Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праслухоўваць тэлефон Марыны Золатавай дазволіла Генэральная пракуратура


Марына Золатава пасьля паседжаньня суду 12 лютага 2019 году
Марына Золатава пасьля паседжаньня суду 12 лютага 2019 году

Пра гэта стала вядома на паседжаньні 25 лютага, санкцыю даваў намесьнік генэральнага пракурора.

Пра тое, што ў матэрыялах справы Марыны Золатавай ёсьць раздрукоўкі яе тэлефонных перамоваў з рэдактарамі партала Tut.by, стала вядома яшчэ да пачатку суду. Зьмест тэлефонных перамоваў, датаваных 19 сакавіка 2018 году, агучваўся на закрытым судовым паседжаньні.

На паседжаньні 25 лютага пракурор Юлія Харчэйкіна падала хадайніцтва аб далучэньні да матэрыялаў справы дакумэнта, які санкцыянаваў праслухоўваньне тэлефона Марыны Золатавай.

Як паведаміла на судовым паседжаньні пракурор, санкцыя на доступ да мабільнага нумара галоўнай рэдактаркі партала Tut.by была выдадзеная Генэральнай пракуратурай 19 сакавіка 2018 году, яе падпісаў намесьнік генэральнага пракурора.

Марына Золатава выказала сваё неразуменьне падачы такога хадайніцтва, таму што, паводле яе, такі дакумэнт і так прысутнічае ў матэрыялах справы. Пры гэтым і сама абвінавачаная Золатава, і яе адвакатка Вараб’ёва зьвярнулі ўвагу суду, што ў санкцыі Генпракуратуры не тлумачацца яе прычыны. Марына Золатава таксама зьвярнула ўвагу на тое, што санкцыя Генпракуратуры на праслухоўваньне яе тэлефона была выдадзена за некалькі месяцаў да падзей, зьвязаных са «справай БелТА».

Суд над Марынай Золатавай у «cправе БелТА». Што важна ведаць

  • Крымінальны працэс супраць галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай пачаўся 12 лютага. Золатаву абвінавачвалі ў бязьдзеяньні службовай асобы. Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае ў гэтым артыкуле пакараньне ў выглядзе штрафу альбо пазбаўленьня волі тэрмінам да 5 гадоў.
  • Пракурор Юлія Харчэйкіна патрабавала аштрафаваць галоўную рэдактарку Tut.by на 25 500 рублёў.
  • 4 сакавіка судзьдзя Аляксандар Петраш вынес Золатавай прысуд у выглядзе штрафу ў памеры 7 650 рублёў. Таксама яна мусіць сплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) ў памеры 6 000 рублёў. Выракам не прадугледжана пазбаўленьне права займаць кіроўныя пасады.
  • Марына Золатава заставалася адзінай абвінавачанай у «справе БелТА».
  • «Справа БЕЛТА»: што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў.
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаныя кампэнсаваць прычыненую дзяржаве шкоду. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку TUT.BY абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі («Бязьдзейнасьць службовай асобы»). Санкцыя артыкулу — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
  • Справу Золатавай вядзе судзьдзя Аляксандар Петраш, які, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», неаднаразова выносіў палітычна матываваныя прысуды вядомым палітыкам, грамадзкім дзеячам і актывістам.
  • Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася паводле часткі 2 артыкулу 349 («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі») КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. Але такое абвінавачаньне з Золатавай зьнялі.
  • Сьледчы камітэт Беларусі двойчы адмовіў на хадайніцтвы Золатавай аб спыненьні крымінальнага перасьледу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG