Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўвялі санкцыі супраць ПВК «Вагнера» і «Канкорда» Прыгожына


Уладзімір Пуцін (у цэнтры), Дзьмітры Уткін (Вагнер) (справа) і іншыя меркаваныя кіраўнікі прыватнай вайсковай каманіі "Вагнера" на прыёме ў Крамлі.
Уладзімір Пуцін (у цэнтры), Дзьмітры Уткін (Вагнер) (справа) і іншыя меркаваныя кіраўнікі прыватнай вайсковай каманіі "Вагнера" на прыёме ў Крамлі.

Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі адносна 33-х расейскіх грамадзян і арганізацый, зьвязаных з абароннай галіной і спэцслужбамі. Пра гэта паведаміў у чацьвер Дзярждэпартамэнт ЗША.

Рашэньне прынятае ў адпаведнасьці з законам «Аб супрацьдзеяньні супернікам Амэрыкі пры дапамозе санкцый». Абноўлены санкцыйны сьпіс апублікаваны на сайце Дзярждэпартамэнта ЗША.

У санкцыйны сьпіс, у прыватнасьці, уключана прыватная вайсковая кампанія «Вагнера», найміты якой, як сьцьвярджаецца, ваявалі на ўсходзе Ўкраіны і ў Сырыі (Расея адмаўляе існаваньне гэтай структуры), і бізнэсмэн Яўген Прыгожын, якога завуць галоўным спонсарам ПВК «Вагнера».

Таксама ў сьпісе — кампаніі, падкантрольныя Прыгожыну, у тым ліку «Канкорд» і «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў», якое ў ЗША абвінавачваюць ва ўмяшаньні ў прэзыдэнцкія выбары.

У сьпісе таксама цэлы шэраг фізычных асоб, зьвязаных, як сьцьвярджаецца, з расейскімі спэцслужбамі. Сярод іх — меркаваныя афіцэры вайсковай выведкі і супрацоўнікі «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў», супраць якіх спэцпракурор Робэрт Мюлер раней афіцыйна выставіў абвінавачваньні ва ўмяшаньні ў выбары прэзыдэнта ЗША.

У санкцыйны сьпіс унесеныя таксама арганізацыя «Абаронлягістыка» і авіяцыйны завод у Камсамольску-на-Амуры.

У заяве Дзярждэпартамэнту ЗША гаворыцца, што санкцыі ўводзяцца ў сувязі са «шкоднай дзейнасьцю» расейскіх вайскоўцаў і спэцслужбаў у розных краінах сьвету.

Акрамя таго, санкцыі ўведзеныя супраць кітайскай дзяржаўнай арганізацыі, якая займаецца закупкай ўзбраеньняў, і яе дырэктара. Яны патрапілі пад санкцыі з прычыны набыцьця ў Расеі самалётаў Су-35 і зэнітна-ракетных комплексаў С-400.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG