Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хадаркоўскі і цэнтар «Дасье» заявілі, што найміты «ЧВК Вагнера» датычныя да забойства журналістаў у ЦАР


Архан Джэмаль, Аляксандар Растаргуеў і Кірыл Радчанка.

Бізнэсмэн Міхаіл Хадаркоўскі і створаны ім цэнтар «Дасье» прадставілі папярэднія вынікі расьсьледаваньня забойства траіх расейскіх журналістаў у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы.

Паводле высноваў журналістаў-дасьледчыкаў, да забойства Архана Джэмаля, Аляксандра Растаргуева і Кірыла Радчанкі былі датычныя расейцы, якія працуюць на адну са структур Яўгена Прыгожына, і супрацоўнік жандармэрыі ЦАР.

Хто сачыў за журналістамі ў ЦАР

Аўтары расьсьледаваньня сьцьвярджаюць, што ім удалося здабыць білінг тэлефонаў, якія выкарыстоўваў кіроўца Б’енвэніт Ндувакама, наняты журналістамі. Перад паездкай кіроўца актываваў сім-карту, аформленую на чужое імя. Пры праверцы ён уставіў яе ў свой тэлефон. Такім чынам атрымалася ўсталяваць яго другі нумар і сапраўднае імя, распавялі ў цэнтры «Дасье».

Але галоўнай знаходкай аказалася гісторыя званкоў кіроўцы: ён ня менш за 47 разоў зьвязваўся з высокапастаўленым прадстаўніком жандармэрыі ЦАР Эманюэлем Катофіа. У цэнтры «Дасье» мяркуюць, што кіроўца даваў справаздачу перад Катофіам аб перамяшчэньні групы журналістаў. Сам Б’енвэніт Ндувакама раней працаваў у жандармэрыі.

Згодна з білінгам, Катофіа перамяшчаўся ўсьлед за групай расейскіх журналістаў у дзень забойства. У цэнтры «Дасье» лічаць, што ён «як мінімум прысутнічаў побач зь месцам забойства».

Вайскоўцы, якія дзяжурылі на блёкпосьце, празь які праехалі расейскія журналісты, паведаміў цэнтру «Дасье», што праз той жа КПП за гадзіну да забойства праехаў аўтамабіль, у якім быў Катофіа, яшчэ два афрыканцы з трыма эўрапейцамі. Гэтая ж машына з тымі ж пасажырамі вярнулася праз КПП праз паўгадзіны пасьля забойства траіх расейцаў.

Сьледчым не ўдалося ўстанавіць асобу «Марціна», якога журналісты лічылі стрынгерам і супрацоўнікам ААН у ЦАР.
Рэкамэндавалі «Марціна» супрацоўнік адной са структур Яўгена Прыгожына РІА «ФАН» Кірыл Раманоўскі.

Як усё гэта зьвязана з «ЧВК Вагнера» і Прыгожыным

У цэнтры «Дасье» лічыць, што Катофіа пастаянна кантактаваў з супрацоўнікам кампаніі «М-Фінанс» Аляксандрам Сотавым. Сотаў, у сваю чаргу, «цесна камунікаваў» зь іншым супрацоўнікам «М-Фінанс», дарадцам прэзыдэнта ЦАР Валерыем Захаравым.

Кампанія «М-Фінанс» — адна са структур, падкантрольных бізнэсмэну Яўгену Прыгожыну. Прадпрымальніка таксама зьвязваюць з «ЧВК» Вагнера.

У распараджэньні цэнтра «Дасье» ёсьць даверанасьць ад імя Сотава на атрыманьне зарплаты ў «М-Фінанс» са згадваньнем пасады «Інструктар» і асабістым нумарам, які прысвойваецца кожнаму найміту «ЧВК Вагнера». І Захараў, і Сотаў ёсьць у ведамасьці заработнай платы.

Валерый Захараў мае нумар жэтона M-5658 і пасаду «Кіраўнік групы інструктараў». Аляксандр Сотаў з нумарам М-5661 запісаны як «Інструктар па вонкавым назіраньні, контрназіраньні, вярбоўцы, агентурнай працы». Зарплата першага — 300 тысяч (як мяркуецца, рублёў), другога — 200 тысяч. Месяц атрыманьня зарплаты не пазначаны.

Больш падрабязна пра вынікі расьсьледаваньня леташніх падзеяў у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы чытайце ТУТ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG