Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Той, хто ўсё прыдумаў, не ўяўляў сабе наступстваў». Апошняе слова Марыны Золатавай у судзе


Марына Золатава

Разгляд «справы БелТА» ідзе з 12 лютага, прысуд будзе вынесены 4 сакавіка.

25 лютага суд Заводзкага раёну Менску скончыў разглядаць справу галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай. Пракурор Юлія Харчэйкіна просіць пакараць журналістку штрафам у памеры 25 500 рублёў. Крымінальны кодэкс прадугледжвае па артыкуле Золатавай (бязьдзеяньне ўлады) пакараньне да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Прысуд будзе вынесены 4 сакавіка ў 12.30.

Свабода публікуе апошняе слова Марыны Золатавай у судзе цалкам.

«Высокі суд, я хацела б зьвярнуць увагу на тое, што ў працэсе ў мяне аказалася тры абвінаваўцы (пракурор і два адвакаты агенцтва БелТА. — РС) і адзін абаронца.

Хацелася б зьвярнуць увагу на некаторыя выказваньні, якія мне падаюцца важнымі для прыняцьця рашэньня.

Па-першае, дзяржаўны абвінаваўца ўказала, што падчас папярэдняга сьледзтва я цалкам прызнавала сваю віну. Гэтага не было ніколі, сваю віну я прызнавала часткова. І тлумачыла, чаму я гэта рабіла.

У якасьці доказу маёй інфармаванасьці прыводзіцца аргумэнт, што ўсе супрацоўнікі рэдакцыі знаходзяцца ў адным памяшканьні і я магла бачыць, што адбываецца на іншых маніторах. Але я не зазіраю ў чужыя маніторы. І фізычна са свайго месца я не магу гэтага рабіць.

Наступнае — дзяржаўны абвінаваўца чапляецца за адзіную нестыкоўку ў маіх паказаньнях, якую я вельмі падрабязна патлумачыла і, на мой погляд, пераканаўча. Пра тое, што я адзіны раз у паказаньнях згадала, што мне было вядома пра выкарыстаньне пароляў БелТА з 2017 году. Але я зьвяртала ўвагу на тое, што «мне стала вядома» — гэта фармулёўка сьледчага. Тады я не зьвяртала ўвагі на гэта, я ўпершыню была на допыце ў якасьці падазраванай. На ўсіх іншых допытах я выкарыстоўвала выраз «здагадвалася».

Прадстаўнік БелТА зьедліва зьвярнуў увагу на тое, што я дала ўказаньні рэдактару Калтыгінай зрабіць маніторынг (гаворка пра параўнаньне зьместу і апэратыўнасьці платнай і бясплатнай вэрсій сайту БелТА. — РС). Я не давала ўказаньняў праводзіць маніторынг, Ганна Калтыгіна прапанавала зрабіць яго сама. Гэта першае. Другое — пагаджаючыся на маніторынг, я нават не падазравала, што яго правядзеньне будзе зьвязана з выкарыстаньнем платнай падпіскі. Таму што, як я ўжо тлумачыла, я была перакананая, што падпіска БелТА арганізаваная па тым самым прынцыпе, што і падпіска на БелаПАН.

Наконт ажыятажу. Я хацела б зьвярнуць увагу, што ажыятаж (вакол гэтай справы. — РС) быў створаны ня з нашай ініцыятывы. Насамрэч першыя публікацыі сабе дазволілі дзяржаўныя СМІ. У далейшым яны суправаджаліся штотыднёвымі, а то і штодзённымі, публікацыямі на сайце газэты «СБ — Беларусь сегодня». Якія ў апошні час вядуцца чалавекам, які нават не прысутнічае ў залі паседжаньня.

Нельга карыстацца паролямі, якія табе не належаць, альбо якія больш табе не належаць. Гэта відавочна. Калі я даведалася, што ў аднаго з супрацоўнікаў ёсьць доступ да платнай падпіскі БелТА, я насамрэч не надала гэтаму неабходнай увагі. Я сказала, што гэта дрэнна. Гэта ёсьць на тым самым запісе, які, дарэчы, тут цытаваў прадстаўнік грамадзянскага пазоўніка, які на закрытым паседжаньні даваў падпіску аб неразгалошваньні дадзеных закрытага судовага паседжаньня. Я на самой справе не зрабіла больш строгіх захадаў дзеля таго, каб выключыць у далейшым выкарыстаньне доступу да платнай падпіскі. Я не надала гэтаму неабходнай увагі, і ў гэтым я насамрэч раскайваюся.

У сваё апраўданьне я магу сказаць, што дакладна ведала толькі пра аднаго супрацоўніка, які меў доступ да платнай падпіскі, а саму гэтую тэму абмяркоўвала ўсяго з двума падначаленымі. І я ня мела інфармацыі пра тое, што яшчэ нехта з супрацоўнікаў мае доступ да платнай падпіскі БелТА.

У прафэсійным асяродзьдзі на працягу доўгага часу хадзілі чуткі, што пароль БелТА «гуляе» сярод журналістаў. З матэрыялаў справы я даведалася, што паролі ў некаторых выпадках не мяняліся з 2000 году, а з журналістаў падчас зьмены працы ня бралі абавязаньняў аб спыненьні выкарыстаньня пароля. Ці зьяўляецца ў такім выпадку мая віна больш сур’ёзнай, чым віна асобаў, якія зрабілі магчымым такі стан рэчаў? Тым больш тут ужо цытаваўся закон «Аб інфармацыі і інфарматызацыі». У адпаведнасьці з артыкуламі 28-30 гэтага закону адказнасьць па абароне інфармацыі ляжыць на асобах, адказных за распаўсюд інфармацыі, альбо ўладальнікаў інфармацыі.

У абвінавачаньні гаворыцца, што падначаленыя ажыцьцяўлялі доступ да БелТА з майго ведама і згоды. Я ніколі не давала згоды на доступ да платнай стужкі БелТА. Пра гэта не гаворыцца нідзе. Ніякай выгады ад выкарыстаньня платнай падпіскі БелТА ні я асабіста, ні нашыя супрацоўнікі не атрымлівалі. Іх заявы паказваюць, што яны выкарыстоўвалі доступ па звычцы, таму што раней працавалі ў выданьнях, якія былі падпісчыкамі БелТА. У некаторых доступ «памятаў» браўзэр, і таму яны працягвалі ім карыстацца.

Апублікаваныя намі матэрыялы выходзілі не раней, чым на сайце БелТА. Гэта пацьвярджаецца матэрыяламі справы, маніторынгам і аналізам матэрыялаў. Выключэньне складаюць дзьве нататкі, пра якія ўжо тут гаварылася. Пра тое, што падпіска на БелТА не дае ніякай выгады, гаворыць той факт, што з 24 самых папулярных мэдыя ў Беларусі па вэрсіі Similarweb толькі 5 зьяўляюцца падпісчыкамі БелТА. 5 з 24. Я нават ня буду пералічваць, гэта сама па сабе дастаткова красамоўная інфармацыя.

Цяпер мы амаль не выкарыстоўваем інфармацыю БелТА нават з адкрытай вэрсіі, і гэта ніяк не адбілася на нашай папулярнасьці — яна працягвае расьці.

Я хачу зьвярнуць увагу на тое, што на працягу шматлікіх гадоў паміж Tut.by і БелТА існавала дамоўленасьць, згодна зь якой пад публікацыямі іх матэрыялаў мы разьмяшчалі спасылкі на іншыя навіны БелТА. З пачатку 2017 па канец ліпеня 2018 году гэта прынесла БелТА больш за 350 тысяч пераходаў, а ў больш раньнія пэрыяды, калі мы выкарыстоўвалі інфармацыю БелТА часьцей, доля трафіку з Tut.by на БелТА была значна вышэйшая. Гэтая дамоўленасьць выконвалася да 10 жніўня 2018 году, калі я прыбрала гэтыя спасылкі, ужо выйшаўшы на свабоду пасьля затрыманьня.

Ператрус у офісе Tut.by 7 жніўня 2018
Ператрус у офісе Tut.by 7 жніўня 2018

Я б хацела адзначыць, што мы ўвогуле б адмовіліся ад выкарыстаньня інфармацыі БелТА. Але гэтае інфармацыйнае агенцтва валодае манаполіяй на атрыманьне інфармацыі ад дзяржаўных органаў. І менавіта на БелТА публікуюцца адказы на тыя пытаньні, якія мы і прадстаўнікі іншых СМІ накіроўваем у дзяржорганы. Менавіта на БелТА, а не на сайце прэзыдэнта і іншых органаў публікуецца найбольш апэратыўная інфармацыя пра яго дзейнасьць.

У абвінавачваньні гаворыцца, што мае падначаленыя ажыцьцяўлялі несанкцыянаваны доступ, бо я не арганізавала падпіску на платны доступ. Але гэта вельмі дзіўная сувязь. Фактычна «вецер дзьме, бо дрэвы хістаюцца». Маці не набыла дзіцяці цацку ў краме, ён упаў на зямлю і б’ецца ў гістэрыцы — мама вінаватая ў гэтым? Я ня згодная з тым, што павінна была забясьпечыць падпіску на БелТА. Па-першае, у адпаведнасьці з Грамадзянскім кодэксам грамадзяне вольныя ў заключэньні дамоваў. Па-другое, я лічыла і лічу, што падпіска на БелТА нам непатрэбная. Нам дастаткова інфармацыі з адкрытага доступу, яна публікуецца там дастаткова апэратыўна. Уся інфармацыя, якая ёсьць у падпісцы, ёсьць і ў адкрытым доступе.

Калі б інфармацыя пра дзейнасьць дзяржорганаў выходзіла б з затрымкай або прадстаўлялася б за грошы, то гэта насамрэч супярэчыла б 34 артыкулу Канстытуцыі.

Разам з тым, калі б нехта з калегаў зьвярнуўся да мяне з просьбай заключыць дамову зь БелТА, бо гэта неабходна, то гэтае пытаньне мы б абавязкова разгледзелі. 19 сакавіка 2018 году мы з калегамі прыйшлі да высновы, што падпісвацца на БелТА немэтазгодна. Бо розьніцы паміж платным і бясплатным доступам няма фактычна ніякай. І, як сказала мая абаронца, заключэньне дамоваў не ўваходзіць у мае абавязкі. То бок гаварыць пра тое, што я была абавязаная нешта зрабіць, але не зрабіла, бязьдзейнічала, нельга.

Я таксама ня згодная з тым, што дзеяньні маіх калегаў можна кваліфікаваць як крымінальнае злачынства па частцы 2 артыкула 349. Прызнаньне віны не зьяўляецца дастатковым доказам. Іх віна не была даказаная ў судзе. Я прытрымліваюся меркаваньня, што гэта было адміністратыўным правапарушэньнем. Акрамя таго, я не разумею, чаму я павінна несьці адказнасьць за дзеяньні, пра якія я нават ня ведала.

Бок абвінавачваньня лічыць, што мае дзеяньні былі сьвядомымі, і выкарыстоўвае такі аргумэнт, як нежаданьне плаціць і жаданьне зэканоміць. Але гэта абвяргаецца тым фактам, што на шэраг інфармацыйных паслуг мы акурат падпісаныя і ў некаторых выпадках плацім нашмат большыя сродкі, чым каштуе падпіска БелТА. Гэта першае. Другое: памеры заробкаў, прэмій, кампэнсацый — усё гэта ніяк не зьвязана з наяўнасьцю або адсутнасьцю падпіскі на БелТА. Гэта зусім не зьвязаныя паміж сабой рэчы.

Яшчэ адзін дзіўны аргумэнт — гэта тое, што я хацела павысіць сваю значнасьць у вачах падначаленых і кіраўніцтва і таму не падпісалася на БелТА. Гэта ўвогуле гучыць як абсурд. Падпіска на БелТА і мой аўтарытэт увогуле ня маюць ніякай сувязі.

Што да нанесенай шкоды, то мне падаецца, што памер яе зьяўляецца неабгрунтаваным. БелТА не панесла нейкіх стратаў. Не даказаны ніводзін выпадак, калі карыстальнік насамрэч ня змог скарыстацца доступам да платнай падпіскі менавіта праз тое, што наш супрацоўнік таксама ім карыстаўся. Што тычыцца шкоды праз тое, што тэхнічныя супрацоўнікі БелТА былі занятыя на выпраўленьні памылак, то гэта таксама гучыць дзіўна, бо тэхнічныя супрацоўнікі і так абавязаныя сачыць за забесьпячэньнем інфармацыйнай бясьпекі.

Што тычыцца шкоды рэпутацыі, то мне падаецца, што нашмат большы ўдар па ёй нанёс сам гэты працэс, які паказаў, наколькі неахайна сама БелТА ставілася да бясьпекі інфармацыі.

І апошняе, што я хацела б сказаць, — гэта тое, што нагодай для гэтага крымінальнага працэсу, як можна зразумець з матэрыялаў справы, стала незразумела на якіх падставах праслуханая ў сакавіку 2018 году тэлефонная размова. Менавіта пасьля гэтай тэлефоннай размовы дзіўным чынам высьветлілася, што ў кліентаў БелТА зьявіліся праблемы з доступам да сайту.

Пытаньне, якое можна было б урэгуляваць у межах грамадзянскіх узаемаадносінаў, суправаджалася ператрусамі, затрыманьнямі, выманьнем дакумэнтаў і перапіскі. А сьведкі заяўлялі пра ціск з боку сьледзтва, якое патрабавала даць паказаньні супраць Золатавай.

БелТА, «СБ» абвінавачваюць нас у парушэньні этычных нормаў, але самі дазваляюць сабе не спасылацца на крыніцы, сьціпла пазначаючы ў якасьці іх «інтэрнэт» альбо «інтэрнэт-СМІ». Публікуюць фота ўсясьветных агенцтваў, не афармляючы падпіску. Я лічу, што рашэньне такіх праблемаў трэба шукаць разам. І яно дакладна ляжыць ня ў сфэры крымінальнага судаводзтва.

Гэты працэс адбіўся ня столькі на рэпутацыі Tut.by, колькі на рэпутацыі ўсіх яго ўдзельнікаў, уключна з рэпутацыяй дзяржаўных СМІ. А Беларусь зноў зьявілася ў загалоўках замежных мэдыя як дзяржава, дзе падаўляецца свабода слова. Мэдыясупольнасьць унутры краіны аказалася расколатай, паміж дзяржаўнымі і недзяржаўнымі СМІ вырасла сьцяна. Гэта сьведчыць пра тое, што той, хто прыдумаў гэты працэс, ня вельмі сабе ўяўляў магчымыя наступствы.

Я спадзяюся, што суд вынесе справядлівае рашэньне».

Суд над Марынай Золатавай у «cправе БелТА». Што важна ведаць

  • Крымінальны працэс супраць галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай пачаўся 12 лютага. Золатаву абвінавачвалі ў бязьдзеяньні службовай асобы. Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае ў гэтым артыкуле пакараньне ў выглядзе штрафу альбо пазбаўленьня волі тэрмінам да 5 гадоў.
  • Пракурор Юлія Харчэйкіна патрабавала аштрафаваць галоўную рэдактарку Tut.by на 25 500 рублёў.
  • 4 сакавіка судзьдзя Аляксандар Петраш вынес Золатавай прысуд у выглядзе штрафу ў памеры 7 650 рублёў. Таксама яна мусіць сплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) ў памеры 6 000 рублёў. Выракам не прадугледжана пазбаўленьне права займаць кіроўныя пасады.
  • Марына Золатава заставалася адзінай абвінавачанай у «справе БелТА».
  • «Справа БЕЛТА»: што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў.
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаныя кампэнсаваць прычыненую дзяржаве шкоду. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку TUT.BY абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі («Бязьдзейнасьць службовай асобы»). Санкцыя артыкулу — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
  • Справу Золатавай вядзе судзьдзя Аляксандар Петраш, які, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», неаднаразова выносіў палітычна матываваныя прысуды вядомым палітыкам, грамадзкім дзеячам і актывістам.
  • Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася паводле часткі 2 артыкулу 349 («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі») КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. Але такое абвінавачаньне з Золатавай зьнялі.
  • Сьледчы камітэт Беларусі двойчы адмовіў на хадайніцтвы Золатавай аб спыненьні крымінальнага перасьледу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG