Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыёляг Вардамацкі: Трэці закон Ньютана ў сацыялёгіі — мяккая беларусізацыя можа стаць цьвёрдай у выпадку вонкавага ціску


Андрэй Вардамацкі
Андрэй Вардамацкі

Як беларуская грамадзкая думка цяпер ставіцца да Расеі, да пэрспэктываў інтэграцыі зь ёй? Якія падзеі ў мінулым мянялі гэтае стаўленьне? Як прарасейскія і праэўрапейскія памкненьні залежаць ад дэмаграфічных характарыстык?

З такімі пытаньнямі Радыё Свабода зьвярнулася да вядомага сацыёляга, прафэсара Андрэя Вардамацкага, кіраўніка Беларускай аналітычнай майстэрні (BAW, Варшава).

Асноўныя тэзісы з гутаркі:

  • Паводле апошняга апытаньня, за саюз з Расеяй — крыху больш за 60%, за уступленьне Беларусі ў Эўразьвяз — крыху больш за 20%
  • Лічба тых, хто за ўваходжаньне Беларусі ў Расею — каля 3% — ужо шмат гадоў практычна не мяняецца
  • На мяжы 2006-2007 гадоў на працягу месяца адбыўся рэзкі абвал прарасейскіх настрояў, на 10 адсоткавых пунктаў. Гэта адбылося тады пасьля «вуглевадародных падзеяў» паміж Беларусьсю і Расеяй
  • У сытуацыях зьнешняга ціску часта адбываецца кансалідацыя нацыі «вакол сьцягу»
  • Існуе вельмі моцная сувязь паміж узростам і выбарам паміж саюзам з Расеяй і ЭЗ, сярод моладзі 18-24 за Беларусь у ЭЗ — 45%, сярод старых — 65 гадоў і болей — 8%

У цяперашняй сытуацыі вострага інтэграцыйнага канфлікту паміж Беларусьсю і Расеяй натуральнае пытаньне — а што ж думае наконт гэтага беларускае грамадзтва, якія масавыя настроі? Якімі індыкатарамі вымяраецца гэтае стаўленьне?

— Размова ідзе пра геапалітычныя арыентацыі. Наколькі канфлікт востры — гэта пытаньне да палітолягаў. Што тычыцца грамадзкай думкі, то для вымярэньня выкарыстоўваюцца наступныя індыкатары. Першае — саюз, якому аддаюць перавагу. Гэта інтэграцыйныя настроі, і яны вымяраюцца пытаньнем «У якім саюзе дзяржаў было б лепш жыць народу Беларусі, у Эўразьвязе або ў саюзе з Расеяй?»

Другое пытаньне — якім адносінам паміж Беларусьсю і Расеяй вы аддаяце перавагу? Прапаноўваюцца розныя варыянты:

  • «Беларусь і Расея павінны быць незалежнымі, але дружалюбнымі краінамі — з адкрытымі межамі, без віз і мытняў»,
  • «Адносіны Беларусі і Расеі павінныя быць такімі ж, як з іншымі краінамі — з закрытымі межамі, з візамі, мытнямі»
  • «Аб'яднаньне Беларусі і Расеі ў саюзную дзяржаву»
  • «Уваходжаньне Беларусі ў Расейскую Фэдэрацыю ў якасьці субʼекта фэдэрацыі».

Адносна індыкатара інтэграцыйных настрояў за апошні год дынамікі практычна няма. За саюз з Расеяй — крыху больш за 60%, за Эўразьвяз — крыху больш за 20%. У гэтым калідоры адбываецца рух.

У папярэднія гады здараліся і рэзкія зрухі, бывалі і зьмены ў 10 адсоткавых пунктаў на працягу месяца.

Як гэтыя настроі мяняюцца — пакажуць наступныя апытаньні. Магчымае падвышэньне праэўрапейскіх настрояў і зьніжэньне прарасейскіх.

Што тычыцца другога індыкатару, то ў апытаньні ў верасьні 2018 году вынікі былі такія: за стасункі з РФ такія жа, як зь іншымі краінамі, зь візамі і мытняй — 5.4%, за стасункі незалежных, але дружалюбных краінаў, з адкрытымі межамі, без візаў і мытняў — 75%, за абʼяднаньне ў саюзную дзяржаву — 12.4%, і за ўваходжаньне Беларусі ў Расею — 2.7%.

Гэтая лічба — 2.7% за ўваходжаньне ў Расею — статыстычна ўжо шмат гадоў практычна не мяняецца. Яна ўзьнімаецца да 5-6%, але пры гранічнай памылцы рэпрэзэнтатыўнасьці ў 3% гэта тоесна тым 2.7%.

— У вашым пытаньні з мэню магчымых варыянтаў стасункаў з Расеяй за ўваходжаньне ў РФ сапраўды мізэр. Але за абʼяднаньне ў саюзную дзяржаву — 12.4%. А гэта ўжо ня мізэр. Што яны маюць на ўвазе пад саюзнай дзяржавай — невядома. Можа тое, што ёсьць. І цяпер існуе саюзная дамова: беларусам ня трэба адмысловых дазволаў, каб працаваць у Расеі, у аэрапорце Шарамецьева вісіць шыльда — «праход для грамадзянаў саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі». Пад саюзнай дзяржавай рэспандэнты маюць на ўвазе тое, што ёсьць? Ці нешта іншае?. Можа тое, што цяпер прапануе Масква — агульныя грошы, агульная мытня.

— Вы прагаварылі, што такое цяпер азначае саюзная дзяржава. Гэта апісаніе правільнае, але экспэртнае. Масавая сьвядомасьць ня мысьліць у такіх разгорнутых і падрабязных катэгорыях. За гэтым стаіць недэталізаванае ўяўленьне. У якой менавіта юрыдычнай форме павінна існаваць саюзная дзяржава — большасьць рэспандентау дакладна не ведае.

Масавая сьвядомасьць мысьліць больш размытымі, туманнымі ўяўленьнямі.

—​ Пакуль усе гэтыя інтэграцыйныя «цёркі» — у віртуальнай плашчыні, пра нешта там спрачаецца Лукашэнка з Пуціным. А калі гэта рэальна адабʼецца на кішэні, калі даходы пакоцяцца ўніз? А расейскае ТБ, якое пануе ў Беларусі, добра патлумачыць беларусам, чаму, праз што і праз каго яны сталі істотна бяднейшымі. Гэта ні на што не паўплывае? 75% застануцца непахіснымі? Напэўна, на пэрспэктыву прадказаць складана, часам людзі самі ня ведаюць, як яны сябе павядуць у сытуацыі, якая зьмянілася. Але можна «прадказаць назад» — паглядзець, як эканамічныя крызісы і крызісы ў двухбаковых адносінах адбіваліся на інтэграцыйных індыкатарах, на стаўленьні да Расеі. І як?

— У вочы гэтая залежнасьць не кідаецца. Гэтыя флюктуацыі былі, але яны былі зьвязаныя ў большай ступені не са зьменамі эканамічнага самаадчуваньня, а з тым, што вы называеце «цёркамі ў вярхах» і з магчымымі наступствамі.

На мяжы 2006-2007 гадоў на працягу месяца адбыўся рэзкі абвал прарасейскіх настрояў, на 10 адсоткавых пунктаў. 10 пунктаў для такіх індыкатараў — гэта вельмі шмат. Бо геапалітычныя арыентацыі — гэта каштоўнасьці, а каштоўнасьці — рэч рыгідная. Гэта такі вялікі цяжкі вагон, які цяжка зрушыць.

Гэта ня рэйтынг нейкага палітыка, грамадзкага дзеяча і ня стаўленьне да нейкага прыватнага сюжэту. Геапалітычныя арыентацыі — гэта глыбінная рэч.

Але нават яны мяняліся на працягу месяца на 10 адсоткавых пунктаў. Гэта адбылося тады, калі адбываліся, як я кажу, «вуглевадародныя падзеі» паміж Беларусьсю і Расеяй.

Тады адбылося паніжэньне інтэграцыйных настрояў з Расеяй на 10 пунктаў і павялічэньне на 5 пунктаў праэўрапейскіх настрояў. Гэтая зьмена адбылася не люстэркава, 5 пунктаў пайшлі ад Расеі да Эўропы, яшчэ 5 пунктаў пайшлі ў тых, хто ня вызначыўся.

Гэта чыста мэдыйны эфэкт. Ён быў выкліканы беларускімі СМІ, калі Расея стала падавацца ў менш пазытыўным сьвятле.

Вашая ўскосная гіпотэза, што пагаршэньне эканамічнага самаадчуваньня ў выніку новай расейскай палітыку адносна Беларусі прывядзе да росту прарасейскіх настрояў — гэта толькі адзін з магчымых сцэнароў. Але ў такіх сытуацыях часта адбываюцца іншыя, адваротныя рэчы — кансалідацыя нацыі ў адказ на зьнешняга... ну, некага зьнешняга.

—​ Як кажуць палітолягі, кансалідацыя вакол сьцягу?

— Менавіта так. Гэта таксама імаверны сцэнар. І ён ня менш імаверны, чым той, пра які казалі вы.

Цікава, што тады, на мяжы 2006-2007 гадоў, калі ў Беларусі зьнізіліся прарасейскія настроі, ва Ўкраіне гэтага не адбылося. Хаця падвышэньне цэнаў на энэрганосьбіты там таксама было. Але тады ва Ўкраіне не было такога мэдыйнага фону, «сьледу».

—​ Ад чаго, ад якіх характарыстык залежыць стаўленьне да незалежнасьці і да дылемы саюз з Расеяй ці Эўразьвяз? Ці існуе сувязь з узростам, адукацыяй, месцам пасяленьня?

— Сувязь ёсьць. Па некаторых паказьніках яна проста хрэстаматыйная, па іншых яна менш выразная, але таксама ёсьць. Самая моцная сувязь — паміж узростам і першым інтэграцыйным індыкатарам, выбарам паміж саюзам з Расеяй і ЭЗ. Я прывяду лічбы апошняга, сьнежаньскага 2018 году апытаньня.

Графік. Сувязь адказаў на пытаньне «У якім саюзе дзяржаў было б лепш жыць народу Беларусі, у Эўразьвязе або ў саюзе з Расеяй?» са ўзростам, %

Па гэтай залежнасьці бачна, што перавага Эўропы, хаця і адносна, есьць толькі ў групе самых маладых рэспандэнтаў — 18-24 гады.
Але, як толькі чалавек уваходзіць у эканамічна актыўны ўзрост, адразу адбываецца пераарыентацыя ад юнацкіх, рамантычных каштоўнасьцяў на больш практычна-эканамічныя, якія знаходзяцца ў Расеі. Прыходзіць разуменьне, што асноўны рынак — у Расеі. І гэта карэляцыя захоўваецца ужо шмат гадоў. Структура геапалітычных арыентацый грамадзян есьць адлюстраваньнем структуры зьнешнеэканамічнага таваразвароту.

Ёсьць пэўная залежнасьць ад месца пасяленьня, у Менску ўзровень праэўрапейскіх настрояў — найвышэйшы ў параўнаньні зь іншымі тыпамі населеных пунктаў. І тут залежнасьць таксама дакладная: чым меншыя памеры населеных пунктаў, тым менш у іх праэўрапейскіх настрояў. Але там сувязь менш выразная, чым з узростам.

Па адукацыі — вышэйшая адукацыя дае крыху больш праэўрапейскіх настрояў (25.3%), чым сярэдняя. А пачатковая адукацыя дае 0% праэўрапейскіх настрояў. Але вышэйшая адукацыя — не абсалютны крытэр, людзі з вышэйшай адукацыяй, якія працуюць на буйных прадпрыемствах, маюць рынак у Расеі.

Уяўленьні пра тое, дзе знаходзяцца тэхналёгіі — на Захадзе, сутыкаюцца з уяўленьнямі пра тое, дзе знаходзіцца рынак збыту — у Расеі. І апошнія ўяўленьні — пра рынак збыту — дамінуюць у гэтым унутраным сутыкненьні інтарэсаў і каштоўнасьцяў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG