Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што віцэ-прэм’ер Беларусі сказаў пра Каліноўскага і паўстанцаў у Вільні


У цэнтры: віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка, зьлева ад яго амбасадар Беларусі ў Літве Валер Бараноўскі, справа — амбасадар Літвы ў Беларусі Андрус Пулокас. 22 лістапада 2019
У цэнтры: віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка, зьлева ад яго амбасадар Беларусі ў Літве Валер Бараноўскі, справа — амбасадар Літвы ў Беларусі Андрус Пулокас. 22 лістапада 2019

Асоба Каліноўскага назаўжды ўпісаная ў гісторыю Беларусі, але ня варта выкарыстоўваць яе ў палітычных мэтах, заявіў віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка, выступаючы па-беларуску пасьля імшы ў віленскім Катэдральным саборы з нагоды перапахаваньня паўстанцаў 1863–64 гадоў. Свабода вядзе жывую трансьляцыю з урачыстасьцяў.

Ён назваў цырымонію «сапраўды гістарычным момантам, аднолькава важным для беларускага, літоўскага, польскага, украінскага і латыскага народаў».

«Падзеі 1863–64 гадоў, якія закранулі тэрыторыі адразу некалькіх дзяржаў Усходняй Эўропы, адбываліся і на нашых землях. Большасьць асобаў, якім мы сёньня аддаём даніну памяці, зьяўляюцца сынамі беларускай зямлі, зьвязанымі зь ёй агульным лёсам. Для беларусаў гэта ня толькі ўспамін мінулага, але і, што нават больш важна, магчымасьць аддаць належную пашану нашым продкам, спачыўшым на гэтай зямлі», — сказаў Ігар Петрышэнка.

Прадстаўнік афіцыйнага Менску адзначыў, што дзейнасьць Кастуся Каліноўскага «зьвязаная зь перарастаньнем беларускага нацыянальна-культурнага руху ў барацьбу за беларускую дзяржаўнасьць у форме народаўладзьдзя».

«Ужо ў той час дэкляравалася ідэя аб палітычнай суб’ектнасьці Беларусі ў адносінах з краінамі-суседзямі. Знакава, што паролем паўстанцаў Кастуся Каліноўскага зьяўляліся словы „Каго любіш? — Люблю Беларусь“. Запаветы змагароў ня страцілі актуальнасьці і знайшлі працяг у галоўным дэвізе нашай краіны — „За моцную і квітнеючую Беларусь“, у нашай працы па стварэньні дзяржавы для народу», — сказаў Ігар Петрышэнка.

Ён адзначыў, што асоба Каліноўскага назаўжды ўпісаная ў гісторыю Беларусі, як і падзеі паўстаньня XIX стагодзьдзя.

«Памяць аб ім увекавечаная ў нашай краіне: у Сьвіслачы, дзе ён вучыўся, у творах беларускіх пісьменьнікаў, мастакоў, скульптараў, у назвах вуліц беларускіх гарадоў, школаў, а таксама ў мастацкіх стужках, паштовых марках і нават партызанскай брыгадзе, якая вызваляла беларускі край падчас нацысцкага нашэсьця».

Паводле Петрышэнкі, калі літоўскія навукоўцы яшчэ ў 2017 годзе выказалі здагадку пра тое, што знойдзеныя парэшткі могуць належаць удзельнікам паўстаньня, Беларусь уключылася ў працэс іх ідэнтыфікацыі «па дыпляматычнай, навуковай, гістарычнай і сьледчай лініях».

«Беларусь і Літва абмяняліся адмысловымі візытамі працоўных і экспэртных групаў. Беларуская мова прысутнічае ў афармленьні мэмарыялу, дзе будуць пакоіцца паўстанцы. Мы ўдзячныя літоўскаму боку за праведзеную працу і плённае супрацоўніцтва. І, безумоўна, за магчымасьць усім разам быць тут у Вільні дзеля ўшанаваньня нашых землякоў».

Намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі выказаў перакананьне, што капліца на могілках Росы «стане тым месцам, куды будуць прыходзіць беларусы, літоўцы, палякі, латышы і ўкраінцы, каб аддаць пашану памяці сваім землякам».

Ён дадаў, што «для кожнай краіны ёсьць свой вобраз Кастуся Каліноўскага, але ён не павінен стаць той гістарычнай постацьцю, якая выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах».

«Наадварот, гэта тая старонка нашага сумеснага мінулага, якую мы павінны шанаваць і якая нас аб’ядноўвае зараз і ў будучыні».

У саборы прамову Петрышэнкі сустрэлі аплядысмэнтамі, звонку на Катэдральным пляцы – крыкамі «ганьба».

Што важна ведаць пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага

Цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863-64 гадоў адбылася 22 лістапада на віленскіх могілках Росы.

  • Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы.
  • У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іхніх лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
  • У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.
Парэшткі Кастуся Каліноўскага
Парэшткі Кастуся Каліноўскага

  • У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне (у лідэра паўстаньня не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі). Але вынікі экспэртызы дагэтуль не апублікаваныя.
  • Дзяржаўную камісію ў справе перапахаваньня ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мэмарыялізацыю, а вось афіцыйны Менск асаблівага зацікаўленьня ня выявіў.
  • Беларуская грамадзкасьць дамаглася таго, каб на кожным надмагільлі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.
  • У канцы верасьня шэраг беларускіх інтэлектуалаў зьвярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. Літоўцы не адрэагавалі, бо не атрымалі афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў.
  • У Вільні перапахаваюць парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсьць генэтычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.

Публікацыі на тэму

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG