Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзіўны спосаб змаганьня з інфармацыйнай небясьпекай


Беларускае кіраўніцтва чарговым разам заклапацілася пытаньнем інфармацыйнай бясьпекі. З гэтай нагоды Лукашэнка правёў 31 студзеня адмысловую нараду.

Сьцісла

  • Інфармацыйная пагроза паходзіць з Расеі
  • Лукашэнка прызнае́, што дзяржаўныя мэдыі ня ў стане нэўтралізаваць гэтую пагрозу.
  • Дзеля абароны інфармацыйнай прасторы Беларусі плянуецца стварыць новую структуру.
  • Але задача і функцыі гэтай новай арганізацыі незразумелыя.

Апошнім часам тэма інфармацыйнай бясьпекі выклікае вялікую трывогу ў беларускіх уладаў. Мінулым годам яна была ці не галоўным трэндам. Лукашэнка правёў некалькі нарадаў па гэтым пытаньні, памяняў кіраўнікоў вядучых дзяржаўных мэдыяў. Але галоўную небясьпеку кіраўнік Беларусі бачыў у незалежных мэдыях. Дзеля іх нэўтралізацыі быў прыняты новы закон аб СМІ, заведзеныя «справа БелТА», «справа Алеся Ліпая».

З выступу Лукашэнкі на нарадзе 31 студзеня вынікае, што галоўная небясьпека пагражае звонку. Ён заявіў: «Любая халодная ці тым больш гарачая вайна ніколі не пачынаецца без інфармацыйнага ціску і проціборства... І супрацьстаяць, асабліва ў СМІ, тым нападам, якія робяцца на Беларусь (а яны часам з розных бакоў робяцца), мы павінны ўмець».

Ужо два разы апошнім часам Лукашэнка абураўся атакамі расейскіх тэлеканалаў. Вось і цяпер ён адзначыў, што адпаведнае пытаньне закраналася і ў час праведзенай непасрэдна перад нарадай тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Такім чынам, з гэтага вынікае, што інфармацыйнай бясьпецы краіны пагражае Расея. «Мы гэтую праблему ўсебакова прааналізуем на бліжэйшым пасяджэньні Савету бясьпекі Беларусі. Гэта пытаньне нумар адзін, якое мы разгледзім», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Таксама Лукашэнка прызнаў, што «эфэктыўнасьць у нас пакуль слабая, асабліва ў проціборстве з рознага роду каналамі, старонкамі і сайтамі ў інтэрнэце... мы слаба процідзейнічаем». Гэта сапраўды так. Расейскія тэлеканалы мацней уплываюць на масавую сьвядомасьць грамадзтва Беларусі, чым беларускія дзяржаўныя СМІ, якія выяўляюць сваю бездапаможнасьць.

Натуральна, паўстае пытаньне: што рабіць? Адказ на яго на згаданай нарадзе аказаўся даволі дзіўным. Ён дадзены ў клясычным бюракратычным стылі. То бок — калі зьявілася нейкая праблема, то давайце для яе вырашэньня створым камісію. Паводле Лукашэнкі, «спэцыялістаў, прафэсіяналаў у нас хоць адбаўляй, проста не было адпаведнай арганізацыі». Дык давайце яе створым!

У нашым выпадку гаворка ідзе пра выбудоўваньне нейкай новай структуры, задачы і функцыі якой акрэсьліваюцца вельмі няпэўна. Па словах Лукашэнкі, яна «будзе ацэньваць рэйтынгі СМІ». Прэсавы сакратар прэзыдэнта Натальля Эйсмант патлумачыла, што паўстае «пытаньне арганізацыі ў краіне новай сыстэмы мэдыявымярэньняў».

А вось начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўленьня дзяржаўнага сакратарыяту Савету бясьпекі Алег Макараў сфармуляваў функцыю новай структуры зусім па-іншаму:

«Найважнейшым пытаньнем зьяўляецца аналіз інфармацыйных плыняў, інфармацыйнага поля, для чаго неабходна стварэньне або структураваньне інстытутаў, якія б маглі выяўляць і супрацьстаяць такім пагрозам. У першую чаргу гаворка ідзе пра выяўленьне і разуменьне таго, наколькі небясьпечныя тыя ці іншыя інфармацыйныя плыні і ўкіды... Сёньня на нарадзе кіраўнік дзяржавы прыняў рашэньне стварыць спэцыяльную навуковую аналітычную структуру, якая б магла якраз такімі пытаньнямі і займацца — выяўляць і маніторыць інфармацыйныя патокі, рызыкі, тыя пункты напружаньня, на якія неабходна рэагаваць, якія неабходна ўлічваць пры фармаваньні дзяржаўнай палітыкі».

Гэта вельмі дзіўна, што розныя людзі, якія былі на нарадзе, па-рознаму зразумелі, што ж трэба стварыць — ці то агенцтва па вымярэньні рэйтынгаў СМІ, ці навукова-аналітычную структуру па барацьбе з пагрозамі інфармацыйнай бясьпецы дзяржавы. Сытуацыя трохі анэкдатычная. Калі адпачатку незразумела, дзеля чаго ствараецца новая арганізацыя, то можна лёгка ўявіць, якой будзе яе эфэктыўнасьць.

Калі гаворка ідзе пра вымярэньне рэйтынгаў СМІ, то для гэтага няма неабходнасьці адмыслова ствараць нейкую структуру. Гэтая задача па сілах аднаму чалавеку. Гэтым займаецца кожная рэдакцыя незалежных мэдыяў, каб разумець, як працаваць. Ёсьць розныя лічыльнікі.

Дарэчы, аналізам працэсаў у мэдыях займаюцца і розныя дзяржаўныя ўстановы. Ёсьць цэлае Міністэрства інфармацыі. Існуе Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце. Ёсьць інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленьне дзяржаўнага сакратарыяту Савету бясьпекі, начальнік якога камэнтаваў вынікі нарады. Таксама працуе Інфармацыйна-аналітычны цэнтар пры Адміністрацыі прэзыдэнта.

І вось высьвятляецца, што ўсяго гэтага аказалася мала, яны не спраўляюцца са сваёй працай. Трэба стварыць яшчэ нешта новае. Узьнікае ўражаньне, што атачэньне Лукашэнкі, карыстаючыся ягонай недасьведчанасьцю ў новых інфармацыйных тэхналёгіях (ён прызнаўся, што да кампутара не падыходзіць) імкнецца «разьвесьці» яго на тое, каб, кажучы бюракратычнай моваю, «асвоіць рэсурсы».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG