Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыхільнікі «русского мира» ў Беларусі маўчаць, бо месца «галоўнага інтэгратара» занятае


Ілюстрацыйнае фота. Акцыя прарасейскага грамадзкага абʼяднаньня «Бессмертный полк» у Менску

Крызіс беларуска-расейскіх стасункаў паставіў прыхільнікаў «русского мира» ў Беларусі ў інтэлектуальны тупік.

  • Прыхільнікі «паглыбленьня інтэграцыі» ў Беларусі не падтрымалі ініцыятывы Крамля.
  • Аляксандар Лукашэнка моцна трымае манаполію на палітыку сяброўства і інтэграцыі з Расеяй.
  • Адэптам «русского мира» застаецца толькі роля змагароў зь беларускімі нацыяналістамі.
  • Малаімаверна зьяўленьне на прэзыдэнцкіх выбарах прарасейскага кандыдата.

Інфармацыйная кампанія прарасейскага сайту «Телескоп» супраць незалежнай беларускамоўнай газэты «Новы час», магчыма, зьяўляецца прадвесьнікам абвастрэньня канфлікту паміж беларускімі нацыяналістамі і прыхільнікамі «русского мира».

Крызіс беларуска-расейскіх дачыненьняў, выкліканы імкненьнем Масквы прымусіць Менск пачаць працэс будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, паставіў прыхільнікаў «русского мира» ў Беларусі ў тупік.

Уся іхная ідэалёгія грунтуецца на неабходнасьці як мага большага адзінства «двух брацкіх народаў». Таму цяперашняя палітычная лінія Крамля да Беларусі, скіраваная на «паглыбленьне інтэграцыі», якраз трапляе у фокус іхных плянаў, мараў, жаданьняў. На іхнай вуліцы цяпер павінна быць сьвята, яны мусяць на кожным скрыжаваньні крычаць «Ура!», рашуча падтрымаць ініцыятыву Масквы і заклікаць Менск рушыць насустрач.

Аднак нічога такога не здарылася. Прыхільнікі «русского мира» ў Беларусі чамусьці маўчаць, нібы вады ў рот набралі.

Разгадка тут вельмі простая. Бо ўсе гэтыя сілы ня толькі прарасейскія, але адначасова і праўладныя, пралукашэнкаўскія.

Парадокс беларускай сытуацыі палягае ў тым, што тут ёсьць некалькі праэўрапейскіх палітычных партый, аналітычных цэнтраў, зарэгістраваных газэт. Аднак, нягледзячы на дзесяцігодзьдзі палітыкі інтэграцыі з Расеяй, практычна няма прарасейскіх партый, аналітычных цэнтраў, друкаваных выданьняў. У іншых постсавецкіх дзяржавах (нават у краінах Балтыі) яны ёсьць, а ў краіне, якая тры дзесяцігодзьдзі апантана аб’ядноўваецца з РФ, іх няма. Ёсьць толькі інтэрнэт-рэсурсы, якія адмініструюцца з Расеі.

Прычына такога парадоксу папраўдзе вельмі зразумелая. Аляксандар Лукашэнка вельмі моцна трымае манаполію на палітыку сяброўства і інтэграцыі з Расеяй. І катэгарычна не дапускае на гэтай пляцоўцы ніякіх канкурэнтаў. Таму на праэўрапейскім палітычным полі існуе параўнальная свабода, а на прарасейскім флянгу ўсё забэтанаванае і заасфальтаванае.

У 2014 годзе Сяргей Касьцян паспрабаваў стварыць партыю «Беларускі славянскі камітэт», але ўлады яе не зарэгістравалі, а ейных чальцоў моцна напужалі. Вось днямі ў Менгарвыканкаме адказалі адмовай на паўторную заяўку ў рэгістрацыі прарасейскага грамадзкага абʼяднаньня «Бессмертный полк».

А тыя, хто не зразумеў, што прарасейскі палітык у Беларусі толькі адзін, жорстка паплаціліся. Тры блогеры расейскага шавіністычнага сайту Regnum правялі за кратамі амаль 14 месяцаў. Дзяржаўныя мэдыя іх абвінавацілі... у чым вы думалі? Правільна, у тым, што яны шкодзілі беларуска-расейскай дружбе і распальвалі міжнацыянальную варожасьць.

Бо межы дружбы тут вызначае адзін чалавек. І менавіта ён зьяўляецца галоўным праціўнікам інтэграцыі паводле сцэнару Масквы. Прыхільнікі «русского мира» гэта разумеюць, але падаць голас баяцца. Бо гісторыя з блогерамі Regnum стала добрай навукай.

Што ім застаецца цяпер? Хіба што змагацца зь беларускімі нацыяналістамі. То патрабуюць забараніць Партыю БНФ, то закрыць газэту «Новы час».

Але і гэты шлях не зусім бясьпечны. Можна не ўгадаць і семдзесят сем агнёў пабачыць.

Вось вядомы апантаны прыхільнік «русского мира», навуковы супрацоўнік інстытуту філязофіі НАН Беларусі Аляксей Дзермант, паўдзельнічаў у перадачы расейскага тэлеканалу НТВ, у якой выкрываўся беларускі нацыяналізм. Аднак Лукашэнку гэтая перадача вельмі не спадабалася, ён моцна абурыўся, рэзка абверг усе закіды НТВ, нібыта ў Беларусі вядуць рэй нацыяналісты.

Цяпер у мэдыя шмат разважаньняў наконт магчымага прарасейскага кандыдата на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Падчас мінулых прэзыдэнцкіх кампаній таксама гучалі абвінавачваньні ў адрас некаторых кандыдатаў, што яны патаемна прарасейскія. Цяпер жа, у зьвязку з абвастрэньнем беларуска-расейскага канфлікту, кажуць пра магчымасьць зьяўленьня яўнага прарасейскага кандыдата, які будзе крытыкаваць Лукашэнку за тармажэньне працэсу інтэграцыі.

З улікам таго, што за саюз з Расеяй у Беларусі выступае каля 60% насельніцтва, гэта стварыла б уладам пэўную праблему. Аднак, думаю, што зьяўленьне такога кандыдата малаімавернае. Бо чалавек, які паспрабуе згуляць у такую гульню — палітычны сьмяротнік. І лёс блогераў Regnum — гэта як напамін пра будучыню.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG