Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найбольш закрытыя для мэдыяў — Апэратыўна-аналітычны цэнтар, МУС і КДБ


Скульптура «Невядомы бюракрат» у Ісьляндыі. Ілюстрацыйнае фота Vladimir Korostyshevskiy / ©Shutterstock

Беларуская асацыяцыя журналістаў склала рэйтынг адкрытасьці асноўных дзяржаўных ведамстваў і арганізацый. Ён грунтуецца на апытаньні прадстаўнікоў вядучых дзяржаўных і недзяржаўных мэдыяў, сярод якіх Радыё Свабода.

Вынікі апытаньня БАЖ дашле ў дзяржаўныя структуры.

У апытаньні бралі ўдзел 50 журналістаў. Іх прасілі ацаніць, наколькі лёгка атрымаць інфармацыю ад чыноўнікаў у тым ці іншым ведамстве.

У выніку найбольш даступнымі названыя Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, Міністэрства замежных спраў і Дзяржаўны памежны камітэт.

Самыя закрытыя, паводле журналістаў, — Апэратыўна-аналітычны цэнтар, МУС, КДБ і ГУУС Менгарвыканкаму.

Нізкія балы атрымалі таксама Адміністрацыя прэзыдэнта і Міністэрства аховы здароўя.

Паводле БАЖ, нараканьні журналістаў на ведамствы, дзе кепска арганізаваная праца са СМІ, традыцыйныя. Гэта немагчымасьць апэратыўна атрымаць інфармацыю, складанасьці з доступам журналістаў на мерапрыемствы, прыярытэтнае прадстаўленьне інфармацыі дзяржаўнаму агенцтву БелТА.

Паводле намесьніка старшыні ГА «БАЖ» Барыса Гарэцкага, такое апытаньне ладзіцца чацьвёрты раз і «самыя горшыя адзнакі атрымліваюць адны з самых важных у дзяржаве структур».

«Некаторыя структуры калегі называць проста закрытымі. Даволі сумны вынік, бо апэратыўная і дакладная інфармацыя ў мэдыя — гэта гарантыя інфармацыйнай бясьпекі краіны».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG