Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нішто так не аб’ядноўвае, як пралітая за агульныя ідэалы кроў», — арцыбіскуп Кандрусевіч на пахаваньні Каліноўскага


Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас выступу ў віленскім Катэдральным саборы

Перапахаваньне паўстанцаў 1863–64 гадоў мае вялікае значэньне для Беларусі, а адзін зь лідэраў паўстаньня Канстанцін Каліноўскі ўсьведамляў беларусаў як асобную нацыю, якая мае права на самавызначэньне, — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Менска-Магілёўскі, у сваім выступе пасьля імшы ў Віленскай катэдры.

«Паўстанцы былі прадстаўнікамі розных народаў і веравызнаньняў. Але ўсе яны змагаліся з царызмам за свабоду сваіх народаў і за іх агульную свабоду — змагаліся за „нашу і вашу свабоду“. Сярод іх — Канстанцін Каліноўскі, сын беларускага народу, лідэр нацыянальнага вызваленчага руху, публіцыст і паэт, высакародны чалавек, які вызначаўся незвычайнаю сілаю духу і зьяўляўся адным з кіраўнікоў паўстаньня. Таму сёньняшняя падзея мае вялікае значэньне таксама і для Беларусі», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Паводле кіраўніка беларускай каталіцкай царквы, Каліноўскі «належыць нашай гісторыі як той, хто ўсьведамляў беларусаў як асобную нацыю, якая мае права на самавызначэньне», а паўстаньне 1863–64 гадоў «пакінула свой сьлед у гісторыі», хоць і «не прынесла жаданага плёну».

«Узгадваючы тыя далёкія гістарычныя падзеі, мы не імкнёмся разьдзіраць загоеныя раны і пасыпаць іх сольлю. Наадварот, мы хочам яшчэ раз асэнсаваць, да чаго можа прывесьці адсутнасьць любові да бліжняга і павагі да ягоных правоў, якія ён атрымаў ад Бога, каб падобнае больш ніколі не паўтарылася», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ён заклікаў маліцца «за паўстанцаў-мучанікаў, магілы якіх яшчэ зусім нядаўна не былі вядомыя, і аднавіць братэрскія адносіны з суседнімі народамі і вернікамі розных веравызнаньняў».

«Нішто так не аб’ядноўвае, як пралітая за агульныя ідэалы кроў», — заявіў кіраўнік каталіцкай царквы Беларусі. Ён назваў «сымбалічным» перапахаваньне парэшткаў паўстанцаў менавіта ў Вільні — «горадзе Божай міласэрнасьці».

У цырымоніі ўдзельнічаюць прэзыдэнты Літвы і Польшчы, віцэ-прэм'ер Украіны. Афіцыйную дэлегацыю Беларусі ўзначальвае намесьнік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка.

Свабода вядзе жывую трансьляцыю з урачыстасьцяў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG