Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янукевіч — уладам: Хочаце інфармацыйную бясьпеку? Абмяжуйце трансьляцыю расейскіх тэлеканалаў


Госьць «Інтэрвію тыдня» — намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Ён тлумачыць, што разумеюць пад «інфармацыйнай бясьпекай» беларускія ўлады, лічыць, што Менск увесь час шукае нейкі трэці шлях, якога насамрэч ня можа быць, і заяўляе, што першы крок, які неадкладна трэба зрабіць, — абмежаваць трансьляцыю расейскіх тэлеканалаў у Беларусі.

Сьцісла

  • Для сёньняшніх уладаў інфармацыйная бясьпека — гэта татальны кантроль за распаўсюдам інфармацыі.
  • Магчыма, сапраўдная ідэя прыняцьця гэтай канцэпцыі — зачыстка інфармацыйнага поля, зачыстка інтэрнэту напярэдадні выбарчых кампаніяў.
  • Беларускім уладам цяжка прызнаць, што інфармацыйная небясьпека паходзіць ад «найлепшага сябра» — Расеі.

Адлюстраваньне страхаў і замяшаньня, якія мы назіраем унутры ўлады перад роляй Інтэрнэту

— Сёньня, 12 сакавіка, адбылося паседжаньне Рады бясьпекі, на якім Аляксандру Лукашэнку прадставілі праект Канцэпцыі інфармацыйнай бясьпекі Беларусі. Паказальна, што тэкст праекту не публікуецца. Але афіцыйныя СМІ шматкроць цытуюць выказваньні кіраўніка дзяржавы, паводле якіх можна збольшага меркаваць, што сабой уяўляе гэтая канцэпцыя. Дык што маюць на ўвазе ўлады, калі гавораць пра інфармацыйную бясьпеку?

— Насамрэч, сапраўды цяжка ацэньваць дакумэнт, якога грамадзтва ня бачыла. Але самая форма таго, як адбываецца абмеркаваньне, без публікацыі — дазваляе нам рабіць прагноз, што разумеюць пад «інфармацыйнай бясьпекай» беларускія ўлады. На вялікі жаль, у тых цытатах, якія прагучалі, я бачу адлюстраваньне страхаў і замяшаньня, якія мы назіраем унутры ўлады перад роляй Інтэрнэту.

А таксама нейкія цьмяныя (якія яны самі баяцца сфармуляваць) страхі і перасьцярогі перад інфармацыйным уплывам з боку Расеі. Для сёньняшніх уладаў інфармацыйная бясьпека — гэта татальны кантроль за распаўсюдам інфармацыі. Я думаю, менавіта на гэта і скіраваная тая канцэпцыя, якую цяпер распрацавалі.

— У праекце канцэпцыі прапісанае паняцьце «інфармацыйнага сувэрэнітэту» як «неад’емнае і выключнае вяршэнства права дзяржавы самастойна вызначаць правілы валоданьня, карыстаньня і распараджэньня нацыянальнымі інфармацыйнымі рэсурсамі, ажыцьцяўляць незалежную зьнешнюю і ўнутраную дзяржаўную інфармацыйную палітыку, фармаваць нацыянальную інфармацыйную інфраструктуру, забясьпечваць інфармацыйную бясьпеку». Наколькі гэта рэалістычна? І з пункту гледжаньня ўсясьветных інфармацыйных плыняў, і з гледзішча таго, што беларускае інфармацыйнае поле знаходзіцца пад моцным уплывам Расеі?

— У сучасным сьвеце могуць існаваць толькі дзьве мадэлі. Альбо Кітай, які жорстка ўсё кантралюе. Альбо нармальнае існаваньне інтэрнэту і СМІ, дзе ёсьць ясна вызначаныя межы, якія нікому не дазваляецца пераступаць — прапаганда гвалту, варожасьці і гэтак далей. І ўсё, што не забаронена, — дазволена.

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Аляксандар Лукашэнка і ягонае атачэньне ўвесь час імкнуцца знайсьці нейкую «трэцюю мадэль». Зусім усё татальна забараніць — гэта небясьпечна, бо можа выплюхнуцца на вуліцы, і Лукашэнка пра гэта сёньня казаў. Але поўную свабоду даць таксама небясьпечна, бо і гэта можа ў выніку выплюхнуцца на вуліцы. Таму яны ўсё шукаюць нейкі трэці шлях, якога насамрэч ня можа быць.

Магчыма, сапраўдная ідэя прыняцьця гэтай канцэпцыі — зачыстка інфармацыйнага поля, зачыстка інтэрнэту напярэдадні выбарчых кампаніяў

— Даволі забаўная цытата прагучала сёньня з вуснаў Лукашэнкі — «трэба навучыцца адказваць распаўсюднікам фэйкаў іхняй жа зброяй». Што гэта азначае — беларускія афіцыйныя СМІ будуць наўмысна рыхтаваць свае фэйкі?

— Паводле свайго гучаньня гэтая фраза чарговым разам, «па Фройду», выдае тое, што знаходзіцца ў яго ў галаве. Мы ўжо бачылі вялікую колькасьць фэйкаў, якія распаўсюджвалі дзяржаўныя СМІ. Апошні яркі выпадак — гэта фільмы пра «Белы легіён».

Улада разумее — тым, што ты прымушаеш настаўнікаў і дзяржаўных службоўцаў падпісвацца на «Беларусь сегодня», ты ўжо не кантралюеш думкі і настроі людзей. Трэба нешта з гэтым рабіць — таму яны круцяцца і шукаюць. І тыя ж камэнтары міністра ўнутраных спраў Шуневіча, які паведаміў, што яны будуць шукаць крыніцы працёку інфармацыі, фактычна супярэчаць таму, што сёньня сказаў Лукашэнка, што для нас галоўнае — максымальна хутка і праўдзіва самім даносіць да людзей інфармацыю, бо іначай данясуць іншыя, са сваімі пасыламі.

Трывожна гучаць выказваньні Лукашэнкі, асабліва калі ён кажа, што палітыку пакіньце мне, прэзыдэнту. Гэта выглядае для мяне як сыгнал, што ня трэба баяцца пакараць невінаватага, як гэта было два апошнія дзесяцігодзьдзі. Не зважайце на выдаткі, спыняйце — а палітычныя наступствы прэзыдэнт разруліць.

Гэта выглядае як чарговае зацісканьне гаек напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. І, магчыма, сапраўдная ідэя прыняцьця гэтай канцэпцыі — зачыстка інфармацыйнага поля, зачыстка інтэрнэту напярэдадні выбарчых кампаніяў.

Беларускім уладам цяжка прызнаць, што інфармацыйная небясьпека паходзіць ад «найлепшага сябра» — Расеі

— Партыя БНФ мае сваю канцэпцыю нацыянальнай інфармацыйнай бясьпекі, прапаноўвала яе грамадзтву.

— Так, у нас ёсьць сваё бачаньне канцэпцыі інфармацыйнай бясьпекі, яно грунтуецца перадусім на ідэнтыфікацыі асноўных пагрозаў. Відавочна, што на сёньня асноўная пагроза для інфармацыйнай бясьпекі Беларусі паходзіць ад Крамля і крамлёўскіх уплываў, ад татальнага дамінаваньня расейскіх СМІ ў Беларусі. І таму першы крок, які неадкладна трэба зрабіць, — абмежаваць трансьляцыю расейскіх тэлеканалаў у Беларусі. Бо фактычна яны — сродкі вядзеньня інфармацыйнай вайны, у тым ліку супраць Беларусі.

Прэзыдэнты Расеі і Беларусі Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка перад паседжаньнем у Маскве
Прэзыдэнты Расеі і Беларусі Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка перад паседжаньнем у Маскве

Пытаньне мовы, на якой распаўсюджваецца інфармацыя, асабліва з боку дзяржаўных беларускіх СМІ, таксама вельмі важнае. На нашу думку, пытаньне мовы павінна быць прыярытэтным у вызначэньні аб’ёмаў і падыходаў да вяшчаньня дзяржаўных тэлеканалаў. Сам кантэнт таксама мае вялікае значэньне. На нашую думку, павінна быць зроблена ўсё (і мы маем пералік неабходных захадаў), каб дзяржаўныя СМІ ў першую чаргу спрыялі ўмацаваньню нацыянальнай ідэнтычнасьці і не дапускалі яе разбурэньня. То бок заявы кшталту таго, што беларусы не зьяўляюцца самастойнай нацыяй, ці што беларускай мовы не існуе — яны павінны ня толькі вельмі жорстка абмяжоўвацца, але і карацца.

— Беларускія дэмакратычныя сілы ня першы раз выступаюць з такімі прапановамі, з такой праграмай інфармацыйнай бясьпекі. Але ўлады пераважна ігнаруюць іх. Чаму ўлады, нават калі бачаць, адкуль паходзіць інфармацыйная небясьпека — нічога фактычна ня робяць, каб яе прадухіліць?

— Улады знаходзяцца ў той пастцы, у якую самі сябе завялі. Калі ты абвяшчаеш, што твой найлепшы сябар — Крэмль, Пуцін, кажаш пра нейкую саюзную дзяржаву, — то цалкам недарэчна казаць, што ад твайго найлепшага сябра і саюзьніка паходзіць асноўная небясьпека і трэба абмежаваць ягоны ўплыў. Калі ты нібыта будуеш «саюз» і пры гэтым вымушаны рабіць нейкія крокі, каб абараніцца ад гэтага «сяброўства». Бурыцца ўся ідэалёгія, якую будаваў Лукашэнка цягам 20 гадоў.

Магчыма, сапраўды, разуменьне такой небясьпекі ў іх ёсьць. Але нічога сыстэмнага ня робіцца. Так, была крымінальная справа супраць беларусафобскіх выказваньняў блогераў. Але сыстэмна большая небясьпека паходзіць ад расейскіх тэлеканалаў, якія працягваюць дамінаваць у Беларусі.

Паўтаруся, няма яснага разуменьня таго, што і як трэба будаваць. Ёсьць нейкія страхі, перасьцярогі і поўная блытаніна ў галовах, якая адлюстроўваецца ў выказваньнях і дзеяньнях беларускіх дзяржаўных службоўцаў пра інфармацыйную бясьпеку.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG