Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскіх журналістаў у Афрыцы завабілі ў пастку і забілі, — незалежнае расьсьледаваньне


Аляксандар Растаргуеў, Кірыл Радчанка і Архан Джэмаль (зьлева направа), забітыя год таму ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы

У гадавіну забойства ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы трох расейскіх журналістаў, Архана Джэмаля, Аляксандра Растаргуева і Кірыла Радчанкі, дасьледчы цэнтар «Дасье», створаны расейским бізнэсоўцам і апанэнтам Пуціна Міхаілам Хадаркоўскім, апублікаваў выніковы даклад пра абставіны гэтага злачынства.

Паводле дакумэнтаў, атрыманых «Дасье» з розных крыніц, — у прыватнасьці, з асабістай перапіскі ў інтэрнэце, білінгу мабільных тэлефонаў і сьведчаньняў відавочцаў, — за журналістамі сачылі ад моманту іх прыбыцьця ў ЦАР. У сачэньні бралі ўдзел людзі, зьвязаныя з кіраўніцтвам «прыватнай ваеннай кампаніі Вагнэра», якая была створаная набліжаным да Ўладзіміра Пуціна піцерскім бізнэсоўцам Яўгенам Прыгожыным. Акрамя таго, паводле расьследаваньня, менавіта супрацоўнікі адной з прыгожынскіх структур укінулі ў СМІ вэрсію пра забойства журналістаў у выніку звычайнага рабаваньня.

Цэнтар «Дасье» прыводзіць доказы таго, што загінулых сьвядома завабілі ў пастку. Сьледчыя ўстанавілі кола асоб, якія, на іх думку, у той ці іншай ступені могуць быць датычныя да забойства.

Што адбылося ў ЦАР

Расейскія журналісты Архан Джэмаль, Кірыл Радчанка і Аляксандар Растаргуеў былі забітыя 30 ліпеня 2018 году ў ЦАР. Яны займаліся расьсьледаваньнем дзейнасьці расейскіх наймітаў «ЧВК Вагнэра» у рэгіёне, праект фінансаваў Міхаіл Хадаркоўскі.

У сталіцу ЦАР горад Бангі журналісты прыляцелі ў суботу 28 ліпеня 2018 году. Яны хацелі трапіць на базу Бярэнга, дзе, як мяркуецца, расейскія найміты навучаюць нацыянальную армію ЦАР FACA, але не змаглі гэтага зрабіць. Затым група плянавала патрапіць у горад Бамбары і сустрэцца з «фіксэрам Марцінам». Гэтага чалавека здымачнай групе прадставілі як супрацоўніка структуры ААН у краіне (MINUSCA), кантакты «Марціна» журналістам даў супрацоўнік Прыгожына Кірыл Раманоўскі.

За 180 км ад Бангі журналістаў забілі з аўтаматычнай зброі. Хто гэта зрабіў — ні расейскія, ні Цэнтральнаафрыканская сьледчыя афіцыйна за год расьсьледаваньня не змаглі высьветліць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG