы. У ЗША яму самому і некалькім супрацоўнікам агенцтва выставілі афіцыйныя абвінавачваньні ва ўмяшаньні ў выбары прэзыдэнта. Сам Прыгожын і шэраг зьвязаных зь ім кампаній уключаныя ў санкцыйны сьпіс. Прыгожына называюць уладальнікам «прыватнай ваеннай кампаніі Вагнэра», байцы якой, як сьцьвярджаецца, ваявалі ў Данбасе, а затым у Сырыі, паведамляе Настоящее время.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG