Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар Шуневіч паабяцаў выявіць крыніцы працёку інфармацыі


Ігар Шуневіч

Міністар унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч паведаміў, што па фактах працёку інфармацыі зь міліцэйскіх зводак у інтэрнэт прызначаная службовая праверка.

Міністар прызнаў у інтэрвію БЕЛТА, што быў працёк «пэўнай інфармацыі зь міліцэйскіх зводак».

Міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч у форме НКВД
Міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч у форме НКВД

«Гэтая інфармацыя не закрытая, не сакрэтная. Зводкі падаюцца ва ўсе дзяржаўныя органы, у тым ліку ў адміністрацыю прэзыдэнта. І зь некаторых зводак была апублікаваная інфармацыя аб надзвычайных здарэньнях з асабовым складам, якая (мы таксама не хаваем) у гэтых зводках фігуруе ў выглядзе спэцыяльных данясеньняў», — сказаў міністар.

Ігар Шуневіч мае на ўвазе два ці тры выпадкі, калі такая інфармацыя была разьмешчана на адным з інтэрнэт-рэсурсаў. Ён паабяцаў бліжэйшым часам выявіць крыніцу працёку інфармацыі. Міністар падазрае, што «гэта будзе нехта з супрацоўнікаў органаў унутраных справаў».

Інфармацыя зь міліцэйскіх зводак неаднойчы публікавалася на тэлеграм-канале NEXTA. Потым яе пацьвярджалі ў Міністэрстве ўнутраных справаў.

У студзені на гэтым канале зьявілася інфармацыя пра тое, што ў Магілёўскім раёне інспэктар ДАІ з Чэрыкава насьмерць зьбіў пэнсіянэра і ўцёк зь месца здарэньня.

Потым блогер NEXTA распаўсюдзіў у Telegram інфармацыю пра меркаванае затрыманьне опэрупаўнаважанага Шклоўскага РАУС, у якога пры асабістым ператрусе знайшлі І сканфіскавалі асабліва небясьпечнае псыхатропнае рэчыва альфа-PVP масай, большай за 29 грамаў.

​Таксама NEXTA першым паведаміў, што Мсьціслаўскі раённы аддзел Сьледчага камітэту завёў крымінальную справу па факце ўжываньня гвалту супрацоўнікам міліцыі супраць двух грамадзян.

Паводле NEXTA, у Мазыры супрацоўнікі ДАІ затрымалі міліцыянта з Калінкавіцкага аддзелу дэпартамэнту аховы, які «з прыкметамі алькагольнага ап’яненьня кіраваў асабістым „Фольксвагенам“».

Учора ўвечары тэлеграм-канал NEXTA паведаміў пра зьнікненьне кіраўніка магілёўскага аддзяленьня мэдычнай службы дэпартамэнту фінансаў і тылу МУС Сяргея Максімава.

У рэйтынгу адкрытасьці асноўных дзяржаўных ведамстваў і арганізацыяў, які склала Беларуская асацыяцыя журналістаў, Міністэрства ўнутраных справаў займае перадапошняе месца: журналісты прызналі МУС адным з самых закрытых для СМІ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG