Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя пацьвердзіла, што даішнік насьмерць зьбіў пэнсіянэра. Што кажуць на месцы ДТЗ

абноўлена

Загінулага пахавалі 3 студзеня

Ва ўпраўленьні ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму Свабодзе пацьвердзілі факт наезду інспэктара ДАІ з Чэрыкава на пэнсіянэра, які ў выніку ДТЗ загінуў.

Афіцыйны прадстаўнік УУС Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімер Сінкевіч сказаў, што 31 сьнежня паблізу вёскі Семука́чы Магілёўскага раёну здарылася ДТЗ.

«За рулём аўтамабіля знаходзіўся супрацоўнік ДАІ ў цывільным адзеньні і цьвярозым стане», — сказаў Уладзімер Сінкевіч.

Па гэтым факце ўпраўленьне Сьледчага камітэту завяло крымінальную справу па 2 частцы 317 артыкула.

«Гэта ўся інфармацыя, якую мы маем. Астатнюю інфармацыю, затрыманы ён ці не, падазраваны ён ці не, можна даведацца ў Сьледчым камітэце».

На пытаньне, чаму інфармацыя пра гэтае ДТЗ не была ў агульных зводках, Уладзімер Сінкевіч адказаў: «Бо праводзілася праверка».

Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці Сяргей Болсун сказаў карэспандэнту Свабоды, што крымінальная справа распачатая адносна 23-гадовага жыхара Чэрыкава. Ён не ўдакладніў, што гэта быў супрацоўнік ДАІ.

«Цяпер праводзіцца расьсьледаваньне. Ён затрыманы», — сказаў Сяргей Болсун.

Што кажуць на месцы здарэньня

Свабода даведалася падрабязнасьці ад вяскоўцаў.

Загінулы — Мікалай Ваднёў, 62-гадовы жыхар вёскі Семукачы. На ягонае цела цела блізу 10 гадзіны раніцы 1 студзеня натрапіў, едучы на працу, чыгуначнік — аднавясковец нябожчыка. Ён і выклікаў міліцыю.

Мужчына мяркуе, што пэнсіянэр прыехаў з Магілёва прыгарадным цягніком і вяртаўся лясной дарогай у вёску. Машына яго зьбіла, як толькі ён выйшаў на грунтоўку, што вядзе на бабруйскую шашу.

Паводле суразмоўцы журналіста, стары ляжаў на адхоне, раскінуўшы рукі, без прыкметаў жыцьця. Мужчына кажа, што заўважыць яго было няпроста. Ён зьвярнуў увагу на пляміны крыві.

Родзічы нябожчыка з журналістам гаварыць адмовіліся.

Хата, дзе жыў Мікалай Ваднёў
Хата, дзе жыў Мікалай Ваднёў

Аднавяскоўцы, спасылаючыся на родзічаў, кажуць, што ў нябожчыка былі пераломы хрыбетніка ў трох месцах і чэрапна-мазгавая траўма.

«Вядома ж, шкада чалавека. Людзі абураныя, што яго зьбіўшы, не аказаў яму дапамогі той, хто працуе ў міліцыі. Можа, спалохаўся? Хаця, відаць, удар быў такі моцны, што ён быў нежывы», — гавораць жыхары вёскі.

Пра Мікалая Ваднёва кажуць, што ўсё сваё жыцьцё зь невялікімі перапынкамі ён адрабіў у лясной гаспадарцы. Нейкі час працаваў на чыгунцы. У яго трое дарослых дзяцей. Быў умелым цесьляром, шмат каму дапамагаў з рамонтам хат. Ягоная ж хата стаіць непадалёк ад вясковай школы.

У лясгасе ён падпрацоўваў і на пэнсіі — прадаваў у Магілёве навагоднія ялінкі.

23-гадовы мужчына, які зьбіў машынаю Мікалая Ваднёва, затрыманы.

«Пасьля наезду міліцыянт заступіў у нарад. У ім яго і арыштавалі. Ад удару разьбілася лабавое шкло. Сьледчыя агледзелі ўсе машыны ў вёсцы, так яго і вылічылі», — кажуць вяскоўцы.

3 студзеня а 19 гадзіне на месцы здарэньня праводзілі сьледчы экспэрымэнт з удзелам затрыманага. У вёсцы кажуць, што ён часта прыяжджаў да тутэйшай дзяўчыны. Ягоныя родзічы жывуць у вёсцы Бялевічы, непадалёк ад Семукач.

Інфармацыя пра тое, што ў Магілёўскім раёне інспэктар ДАІ з Чэрыкава насьмерць зьбіў пэнсіянэра і ўцёк зь месца здарэньня, зьявілася ў Telegram-канале блогера NEXTA.

Ён зьмясьціў фота меркаванай апэратыўнай міліцэйскай зводкі для ўнутранага карыстаньня за 1 студзеня 2019 году. Паводле яе, раніцай 1 студзеня на ўзбочыне дарогі каля вёскі Семукачы Магілёўскага раёну знайшлі труп пэнсіянэра. Паводле вонкавых прыкмет, мужчыну зьбіла машына.

«Высьветлена, што наезд 31 сьнежня ў 19.30, кіруючы асабістай аўтамашынай Audi, учыніў малодшы інспэктар ДПС АДАІ Чэрыкаўскага РАУС 1995 году нараджэньня», — гаворыцца ў паведамленьні.

У адкрытай зводцы на сайце МУС пра гэтае ДТЗ ня згадваецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG