Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста, які зафарбаваў помнік Пушкіну, адпраўляюць на псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі


Піліп Шаўроў
Піліп Шаўроў

Актывіста «Маладога фронту» Піліпа Шаўрова, які зафарбаваў чырвоным рукі помніка Пушкіну, з панядзелка, 27 студзеня, накіроўваюць на экспэртызу ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар псыхічнага здароўя ў Навінках. Пра гэта жонцы актывіста Вользе Шаўровай паведаміла сьледчая ў справе мужа.

«Мне было сказана, экспэртыза пройдзе цягам двух-трох тыдняў і што гэта ў іх такая абавязковая практыка — накіроўваць на псыхоляга-псыхіятрычную экспэртызу абвінавачанага па 339 артыкуле», — сказала Вольга Шаўрова.

На Піліпа Шаўрова завялі крымінальную справу за хуліганства. Яму пагражае да трох гадоў зьняволеньня. З 22 студзеня актывіста трымаюць у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску. Паводле сьледчай, расьсьледаваньне працягнецца да двух месяцаў.

Што гэта за экспэртыза і якія ўмовы ў Навінках?

Пра гэта Свабодзе распавёў былы палітвязень Зьміцер Паліенка, якога летась падчас арышту адправілі на такую ж экспэртызу.

«Праходзіш розныя тэсты, апытваюць псыхіятар, псыхоляг. Пытаньні кшталту „які ў вас любімы колер?“, „калі ўзьнікае агрэсія, зь якой прычыны?“ ды іншыя», — апавёў Паліенка.

Паводле яго, арыштаваных трымаюць у закрытым 30-м аддзяленьні ў камэрах па 4 чалавекі, увесь час пад кантролем.

«Да такіх, як я, па 339-м артыкуле, ставіліся нармальна і мэдыкі, і ахоўнікі, — расказаў Паліенка. — Але там бываюць і тыя, хто абвінавачаны па цяжкіх артыкулах, як то забойства, згвалтаваньне. Некаторыя зь іх спрабуюць выдаць сябе за псыхічна хворых, дык да іх стаўленьне больш жорсткае, гэта заўважна».

Паводле Зьмітра Паліенкі харчаваньне падчас экспэртызы ў Навінках было нармальнае.

Тым часам на сайце molamola.by ідзе збор сродкаў для перадач, адваката і падтрымку сямʼі Піліпа Шаўрова.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG